ШУМ,

неўпарадкаваныя ваганні рознай фіз. прыроды, якія адрозніваюцца складанасцю часавай і спектральнай структуры. Асн. віды Ш. — акустычныя і электрычныя (гл. Флуктуацыі электрычныя). Характарыстыкі Ш. вымяраюць шумамерамі, частотнымі аналізатарамі, карэлометрамі і інш.

Ш. акустычны — розныя непажаданыя перашкоды ўспрыманню мовы, музыкі і інш. Выклікаецца любымі ваганнямі ў цвёрдых, вадкіх і газападобных асяроддзях, асн. крыніцы — розныя рухавікі і механізмы, прыродныя з’явы. Працяглы ці празмерны па інтэнсіўнасці Ш. адмоўна ўплывае на арганізм чалавека (гл. Шумавое забруджванне); вядомы таксама заспакойвальны ўплыў яго на чалавека (напр., Ш. лесу ці марскога прыбою). Ш. адыгрывае істотную ролю ў многіх галінах навукі і тэхнікі: оптыцы, радыётэхніцы, радыёлакацыі, радыёастраноміі, выліч. і вымяральнай тэхніцы, медыцыне і інш. (напр., змяншае дакладнасць вымярэнняў аналагавымі і лічбавымі вымяральнымі прыладамі, абмяжоўвае адчувальнасць прыёмнай апаратуры). Часам выкарыстоўваецца як крыніца інфармацыі, напр., у ваеннай справе, радыёастраноміі. Шумападобныя сігналы выкарыстоўваюць у радыё- і акустычнай тэхніцы для розных вымярэнняў (гл. Белы шум).

т. 17, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)