ТАСКАНІ́НІ (Toscanini) Артура (25.3.1867, г. Парма, Італія — 16.1.1957),
італьянскі дырыжор; адзін з буйн. дырыжораў 20 ст. Скончыў кансерваторыю ў Парме (1885). З 1887 оперны і сімф. дырыжор у Італіі. У 1898—1903, 1906—08 і 1921—29 узначальваў т-р «Ла Скала» ў Мілане, у 1908—15 дырыжыраваў у «Метраполітэн-опера» ў Нью-Йорку, з 1928 узначальваў аркестры Нью-Йоркскай філармоніі, Нац. радыёвяшчальнай кампаніі. Яго выканаўчае мастацтва вылучалі тэмперамент, дакладнасць раскрыцця аўтарскай задумы. Рэпертуар уключаў творы розных стыляў і эпох.
Паўплываў на развіццё сучаснага дырыжорскага мастацтва. Упершыню пад кіраўніцтвам Т. выкананы ў Італіі 6-я сімф. П.Чайкоўскага (1898), у ЗША — 7-я сімф. Дз.Шастаковіча (1942) і пастаўлена опера «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1913).
Літ.:
Искусство А.Тосканини: Воспоминания, биогр. материалы. Л., 1974;
Вальденго Д. Я пел с Тосканини: Пер. с итал. 2 изд. Л., 1989.
Э.А.Алейнікава.
т. 15, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)