ступень прыбліжэння сапраўднага значэння параметраў працэсу, прадмета, рэчыва да іх тэарэт. намінальнага значэння.
Д. апрацоўкі — ступень прыбліжэння формы, памераў і становішча апрацаванай паверхні дэталі да патрабаванняў чарцяжа і тэхн. умоў. Вызначаецца квалітэтам. Д. вымярэнняў — характарыстыка вымярэнняў, якая паказвае ступень блізкасці да нуля хібнасці вымярэнняў. Лікава выражаецца значэннем, адваротным модулю адноснай хібнасці (АХ) вымярэння. Напр., пры АХ, роўнай 2% (або 0,02), Д. вымярэнняў роўная 1/0,02 = 50. Д. меры і вымяральнай прылады — ступень блізкасці значэнняў меры або паказання прылады да сапраўднага значэння велічыні, якая ўзнаўляецца мерай або вымяраецца прыладай (гл.Класы дакладнасці). Д. лічбавай вымяральнай машыны характарызуецца значэннем макс. хібнасці выніку вылічэнняў. Павышаецца зменай метаду вылічэнняў (павелічэннем ліку аперацый, зменай іх парадку і г.д.) або ўвядзеннем аперацый з лікамі павялічанай разраднасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБЛІ́ЖАНАЕ ДЫФЕРЭНЦАВА́ННЕ,
знаходжанне вытворнай (або дыферэнцыяла) функцыі набліжанымі або лікавымі метадамі. Выкарыстоўваецца, калі метады дыферэнцыяльнага злічэння не прыдатныя (напр., функцыя зададзена таблічна) або выклікаюць значныя цяжкасці (напр., функцыя мае складаны аналітычны выраз).
Алгарытмы Н.д. часта выкарыстоўваюцца для апрацоўкі вынікаў эксперыментаў, якія маюць абмежаваную дакладнасць. У такіх выпадках патрабуецца іх папярэдняе згладжванне. Дакладнасць алгарытмаў, заснаваных на інтэрпаляцыйных формулах істотна залежыць ад спосабу інтэрпаляцыі і часам бывае вельмі нізкай нават для дастаткова гладкіх функцый і вял. ліку вузлавых пунктаў. Большую дакладнасць маюць алгарытмы, заснаваныя на сплайн-інтэрпаляцыі, дзе будуецца інтэрпаляцыйная формула (сплайн), якая мае неперарыўныя вытворныя зададзеных парадкаў на зададзеным адрэзку інтэрпаляцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАЛІТЭ́Т (ад лац. qualitas якасць),
характарыстыка дакладнасці апрацоўкі вырабу (дэталі), якая вызначае ступень градацыі значэнняў допускаў. Для існуючай у краінах СНД адзінай сістэмы допускаў і пасадак гладкіх злучэнняў устаноўлена 19 К. (для памераў ад 1 да 10 000 мм).
Пад кожным К. разумеюць сукупнасць допускаў, якія забяспечваюць пастаянную адносную дакладнасць для пэўнага дыяпазону намінальных памераў (напр., ад 1 да 500 мм); у межах аднаго К. велічыня допуску зменьваецца ў залежнасці ад намінальнага памеру. Першыя К. (01, 0, 1—4) характарызуюць дакладнасць апрацоўкі выканаўчых памераў сродкаў вымярэння (канцавых мер даўжыні, калібраў, лякальных вугольнікаў; гл.Класы дакладнасці сродкаў вымярэння) і асабліва дакладных вырабаў; К. 5—11 вызначаюць дакладнасць памераў спалучальных элементаў, К. 12—17 — дакладнасць некат. неспалучальных элементаў. К. зборачных адзінак абумоўлены стандартамі, у якіх указаны допускі на асн. эксплуатацыйныя і інш. паказчыкі. К. ў цэлым вызначаюць ступень набліжэння рэальных памераў вырабу да іх разліковых значэнняў. Выкарыстоўваюцца замест ужываных раней класаў дакладнасці. Для разьбовых злучэнняў і зубчастых перадач карыстаюцца тэрмінам «ступень дакладнасці».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНІЁМЕТР (ад грэч. gonia вугал + ...метр),
1) прылада для вымярэння двухгранных вуглоў паміж гранямі цвёрдых цел. Бывае прыкладны і адбівальны. Прыкладны ганіёметр мае транспарцір і лінейку. Дакладнасць вымярэнняў да 15. Адбівальны ганіёметр мае каліматар, зрокавую трубу і адліковае прыстасаванне. Дакладнасць вымярэнняў да 1′. Выкарыстоўваецца ў метралогіі, крышталяграфіі, геадэзіі і інш. 2) Прыстасаванне для зрушэння дыяграмы накіраванасці антэны эл. спосабам. Выкарыстоўваецца ў радыёпеленгатарах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЦЫЗІ́ЙНАСЦЬ (ад франц. précision дакладнасць) у тэхніцы, найбольш высокая пры дадзеным узроўні тэхнікі ступень дакладнасці апрацоўкі. Існуюць звышдакладныя прылады, механізмы, станкі і машыны, напр., прэцызійны станок; сплавы дакладнага саставу, якія апрацоўваюцца пры вызначаных умовах, напр., прэцызійныя сплавы, адліўкі, якія вырабляюцца з высокай дакладнасцю спец. метадамі ліцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАТА́Н-600, радыётэлескоп Расійскай АН з дыяметрам кальца каля 600м, найбуйнейшы радыётэлескоп з антэнай пераменнага профілю. Знаходзіцца на Паўн. Каўказе паблізу станіцы Зелянчукская. Прызначаны для вывучэння касм. радыёвыпрамянення ў дыяпазоне ад 8 мм да 21 см. Дакладнасць вызначэння вуглавых каардынат крыніц радыёвыпрамянення да 0,1″.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАТЫ́ЛЬНЫ СТАНО́К,
металарэзны такарны станок для апрацоўкі задняй паверхні (запатылка) зубцоў рэзальнага інструменту (фрэз, метчыкаў, раскрутак), прафілявання кулачкоў. Бываюць універсальныя (могуць выкарыстоўвацца і як такарна-вінтарэзныя станкі агульнага прызначэння) і спецыяльныя. Жорсткая канструкцыя станіны, супарта, апор З.с. забяспечваюць высокую дакладнасць апрацоўкі пры ўдарных нагрузках. Запатыльванне можна рабіць і на разьбашліфавальных станках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГАРЫФМІ́ЧНАЯ ЛІНЕ́ЙКА, лічыльная лінейка,
прылада з лагарыфмічнай шкалой для хуткага выканання розных матэм. дзеянняў: множання, дзялення, узвядзення ў ступень, здабывання кораня, трыганаметрычных вылічэнняў і інш. Вынайдзена ў 17 ст. Звычайныя Л.л. даўжынёй 25 см маюць дакладнасць 2—3 лічбы. Да з’яўлення выліч. машын выкарыстоўвалася для інжынерных і інш. разлікаў.