Е́ЛКА (Picea),

род голанасенных раслін сям. хваёвых; адна з гал. лесаўтваральных парод. Каля 45 відаў. Пашырана пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 дзікарослы від — Е. звычайная, або еўрапейская (P. abies), і 13 інтрадукаваных: Е. калючая (P. pungens), канадская, або белая (P. canadensis), сербская, або балканская (P. omorica), Энгельмана (P. engelmannii), сібірская (P. obovata), усходняя (P. orientalis) і інш. Е. звычайная распаўсюджана амаль па ўсёй тэр. Беларусі і мае паўд. мяжу арэала (адначасова гэта і паўд. мяжа Еўразіяцкай хвойна-лясной геабат. падвобласці). На Палессі трапляецца ў выглядзе ізаляваных астравоў. Вядома 31 астраўное насаджэнне, 5 з іх — ельнікі Гарбавіцкія, Добрушскія, Маларыцкія, Мяднянскія і Пажэжынскія — помнікі прыроды рэсп. значэння.

Даўгавечныя (жывуць да 300—500 і больш гадоў); аднадомныя, шматгадовазялёныя дрэвы з прамым ствалом і густой конусападобнай кронай. Е. звычайная мае мноства дэкар. форм: з пірамідальнай, ніцай, шарападобнай і інш. кронамі. Каранёвая сістэма часцей паверхневая. Кара тонкая, у маладых дрэў гладкая, потым пласціністая. Галінкі размешчаны даволі правільнымі кальчакамі. Лісце (ігліца) 4-граннае, радзей пляскатае, востраканцовае, спіральна або невыразна двухрадкова размешчанае, трымаецца на галінках 7—9 і больш гадоў. Стробілы (шышкі) паяўляюцца ўвесну на леташніх парастках: мікрастробілы (мужч. шышкі) — па некалькі ў пазухах лускападобнага лісця; мегастробілы (жан. шышкі) — адзіночныя, размешчаны бліжэй да верхавінак. Спелыя шышкі падоўжана-цыліндрычныя, верацёна- або яйцападобныя, звіслыя, ападаюць пасля выспявання насення. Насенне з лыжкападобнымі крыльцамі, выспявае восенню ў год апылення. Размнажаецца насеннем і зрэдку вегетатыўна (атожылкамі). Драўніна мяккая, выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці цэлюлозы, муз. інструментаў; з яе атрымліваюць смалу, шкіпінар, каніфоль, дзёгаць. Кара — асн. сыравіна ў вытв-сці дубільнікаў (танідаў). Большасць відаў — дэкар. дрэвы, выкарыстоўваюцца ў садова-паркавым буд-ве і як ахоўныя насаджэнні ўздоўж дарог.

Г.​У.​Вынаеў.

Елка звычайная.

т. 6, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКА́Я АРТЫЛЕ́РЫЯ,

від зброі ВМФ, якой аснашчаны ваен. караблі (карабельная артылерыя) і берагавыя ракетна-артыл. войскі (берагавая артылерыя); прызначаны для паражэння марскіх, паветр. і наземных цэляў.

Папярэднік М.а. — стараж. кідальныя машыны (балісты і інш.). З 14—15 ст. у прыморскіх крэпасцях і на караблях устанаўліваліся агнястрэльныя гарматы (да 2-й пал. 19 ст. гладкаствольныя, у т. л. каранады). У ветразевым флоце найбольш гармат мелі лінейныя караблі (лінкоры) і фрэгаты. У паравым браняносным флоце артылерыя была гал. узбраеннем браняносцаў, лінкораў (спачатку наз. дрэдноўтамі), крэйсераў, кананерскіх лодак. У пач. 20 ст. ў ВМФ з’явілася зенітная, у сярэдзіне 20 ст. — рэактыўная артылерыя. На тэр. Беларусі ў 1-й пал. 20 ст. былі артыл. караблі ў складзе рачных ваен. флатылій — маніторы, кананерскія лодкі, бранякатэры, плывучыя батарэі; берагавую артылерыю мелі Пінская (артыл. зенітны дывізіён на мех. цязе) і Дняпроўская (1944, 2 асобныя зенітна-артыл. дывізіёны) ваен. флатыліі.

Сучасная берагавая артылерыя паводле тыпаў артыл. установак падзяляецца на стацыянарную і рухомую, а паводле канструкцыі — на вежавую і адкрытую; карабельная — на вежавую, шчытавую і адкрытую. Далейшае развіццё М.а. ідзе па шляху павелічэння далёкасці стральбы (у берагавых і карабельных гармат дасягае 46 км), павышэння скарастрэльнасці, удасканалення снарадаў, укаранення новых сістэм аўтаматыкі і электронікі; асн. ўвага аддаецца зенітнай і універсальнай артылерыі.

Літ.:

Сагоян А.А. Артиллерийские стрельбы речных кораблей // Морской сборник. 1941. № 4;

Мельников П.Е. Старты с берега. М., 1985;

Шершов А.П. История военного кораблестроения: С древнейших времен и до наших дней. СПб., 1994.

У.​Я.​Калаткоў, Р.​К.​Паўловіч.

Да арт. Марская артылерыя: 1 — размяшчэнне гармат на маніторы тыпу «Жалезнякоў» Пінскай ваеннай флатыліі; 2 — сучасная расійская карабельная спараная універсальная вежавая артылерыйская сістэма АК-130.

т. 10, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛІЎНЫ БАЛА́НС,

баланс здабычы, перапрацоўкі і выкарыстання розных відаў паліва.

У сусветным развіцці П.б. выразна прасочваюцца перыяды перавагі пэўнага віду паліва. Даіндустрыяльны перыяд характарызуецца выкарыстаннем аднаўляемых рэсурсаў, найперш драўніны. З пачатку прамысл. рэвалюцыі і да сярэдзіны 1950-х г. асн. энергарэсурсам быў вугаль; у 1953 яго ўдзельная вага дасягнула 70% у сусв. П.б. Спрыяльная эканам. кан’юнктура пасля 2-й сусв. вайны і навук.-тэхн. прагрэс у сферы вытв-сці і спажывання паліўна-энергет. рэсурсаў садзейнічалі хуткаму развіццю энергаёмістых галін прам-сці, а таксама агульнаму росту энергаспажывання, што абумовіла павелічэнне тэмпаў сусв. спажывання паліва. Адначасова змянілася і структура П.б., гал. чынам за кошт павелічэння долі нафты і газу.

На Беларусі ў эвалюцыі П.б. прасочваюцца заканамернасці, характэрныя для сусв. П.б. У 1913 87% П.б. прыпадала на дровы. У далейшым яе П.б. фарміраваўся за кошт выкарыстання торфу, які на працягу доўгага часу быў асн. відам паліва. У 1940 аб’ём здабычы торфу даведзены да 3,4 млн. т, яго ўдзельная вага ў П.б. вырасла да 63,5%. У 1960—80-я г. асн. відам паліва былі нафтапрадукты, як вынік развіцця ў рэспубліцы нафтаздабыўной і нафтаперапрацоўчай прам-сці. Рост аб’ёмаў здабычы газу ў СССР, будаўніцтва магістральных газаправодаў спрыялі павелічэнню ўдз. вагі прыроднага газу. У 1990-я г. ў сувязі са скарачэннем імпарту нафты і газу ўзмацніўся працэс уцягвання ў П.б. мясц. відаў паліва (біямасы, адходы вытв-сці).

Структура паліўнага балансу Беларусі, %
Від паліва 1970 1980 1990 1999
100 100 100 100
Нафтапрадукты 63,8 75,6 52,4 27,2
Вугаль 14,2 2,4 4,3 1,5
Газ прыродны 8,4 19,8 34,8 62,5
Торф і торфабрыкеты 10,1 1,6 2,9 2,2
Інш. віды паліва 3,7 0,6 5,9 6,6

т. 12, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАСТЫ́ЧНЫЯ МА́СЫ, пластмасы, пластыкі,

матэрыялы на аснове палімераў, якія пры фармаванні іх у вырабы знаходзяцца ў вязкацякучым ці высокаэластычным стане, а пры эксплуатацыі — у шклопадобным або аморфна-крышталічным. У састаў П.м. акрамя палімераў уваходзяць напаўняльнікі: цвёрдыя (паводле іх прыроды адрозніваюць арганапласты, азбапластыкі, борапластыкі, вугляродапласты, графітапласты, металапалімеры, шклапластыкі) ці газападобныя (гл. Газанапоўненыя пластыкі), стабілізатары (антыаксіданты, антыпірэны і інш.), пластыфікатары, фарбавальнікі і пігменты. Паводле фіз. і хім. ператварэнняў, што адбываюцца з палімерам пры фармаванні вырабаў падзяляюць на тэрмапласты (найважн. на аснове поліэтылену, полівінілхларыду, полістыролу) і рэактапласты (найб. пашыраны від — фенапласты).

Перапрацоўка рэактапластаў у вырабы адбываецца адначасова з ацвярдзеннем палімераў, пры гэтым пластык страчвае здольнасць пераходзіць у вязкацякучы стан. Пры фармаванні вырабаў з тэрмапластаў матэрыял цвярдзее пры ахаладжэнні расплаву без хім. сшывання макрамалекул і захоўвае здольнасць да шматразовых пераходаў у вязкацякучы стан. П.м. бываюць аднафазнымі (гамагеннымі) і мнагафазнымі (гетэрагеннымі кампазіцыйнымі) матэрыяламі; у гамагенных палімер з’яўляецца асн. кампанентам, які вызначае ўласцівасці матэрыялу, у кампазіцыйных выконвае функцыю дысперсійнага асяроддзя (сувязнага) у адносінах да інш. кампанентаў. Найважн. добрыя якасці П.м.: малая шчыльнасць, нізкі каэф. трэння і малы знос пры эксплуатацыі, высокая хім. ўстойлівасць, выдатныя дыэлектрычныя і аптычныя ўласцівасці, шырокі спектр дэфармацыйна-трываласных уласцівасцей, прывабны знешні выгляд вырабаў. Асн. прамысл. метады перапрацоўкі тэрмапластаў — ліццё пад ціскам, экструзія, вакуум-фармаванне, пнеўмафармаванне; рэактапластаў — прасаванне і ліццё пад ціскам.

Выкарыстоўваюць ва ўсіх галінах прам-сці і сельскай гаспадаркі ў якасці матэрыялаў рознага прызначэння (канстр., ахоўнага, электратэхн., дэкаратыўнага, фрыкцыйнага і інш.). На Беларусі пластмасавыя вырабы выпускае Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў, мінскі завод «Тэрмапласт». Гл. таксама Высокамалекулярныя злучэнні.

Літ.:

Кацнельсон М.Ю., Балаев Г.А. Полимерные материалы: Свойства и применение: Справ. Л., 1982.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ба́йда1 ’барка, лайба’ (Гарэц.), рус. ба́йда ’баржа’, укр. ба́йда (паўдн.) ’від пласкадоннай лодкі’. Паводле Фасмера, 1, 107, сюды ж рус. байда́к ’баржа; брус’, байда́ра ’рачное судна’. Усе гэтыя словы лічацца запазычаннямі з усх. моў. Паводле Шанскага, 1, Б, 12, усе гэтыя словы ўтвораны ад ба́йда рознымі суфіксамі, а ба́йда < бадья ’пасудзіна’ (цюрк., параўн. бадзе́йка, бадзя́га). Параўн. ба́йда2 і байда́к.

Ба́йда2 ’паля’ (Нас., Гарэц.). Параўн. ст.-укр. (XVII ст.) байда ’паля, вялікае завостранае бервяно’, якое Цімчанка (50) лічыць запазычаннем з ням. Beute ’карыта; вулей’ (> польск. bajda ’начоўкі’). Гл. таксама Клюге, 71–72 (дзе прыводзяцца роднасныя герм. формы; між іншым са значэннем ’дошка; край лодкі, чаўна’). Усё ж такі паходжанне слова застаецца няясным. Параўн. яшчэ рус. дыял. байда́к ’тоўстая дошка для падлогі або столі’, якое Фасмер, 1, 107, звязвае з байда́к ’лодка’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ко́рпацца ’капацца, калупацца’ (ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах., Жд. 3, Жыв. сл., Сцяшк., Мат. Гом.). Укр. корпати ’калупаць, павольна рабіць што-небудзь’. Параўн. бел. карпаць (гл.) у значэнні ’кепска шыць’ (Нас., 230). Апошняе звязана з рус. корпать ’зашываць адзенне, лапіць’ і іншымі славянскімі паралелямі: серб.-харв. кр́пати ’лапіць абутак і адзенне’, славен. kŕpati ’тс’, польск. karpać ’лапіць адзенне’, славац. krpať ’тс’. Прасл. kъrpati вытворны дзеяслоў ад kъrpa ’лапік’ (балг. кърпа ’анучка, лапік’, серб.-харв. кр̏па ’тс’, славен. kŕpa ’лапік’, серб.-харв. кр̏пљевід абутку’, kŕplja ’тс’, чэш. krpec, славац. krpec, польск. kierpce ’тс’). З гэтым славянскім словам, якое збераглося толькі спарадычна, генетычна звязана вядомая балтыйская назва абутку: ст.-прус. kurpe, літ. kùrpė, лат. kur̄pe (Тапароў, K–L, 323–333). Цікава, што першасны дзеяслоў літ. kur̃pti мае значэнне ’кепска шыць, вязаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перагро́мка (перэгро́мка) ’ручай, рэчышча, прамыіна, цяжкапраходны ўчастак на балоце, мелкае месца на рацэ’ (лельч., ЛА, 5), ’старое рэчышча’ (ЛА, 2). Магчыма, звязапа з hrýmki з песні, запісанай Федароўскім на Ваўкавышчыне: zaszumieli łuhi, zaszumieli hrymki, якое Турска тлумачыць як ’крыніцы, ручайкі’ або ’від травы, зараслі такой травы’, параўноўваючы з рус. гремяч (народная назва крыніцы, ручая) і гремячая трава, гремячка, польск. gromotrask (Турска ў Федар. 7), што дазваляе звязаць разглядаемую лексему з прасл. *grměti ’грымець, шумець’ або з *grъmъ ’куст; куча; дуб’, а таксама ’ўзгорак у лесе’: паводле Макоўскага (Удивит. мир, 84), значэнне ’дрэва, кусты, лес’ тыпалагічна звязана са значэннем ’утвараць гукі’, параўн. серб.-харв. шума ’лес’, ням. дыял. Geräusch ’тс’, а таксама літ. grimti ’біць; гнаць; мяць, таўчы’. Мартынаў (СіБФ–1989, 62) мяркуе пра змяшэнне прасл. *gromъ ’гром, лёскат’ з *grъmъ ’дуб’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пла́та1 ’выплата, узнагарода за працу, службу ці за атрыманую рэч’, ’грашовая кампенсацыя’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Варл., Сцяшк. Сл.), укр. пла́та, рус. пла́та, польск. płaca (< *plat‑ja) ’від аплаты ў судзе’ (XV ст.), пазней ’плата за працу’, старое płata ’аплата’, в.-луж. płata ’плата, плацеж’, чэш. pláce, plat, славац. pláca, plat, славен. plȃt узнагарода’, pláča ’жалаванне’, серб.-харв. пла́та, пла́ћа ’плата, заробак’, макед., балг. плата ’тс’. Прасл. *plata, *platja, утворанае ад *platiti (Банькоўскі, 2, 615), якое ад *platъ > плат1 (гл.), было запазычана ў прагерм. мову (Мартынаў, Язык, 23–24). Паводле Фасмера (3, 274), ад *plata ўтворана *platiti.

Пла́та2 ’гатунак са скуры каніны’ (Касп.), рус. дыял. плат ’моцная скура для ботаў, якая не прапускае ваду’, польск. płat ’кавалак скуры’. Развіліся з плат1 (гл.) ’кавалак палатна’. Канец слова — пад уплывам ску́ра.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смаро́дзіна ‘чорныя парэчкі, смародзіна’ (ТСБМ), смаро́да, смуро́да, смаро́днік, смуро́дзіна, сму́роды, смаро́дніна ‘адна ягада або куст смародзіны’ (ЛА, 1). Укр. сморо́дина ‘чорныя парэчкі’, рус. сморо́дина ‘парэчкі; чорныя парэчкі’, польск. smrodzina, smrodynik, дыял. smardlina, smarglina, чэш. smradinka, smradina, славац. smrdlenka. Параўн. таксама каш. smarʒëna ‘чорныя парэчкі’, smarglëna ‘чаромха’, н.-луж. smrod, smrodyn ‘чаромха; крушына’, серб.-харв. смрдѝка ‘крушына’, славен. smŕdež ‘тс’, балг. смрдлика ‘чаромха’, макед. смрделикавід ядлоўцу’. Прасл. *smorda, *smordina ‘парэчкі, чорныя парэчкі’. Да слав. *smordъ ‘моцны пах, смурод’ (гл. сморад); расліна названая так з-за моцнага паху’, аналагічна нова-в.-ням. Stinkbaum пры stinken ‘смярдзець’. Для паўднёваславянскіх моў Мяркулава (Очерки, 213 і наст.) узнаўляе форму з асновай *smord‑ у значэнні ‘расліна з моцным пахам’. Гл. таксама Праабражэнскі, 2, 338; Фасмер, 3, 691–692; Махэк₂, 561; Шустар-Шэўц, 1324; SEK, 4, 321.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарада́йка1 ’воз, калёсы, брычка’ (драг., Нар. лекс.), ’таратайка, лёгкая павозка’ (Байк. і Некр.), ’лёгкі летні вазок’ (Нас.), ’двухколка’ (ТС), ’воз на двух колах для выезду ў поле; стары, паламаны воз’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’разбіты воз’ (драг., Ск. нар. мовы), тарадэ́йка ’старая рэч’ (Шатал.), ’вазок’ (Касп.), ’стары, пабіты грузавік’ (Яўс.). Параўн. укр. тарада́йка ’лёгкі двухколавы вазок’, польск. дыял. taradajka, taradejka ’брычка’. Гл. тарата́йка.

Тарадайка2 ’кошык з сасновай дранкі’ (Сл. Брэс.), ’чатырохвугольная каробка для ягад, грыбоў, зробленая з дранкі, ’двухкалёсны вазок; трашчотка’ (ТС), тарадэ́йкавід трашчоткі’ (Др.-Падб., Стан.), ’прылада ў выглядзе шасцярні і дошчачкі, каб утвараць шум, трэск’ (Варл.), ’балбатун’ (Рагаўц., Мат. Маг.), ’балаболка’ (Шатал.), ’частушка’ (Мат. Гом.). Вытворныя ад дзеясловаў гукапераймальнага паходжання, параўн. выклічнік польск. дыял. tarada! (здагадка), taradáj ’балбатун, трапло’, taradajka, taradejka ’трашчотка; шумлівая баба’, гл. тарадахаць, тарадэіць і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)