ГУМІЛЁЎ (Леў Мікалаевіч) (1.10.1912, г. Пушкін, Расія — 16.6.1992),
рускі гісторык, географ. Сын М.С.Гумілёва і Г.А.Ахматавай. Д-ргіст.н. (1962), д-ргеагр.н. (1974), акад. Пятроўскай АН і мастацтваў (1992), акад.Рас. акадэміі прыродазнаўчых навук (1992). Скончыў Ленінградскі ун-т (1944). З 1956 працаваў у Эрмітажы, з 1962 у Ін-це геаграфіі пры Ленінградскім ун-це. Стварыў вучэнне пра чалавецтва і этнасы як біясац. сутнасці, абгрунтаваў права на жыццё этналогіі (раней у сав. навуцы адмаўлялася як умоўная і няпэўная); аўтар ідэі аб біяэнергет. дамінанце этнагенезу — пасіянарнасці, якую тлумачыў як падсвядомую біял. здольнасць людзей да звышнапружанняў. Прыхільнік еўразійства. Працы па гісторыіцюрк., манг., слав. і інш. народаў Еўразіі. У 1930—50-я г. рэпрэсіраваны, 14 гадоў правёў у месцах зняволення. Міжнар. фонд «Свет Л.М.Гумілёва» (Gumilev’s Word Fund) — незалежнае навук., выдавецкае, асв. і культ.-філас. аб’яднанне, з 1994 ажыццяўляе выпуск твораў «Свет Гумілёва» ў 20 т.
Тв.:
География этноса в исторический период. Л., 1990;
Из истории Евразии. М., 1993;
Этносфера: История людей и история природы. М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЕЎ (Віктар Яўгенавіч) (н. 2.5.1918, г. Марыупаль, Украіна),
рускі фалькларыст-славіст. Акад. Расійскай АН (1994). Д-ргіст.н. (1966), праф. (1971). Старшыня камісіі слав. фальклору пры Міжнар. к-це славістаў. З 1921 жыў у Гомелі, дзе скончыў муз. тэхнікум. Пад уплывам выкладчыкаў — кампазітараў Р.Пукста і А.Туранкова — запісваў бел.нар. песні ад маці і бабулі, ураджэнкі Гродзеншчыны. Працаваў у Чэлябінскім пед. ін-це (1945—54). З 1955 у Ін-це рус. л-ры Рас.АН (Пушкінскі дом). З 1969 у Ін-це тэатра, музыкі і кіно (С.-Пецярбург). Аўтар прац па гісторыі і тэорыі фальклору, эстэтыцы, нар. т-ры, параўнальным вывучэнні нар. творчасці славян. Найб. вядомая манаграфія «Эстэтыка фальклору» (1967). У многіх працах цікавасць да бел. фальклору (цыкл арт. пра бел. веснавы абрад «Пахаванне стралы»).
Тв.:
Восточно-славянский фольклор: Словарь науч. и нар. терминологии. Мн., 1993 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРБА́РЫЙ (лац. herbarium ад herba трава, расліна),
1) калекцыя раслін, сабраных, засушаных, адпаведна дакументаваных і зманціраваных на лістах паперы. З’яўляецца асновай для навук. даследаванняў па сістэматыцы і марфалогіі раслін, а таксама дае звесткі аб складзе і змяненні флоры тэрыторыі, пра пашырэнне відаў і ўмовы іх росту.
2) Установа, дзе зберагаюцца, папаўняюцца і навукова апрацоўваюцца калекцыі засушаных раслін (гербарый).
Упершыню метад гербарызацыі раслін ужыў італьянец Л.Гіні (16 ст.). У далейшым гербарыі ствараліся пераважна пры ун-тах і бат. садах. Найб. поўнае развіццё атрымалі з 1930—40-х г. У свеце больш за 20 буйных гербарыяў. У Парыжы (каля 6 млн. лістоў), Жэневе (гербарый Дэкандоля і Буасье — каля 5 млн. лістоў), Лондане (гербарый Брытанскага музея прыроднай гісторыі, у т. л. гербарый Лінея — 4,5 млн. лістоў), у Санкт-Пецярбургу (больш за 5 млн. лістоў).
На Беларусі найб. гербарый у Ін-це эксперым. батанікі імя В.Ф.Купрэвіча АН (Мінск), дзе захоўваецца больш за 50 тыс. лістоў вышэйшых сасудзістых раслін, 5 тыс. лістоў мохападобных, 17 тыс. лістоў лішайнікаў, больш за 1 тыс. ўзораў грыбоў-макраміцэтаў. Ёсць гербарыі ў БДУ і інш.ВНУ, бат. садах і запаведніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЫ́ГІН (Сяргей Паўлавіч) (н. 6.12.1913, в. Дурасаўка, Башкортастан),
рускі пісьменнік. Акад.Рас.АН (1991). Герой Сац. Працы (1988). Скончыў Омскі с.-г.ін-т (1939). Працаваў інжынерам-гідратэхнікам, у Сібірскім аддзяленні АНСССР. З 1986 гал. рэдактар час. «Новый мир». Першыя зб-кі «Апавяданні» (1941), «На Вялікую зямлю» (1952), «Нарысы і апавяданні» (1953). У раманах «Сцежкі Алтая» (1962), «Салёная Падзь» (ч. 1—2, 1967—68, Дзярж. прэмія СССР 1968), «Паўднёваамерыканскі варыянт» (1973), «Камісія» (1975), «Пасля буры» (кн. 1—2, 1980—85), «Свабода выбару: раман без сюжэта» (1996) звяртаецца да найважнейшых пераломных этапаў паслярэв. гісторыі Расіі і сучаснага жыцця Зах. Сібіры. Як публіцыст актыўна адстойвае сваю пазіцыю (у 1980-я г. выступаў супраць павароту паўн. рэк), імкнецца асэнсаваць складаныя працэсы сучаснага жыцця («Мая дэмакратыя. Нататкі па ходу жыцця. З успамінаў пісьменніка», 1996). Аўтар літ.-знаўчых прац пра А.Чэхава, Л.Талстога, А.Платонава. Творы З. на бел. мову пераклалі А.Кудравец, В.Адамчык.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1989—91;
Бел.пер. — На Іртышы: Аповесць, апавяданні. Мн., 1991.
Літ.:
Дедков И.А. Сергей Залыгин: Страницы жизни, страницы творчества. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКІЯ ШКО́ЛЫ,
пачатковыя сельскія школы ў Рас. імперыі; засноўваліся пасля земскай рэформы 1864 і ўтрымліваліся на сродкі земстваў. Працавалі па планах і праграмах Мін-ванар. асветы. Былі аднакласныя, пераважна з 3-гадовым навучаннем (1 настаўнік), і двухкласныя з 4-гадовым навучаннем (2 настаўнікі). У канцы 19 ст. тэрмін навучання ў многіх аднакласных З.ш. быў павялічаны да 4 гадоў, у двухкласных — да 5—6 гадоў. Выкладаліся: Закон Божы, чытанне, пісьмо, арыфметыка, спевы; у некат. даваліся звесткі па прыродазнаўстве, геаграфіі, гісторыі. У параўнанні з міністэрскімі і царкоўнапрыходскімі школамі ў З.ш. была лепш арганізавана навучальна-выхаваўчая работа, пры асобных былі б-кі, «начлежныя прытулкі» для дзяцей з аддаленых вёсак, гарачае харчаванне. Адыгралі значную ролю ў пашырэнні пісьменнасці сярод сялян. Ва ўсх.ч. Беларусі З.ш. пачалі адкрывацца з 1907. У 1911 у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях іх было 373. У 1918 рэарганізаваны ў прац. школы.
Літ.:
Звягинцев Е.А. Полвека земской деятельности по народному образованию. 2 изд. М., 1917;
Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г.Мн., 1985. С. 370—374;
Мяцельскі М.С. Земствы і школа на Беларусі (1903—1917) // Пач. школа. 1992. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЕШ ((Illyés) Дзьюла) (2.11.1902, г. Мадзвяратад, Венгрыя — 15.4.1983),
венгерскі пісьменнік. У 1919—26 у эміграцыі. Вучыўся ў Сарбоне (Францыя). Як паэт пачынаў пад уплывам экспрэсіянізму і сюррэалізму, паступова пераходзячы да рэаліст. метаду. У 1950—60-я г. ў яго паэзіі ўзмацніліся экзістэнцыялісцкія тэндэнцыі. У творах І. праблемы нац. памяці, узаемадачынення гісторыі і сучаснасці, асобы і ўлады, індывід. і нар. быцця: паэт.зб-кі «Цяжкая зямля» (1928), «Скошаныя шэрагі» (1930), «Пад лятучымі нябёсамі» (1935), «Гармонія сярод руін» (1937), «Гледзячы ў вочы» (1947), «Поціскі рук» (1956), «Нахілены ветразь» (1965), «Незакончаныя вершы» (1971), «Дзіўны тэстамент» (1977), шматлікія паэмы. Аўтар раманаў «Людзі пушты» (1936), «У ладдзі Харона, або Сімптомы старасці» (1969), «Пажы Беатрычэ» (1979); драм «Псіхааналітык» (1948), «Прыклад Азоры», «Полымя паходні» (абедзве 1952), «Фаварыт» (1963), «Чыстыя» (1969), «Усё ці нічога, або Два жыцці ці ніводнага» (1974) і інш.; дарожных нататак «Расія» (1935), біягр.кн. «Пецёфі» (1936), крытычных артыкулаў і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Петёфи. М., 1972;
Избранное. М., 1975;
Избр. лирика. М., 1979;
Пьесы. М., 1982.
Літ.:
Россиянов О.К. Реализм в новой венгерской прозе, 60—70-е гг. XX века. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРВЕ́НЦЫЯ (ад лац. interventio умяшанне),
умяшанне адной дзяржавы ва ўнутр. справы іншай дзяржавы або акт рэгулявання ёю акрэсленых пытанняў грамадз. адносін, якія традыцыйна належаць да сферы грамадз. супольнасці. Як сродак знешняй палітыкі існуе амаль ад пачатку паліт.гісторыі чалавецтва і выкарыстоўваецца дзяржавамі, каб у сваіх інтарэсах паўплываць на вынікі барацьбы паліт. сіл у інш. дзяржаве, на вырашэнне дынастычных пытанняў і да т.п. Знешняя І. здаралася асабліва часта і прымала значныя маштабы ў перыяды рэвалюцый або нац.-вызв. барацьбы народаў асобных краін (напр., І. краін Антанты супраць сав. Расіі ў 1918—20). Паняцце І. ўключае такія яе віды, як вайсковая, эканам., дыпламатычная, ідэалагічная. Існуюць і камбінацыі азначаных відаў І. Сучасная міжнар. супольнасць выключае І. з правамерных сродкаў правядзення дзяржавамі сваіх знешнепаліт. інтарэсаў. і ставіць яе па-за міжнар. правам, а вайсковая І. атаясамліваецца з формай агрэсіі. І. як акт умяшання дзяржавы ва ўласнае ўнутр. жыццё, пераважна ў эканоміку і фінансы, уваходзіць у сістэму метадаў дзярж.-манапал. рэгулявання гэтых галін і мае месца ў часы крызісаў, банкруцтваў ці ў сувязі з адмоўнымі вынікамі дзейнасці таго ці інш. буйнога банка або карпарацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́ЎСКІ (Максім Максімавіч) (8.9.1851, г. Харкаў, Украіна — 5.4.1916),
расійскі гісторык, юрыст, сацыёлаг, этнограф. Акадэмік Пецярбургскай АН (1914, чл.-кар. 1899). Скончыў Харкаўскі ун-т (1872), адукацыю працягваў у Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі. Праф. Маскоўскага (1878—87), Пецярбургскага (1905—16) ун-таў і шэрагу ун-таў Еўропы і Амерыкі. З 1895 віцэ-старшыня, з 1907 старшыня Міжнар. ін-та сацыялогіі, чл.Т-ва сацыялогіі ў Парыжы. Вымушаны доўгі час працаваць за мяжой, К. часта выкарыстоўваў замежную тэматыку і матэрыялы для вырашэння рас. праблем, звязаных з развіццём капіталізму. Асн. законам сацыялогіі лічыў закон прагрэсу. Як гісторык выкарыстоўваў гіст.-параўнальны метад, асабліва з мэтай супастаўлення дзярж., паліт. і эканам. дакапіталіст. грамадстваў Еўропы, у т. л. і Расіі. Аўтар прац па гісторыі абшчыны, Франц. рэвалюцыі канца 18 ст., праблемах зах.еўрап. феадалізму і агульных пытаннях сац. развіцця, этнаграфіі.
Тв.:
Общинное землевладение, причины, ход и последствия его разложения. Ч. 1. М., 1879;
Закон и обычай на Кавказе. Т. 1—2. М., 1890;
Происхождение современной демократии. Т. 1—4. М., 1895—97;
Экономический рост Европы до возникновения капиталистического хозяйства. Т. 1—3. М., 1898—1903;
Социология. Т. 1—2. М., 1910.
Літ.:
Сафронов Б.Г. М.М.Ковалевский как социолог. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́ЦКІЯ ЛЕ́ТАПІСЫ,
украінскія гісторыка-літаратурныя творы, у якіх адлюстравана гісторыя Украіны 17—1-й пал. 18 ст. Складзены служылымі казакамі. Найб. вядомы летапісы Самавідца, Р.Грабянкі і С.Вялічкі.
Летапіс Самавідца ўкладзены ў канцы 17 — пач. 18 ст., як мяркуюць, старадубскім папом Р.Ракушка-Раманоўскім, ген. падскарбіем гетмана I Брухавецкага. Ахоплівае падзеі 1648—1702. Напісаны ў пагадовай форме дзелавым стылем бел.-ўкр. літаратурнай мовы. У Летапісе Грабянкі (? — каля 1738; гадзяцкі палкавы есаул, потым абозны, суддзя, палкоўнік) падаецца літаратурна апрацаваная гісторыя казацтва ад стараж. часоў да 1709 стылізаванай кніжна-слав. мовай. Гіст. панарама ваен.-паліт. жыцця Украіны перыяду казацкіх войн раскрыта ў летапісе Вялічкі (? — пасля 1728; канцылярыст казацкага войска), гіст.-літ. кампіляцыі, крыніцай для якой паслужылі папярэднія ўкр. летапісы і польскія хронікі, дакумент. матэрыялы і маст. творы (скончаны ў 1720). Гал. герой К.л. — Б.Хмяльніцкі. Ён пададзены ва ўзнёсла-паэт., панегірычным плане. У летапісах ухваляецца далучэнне Украіны да Расіі, асуджаецца экспансіянісцкая палітыка Польшчы, Турцыі і Крымскай Арды на ўкр. землях.
Важная крыніца па гісторыі Украіны і суседніх краін 17 — пач. 18 ст., асабліва Польшчы і Расіі. У летапісах ёсць звесткі з гіст. мінулага Беларусі, найбольш Прыдняпроўя і Палесся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІЕ́ВІЧ (Капіеўскі) Ілья Фёдаравіч
(1651, Міншчына — 23.9.1714),
бел. асветнік, перакладчык, кнігавыдавец. Вучыўся ў Слуцку. У дзевяцігадовым узросце вывезены з Беларусі ў Цвярскі край, адкуль уцёк у Маскву. Праз 6 гадоў вярнуўся на радзіму. Неўзабаве эмігрыраваў на Захад. З сярэдзіны 1660-х г. жыў у Галандыі. У 1697—98 пазнаёміўся там з рускім царом Пятром I, стаў прыхільнікам яго рэформ. Прапагандаваў свецкія навукі, садзейнічаў развіццю асветы і пашырэнню навук. ведаў у Расіі. У 1698—1706 пераклаў на рус. мову, склаў і выдаў каля 20 кніг: першыя падручнікі, вучэбныя дапаможнікі па гісторыі, арыфметыцы, вайск. і марской справах, лац. і рус. граматыцы, рус.-лац.-ням., рус.-лац.-галандскі і інш. слоўнікі, першую зорную карту (на рус. мове). Кнігі выдаваў у розных друкарнях, у т. л. ўласных (Амстэрдам і Капенгаген). У 1701 у Берліне, у 1704 у Капенгагене намагаўся наладзіць выпуск кніг для Расіі. Перапісваўся (перапіска зберагаецца ў АН Германіі) з Г.Лейбніцам. Працаваў у 1707 у Маскве перакладчыкам у Пасольскім прыказе, з 1708 у Варшаве, потым зноў у Маскве.
Літ.:
Быкова Т.А. Книгоиздательская деятельность Ильи Копиевского и Яна Тесинга // Быкова Т.А., Гуревич М.М. Описание изданий, напечатанных кириллицей, 1689 — январь 1725 г.М.; Л., 1958.