ЯНУШКЕ́ВІЧ (Januszkiewicz) Яўстафій (26.1.1805, в. Прусы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 1874),
польскі кнігавыдавец, публіцыст. Брат А.Янушкевіча. Вучыўся ў дамініканскай школе ў Нясвіжы, скончыў Віленскі ун-т. З 1826 адвакат, сакратар камісіі па спадчыне Радзівілаў, уваходзіў у склад рэдакцыі час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»). Адзін з арганізатараў паўстання 1830—31 на тэр. Ашмянскага, Слуцкага і Навагрудскага паветаў. Эмігрыраваў у Францыю, удзельнічаў у заснаванні польскай эмігранцкай прэсы ў Парыжы, у выданні твораў А.Міцкевіча, З.Красінскага, Ю.Славацкага, І.Лялевеля, рабіў выпіскі для лекцый Міцкевіча па гісторыі слав. л-р, стэнаграфаваў іх. Аўтар «Успамінаў з часу аблогі Парыжа» (1871), «Нататак і ўспамінаў пра жыццё А.Міцкевіча» (1859), «Апошніх хвілін Іаахіма Лялевеля» (1861). Славацкі прысвяціў Я. вершы «З ліста да кнігара», «Мой Яўстаф».
У.І.Мархель.
т. 18, кн. 1, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)