род рыб сям. сіговых атр. ласосепадобных. Самы шматлікі з сямейства. Пашыраны ў бас. Ледавітага, Ціхага і Атл. акіянаў. Прахадныя, азёрныя і рачныя рыбы. Найб. вядомыя: С. звычайны, рапушкі, омуль, пелядзь, муксун, чыр і інш. У азёрах Беларусі водзіцца рапушка еўрапейская, або сялява, у 1925 у азёры Браслаўскай, Нарачанскай груп і воз. Лукомскае з Чудска-Пскоўскага воз. завезены для акліматызацыі сіг чудскі (C. lavaretus maraenoides). У азёрах Лукомскае і Нарач меў прамысл. значэнне. Пелядзь на Беларусь завезена ў 1957.
Даўж. да 75 см, маса да 8 кг (зрэдку 16 кг). Цела серабрыстае, спіна цёмная, луска буйная. Рот невял., ніжні, канцавы або верхні. Нераст звычайна восенню. Ікра дробная, жоўтая. Кормяцца планктонам, бентасам і дробнай рыбай. Аб’екты промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРПІЁНЫ (Scorpiones),
атрад членістаногіх кл. павукападобных. 6 сям., да 70 родаў, каля 750 відаў. Вядомы з сілуру. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных паясах, на Пд умеранага пояса. Жывуць у камяністых мясцінах, у гарах, пустынях, вільготных лясах, на марскіх узбярэжжах. Звычайны С. роду Buthus, у т. л. жоўты, або стракаты, С. (B. eupeus). Найб. буйны трапічны С. Pandinus.
Даўж. звычайна 5—10 см, трапічнага пандынуса да 20 см. Галавагрудзі ўкрыты суцэльным панцырам з парай сярэдзінных і некалькімі парамі бакавых вачэй. Членістая гібкая метасома («хвост») мае на апошнім членіку брушка парную ядавітую залозу, якая адкрываецца на канцы выгнутага джала. Хеліцэры невял., клюшнепадобныя. Клюшні масіўныя. Дыхаюць лёгкімі. Апладненне сперматафорамі, вонкава-ўнутранае. Жывародныя, некат. адкладваюць яйцы. Начныя драпежнікі. Укол балючы для чалавека, а некат. трапічных — смяротны.
Скарпіёны: 1 — жоўты або стракаты; 2 — трапічны пандынус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́Я (Glycine),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў вільготных тропіках і субтропіках Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі. Радзіма — Кітай.
У Еўропе — з канца 18 ст. С. культурная (G. max). У многіх земляробчых рэгіёнах свету (асабліва ў Паўн. Амерыцы і Усх. Азіі) — адна з асн. зернебабовых, кармавых і тэхн. культур. На Беларусі культывуюць яе ранняспелыя сарты.
Аднагадовыя прамастойныя, павойныя ці паўзучыя травяністыя расліны выш. 20—100 см. Сцёблы звычайна апушаныя цвёрдымі валаскамі. Трайчастае лісце чаргаванае, з прылісткамі. Кветкі дробныя, фіялетавыя, ліловыя, белыя ці чырванаватыя ў пазушных гронках. Плод — струк. У зярнятах С. культурнай 35—50% бялку, блізкага па амінакіслотным саставе да жывёльнага, і 13—24% алею. Іх выкарыстоўваюць у хлебапякарнай, кандытарскай, маргарынавай, мясной і інш. галінах прам-сці. Харч., кармавыя і тэхн. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПА́РЖА, аспарагус (Asparagus),
род кветкавых раслін сям. спаржавых. Каля 300 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўропы і Азіі. Як агароднінную расліну культывуюць С. лекавую (A. officinalis), вядомую ў стараж. Егіпце і Рыме. На Беларусі 1 дзікарослы від — С. лекавая, расце на берагавых схілах, узлесках, лугах, часам трапляюцца інш. здзічэлыя віды. У садах, аранжарэях і пакоях пад назвай «аспарагус» культывуюць С.: перыстую (A. plumosus), серпападобную (A. falcatus), Шпрэнгера (A. sprengeri) і інш.
Шматгадовыя моцна галінастыя травы, паўкусты і ліяны выш. 50—300 см. Відазмененыя парасткі (кладодыі) іголкападобныя або вузкалінейныя, у пучках ці адзіночныя. Лісце відазменена ў лускавінкі. Раздзельнаполыя кветкі дробныя, жаўтавата-зялёныя. Плод — шарападобная чырв. ягада. Маладыя сакаўныя парасткі, якія яшчэ не выйшлі з зямлі, спажываюць у ежу. Харч., дэкар., меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗА́ЛІС, махунка (Physalis),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках, пераважна ў Амерыцы. У культуры 3 віды Ф.: мексіканскі тамат, або ліпкаплодны (P. ixocarpa), перуанскі, ці перуанская вішня (P. peruviana), і сунічны, або апушаны (P. pubescens). На Беларусі 1 заносны від — Ф. звычайны (P. alkekengi), што трапляецца на звалках, каля жылля. Некат. віды культывуюцца як дэкар. і агароднінныя расліны (напр., Ф. мексіканскі, сунічны).
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойнымі або распасцёртымі сцёбламі выш. 20—100 см. Лісце яйцападобна-авальнае, суцэльнае. Кветкі белыя ці жаўтаватыя, з цёмна-фіялетавымі плямамі, дробныя, на паніклых кветаножках, у суквецці звіліна. Плод — ягада, замкнёная ў пухірападобную чашачку (ліхтарык). Плады культ. відаў спажываюць у ежу. Харч., лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІСТА́ШКА (Pistacia),
род кветкавых раслін сям. анакардыевых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў субтропіках, часткова тропіках Паўн. паўшар’я. Стараж. арэхаплодная культура Міжземнамор’я Ф. сапраўдная (P. vera) вядома больш за 2 тыс. гадоў.
Лістападныя або вечназялёныя дрэвы з шарападобнай кронай, выш. да 7 м, часам кусты. Растуць павольна, жывуць да 1 тыс. гадоў. Лісце простае. чаргаванае, трайчастае ці перыстае. Дробныя кветкі аднаполыя, сабраныя ў мяцёлкі. Плод — касцянка. Насенне Ф. сапраўднай мае да 65% алею, да 23% бялку. да 10% цукрозы. Выкарыстоўваецца ў кандытарскай прам-сці, спажываецца ў ежу, макуха ідзе на корм жывёле. Лісце і галы выкарыстоўваюць для дублення скуры, афарбоўкі шэрсці і шоўку. Драўніна прыдатная для такарных і сталярных вырабаў, інкрустацыі. З некат. відаў атрымліваюць жывіцу. Харч., кармавыя, тэхн., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМЕ́РЫ, хімерападобныя (Chimaeriformes),
атрад храстковых рыб падкл. злітначарапных, або суцэльнагаловых. Вядомы з юрскага перыяду, пашыраны ў мелавы перыяд. 13 сям. Х. вымерла: 3 сучасныя: хімеравыя (Cnimaeridae), насатыя, або рынахімеравыя (Rhinochimaeridae), і хобатнарылыя, або каларынхавыя (Callorhinchidae). 6 родаў, каля 30 відаў. Пашыраны ў Атлантычным, Індыйскім і Ціхім акіянах. Пераважна глыбакаводныя (да 2500 м) прыдонныя рыбы. Маларухомыя.
Цела голае, сціснутае з бакоў, даўж. да 1,5 м, маса да 10 кг, хвост ніткападобны. Спіна чырв.-бурая, бакі серабрыстыя з жаўтавата-бурымі плямамі. На галаве ў самцоў калючы булавападобны прыдатак. брушныя плаўнікі ператвораны ў капулятыўныя органы (птэрыгаподыі). Размнажаюцца яйцамі, якія змешчаны ў рогападобнай капсуле. Рыла падобнае на тупы конус. Зубы — тоўстыя пласціны. Кормяцца ігласкурымі, малюскамі, ракападобнымі, радзей рыбаю. Некат. — аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦУКРО́ВЫ ТРЫСНЁГ (Saccharum),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых (злакавых). 5—10 відаў. Пашыраны ў трапічным, некаторыя ў субтрапічных паясах. Радзіма — Паўд.-Усх. Азія. У культуры Ц.т. высакародны (S. officinarum), вядомы за 3 тыс. гадоў да н.э. ў Індыі, з 6 ст.н.э. ў краінах Б. Усходу, Міжземнамор’я і Кітаі, з 16 ст. ў Паўд. Амерыцы і на Кубе.
Шматгадовыя (па-за тропікамі аднагадовыя) расліны. Сцёблы выш. да 6 м, таўшчынёй да 5 см. Суквецце — моцна разгалінаваная мяцёлка даўж. 70—90 см, пушыстая ад доўгіх шаўкавістых валаскоў, якія акружаюць кожны каласок. Сцёблы Ц.т. высакароднага маюць 10—18% цукрозы, спажываюцца ў ежу. З іх атрымліваюць больш за 60% цукру, што выпрацоўваецца ў свеце. З мелесу гатуюць ром. Адходы выкарыстоўваюць у буд-ве і на паліва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНАКО́РАНЬ (Scorzonera),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 170 відаў. Пашыраны пераважна ў засушлівых і горных абласцях Еўразіі. На Беларусі 3 віды Ч.: прысадзісты (S. humilis) і занесеныя ў Чырв. кнігу — голы (S. glabra) і пурпурны (S. purpurea). Трапляюцца ў лясах, на вільготных лугах. Як агароднінную культуру культывуюць Ч. іспанскі (S. hispanica), т.зв. салодкі корань.
Двух- і шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты, голыя або апушаныя, маюць млечны сок. Карані часта верацёна- ці клубнепадобна патоўшчаныя, у многіх відаў ядомыя. Лісце чаргаванае, суцэльнакрайняе або перыста-надрэзанае. Кветкавыя кошыкі пераважна адзіночныя, усе кветкі язычковыя. Плод — сямянка. Карані Ч. маюць інулін, выкарыстоўваюцца пры лячэнні цукр. дыябету. Падземныя ч. некат. відаў (напр., таў-сагыз) маюць у сабе каўчук. Лек. агароднінныя, каўчуканосныя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРО́МХА (Padus),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — Ч. звычайная, або гронкавая (P. avium). Трапляецца па берагах рэк, у лясах, хмызняках, вырошчваецца ў садах і парках. Культывуюць Ч. віргінскую (P. virginiana), Маака (P. maackii), пенсільванскую (P. pensylvanica), познюю (P. serotina), якія часам дзічэюць.
Лістападныя дрэвы выш. 7—30 м, з густой шырокай кронай, радзей вял. кусты. Лісце простае, чаргаванае, прадаўгавата-яйцападобнае. Кветкі духмяныя, белыя, на ножках, сабраныя ў гронку. Плод — сакаўная касцянка, у многіх відаў ядомая. Драўніна — сыравіна для дрэваапр. прам-сці; плады спажываюцца ў ежу і як лек. сродак, корм для птушак. Ч. — каштоўная лясная парода, паляпшае структуру глебы, замацоўвае берагі рэк, схілы яроў. Харч., лек., меданосныя, дэкар. расліны.