род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 170 відаў. Пашыраны пераважна ў засушлівых і горных абласцях Еўразіі. На Беларусі 3 віды Ч.: прысадзісты (S. humilis) і занесеныя ў Чырв. кнігу — голы (S. glabra) і пурпурны (S. purpurea). Трапляюцца ў лясах, на вільготных лугах. Як агароднінную культуру культывуюць Ч. іспанскі (S. hispanica), т.зв. салодкі корань.
Двух- і шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты, голыя або апушаныя, маюць млечны сок. Карані часта верацёна- ці клубнепадобна патоўшчаныя, у многіх відаў ядомыя. Лісце чаргаванае, суцэльнакрайняе або перыста-надрэзанае. Кветкавыя кошыкі пераважна адзіночныя, усе кветкі язычковыя. Плод — сямянка. Карані Ч. маюць інулін, выкарыстоўваюцца пры лячэнні цукр. дыябету. Падземныя ч. некат. відаў (напр., таў-сагыз) маюць у сабе каўчук. Лек. агароднінныя, каўчуканосныя, меданосныя і дэкар. расліны.