род кветкавых раслін сям. спаржавых. Каля 300 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўропы і Азіі. Як агароднінную расліну культывуюць С. лекавую (A. officinalis), вядомую ў стараж. Егіпце і Рыме. На Беларусі 1 дзікарослы від — С. лекавая, расце на берагавых схілах, узлесках, лугах, часам трапляюцца інш. здзічэлыя віды. У садах, аранжарэях і пакоях пад назвай «аспарагус» культывуюць С.: перыстую (A. plumosus), серпападобную (A. falcatus), Шпрэнгера (A. sprengeri) і інш.
Шматгадовыя моцна галінастыя травы, паўкусты і ліяны выш. 50—300 см. Відазмененыя парасткі (кладодыі) іголкападобныя або вузкалінейныя, у пучках ці адзіночныя. Лісце відазменена ў лускавінкі. Раздзельнаполыя кветкі дробныя, жаўтавата-зялёныя. Плод — шарападобная чырв. ягада. Маладыя сакаўныя парасткі, якія яшчэ не выйшлі з зямлі, спажываюць у ежу. Харч., дэкар., меданосныя расліны.