род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках, пераважна ў Амерыцы. У культуры 3 віды Ф.: мексіканскі тамат, або ліпкаплодны (P. ixocarpa), перуанскі, ці перуанская вішня (P. peruviana), і сунічны, або апушаны (P. pubescens). На Беларусі 1 заносны від — Ф. звычайны (P. alkekengi), што трапляецца на звалках, каля жылля. Некат. віды культывуюцца як дэкар. і агароднінныя расліны (напр., Ф. мексіканскі, сунічны).
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойнымі або распасцёртымі сцёбламі выш. 20—100 см. Лісце яйцападобна-авальнае, суцэльнае. Кветкі белыя ці жаўтаватыя, з цёмна-фіялетавымі плямамі, дробныя, на паніклых кветаножках, у суквецці звіліна. Плод — ягада, замкнёная ў пухірападобную чашачку (ліхтарык). Плады культ. відаў спажываюць у ежу. Харч., лек. і дэкар. расліны.