раслі́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да расліны. Расліннае покрыва. □ Раслінны свет быў багаты, корму для .. [зуброў] хапала, жыццё было прывольнае. В. Вольскі. // Які складаецца з раслін. Раслінны корм. □ — Ты паведамляеш, што ў вашай школе ў гэтым годзе вельмі багаты куток натураліста, што ў цябе ў самой таксама шмат раслінных калекцый. Сіняўскі. // Прыгатаваны, здабыты з раслін. Раслінныя фарбы. Раслінны тлушч.
2. Які жыве на расліне, раслінах. Раслінная тая.
3. З малюнкам, адбіткам раслін. Раслінны ўзор. Раслінны арнамент.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ссо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. ссох, ‑ла; зак.
1. Высахнуць, завянуць, загінуць ад неспрыяльных умоў (пра расліны). Трава ссохла. □ Яблыні вунь як даглядае гаспадар і то возьмуць часам і ссохнуць. Пальчэўскі.
2. перан. Разм. Знудзіцца, стаць худым ад перажыванняў, турбот і пад.; зачахнуць. Цяпер-то я [Андрэй] зразумеў, што Міша любіць Таню і любіць шчырэй, чым я. Хлопец зусім ссох па ёй. Чарнышэвіч.
3. Страціць свежасць; сасмягнуць (пра губы). [Сымон:] — Ты [Ганна] стамілася, галубка, Ссохлі губкі. Ты ў агні. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
травяні́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца травою, складаецца з травы. Травяністыя расліны. □ Жыта ўрадзіла рэдкае і травяністае. Сяркоў.
2. Які зарос травою. Крокаў за сто трапіўся травяністы грудок. Місько. Позірк .. [Сабіны] прабягае па травяністых дарожках — то да хлява, да павеці, то да закінутага ля плота старога паграбка з чорным, праселым падстрэшкам. Ракітны.
3. Па выгляду, па будове падобны да травы. Травяністая папараць.
4. перан. Па смаку падобны да травы; нясмачны. Травяністы чай.
5. Састаўная частка некаторых батанічных назваў. Травяністая бягонія.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тыту́нь, ‑ю, м.
1. Травяністая расліна сямейства паслёнавых, лісце якой багата нікацінам. Садзіць тытунь. □ Аднойчы бацька пасынкаваў тытунь. Адломленыя парасткі і лісце ён паклаў на печы сушыць. Навуменка.
2. Высушанае і дробна нарэзанае лісце і сцёблы гэтай расліны, якія ідуць на курэнне. Уважліва, усё з той жа бацькоўскай усмешкай слухаючы Васю, Леанід Ільіч набіў тытунём сваю люлечку з доўгім роўным цыбуком і запыхкаў дымам. Краўчанка. Бацька выйшаў за Антонам на вуліцу, аддаў яму на памяць тытунь з капшуком. Мыслівец.
[Цюрк.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узмужне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Дасягнуць поўнага фізічнага развіцця; стаць дарослым, сталым. — Узмужнеў, узмужнеў, — сказаў Булай, задаволена аглядваючы моцную фігуру Алеся. Шыцік. Дзеці выраслі і ўзмужнелі. Дзяргай. / Пра расліны. Падраслі маладыя дрэвы, узмужнелі намнога старыя. Дубоўка.
2. перан. Дасягнуць высокай ступені ў сваім развіцці. Тэатр настолькі вырас і ўзмужнеў, што летам 1931 года змог ужо выехаць на гастролі ў Маскву і Ленінград. Сяргейчык. У «Іранскім дзённіку», на матэрыяле вялікай, грамадска значнай тэмы, яшчэ больш узмужнела майстэрства паэта. Бярозкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чуба́ты, ‑ая, ‑ае.
1. З чубам (у 1, 2 і 4 знач.). На прызбе чубаты салдат-гарманіст на ўвесь мах расцягваў трохрадку. Ставер. // Які формай нагадвае чуб (пераважна пра расліны). Зіна спынілася, прыслухалася. Дзесьці ўнізе, сярод чубатых вяршалін ні то кіпарысаў, ні то таполяў спяваў салавей. Лось. Цокат, грукат па дарозе, А з дарогі — пыл густы На бярозы, Вербалозы, На чубатыя кусты. Бялевіч.
2. Як састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Чубаты шалфей. Чубатая чэрнець. Чубаты рабчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
экзаты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Уласцівы асобным, малавядомым, далёкім краінам; незвычайны для гэтай мясцовасці. Экзатычныя расліны. □ Стаяла моладзь каля гэтай сахі, нібы каля якой экзатычнай жывёліны ў заапарку, усё не давала веры — няўжо ёю можна было абрабляць зямлю? Місько. Крымскія санеты [А. Міцкевіча] ў перакладзе М. Танка раскрываюць іх ідэйную сутнасць, удала перадаюць велічную экзатычную прыроду Крыма. Лойка.
2. перан. Дзівосны, вычварны, які здзіўляе сваёй незвычайнасцю. Экзатычная музыка. □ Экзатычнае адзенне сароміла Кузьму, таму ён нібы прыклеіўся да зэдліка ў парозе. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АХО́ВА ГЕНАФО́НДУ,
комплекс мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні ўсёй сукупнасці відаў жывых арганізмаў з іх выяўленымі і патэнцыяльнымі спадчыннымі задаткамі. Кожны жывы арганізм на Зямлі — унікальны і непаўторны феномен эвалюцыі, у якім ёсць генет. інфармацыя (генет. рэсурс) навук. і прыкладнога значэння. Ахова генафонду — адна з формаў аховы прыроды і пашыраецца на ўсе віды жывых арганізмаў, акрамя асабліва небяспечных хваробатворных. Уключае мерапрыемствы па ахове раслін і жывёл, прапаганду унікальнасці ўсяго жывога і неабходнасці зберажэння ўсёй генет. разнастайнасці арганізмаў. Ахова генафонду неабходная для гасп., навук., экалагічных, этычных і эстэт. мэтаў. Значную ролю ў ахове генафонду адыгрываюць асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты, генет. рэзерваты і генет. калекцыі (бат. сады, дэндрарыі, гадавальнікі, заапаркі, калекцыі насення, спораў, пылку, спермы, зародкаў і тканак арганізмаў, калекцыі мікраарганізмаў, спец. сховішча разнастайнага генет. матэрыялу і гэтак далей). Гл. таксама Ахоўныя расліны і Ахоўныя жывёлы.
т. 2, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕДЫ́ЧЫЯ (Gleditsia),
род кветкавых раслін сям. бабовых. 12 відаў. Пашыраны ў Амерыцы, Усх. Азіі і трапічнай Афрыцы. У Талышскіх гарах (Усх. Закаўказзе) расце вельмі рэдкі рэліктавы від — гледычыя каспійская (G. caspia). На Беларусі ў паўд. і цэнтр. раёнах у культуры зрэдку трапляецца паўн.-амер. від гледычыя звычайная, або трохкалючкавая (G.triacanthos), інтрадукаваная ў канцы 19 ст.
Лістападныя дрэвы выш. да 28 м, на радзіме — да 45 м, дыям. ствала да 1 м, з ажурнай кронай. Ствол і галінкі ўкрыты доўгімі разгалінаванымі калючкамі. Лісце парнаперыстаскладанае даўж. 15—30 см. Кветкі дробныя, зеленаватыя, у гронкападобных суквеццях. Плады — цёмна-карычневыя струкі; пераважна шматнасенныя. Цвіце ў чэрвені. Доўга жыве (у Высокаўскім парку ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. Гледычыя звычайная мае ўзрост больш за 100 гадоў). Размнажаюць насеннем і каранёвымі атожылкамі. Дэкар. і тэхн. расліны, меданосы, маюць каштоўную драўніну.
Г.У.Вынаеў.
т. 5, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАФІ́ТЫ [ад гала... + ...фіт(ы)],
расліны, якія растуць на моцна засоленых глебах: па берагах мораў, на саланцах, саланчаках і інш. Марфалагічна часта падобныя да сукулентаў, але адрозніваюцца ад іх высокім асматычным ціскам (да 100 і больш атмасфер). Падзяляюцца на 3 групы. Эўгалафіты, або сапраўдныя галафіты (т.зв. салянкі), маюць пераважна мясістае лісце і сцёблы; цытаплазма ў іх клетках вельмі ўстойлівая да высокіх канцэнтрацый солей, якія назапашваюцца ў іх у вял. колькасці (салярос, сведа і шэраг пустынных паўкустоў). Крынагалафіты выдзяляюць назапашаныя ў іх солі пры дапамозе асаблівых залозак, якія ўкрываюць лісце і сцёблы. У сухое надвор’е на іх утвараецца налёт солей (напр., кермек, тамарыкс). Углікагалафітаў каранёвая сістэма мала пранікальная для солей, таму ў тканках яны не назапашваюцца ў вял. колькасці (некаторыя віды палыну і інш.). Сярод культ. раслін сапраўдныя галафіты адсутнічаюць. Гл. таксама Солевынослівасць раслін.
Л.В.Кірыпенка.
т. 4, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)