ГРО́ДЗЕНСКАЯ ДРУКА́РНЯ, Гродзенская каралеўская друкарня,
адно з найбуйнейшых выдавецтваў на Беларусі ў канцы 18 ст. Існавала ў Гродне ў 1775—96(?). Створана на аснове друкарні Віленскай езуіцкай акадэміі, перавезенай у 1775 у Гродна падскарбіем літоўскім А.Тызенгаўзам пасля скасавання ордэна езуітаў. У Гродзенскай друкарні працавала каля 30 чалавек, была ўласная майстэрня для адліўкі літар. Выдала каля 100 кніг навуковай, рэліг., маст. л-ры на польск., лац., царкоўнаслав., франц., ням., яўр. мовах. Друкавала матэрыялы сесій сейма Рэчы Паспалітай і Трыбунала ВКЛ. Выданні вызначаліся высокай якасцю друку, маст. афармлення, паперы (завозілася пераважна з Прусіі). Спыніла дзейнасць у сярэдзіне 1790-х г., абсталяванне перададзена Віленскай каталіцкай епархіі.
У Гродзенскай друкарні выдадзены «Кароткі збор карфагенскай і егіпецкай гісторыі» Г.Барэцкага (1776), «Флора Літвы» Ж.Э.Жылібера (1781), творы Вальтэра, Мальера, Ф.Карпінскага, І.Красіцкага, М.Карповіча і інш. У 1776—83(?) тут друкаваўся штотыднёвік «Gazeta Grodzieńska» («Гродзенская газета»), у 1796 — «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»).
Літ.:
Голенченко Г.Я. Библиографический список белорусских старопечатных изданий XVI—XVIII вв. Мн., 1961;
Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат.Мн., 1986;
Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1920 па ініцыятыве археолага і краязнаўца Ю.Ядкоўскага, адкрыты ў 1922. Зберагаў калекцыі дакументаў 15—17 ст., творы выяўл. мастацтва 17—19 ст., вырабы гродзенскіх каралеўскіх мануфактур 18 ст. У Вял.Айч. вайну частка калекцыі загінула. З 1945 размяшчаецца ў Гродзенскім Старым замку і палацы Стафана Баторыя. Пл. экспазіцыі 2380 м², больш за 129 тыс. экспанатаў асн. фонду (1994), у т. л. фонд старадрукаў і рэдкай кнігі (20 тыс.экз.). Аддзелы: гісторыі Гродзеншчыны, прыроды краю, мастацкі. Сярод матэрыялаў археал. знаходкі з раскопак Замкавай Гары ў Гродне, Краснасельскага археалагічнага комплексу, гарадзішчаў 11—13 ст., узоры бел. скорапісу на пергаменце, вырабы гродзенскіх рамеснікаў 17—18 ст., гродзенскія падвойныя дываны. Экспануюцца прадметы, звязаныя з падзеямі паўстання 1863—64 на чале з К.Каліноўскім, рэв. і нац.-вызв. рухам у Зах. Беларусі, паказаны партыз. рух, дзейнасць падп.патрыят. арг-цый у Вял.Айч. вайну. У аддзеле прыроды экспанаты з расліннага і жывёльнага свету, карысныя выкапні краю. Мастацкі аддзел праводзіць выстаўкі выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Музей выдае зб. «Краязнаўчыя запіскі» (з 1990). Філіялы: Дом-музей М.Багдановіча, Дом рамёстваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫМ (Grimm),
нямецкія філолагі, браты. Ураджэнцы г. Ганаў (Германія). Якаб (4.1.1785 — 20.9.1863) і Вільгельм (24.2.1786 — 16.12.1859). Прафесары Гётынгенскага і Берлінскага ун-таў. Члены Прускай АН (1841). Юрыд. адукацыю атрымалі ў Марбургу. Блізкія да ням. рамантыкаў, апублікавалі сярэдневяковыя тэксты «Пра старанямецкі майстаргезанг» (1811), «Бедны Генрых» (1815), «Рэйнеке-Ліс» (1834) і інш. Правялі вял. работу па збіранні і выданні ням. казак і паданняў («Дзіцячыя і сямейныя казкі», т. 1—2, 1812—15; «Нямецкія паданні», т. 1—2, 1816—18), што ўвайшлі ў скарбніцу сусв. л-ры і спрыялі фарміраванню жанру літ. казкі. Заснавальнікі міфалагічнай школы ў фалькларыстыцы, у даследаваннях карысталіся параўнальна-гіст. метадам («Германскія гераічныя казанні», 1829; кн. Якаба Грыма «Нямецкая міфалогія», 1835). Для распрацоўкі пытанняў параўнальна-гістарычнага мовазнаўства і вывучэння гісторыіням. мовы вял. значэнне мелі лінгвістычныя працы Якаба Грыма «Нямецкая граматыка» (т. 1—4, 1819—37), «Гісторыя нямецкай мовы» (т. 1—2, 1848). Разам з братам выдаў (з 1852) першыя 4 т. фундаментальнага слоўніка ням. мовы, які стаў асновай ням. філалогіі (выд. скончана ў 1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУАЛІ́ЗМ (ад лац. dualis дваісты),
філасофскае вучэнне, якое прызнае існаванне двух раўнапраўных пачаткаў — матэрыі і духа, матэрыяльнага і ідэальнага. Выступае ў якасці антыпода розных формаў манізму, прадстаўнікі якога тлумачаць свет на падставе сцвярджэння першаснасці матэрыі або духа. У гісторыі філасофіі Д. накіраваны на прымірэнне маністычных поглядаў і іх сінтэзу ў межах дуалістычнай сістэмы. Тэрмін «Д.» увёў ням. філосаф К.Вольф і выкарыстаў яго для азначэння матэрыяльнай і духоўнай субстанцый. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў Д. — Р.Дэкарт лічыў, што быццё падзяляецца на мыслячую (дух) і працяглую (матэрыя) субстанцыі. Суадносіны гэтых субстанцый у чалавека ён вырашаў з пазіцыі псіхафіз. паралелізму, дзе матэрыяльны і духоўны пачаткі выступаюць незалежна адзін ад аднаго. І.Кант развіваў вучэнне аб антынамічнасці розуму, якое было падставай дуалістычнага размежавання «рэчаў у сабе» і «з’яў». Для філасофіі новага часу характэрны формы гнасеалагічнага Д. (Дж.Лок, Д.Юм і інш.). Ён зыходзіць не з проціпастаўлення матэрыяльнай і духоўнай субстанцый, а з проціпастаўлення пазнаючага суб’екта пазнавальнаму аб’екту, што вядзе да абсалютызацыі свядомасці і яе адрыву ад сваёй матэрыяльнай асновы. Паняцце «Д.» сустракаецца ў разнастайных маральных, эстэт., паліт. і інш. канцэпцыях, дзе аб’ядноўваюцца несумяшчальныя пачаткі (дабро і зло, прыгожае і агіднае і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯРА́МА (ад дыя... + грэч. horama від, відовішча),
від жывапісу, у якім стужкападобная карціна нацягнута на ўнутр. паверхні паўкруглага ў плане падрамніка; спалучаецца з аб’ёмным (бутафорскім) пярэднім планам, макетамі. Разлічана на штучнае асвятленне. Вял. Д. размешчаны ў спец. будынках.
Стварае ілюзію шырокіх прастораў і паказвае пераважна батальныя сцэны. У адрозненне ад панарамы ахоплівае толькі частку гарызонту. Д. ствараецца з 19 ст. Першапачаткова жывапісныя выявы выконваліся па абодвух баках матэрыялу, які прасвечваўся. Пры змене напрамку і інтэнсіўнасці асвятлення змянялася і бачная гледачу карціна. Першую такую Д. стварыў Л.Ж.Дагер у Парыжы (1822). У сучасным мастацтве такія Д. часам выкарыстоўваюць ў тэатральна-дэкарацыйным мастацтве.
З вядомых Д. у бел. мастацтве «Фашысцкі лагер смерці Малы Трасцянец» (1968, Я.Красоўскі, І.Пешкур), «Мінскі касцёл» «Мінскі кацёл» (1969—71, П.Крохалеў, У.Лагун, Л.Асядоўскі, Б.Аракчэеў; абедзве ў Бел.дзярж. музеі гісторыіВял.Айч. Вайны), «Абарона Брэсцкай крэпасці» (1957, П.Дурчын, Ф.Зільберт, Брэсцкі абл. краязнаўчы музей), «Ф.Скарына трымае экзамен перад прафесарамі Падуанскага універсітэта» (1991—96, П.Драчоў, Музей медыцыны ў Мінску).
Дыярама. «Ф.Скарына трымае экзамен перад прафесарамі Падуанскага універсітэта». Мастак П.Драчоў. 1991—96.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДНІ́ЦА,
помнік горадабудаўніцтва 2-й пал. 18 ст. Комплекс пабудаваны па ініцыятыве А.Тызенгаўза ў 1765—85 у в. Гарадніца (побач з г. Гродна, цяпер у межах горада) з мэтай стварэння буйнога культ.-прамысл. цэнтра на 1500 жыхароў (1765—74, архітэктары І.Мёзер, 1774—85 — Дж.Сака). Уключала 85 будынкаў рознага прызначэння, згрупаваных вакол плошчаў, абапал вуліц і завулкаў. Пры забудове ўпершыню ў гісторыі горадабудаўніцтва Беларусі выкарыстаны тыпавыя праекты, уніфікаваныя канстр. прыёмы, высокія тэмпы буд-ва. У аснове праекта — планіровачныя прынцыпы барока. Большасць будынкаў мела фахверкавую канструкцыю, т.зв. «прускі мур». Забудова складалася з трох асобных, рэгулярна спланаваных зон: адм.-культ., навучальнай, вытв.-жылой. У комплекс Гарадніца ўваходзілі: Гродзенскі дом віцэ-адміністратара, Гродзенскі палац адміністратара, Гродзенскі палац Тызенгаўза, муз. школа, вет. школа, т-р, бат. сад, мануфактуры (суконная, шаўковая, зброевая, фарбавальная і інш.), 20 тыпавых жылых дамоў. Частка ўцалелых пабудоў Гарадніцы знаходзіцца ў працэсе рэстаўрацыі.
Гарадніца (з плана 1780): 1 — палац Тызенгаўза; 2 — музычная школа; 3 — палац адміністратара; 4 — гаспадарчы двор; 5 — карчма «Галеча»; 6 — харчэўні; 7 — дамы для іншаземных рабочых; 8 — карчма «Раскоша»; 9 — ветэрынарная школа; 10 — будаўнічая школа; 11 — мануфактуры; 12 — фальварак; 13 — сталоўка для рабочых; 14 — кузні.Да арт.Гарадніца. Гродзенскі «домік майстра». 1773.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў БРЭ́СЦКАЙ ВО́БЛАСЦІЗасн. ў 1940 у Брэсце. Зберагае дакументы па гісторыі вобласці з 1919. На 1.1.1997 у архіве 2957 фондаў, 1 011 177 спраў. Буйнейшы комплекс дакументаў — фонды польскіх устаноў, арг-цый і прадпрыемстваў, партый і грамадска-паліт. аб’яднанняў, культ.асв. згуртаванняў, рэліг. устаноў на тэр. Палескага ваяв. і Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. ў 1919—39. Захоўвае матэрыялы аб палітыцы ўрада бурж. Польшчы ў Зах. Беларусі, пра сац.-эканам. становішча, пра дзейнасць БСРГ, ТБШ. КПЗБ і інш. арг-цый, дакументы ням.акупац. устаноў і арг-цый Брэсцкай. Пінскай і часткова Баранавіцкай акруг за 1941—44. Зберагае дакументы абласных, раённых, гар. і сельскіх устаноў і арг-цый Брэсцкай і б. Баранавіцкай і Пінскай абл. за 1939—41 і з 1944. Гэта матэрыялы пра мерапрыемствы сав. улады пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР, пра пасляваен. сац.-эканам. і культ. развіццё вобласці: дакументы органаў дзярж. улады і кіравання, органаў і арг-цый КПБ, фонды прамысл. прадпрыемстваў, арг-цый сельскай гаспадаркі, культуры, адукацыі, аховы здароўя. Дакументы на польск., бел., рус. і ням. мовах.
Аддзелы: камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; дзярж. ўліку і інфарм.-пошукавых сістэм; выкарыстання дакументаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ВІ́ЦЕБСКАЙ ВО́БЛАСЦІ 3 1862 у Віцебску існаваў Віцебскі цэнтральны архіў старажытных актаў, з 1903 — губ. архіў. У 1919 заснавана губ. архівасховішча Віцебскага губ. архіўнага ўпраўлення, з 1924 Віцебскі акр. аддзел Цэнтр. архіва БССР, з 1927 Віцебскі гіст. архіў, з 1930 Віцебскае аддзяленне Цэнтр. архіўнага ўпраўлення БССР (у 1933—36 Паўн.-Бел., з 1938 Віцебскі абл. архіў). На 1.1.1997 у архіве 6219 фондаў, 1 033 696 спраў з 1917. Зберагае дакументы губ., пав., валасных, акруговых, раённых, гар. і сельскіх устаноў, арг-цый, прадпрыемстваў. якія дзейнічалі на тэр. Віцебскай вобл., асабістыя фонды. Сярод іх матэрыялы пра гісторыка і краязнаўца А.П.Сапунова, пра Віцебскую нар. мастацкую школу і мастакоў М.Шагала, К.Малевіча, Ю.Пэна, В.Ермалаеву, нар. кансерваторыю і дырыжора М.А.Малько, кампазітара М.В.Анцава, якія працавалі ў ёй, і інш.; успаміны Р.Я.Арансона «Карнілаўскія дні ў Віцебску», дакументы па гісторыі нэпа і калектывізацыі, перыяду Вял.Айч. вайны і інш. Дакументы на бел., рус., ням. і яўр. мовах.
Аддзелы: камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; інфарм.-пошукавых сістэм: выкарыстання дакументаў; гасп.-разліковы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАМАТЫ́ЧНАЯ ПАЭ́МА жанравы тып паэмы, які ўзнік на мяжы паэзіі і драматургіі. Развіваецца на аснове арган. зліцця эпічнага і драм. пачаткаў. Выпрацавала і замацавала ўстойлівыя жанравыя прыкметы: канфліктна-напружанае сутыкненне характараў, маральна-этычных пазіцый, ідэалаў, страсцей, што складае асн.драм. «спружыну» твора, якому ўласціва маналагічна-дыялогавая форма, разгортванне дзеі, набліжанай да сцэнічнай падачы.
Аднак гэта найперш паэма, жанравую сутнасць якой вызначае сіла эпічнай паэтызацыі падзей і герояў, паэт. падыход ад іх увасаблення. Д.п. адметная схільнасцю да асэнсавання вузлавых перыядаў нац.гісторыі, буйных грамадскіх асоб, значных падзей. Яе зместам становіцца барацьба народа ў напружаныя моманты яго сац. і нац. самасцвярджэння. Дасягнула класічных узораў у творчасці Дж.Мільтана («Страчаны рай»), Дж.Байрана («Каін»), Ф.Шылера («Валенштэйн»), П.Б.Шэлі («Раскаваны Праметэй»), А.Міцкевіча («Дзяды»), А.Пушкіна («Барыс Гадуноў»), Л.Украінкі («Лясная песня») і інш. У бел. л-ры пачынальнік яе — Я.Купала, які даў узоры высокіх формаў драматычна-паэмнага мастацтва («Адвечная песня», «Сон на кургане»). Д.п. стварылі П.Глебка («Над Бярозай-ракой»), А.Куляшоў («Хамуціус»). Нац. традыцыя драматычна-паэмнага асэнсавання жыцця ў апошні час атрымала працяг у паэмах М.Арочкі («Курганне», «Крэва»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЖБА,
форма адносін паміж людзьмі, заснаваная на добраахвотнасці, узаемнай прыхільнасці, павазе і трываласці. Этыка вывучае Д. як абсалютную, самадастатковую каштоўнасць. У гісторыі філасофіі Д. разглядалася пераважна ў этычным плане, падкрэсліваўся яе эмацыянальны аспект (М.Мантэнь) або ў аснову ўзнікнення Д. ставілася агульнасць інтарэсаў і разумны эгаізм (К.Гельвецый). Сапраўдны культ Д. быў створаны ням. рамантыкамі, якія бачылі ў ёй выратаванне ад эгаізму; сацыялісты-утапісты прапаведавалі ўстанаўленне Д. ўсіх людзей. Псіхал. змест, асн. функцыі, заканамернасці развіцця Д. залежаць ад полаўзроставых і індывід.-асобасных асаблівасцей чалавека. На кожным з жыццёвых этапаў Д. мае сваю маральна-псіхал. каштоўнасць, з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў фарміравання асобы, падтрымкі стабільнасці Я-канцэпцыі. Найб. значнасць і выключнасць Д. набывае ў юнацтве. Пазней мяняецца структура адносін, яны становяцца больш дыферэнцыраванымі і цесна звязанымі з колам інш. прыхільнасцей і сувязей (сямейных, роднасных, прафес. і інш.). Паняцце «Д.» блізкае, але не тоеснае паняццям любові, таварыскасці, дзелавых узаемаадносін. У шырокім сэнсе Д. азначае і міжасобасныя і сац. адносіны. Д. звязвае паміж сабой групы людзей (калектывы, нацыі, народы). Д. народаў грунтуецца на ўзаемнай павазе да традыцый, культуры кожнага народа, на прызнанні іх самабытнасці і унікальнасці, правоў на самаст. вырашэнне свайго гіст. лёсу.