ГУ́НЫ (грэч. Hunnoi, лац. Chunni, Hunni),

качавы народ, які склаўся ў 2 — 4 ст. у Прыураллі з мясц. уграў і сарматаў і цюркскамоўных хуну, што прыйшлі ў 2 ст. з Цэнтр. Азіі. У 370-х г. гуны пачалі прасоўвацца на З, што дало штуршок Вялікаму перасяленню народаў. Яны скарылі аланаў Паўн. Каўказа і ў 375 разграмілі готаў у Паўн. Прычарнамор’і. У пач. 5 ст. асталяваліся ў Паноніі і рабілі набегі на Усх. Рым. імперыю. Да сярэдзіны 5 ст. гуны — саюзнікі Зах. Рым. імперыі ў барацьбе супраць герм. плямён. Падначалілі остготаў, герулаў, гепідаў і інш., склаўся т.зв. гунскі саюз плямён, які дасягнуў найб. магутнасці пры Атыле [434—453]. У 451 гуны з саюзнікамі ўварваліся ў Галію, але былі разбіты на Каталаунскіх палях. Пасля смерці Атылы з-за паўстанняў герм. плямён гунскі саюз распаўся: у 455 у бітве з імі на р. Недао (Панонія) гуны разбіты і падаліся ў Прычарнамор’е. У 469 намагаліся прарвацца на Балканы. Пазней гуны як народ зніклі, але іх імем доўгі час называлі розных качэўнікаў Прычарнамор’я.

В.​С.​Пазднякоў.

Да арт. Гуны. Гунскі меч з залатым дзяржаннем 4—5 ст. з раскопак на Украіне.

т. 5, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧЫЯ ХВАРО́БЫ,

група хвароб, што бываюць выключна ці пераважна ў дзяцей і звязаны з асаблівасцямі развіцця іх арганізма. Ва ўлонні маці ўзбуджальнікі інфекц. хвароб (таксаплазмоз, сіфіліс, сываратачны гепатыт, цытамегалія і інш.) праз плацэнту хворай маці пашкоджваюць унутр. органы і ц. н. с. Да заган развіцця плода прыводзіць і ўздзеянне на арганізм маці фіз., хім., біял. фактараў. Пры родах парушэнне кровазвароту ў плацэнце выклікае асфіксію, магчымы родавыя траўмы, заражэнне плода. У нованароджаных (да 4 тыдняў) бываюць хваробы, звязаныя з родамі (траўмы, кровазліццё ў мозг, неданошанасць), і выяўляюцца асн. недахопы развіцця плода. Яны асабліва адчувальныя да гнаяроднай інфекцыі, пераахаладжэнняў, хварэюць на сепсіс і запаленне лёгкіх. У грудным узросце бываюць гіпатрафія, паратрафія, анемія, дыятэз, рахіт, спазмафілія. Дзеці да 7 гадоў пераважна хварэюць на вострыя дзіцячыя інфекцыі — адзёр, коклюш, воспу ветраную, шкарлятыну, дыфтэрыю. У дзяцей малодшага школьнага ўзросту (7—12 гадоў) бываюць гэтыя і інфекц.-алергічныя хваробы — рэўматызм, астма бранхіяльная, нефрыты. У сярэднім і старэйшым школьным узросце (12—17 гадоў) найчасцей расстройствы нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм, парушэнні абмену рэчываў, дысфункцыя эндакрынных залоз, абвастрэнне інфекц.-алергічных хвароб. туберкулёзу, рэўматызму. З пачаткам палавой спеласці выяўляюцца дэфекты развіцця палавых органаў.

Р.​У.​Дэрфліо.

т. 6, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЖБА,

форма адносін паміж людзьмі, заснаваная на добраахвотнасці, узаемнай прыхільнасці, павазе і трываласці. Этыка вывучае Д. як абсалютную, самадастатковую каштоўнасць. У гісторыі філасофіі Д. разглядалася пераважна ў этычным плане, падкрэсліваўся яе эмацыянальны аспект (М.​Мантэнь) або ў аснову ўзнікнення Д. ставілася агульнасць інтарэсаў і разумны эгаізм (К.​Гельвецый). Сапраўдны культ Д. быў створаны ням. рамантыкамі, якія бачылі ў ёй выратаванне ад эгаізму; сацыялісты-утапісты прапаведавалі ўстанаўленне Д. ўсіх людзей. Псіхал. змест, асн. функцыі, заканамернасці развіцця Д. залежаць ад полаўзроставых і індывід.-асобасных асаблівасцей чалавека. На кожным з жыццёвых этапаў Д. мае сваю маральна-псіхал. каштоўнасць, з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў фарміравання асобы, падтрымкі стабільнасці Я-канцэпцыі. Найб. значнасць і выключнасць Д. набывае ў юнацтве. Пазней мяняецца структура адносін, яны становяцца больш дыферэнцыраванымі і цесна звязанымі з колам інш. прыхільнасцей і сувязей (сямейных, роднасных, прафес. і інш.). Паняцце «Д.» блізкае, але не тоеснае паняццям любові, таварыскасці, дзелавых узаемаадносін. У шырокім сэнсе Д. азначае і міжасобасныя і сац. адносіны. Д. звязвае паміж сабой групы людзей (калектывы, нацыі, народы). Д. народаў грунтуецца на ўзаемнай павазе да традыцый, культуры кожнага народа, на прызнанні іх самабытнасці і унікальнасці, правоў на самаст. вырашэнне свайго гіст. лёсу.

Л.​І.​Навуменка.

т. 6, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛО́ТНІЦТВА,

выраб рэчаў з каштоўных металаў; від ювелірнага мастацтва. Шырока вядома ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, Амерыцы, краінах Усходу, сярэдневяковых Індыі і Кітаі, краінах Еўропы 15—18 ст. На Беларусі вядома з часоў жал. веку (7—6 ст. да н.э. — 8—9 ст. н.э.). Найб. пашырана як гар. рамяство ў 12—18 ст. Бел. майстры-злотнікі валодалі рознымі тэхнікамі апрацоўкі (ліццё, коўка, чаканка, гравіраванне) і аздаблення металаў, пераважна серабра (залачэнне, чарненне, зярненне, пацініраванне). Выраблялі посуд, абклады кніг і абразоў, крыжы, дарахавальніцы і інш. Шэдэўр З. часоў сярэдневякоўя — крыж Ефрасінні Полацкай работы Лазара Богшы (1161). У 16—17 ст. майстэрні і цэхі злотнікаў існавалі ў Віцебску, Брэсце, Кобрыне, Гродне, Магілёве, Нясвіжы, Слуцку і інш. У 2-й пал. 17 ст. больш за 50 бел. злотнікаў, пераважна з Віцебска, Полацка, Магілёва, працавалі ў Залатой, Сярэбранай і Аружэйнай палатах Маскоўскага Крамля, у т. л. П.​Заборскі, В.​Карпаў, М.​Логінаў, Я.​Магілёвец і інш. Яны выраблялі посуд, абклады абразоў і кніг, зброю. Пашырэнне мех. апрацоўкі металаў у сярэдзіне 19 ст. прывяло да заняпаду 3.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Злотніцтва. Абклад абраза. Пач. 17 ст.
Да арт. Злотніцтва. Пацір з Навагрудка. 16 ст.

т. 7, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНА́КІ ДАРО́ЖНЫЯ,

элементы абсталявання дарог вызначанай формы, памеру і афарбоўкі з умоўнымі абазначэннямі і надпісамі. Устанаўліваюцца на аўтамаб. дарогах і вуліцах населеных пунктаў і даюць інфармацыю аб рэжыме, умовах, напрамках і маршрутах руху, месцах адпачынку, аб’ектах сервісу і інш.

У Расіі першыя З.д. зацверджаны ў 1805. Спроба ўпарадкаваць З.д. пачата ў 1909 у Парыжы на 1-й Міжнар. канферэнцыі па рэгламентацыі руху. У СССР стандартызаваныя З.д. пачалі выкарыстоўваць з 1927 як састаўную частку правіл руху. Дзеючая сістэма З.д. распрацавана на аснове Канвенцыі аб дарожных знаках і сігналах (1968, Вена), дапоўненай Еўрап. пагадненнем (1971, Жэнева). Стандартам прадугледжаны папераджальныя, пераважальныя (знакі прыярытэту), забараняльныя, прадпісальныя, інфарм.-ўказальныя, сервісу і дадатковай інфармацыі (таблічкі). Адрозніваюць іх па форме, афарбоўцы і малюнку (умоўным абазначэнні). Устанаўліваюць іх відарысам насустрач руху пераважна ўздоўж дарогі на спец. калонках, слупах, на кранштэйнах, тросах-расцяжках і рамах над праезджай часткай. Іх асвятляюць або пакрываюць святлоадбівальнымі матэрыяламі. Надпісы на інфарм.-ўказальных знаках, устаноўленых на дарогах Беларусі, выконваюцца на бел. мове за выключэннем міжнар. трас, дзе яны зроблены на бел. і англ. мовах.

Літ.:

Хомяк Я.В., Гончаренко Ф.П., Копилевич С.Л. Инженерное оборудование автомобильных дорог. М., 1990.

І.​А.​Арэхаў, У.​В.​Маліноўскі, Л.​В.​Мяншова.

т. 7, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́СЦІНА,

адэкватнае адлюстраванне аб’ектыўнай рэчаіснасці ў свядомасці чалавека. Адрозніваюць І. абсалютную і адносную. Абсалютная — поўныя (вычарпальныя) веды пра вывучаемы прадмет, якія не могуць быць абвергнуты наступным развіццём пазнання;адносная — няпоўныя (абмежаваныя аб’ектыўнымі і суб’ектыўнымі абставінамі) веды пра той жа прадмет. Гэтыя І. дыялектычна ўзаемазвязаны; абсалютная складаецца з адносных, у кожнай адноснай змяшчаецца «часцінка» абсалютнай І. Практыка пераконвае, што чалавецтва не ў стане пазнаць абсалютную І., але пастаянна набліжаецца да яе, да раскрыцця сутнасці быцця. Такім чынам, І. — дыялект. працэс, што ідзе ў кірунку ўсё большай паўнаты адлюстравання аб’екта і пераадольвае на сваім шляху памылковыя погляды. Найважнейшая праблема — адмежаванне І. ад памылак, пошук крытэрыя І. Яе імкнуліся знайсці ант. філосафы, не знайшоўшы такога рашэння, яны схіляліся да агнастыцызму і скептыцызму. Аб’ектыўныя ідэалісты разглядалі І. як вечныя, абсалютныя ўласцівасці ідэальных аб’ектаў (Платон), як божае адкрыццё (Аўгусцін). Суб’ектыўныя ідэалісты разумеюць І. як згоду мыслення з яго апрыёрнымі формамі (І.​Кант), як найб. простую ўзгодненасць адчуванняў (Э.​Мах, Р.​Авенарыус), форму псіхал. стану асобы (экзістэнцыялісты) і г.д. Дыялект. матэрыялізм зыходзіць з аб’ектыўнасці зместу І., прызнае ў якасці гал. крытэрыя І. сац.-гіст. практыку людзей.

Т.​І.​Адула.

т. 7, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІТЭ́ТЫ БЕДНАТЫ́, камбеды,

органы вясковай беднаты, надзвычайныя органы сав. улады на вёсцы ў 1918—19. Ствараліся паводле дэкрэта ВЦВК і СНК РСФСР ад 11.6.1918 «Аб арганізацыі і забеспячэнні сялянскай беднаты». На Беларусі К.б. пачалі стварацца ў канцы чэрв. 1918 на неакупіраванай герм. войскамі тэр. Віцебскай (6 паветаў), Магілёўскай (11) і Мінскай (6) губ. Да ліст. 1918 тут створана больш за 7 тыс. К.б. Асн. іх задачы: размеркаванне хлеба, прадметаў першай неабходнасці, с.-г. інвентару; садзеянне харчовым атрадам у канфіскацыі лішкаў збожжа ў заможных сялян. Пазней К.б. сталі займацца мабілізацыяй сялян, аказаннем дапамогі Чырв. Арміі, барацьбой з дэзерцірамі. Яны арганізоўвалі таксама школы, хаты-чытальні, б-кі, распаўсюджвалі сав. перыядычныя выданні. 6—9.11.1918 6-ы Усерас. з’езд Саветаў прыняў Пастанову «Аб ліквідацыі камітэтаў беднаты і перавыбарах валасных і сельскіх Саветаў». У неакупіраваных паветах Магілёўскай і Віцебскай губ. пачаліся перавыбары; на вызваленай да гэтага часу тэр. Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губ. ствараліся рэўкомы, адначасова на працягу 1919 тут арганізоўваліся і камбеды. Вынікам дзейнасці К.б. было ўмацаванне на вёсцы бяднейшых і серадняцкіх гаспадарак, аслабленне пазіцый заможных сялян, змена парт. складу Саветаў на карысць РКП(б).

С.​Дз.​Жмуроўскі.

т. 7, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВІ́ЦКІ ((Konwicki) Тадэвуш) (н. 22.6.1926, Вільня),

польскі пісьменнік, кінарэжысёр. Вучыўся ў Ягелонскім і Варшаўскім ун-тах. Друкуецца з 1946. Аўтар аповесці «На будоўлі» (1950, Дзярж. прэмія Польшчы 1950), раманаў «Улада» (1954, Дзярж. прэмія Польшчы 1954), «Багна» (1956), «Дзірка ў небе» (1959), «Сучасны соннік» (1963), «Узнясенне» (1967), «Хроніка любоўных здарэнняў» (1974), «Польскі комплекс» (1977), «Малы апакаліпсіс» (1979), «Бохінь» (1987), «Падземная рака, падземныя птушкі» (1989), «Усходы і захады Месяца» (1990), «Чыталішча» (1992). У ранніх творах спалучэнне дакументальнасці, аўтабіяграфічнасці з псіхалагізмам і паэтычнасцю, у пазнейшых раманах больш разгалінаваныя сюжэты, напластаванні мінулага і сучаснага, цікавасць да свядомага і падсвядомага, яны адметныя філасафічнасцю, лірызмам і гратэскам. Сцэнарыст і рэжысёр кінафільмаў «Апошні дзень лета» (1957), «Дзень памінання памерлых» (1961), «Сальта» (1965), «Даліна Ісы» (1982), «Лава» (1989). Паводле яго раманаў зняты аднайм. фільмы «Хроніка любоўных здарэнняў» (1986, рэж. А.​Вайда) і «Малы апакаліпсіс» (1992, рэж. Коста-Гаўрас).

Тв.:

Рус. пер. — Дыра в небе. М., 1961;

Современный сонник // Мах В. Агнешка, дочь «Колумба»;

Конвицкий Т. Современный сонник. М., 1973.

Літ.:

Nowicki S. Pół wieku czyśćca: Rozmowy z Tadeuszem Konwickim. London, 1986;

Lubelski T. Poetyka powieści i filmów Tadeusza Konwickiego. Wrocław, 1984.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 576

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТЫЯ́НСТВА,

філасофская плынь, якая зыходзіць з вучэння І.Канта і развівае яго ідэі. Узнікла ў 1780—90-я г. ў ходзе абмеркавання і палемікі вакол «крытычнай» сістэмы Канта. Гал. прадстаўнікі ранняга перыяду К.: І.​Шульцэ, Х.​Шміт, Г.​Мелін (Германія), Ш.​Віле (Францыя), М.​Кінкер (Галандыя) і інш. Яны папулярызавалі погляды Канта і абаранялі іх ад абвінавачванняў у паліт. радыкалізме і і рэлігійнасці, спалучалі яго тэарэт. канцэпцыі з элементамі тагачасных і рэліг. уяўленняў. Больш грунтоўную перапрацоўку сістэмы Канта здзейснілі К.​Л.​Рэйнгальд («Пісьмы аб кантаўскай філасофіі», 1786—87), С.​Бек і інш., якія развівалі яго вучэнне ў кірунку больш паслядоўнага суб’ектыўнага ідэалізму. У пач. 19 ст. ў К. былі ўнесены элементы «папулярнай філасофіі» 18 ст., філасофіі веры Ф.​Г.​Якобі, філасофіі рэлігіі Ф.​Шлеермахера, а таксама эмпірычнай псіхалогіі. Розныя аспекты вучэння Канта аб маралі распрацоўваў Ф.​Шылер, хоць ён выступаў супраць кантаўскай этыкі абавязку. І.​Фіхтэ, Ф.​Шэлінг і інш. звязвалі філас. сістэму Канта са сваёй ідэалістычнай метафізікай. К. атрымала пашырэнне ў гісторыі філасофіі, праве, пратэстанцкай тэалогіі, гісторыі рэлігіі і інш. навуках. У апошняй трэці 19 — пач. 20 ст. ў Францыі, Германіі, Расіі і інш. краінах узнікла неакантыянства.

В.​В.​Краснова.

т. 8, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛА́СТЭРНЫ АНА́ЛІЗ,

раздзел тэорыі распазнавання вобразаў, у якім разглядаюцца задачы разбівання (класіфікацыі) дадзенай сукупнасці аб’ектаў на групы (кластэры) блізкіх паміж сабой паводле вызначаных прыкмет аб’ектаў. Выкарыстоўваецца ў медыцыне (напр., аўтаматызаваная дыягностыка захворванняў), крыміналістыцы (напр., у дактыласкапіі), метэаралогіі (прагназаванне надвор’я), геалогіі (аналіз новых радовішчаў), распазнаванне друкаванага ці рукапіснага тэксту, мовы чалавека і інш.

Задачы К.а. бываюць з зададзеным ці невядомым лікам кластэраў, без навучання і з навучаннем з дапамогай чалавека-эксперта, з саманавучаннем распазнавання вобразаў. У залежнасці ад складанасці пастаўленай задачы для адной і той жа сукупнасці аб’ектаў можна выбіраць розныя прыкметы і іх колькасць. Адной з праблем К.а. з’яўляецца выбар найменшай колькасці незалежных прыкмет, паводле якіх адбываецца разбіванне на кластэры. Дзве групы аб’ектаў лічацца рознымі кластэрамі, калі яны выразна раздзелены і канцэнтруюцца вакол сваіх цэнтраў, маюць розную шчыльнасць размяшчэння аб’ектаў, а адлегласць паміж аб’ектамі любога кластэра значна меншая за адлегласць паміж кластэрамі.

На Беларусі даследаванні па праблемах К.а. праводзяцца ў БДУ і Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН.

Літ.:

Дюран Б., Оделл П. Кластерный анализ: Пер. с англ. М., 1977;

Т у Дж.Т., Гонсалес Р.К. Принципы распознавания образов: Пер. с англ. М., 1978.

С.​У.​Абламейка, В.​В.​Старавойтаў.

т. 8, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)