ПІ́ТКЭРН (Pitcairn),

уладанне Вялікабрытаніі ў паўд.-ўсх. частцы Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 46,5 км². Складаецца з 4 астравоў, у т. л. в-аў Піткэрн (пл. 4,5 км², адзіны населены). Нас. каля 50 чал. (2000), англа-палінезійскія метысы. Адзіны нас. пункт, адм. ц. — паселішча Адамстаўн. Афіц. мова — англійская. В-аў Піткэрн вулканічнага паходжання, выш. да 335 м, астатнія астравы каралавыя. Клімат і расліннасць субтрапічныя. Асн. занятак насельніцтва — земляробства. Вырошчваюць батат, ямс, тара, маніёк, хлебнае дрэва, дыні, гарбузы, бананы, цукр. трыснёг, бабовыя, кукурузу, цытрусавыя, ананасы і інш. Гадуюць коз і курэй. Рыбалоўства. Саматужная вытв-сць сувеніраў. Гал. крыніца даходаў — продаж мясц. паштовых марак, якія карыстаюцца вял. попытам у філатэлістаў. Марскія сувязі пераважна з Новай Зеландыяй. Грашовая адзінка — долар Піткэрна.

У старажытнасці П наведвалі палінезійцы. Адкрыты ў 1767 брыт. капітанам Ф.​Картэрэтам. У 1790 на П. знайшлі прытулак 9 маракоў з мяцежнага брыт. ваен. карабля «Баўнці». Яны прывезлі з сабой некалькі палінезійскіх жанчын; іх нашчадкі складаюць сучаснае насельніцтва П. У 1839 абвешчаны брыт. калоніяй, да якой у 1902 далучана некалькі суседніх астравоў.

т. 12, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)