ЭКАЛО́ГІЯ (ад эка... + ...логія),
навука, якая вывучае адносіны арганізмаў і іх сукупнасцей з навакольным асяроддзем. Асн. аб’ект вывучэння — экасістэмы. Агульная Э. даследуе асн. прынцыпы арганізацыі і функцыянавання надарганізменных сістэм. Яе падзяляюць на Э. асобін (аўтэкалогію), экалогію папуляцый (дэмэкалогію), відаў (эйдэкалогію), згуртаванняў (сінэкалогію). Прыватная Э. вывучае канкрэтныя групы арганізмаў пэўнага таксанамічнага рангу. Яно ўключае экалогію чалавека, жывёл, раслін, грыбоў і мікраарганізмаў. Развіваюцца кірункі Э., звязаныя з грамадскімі і тэхн. праблемамі ўзаемаадносін чалавека з навакольным асяроддзем (напр., экалогія сацыяльная, індустр. і інш.). Э. выкарыстоўвае метады палявыя, лабараторныя, эксперым., матэм., мадэліравання, даныя біял., геагр., фіз., хім., грамадскіх і інш. навук.
Тэрмін «Э.» прапанаваў Э.Гекель (1866). Як самаст. навука Э. аформілася ў канцы 19 ст. Уклад у яе развіццё зрабілі К.Мёбіус, І.Вармінг, М.А.Северцаў, М.А.Мензбір, У.М.Сукачоў, У.І.Вярнадскі, Л.А.Зянкевіч, Г.Г.Вінберг і інш.
На Беларусі асобныя галіны Э. развіваюцца з 1920-х г. Пытанні Э. распрацоўваюць у Нац. АН Беларусі (ін-ты эксперым. батанікі, заалогіі, генетыкі і цыталогіі, Цэнтр. бат. сад), у БДУ, Бел. тэхнал. ун-це, галіновых НДІ, запаведніках і інш. Уклад у распрацоўку асобных пытанняў Э. зрабілі бел. вучоныя У.А.Радкевіч, І.М.Сяржанін, М.С.Долбік, І.К.Лапацін, Л.М.Сушчэня, Б.І.Якушаў, І.Д.Юркевіч, В.І.Парфёнаў, Л.В.Камлюк і інш.
Літ.:
Одум Ю. Экология: Пер. с англ. М., 1988;
Радкевич В.А. Экология. 4 изд. Мн., 1998;
Реймерс Н.Ф. Экология (теории, законы, правила, принципы и гипотезы). М., 1994;
Маврищев В.В. Основы общей экологии. Мн., 2000;
Вронский В.А. Экология: Словарь-справ. 2 изд. Ростов н/Д, 2002.
В.В.Маўрышчаў.
т. 18, кн. 1, с. 56