Ліза́ць ’дакранацца языком’, ’піць, есці мала, вяла’, ’пакрываць, абдаваць’, ’цалаваць’, лізацца ’падлашчвацца, лашчыцца’ (Нас., Шат., Бяльк., Яруш., ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах.), полац., мсцісл. лізну́ць ’паспытаць, з’есці зусім нямнога’ (Нар. сл., Юрч. Вытв.), лізацца ’прыхарошвацца, старанна прычэсвацца’ (Шат.). Укр. лизати(ся), рус. лизать(ся), польск. lizać (się), палаб. lai̯zĕ ’ён ліжа’, н.-луж. lizaś, (pśe)lizaś se, в.-луж. lizać (so), чэш. lízati (se), ст.-чэш. lzáti, славац. lízať (sa), славен. lízati (se), серб.-харв. ли́зати (се), макед. лизам, балг. лижа, ст.-слав. лизати, чэш.-ц. слав. льзати. Прасл. lьzati з другасным падаўжэннем вакалізму кораня lizati (sę). І.‑е. адпаведнікі: літ. liẽžti, liežiù, лат. làizît ’лізаць’, ст.-інд. lḗdḥi, rédḥi, líhati ’ліжа’, авест. raēz‑, н.-перс. lištan ’лізаць’, арм. lizem, ст.-грэч. λείχω ’ліжу’, лац. lingō, lingere, ст.-ірл. ligin, гоц. bilaigōn, ст.-англ. liccian, ст.-в.-ням. lecchōn ’лізаць’, і.-е. *lig̑h‑/*lei̯g̑h‑, ітэратыў *loigʼh‑ Міклашыч, 171; Бернекер, 1, 725; Фасмер, 2, 494–495; Фрэнкель, 369; Покарны, 668; Слаўскі, 4, 311–312; Аткупшчыкоў, Из истории, 102; Скок, 2, 311; Бязлай, 2, 145–146). Інакш Жарскі (Rozp. Kom. Jęz. — Wrocł. TN, XI, 185), які памылкова выводзіць польск. lizać з і.-е. ‑lei̯p ’мазаць тлушчам’. Сюды ж лізґаць ’есці, ледзь дакранаючыся зубамі’ (Шат.), ’лізаць раз за разам’ (КЭС, лаг.), ’есці мала, перабіраючы’ (міёр., Нар. лекс.), у якіх ‑ґ‑ экспрэснае (параўн. лузаць — лузгаць), а таксама лізну́ць ’цішком адысці’ (Грыг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вісе́ць ’знаходзіцца ў вертыкальным становішчы без падпоры, выдавацца’ (БРС, КТС, Касп.). Укр. висі́ти, рус. висе́ть ’вісець’, ст.-рус. висѣти ’вісець; звісаць, навісаць’ (з XIII ст.), польск. wisieć ’вісець; звісаць, абвісаць’, в.-луж. wisać ’вісець’, чэш. viseti ’знаходзіцца ў вертыкальным становішчы’, славац. visieť, славен. visẹ́ti ’вісець’, серб.-харв. ви̏сити, vȉsjeti, макед. виси, балг. вися ’тс’, ст.-слав. висѣтн. Прасл. visěti — другая ступень чаргавання з весіць (гл.) < věsiti, věsъ. Голуб-Копечны (417) мяркуюць, што гэта лексема — толькі славянская; яна не мае надзейных і.-е. адпаведнікаў (Фасмер, 1, 319). Ільінскі (ИОРЯС, 23, 1, 125) параўноўвае яе з літ. vaipýtis ’крыўляцца, грымаснічаць’, vypsóti ’быць разявай’, ст.-в.-ням. weibôn ’калыхаць’, лац. vibrāre, ст.-інд. vḕpatē ’дрыжаць’. Згодна з Гольтгаўзенам (РВВ, 66, 272), роднасная да ст.-нарв. vē ’сцяг’; Леві (IF, 32, 159) збліжае з грэч. ἄττω ’махаю’; зусім іншым з’яўляецца літ. vaĩsius ’плод’ (бо яна звязана з vìsti ’множыцца’, лат. viest ’выхоўваць, гадаваць’) і не звязана з visěti насуперак Мюленбаху–Эндзеліну (4, 670); Педарсан (IF, 5, 44) звязвае з санскр. viš; Младэнаў (68) супастаўляе са сканд. vīkja ’паднімацца’ і літ. vikrùs ’лоўкі, жвавы, кемлівы’, Бернекер — з ням. weihen ’асвячаць’, гоц. weihs ’святы’. Інакш Машынскі (Zasiąg, 198) — са ст.-в.-ням. swīhhan ’аслабець, паддацца’ < і.-е. *(s)u̯eig‑ ’гнуцца’. Абаеў (1, 88) параўноўвае прасл. visěti з асец. awanʒyn//awinʒyn, перс. āvēz‑, āvēxt‑ ’вісець, вешаць’, курд. halavisin ’вешаць’. (Праславянскі іранізм?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казю́лька 1 ’маленькая лавачка’ (Касп.), ’выразаны з яліны цурбан з сукамі, які служыць замест зэдліка’ (Бяльк.). Рус. смал. казюлька ’невялікая драўляная лавачка’, ’драўляная лавачка з ножкамі з тоўстых сукоў’: падобныя значэнні зафіксаваны і ў Калінінскай вобласці. Рэгіянальны наватвор; да каза 1, відаць, праз казюлька ’нешта рагатае’. У слоўніку Бялькевіча зафіксавана асноўнае значэнне, у Каспяровіча — або перанос, або недастаткова поўнае апісанне рэаліі. Параўн. яшчэ казулька.

Казю́лька 2 ’казяўка, казурка’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Нас.). Гэтыя ўсх.-бел. утварэнні нельга аддзяліць ад рус. пск., цвяр., смал., уладз., кур., варонеж. козюлька ’тс’. Статус інавацыі (усх.-слав.? рус.?) не зусім ясны. Словаўтваральна — ад казюля, казюлька ’нешта рагатае’ або, магчыма, і перанос ад неадзначанай назвы свойскай жывёлы, як у іншых назвах, дзе сувязь з дэрыватамі ад каза 1 больш празрыстая. Матывацыя — наяўнасць зааморфных адзнак у насякомых. Параўн. яшчэ казурка (гл.).

Казю́лька 3 ’дошчачка з выемкай для здымання ботаў’ (в.-дзвін., Шатал.). Верагодна, самастойны рэгіянальны наватвор ад казюлька ’нешта рагатае’, якое да каза 1. Матывацыя назвы зразумелая: два выступы, утвораныя выемкай, успрымаюцца як рожкі. Аб іншых магчымасцях утварэння (перанос з казюлька ’свойская жывёла’; субстытуцыя тэрмінаў) гл. каза 1.

Казю́лька 4 ’сажань’ (Мат. Гом.). Рэгіянальны наватвор ад казюлька ’нешта рагатае’. Да каза 1; рэалія з відавочнымі зааморфнымі прыкметамі. Не выключана субстытуцыя тэрмінаў.

Казю́лька 5 ’паласа, участак, адмераны драўляным цыркулем, або палкай, роўнай яго даўжыні’ (слаўг., Яшк.). Перанос ад папярэдняга слова. Рэгіянальны наватвор.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

со́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сну, звязаны са сном (у 1 знач.). Сонны стан. □ Роўны храп.. калыхаў сонную цішыню хаты. Лынькоў. // Які бывае ў сне. У зямлянцы чулася роўнае соннае дыханне.. сябровак [Каці]. Алешка. Вахву.. пачало скоўваць соннае адранцвенне.. Твар старастаў расплываўся бясформеннай плямай. Самуйлёнак. // Адведзены для сну (пра час). І вось у адну сонную ноч хлопцы Архіпа Іванюка ціха падышлі да логава і абяззброілі ўсіх да аднаго бандытаў. Кавалёў.

2. Які спіць. А «сіцыліст» усё спіць — ураднік проста не ведае, як арыштаваць соннага чалавека. Колас. Чуваць роўнае дыханне сонных людзей. Лынькоў. / у знач. наз. со́нны, ‑ага, м. [Марыся] кінулася ў спальню і пачала тармасіць сонных. Чарнышэвіч. // перан. Агорнуты сном. Сонны дом. // перан. Пасіўны, бяздзейны. Жыў на свеце Лявон, Молад, дужы быў ён, Толькі з воляй і доляй не бачыўся: Сонны сэрцам, душой, Драмаў ў хаце крывой, А выходзіў — слязамі след значыўся. Купала. // перан. Бязлюдны, заціхлы. Сонны горад. □ Хуценька памыўшыся, Вера выйшла на яшчэ сонную вуліцу. Асіпенка. // перан. Спакойны, нерухомы. Туманок, туманок! Хто цябе навалок На прадоннае, соннае возера Нарач? Лужанін. Гэтай раніцай доктар падслухаў усе птушыныя спевы, падглядзеў, як прачынаецца сонны лес. Васілевіч.

3. Які не зусім прачнуўся або хоча спаць. — Ну, чаго? — ускочыў яшчэ сонны Мікола. Новікаў. [Гайдук] млява пацягнуўся да тэлефона.. і доўга, з д’ябальскай цярплівасцю, выклікаў сонную тэлефаністку. Зарэцкі. / Пра жывёл, птушак. На верхавіне дуба спалохана затрапятала сонная птушка. Шамякін. // Уласцівы чалавеку, які хоча спаць або яшчэ не зусім прачнуўся. Сонны выгляд. □ [Дзяжурны] глядзіць соннымі вачыма, лена пытае. Данілевіч. Захрыпеў сонным голасам Скуратовіч: — Хто там? Чорны. // Вялы, слабы, пазбаўлены жвавасці. Дзе толькі дзяваліся яго запаволеныя, нібы нейкія сонныя рухі! Паслядовіч.

4. Снатворны (пра лекі). Сонныя кроплі. // Які выклікае сон, хіліць на сон. Сонны пошум лесу. □ Дзверы ў пакой, дзе былі хворыя, адкрывалі за сабою мяккі сонны змрок. Чорны. Бачыць [Ян], як хмары ўсё больш і больш закрываюць сонца і дзень робіцца шэры, дзень без руху, сонны і нудны. Пестрак.

•••

Сонная артэрыя гл. артэрыя.

Сонная хвароба гл. хвароба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

dobry

dobr|y

добры;

towary ~ej jakości — якасныя (дабраякасныя) тавары; dzień ~y! — добры дзень!;

~y wieczór! — добры вечар!;

być ~ej myśli — спадзявацца на лепшае;

bądź tak ~y i zrób to — будзь ласкавы зрабіць гэта;

jest ~a w matematyce — яна здольная да матэматыкі;

czekałem ~ą godzinę — (я) чакаў цэлую (бітую) гадзіну;

brać za ~ą monetę — прымаць за чыстую манету; верыць;

~a jest! — (dobra)! — добра!;

na ~e разм. зусім; цалкам

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

гразь, ‑і, ж.

1. Вязкая, размяклая ад вады глеба. Непралазная гразь. □ Кажуць: вясной бочка вады — лыжка гразі, а ўвосень лыжка вады — бочка гразі. З нар. Брычка ехала па гразі, калёсы плюхаліся ў глыбокія калдобіны, конь ішоў размашыстай хадой, і пырскі з-пад яго ног ляцелі ва ўсе бакі. Чарнышэвіч.

2. толькі мн. (гра́зі, ‑яў). Марскі або азёрны іл, які мае лекавыя ўласцівасці. Лячыцца гразямі.

3. Разм. Бруд, нечыстоты. Лазняў болей — больш здароўя, Гразь жа нам нясе хваробу. Крапіва. У хату.. [Якіма] хоць і носа не паказвай — бруд, гразь, чарната, але знадворку хата мае зусім шляхецкі выгляд. Колас.

4. перан. Разм. Пра што‑н. ганебнае, подлае, нізкае. Ганна сэрцам тут пачула Гразь душы яго і бруд. Колас. З усходу вецер-буралом Змятае гразь на сваім шляху. Купала.

•••

Абліць граззю гл. абліць.

Выцягнуць з гразі гл. выцягнуць.

Зарасці граззю гл. зарасці.

Затаптаць у гразь гл. затаптаць.

Змяшаць з граззю гл. змяшаць.

Не ўдарыць (не упасці, не пляснуцца) тварам у гразь гл. ударыць.

Як гразі чаго — вельмі многа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дабра́цца, ‑бяруся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; зак.

1. Марудна або з цяжкасцю дасягнуць якога‑н. месца. Толькі пад самую раніцу дабраўся.. [Васіль], дапоўз да ўскраіны роднай вёскі. Лынькоў. Дзе пехатою, а дзе на спадарожных машынах, дзядзька за тыдзень дабраўся з Гродна ў свае Дабрынічы. Дамашэвіч. // Капаючы, разграбаючы і пад., наблізіцца да чаго‑н., здабыць што‑н. Капцы не былі яшчэ канчаткова прыкіданы зямлёй, і дабрацца да бульбы было зусім проста. Ермаловіч. // Пашыраючыся, распаўсюджваючыся, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. У цяньку, куды пасля ночы не паспела дабрацца сонца, траву пакрывае шараваты іней. Ляўданскі. // Дайсці пры чытанні, размове і пад. да якога‑н. месца, падзеі. Здалося Цімоху — дабраўся да «цэнтра» размовы Койніш. Шынклер. // перан. Прыкладаючы намаганні, дасягнуць разумення чаго‑н. Дабрацца да ісціны. □ [Антон з Мікітам] няхутка дабраліся да сэнсу ігры гэтых літар і слоў. Ракітны.

2. Разм. Атрымаць магчымасць узяцца за каго‑, што‑н., расправіцца з кім‑н. [Другі рыбак:] Яшчэ дабяромся мы да паноў! Не вырвуць каты з нашых рук мазольных Азёр і невадоў! Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блі́зка,

1. Прысл. да прым. блізкі (у 1, 2, 4 і 5 знач.).

2. у знач. вык. У хуткім часе, хутка. Жніво і ўборка з поля былі блізка. Чорны. А на дварэ ўжо вечарэе, І ночка блізка, змрок гусцее. Колас.

3. прыназ. з Р. Разм. У прасторавым значэнні. Блізка горкай рэчкі Сарыярві Жыў сабе ды гаспадарыў Паво. Багдановіч. Сеў каля паваленай яліны блізка сцежкі, што ў гушчар вядзе. А. Вольскі. // У часавым значэнні. Блізка апоўначы зноў змоўкла малатарня: чысцілі транспарцёр. Савіцкі.

4. прысл. Разм. Амаль, прыблізна. Экзамены цягнуліся блізка тыдзень. Колас. Ёсць будынкі з тоўстага бярвення, век якіх ідзе блізка не за сто год. Чорны. Прыцягнулася ў гэта мястэчка Прузына ўжо блізка году. Ядвігін Ш.

•••

Блізка што — амаль што.

І блізка няма — зусім няма. Сімон, які ведаў, што важных дакументаў і блізка няма.., цяжка ўздыхнуў. Самуйлёнак.

І ні блізка; ні блізка; ані блізка — ні ў якім разе, ні за што.

Прымаць (браць) блізка да сэрца гл. прымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

га ​1, нескл., м.

Скарочанае абазначэнне слова гектар (ужываецца звычайна пры лічэбніках). 50 га. Пасеяць 40 га пшаніцы. □ Раўняйся па лініі ўдарных брыгад! Хто спаборніцтвам там не ахоплены? Каб зацвілі сотні тысяч га Пад ільном ды пад каноплямі. Крапіва.

[З пачатковых літар слоў «гекта» і «ар».]

га ​2, часціца.

1. Тое, што і а ​3 (у 1 знач.). «Юзік! — паўтарыў ён мацней. — Юзік!» — «Га? Што?» Чорны. Рачкоўскі зусім неспадзявана для Карызны павесялеў: — А праўда, Сымоне, слаўна жылося там, га? Зарэцкі.

2. Абл. Тое, што і а ​3 (у 2 знач.). — Тата, га, тата, а заўтра хто павядзе каня? — запыталася яна. Гартны.

га ​3, выкл., часта з працяглым вымаўленнем (га-а-а!).

1. Выражае здзіўленне пры апазнанні каго‑н., радасць сустрэчы з кім‑н. — Га, Пятрусь, і ты тут? — сустрэў Петруся Карусь Акалот. Колас.

2. Гучны выкрык, якім хочуць напалохаць каго‑н. Схаваўшыся за куст, Грышка моўчкі наглядаў за сваім сябрам... Раптам вылецеў з-за куста і гукнуў на ўсю моц: — Га-а! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вінава́ты, ‑ая, ‑ае; ‑ват, ‑а.

1. Які правініўся ў чым‑н., зрабіў злачынства. Прызнаць вінаватым. □ [Толя:] — Тут не адзін дырэктар вінаваты. Не ўсе навучыліся дабро сваё, сваю працу як след шанаваць. Брыль. Віктар стаяў, апусціўшы галаву, і сапраўды адчуваў сябе вінаватым. Маўр. // у знач. наз. вінава́ты, ‑ага, м. Віноўнік. І правы і вінаваты.

2. Які з’яўляецца прычынай чаго‑н. Алеська.. скрыва пазірала і на Любу, быццам тая вінавата была ў яе гневе. Мурашка. Шышак — безліч, а спадчыны сасна не пакінула. Мабыць, вінавата проста месца. Навуменка.

3. толькі поўн. ф. Які выяўляе ўсведамленне сваёй віны. Вінаваты голас. Вінаватая ўсмешка. □ Ліда спадылба вінаватым позіркам глядзіць на брата. Пальчэўскі.

4. Які вінен каму‑н., мае доўг. [Паўлік:] — Бацька мой.. не мог ніяк з даўгоў выбрацца — Сегенецкаму вінаваты быў гэтулькі, што маці.. па паўлета дарэмна яму жала. Чорны. // у знач. наз. вінава́ты, ‑ага, м. Той, хто вінен каму‑н., мае доўг. [Ціток:] — Хай мне паадрабляюць усе вінаватыя. Лобан. Не плаціць багаты, а вінаваты. Прыказка.

•••

Богу душою не вінаваты (вінны) — зусім не вінаваты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)