ГЕМАТАЛО́ГІЯ (ад гемата... + ...логія),

навука пра кроў і крывятворныя органы, іх будову, функцыі, хваробы, метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. Цесна звязана з анкалогіяй і трансфузіялогіяй.

Як навука сфарміравалася ў 17 ст. Сістэматычнае апісанне гематалагічных захворванняў пачалося ў 19 ст. Ням. вучоныя Р.​Вірхаў у 1845, Э.​Нойман у 1870 апісалі лейкозы, англ ўрач Т.​Адысан (1855) і ням. А.​Бірмер (1872) вылучылі ў асобную клінічную форму злаякасную анемію. У пач. 20 ст. рус. вучоныя М.​І.​Арынкін, А.​А.​Максімаў і А.​М.​Крукаў распрацавалі тэорыю кроваўтварэння (т.зв. унітарную); У.​М.​Чарнігаўскі, М.​А.​Фёдараў і інш. даказалі, што ў рэгуляцыі кроваўтварэння ўдзельнічаюць гумаральныя фактары (вітаміны, гармоны, мікраэлементы і г.д.) і ц. н. с.

На Беларусі даследаванні ў галіне гематалогіі пачаліся ў 1930-я г. (Г.Х.Даўгяла, Я.П.Іваноў, В.А.Лявонаў, С.М.Мялкіх, М.П.Паўлава, А.А.Ракіцянская, А.І.Свірноўскі і інш.). Праблемы гематалогіі даследуюцца ў НДІ гематалогіі і пералівання крыві, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, у Рэсп. дзіцячым анкагематалагічным цэнтры. Распрацавана класіфікацыя гемастазіяпатыі, ДВС-сіндрому; прапанавана патагенетычная дыягностыка і тэрапія дысемінаванага ўнутрысасудзістага згусання крыві. Вывучаны некаторыя механізмы парушэнняў кроваўтварэння і спосабы іх карэкцыі пры дзеянні радыяцыі. Створаны рэсп. рэгістр гемапатыі. Дзейнічае нац. сістэма гематалагічнай службы, якая ўключае гематалагічныя кабінеты і аддзяленні, Цэнтр трансплантацыі касцявога мозга.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМУНІТЭ́Т [ад лац. immunitas (immunitatis) вызваленне ад чаго-н.) у жывёл і чалавека, сукупнасць ахоўна-адаптацыйных рэакцый, накіраваных на ахову арганізма ад шкоднага дзеяння паразітаў, іншародных рэчываў і клетак антыгеннай прыроды.

Паняцце «І.» вядома са старажытнасці. У 1798 англ. ўрач Э.​Джэнер даказаў магчымасць прышчэпак супраць воспы для выпрацоўкі І. Уласцівасць клетак крыві і розных тканак арганізма паглынаць мікробы і іншародныя целы адкрыў рус. мікрабіёлаг І.​І.​Мечнікаў (гл. Фагацытоз). Гумаральныя фактары І. (бактэрыцыдныя ўласцівасці сывараткі крыві) адкрылі ням. эпідэміёлагі Э.​Берынг, Г.​Бухнер, П.​Эрліх і франц. эпідэміёлаг Э.​Ру. Адрозніваюць І. прыроджаны і набыты. Прыроджаны неспецыфічны І. — відавая ўласцівасць, якая перадаецца ў спадчыну. Забяспечваецца імуннымі (фагацыты і інш.) і неімуннымі (бар’ерныя і процімікробныя ўласцівасці скуры і слізістых абалонак, нармальная мікрафлора і інш.) фактарамі. Набытыіндывід. ўласцівасць; выпрацоўваецца на працягу жыцця, характарызуецца інтэграваннем фактараў прыроджанага І. і набыццём дадатковых ахоўных фактараў (антыцел — імунных глабулінаў, антывірусных клетачных злучэнняў). Узнікае пасля інфекц. хвароб, вакцынацыі (актыўны І.), пасля ўвядзення імунных сываратак, пры перадачы спецыфічных антыцел плоду ад маці (пасіўны І.). Паводле механізма перадачы адрозніваюць І. клетачны і гумаральны, па распаўсюджанасці — агульны і мясц., па сувязі з узбуджальнікамі хваробы — постінфекц. і інфекц., па накіраванасці — антытаксічны, антыбактэрыяльны, антывірусны, антыгрыбковы, антыпаразітарны, трансплантацыйны. проціпухлінны.

А.​П.​Красільнікаў.

т. 7, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІКЛІ́НІКА (ням. Poliklinik ад грэч. polis горад + klinikē лячэнне),

шматпрофільная ці спецыялізаваная лячэбна-прафілактычная ўстанова, якая забяспечвае насельніцтва кваліфікаванай мед. дапамогай у самой установе і дома; асн. звяно першаснай мед.-сан. дапамогі. Ахоплівае больш за 80% насельніцтва. Паводле функцый П. падзяляюць на гар. (для дарослых, падлеткаў, дзяцей, студэнтаў), цэнтр., раённыя, гарнізонныя, курортныя і інш. Пры абл. і рэсп. бальніцах, клініках мед. ін-таў, НДІ ствараюцца кансультацыйныя П.; функцыянуюць і спец. П. (стаматалагічныя, фізіятэрапеўт. і інш.). Бываюць самаст. ці ў складзе аб’яднання з бальніцай. Маюць рэгістратуру, лячэбна-прафілакт., дыягнастычныя і інш. аддзяленні. Ствараюцца тэр. мед. аб’яднанні, куды ўваходзіць П. для дарослых, дзіцячая, жаночая кансультацыя з акушэрска-тэрапеўт. і педыятрычнымі комплексамі (сям’ю абслугоўвае ўрач-тэрапеўт, педыятр і акушэр-гінеколаг). Есць гасп.-разліковыя П.

Ажыццяўляе комплекс прафілакт. мерапрыемстваў па аздараўленні насельніцтва і папярэджанні захворванняў, вызваляе хворых ад працы, праводзіць мед.-сан. экспертызу з прызнаннем устойлівай непрацаздольнасці, накіроўвае на шпіталізацыю, санаторна-курортнае лячэнне, праводзіць дыспансерызацыю, проціэпідэмічныя мерапрыемствы (напр., прышчэпкі) і інш.

На Беларусі 557 самаст. П. і амбулаторый, у т. л. 146 гар., 411 сельскіх; 695 паліклінічных аддзяленняў бальніц і радзільных дамоў, у т. л. 300 гар., 395 у сельскай мясцовасці, 77 стаматалагічных П., 367 дзіцячых (1998).

Э.​А.​Вальчук.

т. 11, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГІЯЛО́ГІЯ (ад ангія... + ...логія),

раздзел анатоміі і клінічнай медыцыны, які вывучае крывяносныя і лімфатычныя сасуды і іх хваробы. Ангіялогія даследуе сістэму крова- і лімфазабеспячэння органаў, размяшчэнне сасудаў у прасторы (ангіяархітэктоніка), форму і тыпы анастамозаў, інервацыю сасудзістай сістэмы.

Развіццю ангіялогіі як навукі спрыялі адкрыцці 17 ст. ў галіне анат. даследаванняў крывяноснай (англ. ўрач У.​Гарвей, італьян. М.​Мальпігі) і лімфатычнай (італьян. анатам Г.​Азелі) сістэм. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі праведзены першыя аперацыі на сасудах — лігіраванне буйных артэрый (Ф.​В.​Абрамовіч, А.​Я.​Мітрашэнка, М.​Ю.​Рудэльсон), У 1950-я г. ўкаранёна ў практыку сасудзістае шво (С.​Г.​Сідранок), метады лячэння вострай закупоркі артэрый і вен (Ц.​Е.​Гніларыбаў). У 1960-я г. створана ангіяхірург. служба рэспублікі (І.​М.​Грышын, А.​А.​Марціновіч).

Даследаванні па ангіялогіі вядуцца ў Рэспубліканскім і абл. цэнтрах сасудзістай хірургіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, НДІ кардыялогіі, мед. ін-тах. Асвоены сучасныя метады лячэння буйных сасудаў (Грышын, М.​Дз.​Князеў), іх пластыка і пратэзаванне, аўтавенозная пластыка (А.​У.​Шот, І.​А.​Давыдоўскі), хірург. пластыка нырачных артэрый пры сімптаматычнай гіпертаніі (А.​М.​Саўчанка, У.​П.​Крылоў), на сонных артэрыях (Давыдоўскі, В.​А.​Янушка). Распрацаваны метады лячэння пры раненнях крывяносных сасудаў (А.​У.​Руцкі), пры хранічнай вянознай недастатковасці (П.​М.​Дземяшкевіч, Марціновіч), на дробных сасудах (У.​М.​Падгайскі). Гл. таксама ў арт. Нейрахірургія, Кардыялогія, Мікрахірургія.

І.​М.​Грышын.

т. 1, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лек, ле́кі ’лякарства’, ’лячэнне’ (Яруш., Шат., ТСБМ), лёкі ’тс’ (Касп., Шат.), укр. лік, лі́ка, рус. лека, паўдн. леко, польск. lek, leki, старое leka, в.-луж. lěk, чэш. lék, славац. liek, славен. lė́k, серб.-харв. ле̑к, lijeka, макед. лек, lʼäk, lḁkó(t), балг. лекът, ц.-слав. лѣкъ, ст.-слав. лѣчьба. Прасл. lěkъ ’лякарства’. Ад яго — дзеяслоў лячыць. Звычайна гавораць як аб запазычанні з прагерм. *lēka ’лякарства’, параўн. гоц. lekeis ’урач’, lēkinón ’лячыць, вылечваць’, ст.-англ. lÆceўрач’, швед. läka ’лячыць’, ст.-в.-ням. láhhi, lāhhinān ’тс’, англ. leech ’урач’ (Бернекер, 1, 710; Брукнер, 293; Фасмер, 2, 478–9; Махэк₂, 325; Мартынаў, Лекс. взаим., 210–213 і інш.). Германскае слова запазычана, аднак, з кельц., параўн. ірл. líaig (р. скл. léga) ’урач’ (Стоўкс, 251). Слаўскі (4, 124) не выключае сувязь герм. са ст.-грэч. léγω ’збіраць, лічыць, гаварыць’ і лац. legō ’гучна прачытваць’, ’агалошваць’, што магло б мець значэнне ’замаўляць’, ’лячыць замовамі’. Агляд літаратуры гл. таксама Фасмер, 2, 477–478; Скок, 2, 296; Бязлай, 2, 132; Шустар-Шэўц, 822–823; Цэйтлін, Этымалогія–75, 69. Сюды ж ле́кар ’урач, знахар’ (Касп., Шат., ТСБМ), ляка́рства, паст. лекарства ’лякарства, лячэнне’ (Яруш., ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Сцяшк.), ліка́рства ’тс’ (Бяльк.), гродз. лекав́аць ’лячыць’ (Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гало́ўны в разн. знач. гла́вный;

~ная ду́мка — гла́вная мысль;

г. ўрач — гла́вный врач;

~нае пыта́нне — гла́вный вопро́с;

г. го́рад — гла́вный го́род;

г. сказграм. гла́вное предложе́ние;

~ныя чле́ны ска́заграм. гла́вные чле́ны предложе́ния;

~ная кватэ́рауст. гла́вная кварти́ра;

~ная спра́ва — гла́вное де́ло;

~ным чы́нам — гла́вным о́бразом

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

wojskowy

I wojskow|y

вайсковы, ваенны;

służba ~a — вайсковая служба;

lekarz ~y — вайсковы ўрач (лекар);

attaché ~y — ваенны аташэ;

sąd ~y — трыбунал;

książeczka ~a — ваенны білет;

po ~emu — па-вайсковаму

II м.

ваеннаслужачы, вайсковец

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

падпра́віць, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., каго-што.

1. Паправіць крыху, у некаторых месцах; выправіць. [«Буржуй»] загадаў пафарбаваць вагон, падправіць дах, змяніць некалькі дошак у падлозе. Лынькоў. Лоўгач перачытаў.. [артыкул], трохі падправіў, замяніў асобныя словы і там, дзе гаворка ішла аб задачах зеленгаса, рашыў дапісаць цэлы абзац. Савіцкі. // Прывесці ў парадак, надаць належны выгляд. Малады ўрач сеў зручней, непрыкметна падправіў капялюш і плашч. Шамякін. Нават больш за сабой [Ніна] наглядаць стала. Косы падправіць, хустку прыгажэй завяжа. Галавач.

2. Разм. Аднавіць, палепшыць, наладзіць што‑н. разбуранае, заняпалае. Завод [Хурс] падправіў і пусціў так, як ішоў і раней. Чорны. Душа [Сузона] поўнілася спакоем і ўпэўненасцю: прыеду, за зямельку вазьмуся, падпраўлю гаспадарку. Галавач.

3. Разм. Крыху паправіць чыё‑н. здароўе; падлячыць. Аляксей заўважыў цяпер, што шчочкі.. [дачкі] нездарова блеклыя.., локцік завостраны, пальчыкі тонкія. «Трэба падправіць дзяўчынку», — падумаў ён з пяшчотаю і з жалем. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шко́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да школы (у 1, 2 знач.). Школьны будынак. Школьны двор. Школьная сістэма ацэнкі ведаў. // Які абслугоўвае школу, працуе ў школе. Школьныя настаўнікі. Школьны ўрач. Школьная бібліятэка.

2. Звязаны з навучаннем у школе, знаходжаннем у школе. Школьныя прыналежнасць. Школьная форма. Школьны ўзрост. Школьныя гады. Школьны таварыш. Школьныя канікулы. □ Маленства! Ты гарыш агнём начлежным, Ты школьным заліваешся званком. Панчанка.

3. Праведзены, выкананы ў школе, школьнікамі, сярод школьнікаў. Школьная насценгазета. □ Перадавалі аб усім: .. на колькі працэнтаў выканала дзённае заданне брыгада цесляроў, хто з вучняў перамог у школьных лыжных спаборніцтвах. Шамякін. // Які складаецца са школьнікаў, створаны школьнікамі (звычайна адной школы). Школьны хор. Школьная самадзейнасць. Школьная каманда гімнастаў. // Прызначаны для школьнікаў; разлічаны на школьнікаў. Школьны лекторый.

4. перан. Несамастойны, вучнёўскі, не падмацаваны жыццёвым вопытам. Школьныя разважанні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АЛЕРГАЛО́ГІЯ (ад алергія + ...логія),

раздзел імуналогіі, навука аб прычынах узнікнення, механізмах развіцця, выяўленні, дыягностыцы і лячэнні алергічных рэакцый і алергічных хвароб. Падзяляецца на клінічную і эксперыментальную алергалогію. Асн. задачы алергалогіі — вывучэнне тыпаў алергічных рэакцый, аўтаалергій і распаўсюджвання розных алергенаў (пылавых, хім., бактэрыяльных і інш.) у навакольным асяроддзі і г.д.

Як навука ўзнікла ў рамках тэарэт. (паталаг. фізіялогія, мікрабіялогія) і клінічных (тэрапія, інфекцыйныя хваробы і інш.) дысцыплін. Першыя працы па алергалогіі з’явіліся на пач. 20 ст. Змену рэактыўнасці арганізма вывучалі франц. фізіёлагі Ш.​Рышэ (увёў паняцце анафілаксія; 1902), М.​Арцюс (упершыню атрымаў мясцовую анафілактычную рэакцыю; 1903), рус. вучоны Г.​П.​Сахараў (прапанаваў класічную мадэль вывучэння анафілаксіі; 1905), аўстр. ўрач К.​Пірке (увёў паняцце алергія, 1906). У Расіі праблему даследавалі В.​І.​Малчанаў, П.​С.​Мядоўнікаў, А.​М.​Бязрэдка і інш.

На Беларусі ў галіне алергалогіі ў 1920—60-я г. працавалі А.​Я.​Пракапчук, І.​І.​Багдановіч, А.​П.​Комаў і інш. (механізмы парушэнняў аўтаімунных працэсаў у арганізме), Я.​Х.​Кацман, А.​С.​Левін (алергічныя змены пры рэўматызме, гельмінтозах), Г.​А.​Калюжын (алергічныя рэакцыі ў дзяцей). Даследаванні па алергалогіі вядуцца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, НДІ гематалогіі і пералівання крыві, сан.-гігіенічным ін-це, мед. ін-тах. Распрацаваны некаторыя пытанні прафілактыкі і лячэння сываратачнай хваробы і анафілактычнага шоку, анафілаксіі і дэсенсібілізацыі (В.​В.​Касмачэўскі), алергічныя дыягнастычныя рэакцыі для вызначэння цыстыцэркозу галаўнога мозга (І.​П.​Антонаў). У 1970—90-я г. вывучаюцца праблемы алергозаў прыроднага паходжання, бранхіяльнай астмы (Т.​М.​Сукаватых), медыкаментознай алергіі (Ю.​Ф.​Каралёў, С.​А.​Федаровіч), поствакцынальных алергічных энцэфалітаў і полірадыкуланеўрытаў (Д.​А.​Маркаў, А.​Л.​Леановіч), прафес. алергозаў хім. этыялогіі (асабліва звязаных з вытворчасцю шкловалакна, ільновалакна і калійных угнаенняў). Распрацоўваюцца метады алергадыягностыкі і экспертызы алергеннай актыўнасці гаптэнаў.

Літ.:

Адо А.Д. Общая аллергология. 2 изд. М., 1978;

Фрадкин В.А. Аллергены. М., 1978;

Новиков Д.К. Клиническая аллергология: Справ. пособие. Мн., 1991.

т. 1, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)