ІМУНАГЕНЕ́ТЫКА (ад імунітэт + генетыка),
раздзел імуналогіі, які вывучае генет. абумоўленасць фактараў імунітэту, унутрывідавую разнастайнасць і наследаванне тканкавых антыгенаў, генет. і папуляцыйныя аспекты ўзаемаадносін макра- і мікраарганізма і тканкавую несумяшчальнасць, анта- і філагенез імуннага адказу. Зарадзілася ў пач. 20 ст. ў сувязі з даследаваннямі груп крыві жывёл і чалавека (аўстр. ўрач К.Ландштайнер, англ. вучоны Дж.Натал і інш.). Далейшае развіццё І. звязана з адкрыццём генаў, што кадзіруюць сінтэз антыгенаў тканкавай сумяшчальнасці, і генаў, якія рэгулююць імунны адказ. Даказана, што падтрыманне генет. пастаянства саматычных (непалавых) клетак ажыццяўляецца шляхам падтрымання размнажэння ідэнтычных паводле генатыпу клетак і актыўнага прыгнечання размнажэння клетак, якія генетычна адрозніваюцца паміж сабой. Практычнае значэнне мае вывучэнне генет. асаблівасцей фарміравання імунітэту, алергіі, імуналагічнай талерантнасці, а таксама пашкоджанняў імуннай сістэмы, якія перадаюцца ў спадчыну. Вынікі імунагенет. даследаванняў маюць значэнне пры трансплантацыі органаў і тканак, для трансфузіялогіі, клінічнай імуналогіі, племянной справы і інш.
т. 7, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)