КАРЗЯНКО́Ў (Алег Аляксандравіч) (н. 15.3.1967, Мінск),

бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1989). Засл. арт. Расіі (1995). Сын А.А.Карзянковай. Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1985). З 1985 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1990 у Т-ры балета Дзярж. Крамлёўскага палаца ў Маскве. Танцу К. ўласцівы пластычная экспрэсія, моцны тэмперамент, пачуццё стылю. Сярод партый на бел. сцэне: Базіль, Салор («Дон Кіхот», карціна «Цені» з балета «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Юнак («Вальпургіева ноч» Ш.​Гуно), Дэзірэ і Прынц («Спячая прыгажуня» і «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Сын («Крылы памяці» У.​Кандрусевіча), Іван («Альпійская балада» Я.​Глебава), Тарэра («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ — Р.​Шчадрына), Д’ябал («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Юнак («Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага), Крас («Спартак» А.​Хачатурана), Рамэо і Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Сіндбад («Шахеразада» М.​Рымскага-Корсакава). У Т-ры балета першы выканаўца партый П’ера («Прывал кавалерыі» І.​Армсгеймера), Драсельмеера і Прынца-Шчаўкунка («Шчаўкунок»), Базіля; Кронаса («Зеўс» на муз. Д.​Арапіса).

Т.​М.​Мушынская.

т. 8, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБО́РСКІ (Георгій Уладзіміравіч) (н. 11.11.1909, Мінск),

бел. архітэктар. Засл. будаўнік Беларусі (1961), нар. архітэктар СССР (1981). Акад. Рас. акадэміі архітэктуры і буд. навук (1995). Скончыў Ленінградскую АМ (1939). У 1952—64 выкладчык БПІ (дацэнт з 1954). Працаваў у ін-тах «Белдзяржпраект», «Мінскпраект», з 1964 у БелНДІдзіпрасельбудзе (у 1966—79 кіраўнік майстэрні). Асн. работы ў Мінску: корпус Лечсанупраўлення (1948), ансамбль жылых дамоў на вул. Леніна (1949—56), карпусы пед. ун-та (1951—59), гасцініца Бел. саюза мастакоў, Літ. музей Я.​Коласа (абедзве 1952), рэканструкцыя будынка сувораўскага вучылішча (1953), аэравакзал «Мінск-1» (1957), музей гісторыі Вял. Айч. вайны (1967), кінатэатр «Піянер», т-р лялек (абедзве 1964). Сааўтар генплана Полацка (1949). Сярод работ у сельскім буд-ве: сааўтар планіроўкі і забудовы вёсак Верцялішкі (Дзярж. прэмія СССР 1971), Сарачы і Рэдкавічы Любанскага р-на (1969), аўтар Палаца культуры, гандл. цэнтра з гасцініцай, жылых дамоў у в. Сноў (1970-я г.) і інш. Творы манум. мастацтва: Манумент Перамогі, помнік Я.​Коласу (1972) у Мінску, мемар. комплекс Зыслаў.

Г.У.Заборскі.

т. 6, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЙМЕГЕН (Nijmegen),

горад у цэнтр. ч. Нідэрландаў. Каля 150 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Ваал. Прам-сць: эл.-тэхн., суднабуд., гарбарна-абутковая, папяровая, хім., фарфора-фаянсавая. Каталіцкі ун-т. Музей старажытнасцей. Арх. помнікі 11—17 ст.: капэла палаца Валкхоф, царква Сінт-Стэвенскерк (Гротэ керк), рэнесансавая ратуша.

Напачатку вядомы як паселішча племя батаваў. У час рым. заваявання (1 ст. да н.э.) Noviomagus Batavorum. З пач. 9 ст. рэзідэнцыя Карла Вялікага і яго нашчадкаў (Каралінгаў). З 1230 вольны каралеўскі горад, член Ганзы. У 1248 далучаны да графства Гелдэрн. У час Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі заняты ў 1585 ісп. войскамі, у 1591 адваяваны галандцамі. У 1678—79 у Н. падпісаны мірны дагавор паміж франц. і антыфранц. кааліцыямі. У 1794 зноў заняты франц. войскамі. З 1795 у складзе Батаўскай рэспублікі, з 1810 — Францыі. У 1815 вернуты Галандыі. У 1923 у Н. засн. каталіцкі ун-т. У 2-ю сусв. вайну месца правядзення наступальнай аперацыі англа-амер. войск.

т. 11, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАЎСК,

горад у Ленінградскай вобл., за 30 км на Пд ад С.-Пецярбурга. Размешчаны на схіле Балт.-Ладажскага ўступа, на беразе р. Славянка. Засн. ў 1777, у 1918—44 наз. Слуцк. Нас. 25,4 тыс. чал. (1999). Да 1917 загарадная рэзідэнцыя рас. імператараў. Гіст. ядро П. — арх.-паркавы ансамбль у стылі класіцызму (арх. Ч.​Камерон, В.​Брэна, А.​Вараніхін, П.​Ганзага і інш.). На высокім узгорку — палац (1783—1807), які складаецца з асн. будынка і бакавых флігеляў, злучаных з ім галерэямі. Да палаца прылягае пейзажны парк пл. каля 600 га з павільёнамі («Храм дружбы», «Каланада Апалона», «Тры грацыі», усе 1780-я г.) і інш. збудаваннямі (мост «Чыгунны», 1823). Ансамблю ўласцівы гарманічнасць кампазіцыі, зліццё архітэктуры з прыродай, багацце відавых перспектыў і ландшафтных куткоў. З 1918 музей. Разбураны ў Вял. Айч. вайну, адноўлены. З 1983 палацава-паркавы музей-запаведнік. Іл. гл. таксама да арт. Пейзажны парк.

Палац у г. Паўлаўск 18—19 ст.

т. 12, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ЦІ (Pitti),

Палацца Піці, помнік архітэктуры Ранняга Адраджэння ў г. Фларэнцыя (Італія). Праект палаца заказаны Лукой Піці ў 1450 арх. Ф.​Брунелескі (буд-вам кіравалі інш. архітэктары). Пазней у 16 ст. палац перайшоў да Казіма Медычы, пры якім быў закончаны фасад і пабудаваны двор (1538—70, арх. Б.​Аманаці), разбіты сад (т.зв. сад Баболі; з 1550, арх. Б.​Буанталенці і інш.). Пазней П. быў звязаны калідорам з Палацца Век’ё (арх. Дж.​Вазары). У інтэр’еры барочныя плафоны П’етра да Картоны (1640—47). Палац пашыраны ў 17—18 ст. (з 1737 належаў Латарынгскаму дому). У 1993 рэстаўрыраваны. Будынак вызначаецца аскетычнай прастатой і суровай веліччу форм. Інтэр’еры аформлены пераважна ў стылі ампір. У ім размешчаны шэраг музеяў: Палаціна галерэя, Каралеўскія апартаменты, музеі сярэбраных вырабаў, карэт, сучаснага мастацтва, галерэя касцюма, скарбніцы Медычы і епіскапаў Зальцбургскіх. На тэр. саду Баболі ў Кавалерскім доміку Музей фарфору.

Літ.:

Галерея Питти. Флоренция: [Альбом]. М., 1971.

Я.​Ф.​Шунейка.

Палац Піці.
Да арт. Піці. Зала Праметэя галерэі Палаціна.

т. 12, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШУ́Р, Асур,

старажытнасеміцкі горад. Засн. ў 4-м тыс. да нашай эры на зах. беразе р. Тыгр, за 100 км на Пд ад сучаснага г. Масул (Ірак). У 1-й пал. 18 ст. да нашай эры трапіў пад уладу вавілонскага цара Хамурапі, у 15 ст. да нашай эры — імперыі Мітані. Паклаў пачатак і даў назву дзяржаве Асірыя, у 14—9 ст. да нашай эры быў яе сталіцай. У 614 да нашай эры разбураны мідыйцамі і халдзеямі. На месцы руін Ашура (пагорак Кал’ят-Шаргат) у 1903—14 раскапаны гар. ўмацаванні, 34 храмы (у т. л. бога Ашура і багіні Іштар), некалькі палацаў, знойдзена б-ка клінапісных тэкстаў асірыйскага цара Тыглатпаласара I [1115—1078 да нашай эры] і інш.

Ашур уключаў «Унутраны горад» (рэшткі палацаў, храмаў, культавай вежы — зікурата) і «Новы горад», умацаваныя 2 лініямі абарончых сцен з бастыёнамі і брамамі; храмы Іштар (1-я пал. 3-га тыс. да нашай эры), Ашура, Ану-Адада. Захаваліся рэшткі парфянскіх будынкаў: палаца, «Парфянскага акропаля» з храмамі, цытадэлі, «перыптэра Ашура».

Літ.:

Andrae W. Das wiedererstandene Assur. 2 Aufl. Munchen, 1977.

т. 2, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНГКО́К, Банкок, Крунгтэп,

горад, сталіца Тайланда. Засн. ў 16 ст. 5,9 млн. ж. (з прыгарадамі, 1990). Гал. марскі і рачны порт краіны, у вусці р. Менам-Чао-Прая, за 30 км ад Сіямскага зал. Паўд.-Кітайскага м. (грузаабарот каля 30 млн. т, каля 90% імпарту і 75% экспарту краіны). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр. Рысаачышчальныя, лесаапрацоўчыя, тэкст., папяровыя, шклокерамічныя, цэментныя, электратэхн., нафтаперапр., хім., гумавыя прадпрыемствы; аўтазборка, суднабудаванне. Мастацкія рамёствы. Ун-ты. Нац. музей. Шмат каналаў.

У планіроўцы Бангкока элементы радыяльна-кальцавой структуры, вуліцы-каналы (часткова засыпаны ў 20 ст.). Гіст. цэнтр у лукавіне ракі, вакол — «старое прадмесце», зарэчны раён Тханбуры. Горад вядомы унікальнымі помнікамі: комплекс каралеўскага палаца Чакры (канец 18 — пач. 20 ст.), храмы (ваты) Пра Кео (канец 18 ст.), Чэтупон (По), Сутат, Раджабапіт, Бенчамабапіт, Арун (усе 19 ст.). З пач. 20 ст. забудоўваецца атэлямі, банкамі, канторскімі будынкамі еўрап. тыпу. Музеі: Нац. музей Тайланда, «Каралеўскія баржы», «Тайскі дом», «Палац Суан Пакад» і інш.

Бангкок. Храм Пра Кео. 1785.
Бангкок. Храмавы комплекс — Чэтупон (По). 19 ст.

т. 2, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КА-ТЫ́РНАВА,

горад на Пн Балгарыі, на р. Янтра. 65 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Машынабудаванне (вытв-сць электрарухавікоў, электратэльфераў, радыётэхнікі і інш.), тэкст., хім., дрэваапр., харчасмакавая прам-сць. Ун-т «Кірыла і Мяфодзій». Арх. музей. У горадзе — рэшткі сярэдневяковых умацаванняў, палаца; цэрквы (12—19 ст.), манастыры ў стылі Балгарскага Адраджэння. Горад-запаведнік. Турызм.

Вядома як вял. паселішча ў 11—12 ст. пад назвай Тырнаўград, пазней — Тырнава (да 1965). У 1185 упамінаецца як цэнтр паўстання балгараў супраць візант. панавання. У 1187—1393 сталіца Другога Балг. царства, рэзідэнцыя балг. архіепіскапа (з 1235 — патрыярха). У 1393 захоплены і разрабаваны туркамі. З 16 ст. развіваецца як цэнтр рамеснай вытв-сці. У 1598 і 1686 — цэнтр антытур. паўстанняў. У 1767 скасавана тырнаўская патрыярхія. У 1869 В.​Леўскі ў Вяліка-Тырнаве стварыў рэв. к-т. У час падрыхтоўкі Красавіцкага паўстання 1876 Вяліка-Тырнава — цэнтр 1-й рэв. акругі. Вызвалены рус. войскамі ў 1877 у ходзе руска-тур. вайны 1877—78. У лют.крас. 1879 тут працаваў Устаноўчы сход, які прыняў Тырнаўскую канстытуцыю 1879. 5.10.1908 у Вяліка-Тырнаве абвешчана незалежнасць Балгарыі.

т. 4, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГА́ЛА (Валерый Цімафеевіч) (н. 6.6.1947, г. Гомель),

бел. мастак-манументаліст. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). У 1974—93 і з 1996 на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. У 1993—96 нам. старшыні СМ Беларусі. Працуе ў тэхніцы вітража («Свята зямлі беларускай», Дом быту ў Мінску, 1980—81, і інш.), энкаўстыкі («Спадчына», Дом культуры ў в. Лошніца Барысаўскага р-на, 1984—85; «Свята», Дом культуры аб’яднання «Даламіт» у Віцебску, 1986; з А.​Яскіным, і інш.), акварэлі (серыі: «Запаляр’е», 1985—86, «Лепельскі край», 1987—88, «Успаміны аб Сан-Сусі», 1989—90; «Святло ў лесе», 1995, і інш.). Аўтар маст. афармлення з У.​Стальмашонкам грамадскіх аб’ектаў, адметнага пошукам новых формаў і выкарыстаннем нетрадыц. матэрыялаў (мораны дуб з крышталём у рэстаране «Мінск» у г. Патсдам, Германія, 1976—77) і тэхнік (фларэнційская мазаіка на станцыі метро «Маскоўская», 1979—82; станцыі метро «Плошча Перамогі», 1984 і «Купалаўская», 1987—88, і інш.). Адзін з аўтараў комплекснага вырашэння інтэр’ераў Палаца Рэспублікі (з 1986).

В.Даўгала, У.​Стальмашонак. Свята зямлі беларускай. Вітраж. 1981.

т. 6, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́ЎСКІ (Міхаіл Іванавіч) (6.11.1753, С.-Пецярбург — 30.9.1802),

рускі скульптар і рысавальшчык. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1764—73) у Н.Жыле і А.Ласенкі; пенсіянер АМ у Рыме (1774—79) і Парыжы (1779—80), дзе працаваў у 1788—90. З 1794 акад. і праф Пецярбургскай АМ. Прадстаўнік класіцызму, рысы якога спалучаў з жывапіснасцю барока. Творчасць прасякнута ідэямі асветніцтва, гуманізмам і эмацыянальнасцю. У ранніх творах адчуваецца імкненне да ўраўнаважанасці і строгай пластычнай формы (рэльефы для Мармуровага палаца ў Пецярбургу, 1787; «Няспанне Аляксандра Македонскага», 1780-я г.). Пазней ствараў пластычна тонкія, пастаральна-ідылічныя статуі («Амур спіць», 1792), творы нац. гіст. тэматыкі («Якаў Далгарукі разрывае царскі ўказ», 1797), алегарычныя ўвасабленні воінскай славы Расіі («Геркулес на кані», 1799; помнік А.​Сувораву ў Пецярбургу, 1799—1801; «Самсон раздзірае пашчу льву», 1800—02). Развіваў мастацтва класічнага манум. надмагілля (П.​Мялісіна, 1800; С.​Строганавай, 1801—02). Аўтар малюнкаў «Расійская лазня» (1778), «Меропа» (1790), «Смерць Іпаліта» (1792) і інш. Сярод вучняў С.Піменаў і В.Дэмут-Маліноўскі.

Літ.:

Петров В.Н. М.​И.​Козловский, 1753—1802. 2 изд. Л., 1983.

М.Казлоўскі. Палікрат. 1790.

т. 7, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)