ДАЎГА́ЛА Валерый Цімафеевіч

(н. 6.6.1947, г. Гомель),

бел. мастак-манументаліст. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). У 1974—93 і з 1996 на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. У 1993—96 нам. старшыні СМ Беларусі. Працуе ў тэхніцы вітража («Свята зямлі беларускай», Дом быту ў Мінску, 1980—81, і інш.), энкаўстыкі («Спадчына», Дом культуры ў в. Лошніца Барысаўскага р-на, 1984—85; «Свята», Дом культуры аб’яднання «Даламіт» у Віцебску, 1986; з А.Яскіным, і інш.), акварэлі (серыі: «Запаляр’е», 1985—86, «Лепельскі край», 1987—88, «Успаміны аб Сан-Сусі», 1989—90; «Святло ў лесе», 1995, і інш.). Аўтар маст. афармлення з У.Стальмашонкам грамадскіх аб’ектаў, адметнага пошукам новых формаў і выкарыстаннем нетрадыц. матэрыялаў (мораны дуб з крышталём у рэстаране «Мінск» у г. Патсдам, Германія, 1976—77) і тэхнік (фларэнційская мазаіка на станцыі метро «Маскоўская», 1979—82; станцыі метро «Плошча Перамогі», 1984 і «Купалаўская», 1987—88, і інш.). Адзін з аўтараў комплекснага вырашэння інтэр’ераў Палаца Рэспублікі (з 1986).

В.Даўгала, У.Стальмашонак. Свята зямлі беларускай. Вітраж. 1981.

т. 6, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)