БАНГКО́К,
Банкок, Крунгтэп, горад, сталіца Тайланда. Засн. ў 16 ст. 5,9 млн. ж. (з прыгарадамі, 1990). Гал. марскі і рачны порт краіны, у вусці р. Менам-Чао-Прая, за 30 км ад Сіямскага зал. Паўд.-Кітайскага м. (грузаабарот каля 30 млн. т, каля 90% імпарту і 75% экспарту краіны). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр. Рысаачышчальныя, лесаапрацоўчыя, тэкст., папяровыя, шклокерамічныя, цэментныя, электратэхн., нафтаперапр., хім., гумавыя прадпрыемствы; аўтазборка, суднабудаванне. Мастацкія рамёствы. Ун-ты. Нац. музей. Шмат каналаў.
У планіроўцы Бангкока элементы радыяльна-кальцавой структуры, вуліцы-каналы (часткова засыпаны ў 20 ст.). Гіст. цэнтр у лукавіне ракі, вакол — «старое прадмесце», зарэчны раён Тханбуры. Горад вядомы унікальнымі помнікамі: комплекс каралеўскага палаца Чакры (канец 18 — пач. 20 ст.), храмы (ваты) Пра Кео (канец 18 ст.), Чэтупон (По), Сутат, Раджабапіт, Бенчамабапіт, Арун (усе 19 ст.). З пач. 20 ст. забудоўваецца атэлямі, банкамі, канторскімі будынкамі еўрап. тыпу. Музеі: Нац. музей Тайланда, «Каралеўскія баржы», «Тайскі дом», «Палац Суан Пакад» і інш.
т. 2, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)