ГАРМО́НІЯ (ад грэч. harmonia сувязь, стройнасць, суразмернасць),
унутраная і знешняя ўпарадкаванасць, узгодненасць, цэласнасць з’яў і працэсаў, суразмернасць частак, зліццё розных кампанентаў аб’екта ў адзінае арганічнае цэлае; адзін з важнейшых крытэрыяў эстэт. ацэнкі гармоніі — паказчык, мера гістарычна дасягнутага ўзроўню практычна-духоўнага асваення чалавекам навакольнага асяроддзя. Гармонія заўсёды адносная і гістарычна канкрэтная. Выступае неад’емнай якаснай характарыстыкай зместу эстэт. ідэалу, вышэйшай сац.-эстэт. мэты грамадскага развіцця. Паводле характарыстык, распрацаваных у стараж.-грэч. філасофіі, гармонія — універсальны эстэтыка-касмалагічны прынцып светапогляду. Ант. філосафы адзначалі дыялектычны характар гармоніі. Сучасная сусв. эстэтыка разумее гармонію як аб’ектыўную магчымасць стасункаў чалавека са светам і дасягальны ідэал; як дасканаласць звышнатуральнай сутнасці рэчаў, якую можна суб’ектыўна ўявіць, але нельга дасягнуць. У гісторыі эстэтыкі разглядалася як істотная характарыстыка прыгожага. Дыялектычны матэрыялізм бачыць аснову гармоніі ў матэрыяльным адзінстве свету, ва ўсеагульнай узаемасувязі і развіцці з’яў, у аб’ектыўных заканамернасцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАКО́Б (Jacob),
сям’я франц. майстроў маст. мэблі.
Жорж (6.7.1739, Шэні, Францыя — 5.7.1814). Ствараў свой стыль мэблі ў стылі класіцызму (разная з пазалотай, пазней з паліраванага чырв. дрэва і пазалочанай бронзы з ант. матывамі). Працаваў таксама па эскізах Ж.Л.Давіда (мэбля для майстэрні жывапісца, 1789—90), Ш.Персье і П.Фантэна (мэбля для залы пасяджэнняў Канвента ў парыжскім палацы Цюільры, 1793) і інш.
Франсуа Анарэ (празваны Жакоб Дэмальтэр; 6.2.1770, Парыж — 15.8.1841). Сын Жоржа. Пасля 1803 заснаваў разам з бацькам фірму (існавала да 1812), якая праславілася сваёй мэбляй у стылі ампір для палацаў Напалеона I, Цюільры.
Жорж Альфонс (21.2.1799, Парыж — 7.6.1870). Сын Франсуа Анарэ. З сярэдзіны 19 ст. вырабы яго майстэрні вызначаліся як «стыль жакоб» (мэбля з чырв. дрэва з наклеенымі палоскамі латуні).
Да арт.Жакоб. Ф.А.Жакоб. Туалет з палаца Цюільры. 1805—10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМО́ЭНС, Камоінш (Camões) Луіш ды (снеж. 1524 або студз. 1525, Лісабон — 10.6.1580), партугальскі паэт, буйн. прадстаўнік партуг. Адраджэння. Літ. дзейнасць пачаў як лірычны паэт. Аўтар шматлікіх санетаў, напісаных у манеры Ф.Петраркі, і п’ес «Цар Селеўк» (апубл. 1645), «Філадэма» і «Камедыя пра Амфітрыёнаў» (апубл. абедзве 1587). Сусветную вядомасць яму прынесла эпічная паэма ў 10 песнях «Лузіяды» (1572) пра падарожжа Васка да Гамы ў Індыю. Паэма звязана з ант. эпічнай традыцыяй і тагачаснай культурай, міфалагічныя і фантаст. вобразы і сітуацыі ў ёй спалучаюцца з рэаліст. апісаннямі прыроды, побыту і нораваў жыхароў; услаўляюцца мужнасць і стойкасць чалавека, сцвярджаецца каштоўнасць ведаў, выкрываецца жорсткасць правіцеляў, улада золата. Твор прасякнуты верай у бязмежныя магчымасці чалавека.
Тв.:
Рус.пер. — Лирика. М., 1980;
Лузиады;
Сонеты. М., 1988.
Літ.:
История всемирной литературы. М., 1985. Т. 3. С. 399—404.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЧА́ГА,
ганчарны выраб, вял. гліняная пасудзіна для захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў. На Беларусі вядомы вузкагорлыя і шыракагорлыя К. Вузкагорлыя былі пашыраны ў 10—1-й пал. 13 ст. ў час гандлю з візант. гарадамі паўн. і зах. ўзбярэжжа Чорнага м. і выкарыстоўваліся для дастаўкі вадкіх прадуктаў (алею, віна і інш.). Формай былі падобныя на ант.амфары (якія таксама наз. К.) з пукатым тулавам, 2 вертыкальна выгнутымі ручкамі, вострым, закругленым або амаль плоскім дном. Рэшткі К. знойдзены пры раскопках амаль ва ўсіх бел. гарадах. Аздабляліся лінейным арнаментам; часта на К. трапляюцца літары і словы. Шыракагорлыя паліваныя К. былі пашыраны з 14—16 ст. Мелі масіўнае пукатае тулава з плоскім дном з 2 дугападобнымі ручкамі. У іх трымалі соленыя грыбы, агуркі, зерне і інш. У наш час К. выйшлі з ужытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАУНА́ДА,
цыркавы жанр, заснаваны на прыёмах эксцэнтрыкі, буфанады, гратэску, пародыі, якімі карыстаюцца ў сваіх выступленнях артысты-клоуны.
Вытокі К. ў ант. пантамімах, нар. фарсах. Традыц. маска «белага клоуна» запазычана з італьян. камедыі дэль артэ, франц. і англ. плошчавых т-раў, «рыжага клоуна» (Аўгуста ў Еўропе) — ад нар. блазнаў. На канфлікце паміж «белым» і «рыжым» клоунамі будуюцца т.зв.антрэ. У стараж. Русі элементы К. прысутнічалі ў выступленнях скамарохаў. Клоуны з 17—18 ст. удзельнічалі ў прадстаўленнях коннікаў, канатаходцаў, дрэсіраваных жывёл і інш. З часам набылі сатырычнае і публіцыст. гучанне.
Клоунаў падзяляюць на сола-клоунаў, «дывановых», клоунаў-буф. У развіццё К. значны ўклад зрабілі клоуны Б.Саўндэрс, Ж.Б.Арыёль, Дж.Грымальдзі, К.Ф.Ларан, Кватліц, Т. і Дж. Джэксан, Грок, Карандаш, А.Папоў, Ю.Нікулін, Ю.Куклачоў, А.Варанецкі, Ф.Гулевіч, дынастыі Фратэліні, Дуравых і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕБРЭ́Н, Ле Брэн (Lebrun, Le Brun) Шарль (24.2.1619, Парыж — 12.2.1690), французскі жывапісец, дэкаратар і рысавальшчык. Вучыўся ў Ф.Пер’е (з 1632) і С.Вуэ (1634—37). У 1642—46 пад кіраўніцтвам Н.Пусэна ў Італіі вывучаў творчасць Рафаэля, балонскіх акадэмістаў, ант. скульптуру. Стварыў шэраг карцін пад уплывам Пусэна («Муцый Сцэвала», «Смерць Катона» і інш.). Адзін з заснавальнікаў (1648), з 1668 рэктар Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы. У 1660-я г. «першы жывапісец караля» і дырэктар каралеўскай мануфактуры габеленаў. Кіраваў дэкар. афармленнем інтэр’ераў Луўра, Версаля і інш., выконваў плафоны (Люстраная галерэя ў Версалі, 1678—84, і інш.), кардоны для габеленаў, эскізы для садовай скульптуры, мэблі. У жывапісных работах спалучаў нарматыўнасць класіцысцкай кампазіцыі, прасякнутай тэатралізаванай патэтыкай, з дэкар. пышнасцю барока: «Магдаліна каецца» (1656—57), серыя карцін «Гісторыя Аляксандра Македонскага» (1660—68) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПА́ТА,
старажытны горад у Судане на ўсх. беразе Ніла, паблізу 4-га парога. У пач. Новага царства (16 ст. да н.э.) егіпцяне пабудавалі туг крэпасць. Егіп. фараон Тутмос III збудаваў у горадзе храм бога Амона-Ра. Упершыню наз. Н. ў 15 ст. да н.э. ў надпісе яго пераемніка Аменхатэпа II. Росквіт прыпадае на 9—8 ст. да н.э., калі Н. ўвайшла ў склад Мераіцкага царства, з 8 ст. да н.э. яго рэліг. сталіца. У 23 да н.э. рымляне зруйнавалі і разрабавалі горад, жыхароў узялі ў палон. У ант. крыніцах Н. згадваецца ў сярэдзіне 2 ст.н.э. як адно з паселішчаў. Зберагліся рэшткі храмаў Амона-Ра (1456 да н.э.), Амона (7 ст. да н.э.), грабніцы ў выглядзе пірамід (8—7 ст. да н.э.). Знойдзены каменныя статуі багоў і цароў, сфінксы, залатая статуэтка царыцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́БІЙ (Polybios; каля 200 да н.э., г. Мегалопаліс, Грэцыя — каля 120 да н.э.),
старажытнагрэчаскі гісторык. Сын стратэга Ахейскага саюза Лікорта. Камандаваў конніцай ахейцаў. Пасля перамогі рымлян каля Підны (168 да н.э.) над арміяй македонскага цара Персея адпраўлены ў ліку 1000 знатных ахейцаў заложнікам у Рым, дзе пражыў 16 гадоў. Зблізіўся са Сцыпіёнам Афрыканскім Малодшым, суправаджаў яго ў паходах па Іспаніі і Паўн. Афрыцы. Аўтар «Гісторыі» ў 40 кнігах, якая ахоплівае перыяд 220—146 да н.э. (захаваліся поўнасцю кн. 1—5, астатнія — фрагментарна). Гэта першая спроба выкладу гісторыі Грэцыі, Македоніі, М. Азіі, Сірыі, Егіпта, Карфагена і Рыма ў іх узаемасувязі. Галоўнай задачай гісторыі П. лічыў не апісанне, а тлумачэнне падзей, раскрыццё прычын з’яў. Зрабіў вял. ўклад у развіццё гіст. метаду ў ант. гістарыяграфіі.
Літ.:
Немировский А.И. Рождение Клио: У истоков ист. мысли. Воронеж, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛІС (грэч. polis, лац. civitas),
горад-дзяржава; асаблівы тып ант. горада, грамадства і дзяржавы, ’які склаўся ў Грэцыі ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. З’яўляўся асн. структураўтваральным звяном ант. грамадства на розных этапах яго развіцця: напачатку ў форме незалежнага горада-дзяржавы, потым як член міжполісных саюзаў, у эліністычна-рым. час састаўная ч. дзяржаў у выглядзе гар. аўтаномнай адзінкі. П. складаўся з гар. паселішча і с.-г. тэрыторыі (хоры). Уласнікамі зямлі маглі быць толькі паўнапраўныя члены П. Непаўнапраўныя (метэкі, перыэкі, вольнаадпушчанікі) займаліся пераважна рамяством і гандлем. Своеасаблівасцю поліснай абшчыны была высокая ўдзельная вага сярэдніх праслоек насельніцтва, адсутнасць маёмаснага расслаення, значная колькасць рабоў, таму ў гіст. л-ры грамадства П. вызначаецца як рабаўладальніцкае. Полісная дзяржава мела рэсп. лад з выбарчай сістэмай органаў улады і нар. сходам як формай прамога самакіравання народа. Дзярж. апарат кіравання складаўся з савета (кансультатыўныя і распарадчыя функцыі) і магістратаў (грамадз., ваен. і рэліг. ўлада). Розныя пласты грамадзян П. (землеўладальнікі, сяляне, рамеснікі, гандляры, парабкі) былі аб’яднаны агульнай назвай дэмас, якому супрацьстаялі перасяленцы з інш. П. (у Афінах — метэкі) і рабы. Дэмас праз галасаванне ў нар. сходзе зацвярджаў законы, выбіраў магістратаў, выконваў функцыі вышэйшай суд. інстанцыі, так узнікла паняцце «дэмакратыя», літаральна «ўлада дэмасу». Невял. колькасць насельніцтва П. (некалькі тыс.чал.) дазвалялі рэалізаваць прынцып прамога народапраўства., г. зн. што кіраванне ажыццяўлялася ўсёй абшчынай без якой-н. прадстаўнічай сістэмы. Як замкнутая сац. адзінка П. імкнуўся не толькі да поўнай паліт. незалежнасці (аўтаномія), але і да гасп. самастойнасці (аўтаркія). Рэгіянальная гасп. спецыялізацыя, забяспечанасць Эгейскага рэгіёна марскімі камунікацыямі звязала некалькі соцень грэч. П. у адзінае цэлае. Існавалі мірныя формы кантактаў паміж П. (гандл., дыпламат. і культ.) і ваен. (сімахіі — аб’яднанне армій і флатылій для сумесных ваен. дзеянняў). Самымі вядомымі ў гісторыі Грэцыі былі Афінскі марскі саюз і Пелапанескі саюз. У залежнасці ад паліт. ладу стараж.грэч. П. былі дэмакратычныя (Афіны) або алігархічныя (Спарта), аграрна-рамесніцкія (Афіны) ці гандл.-рамесніцкія (Карынф).
Літ.:
Фролов Э.Д. Рождение греческого полиса. Л., 1988;
Строгецкий В.М. Полис и империя в классической Греции. Н. Новгород, 1991;
Античная демократия в свидетельствах современников. М., 1996.