ДЫКТАТУ́РА,

1) сістэма неабмежаванага паліт., эканам., сац., духоўнага панавання на чале з лідэрам-дыктатарам. Яго імя або вызначаемая ім сац.-паліт. ідэя дае назву адпаведнай разнастайнасці дыктатарскага рэжыму (цэзарызм, банапартызм, абсалютызм, фашызм, таталітарызм і г.д.). Характарызуецца падаўленнем грамадзянскай супольнасці, паліт. тэрорам, канцэнтрацыяй улады ў руках дыктатара, усталяваннем юрыд. абмежаванняў паліт. правоў і свабод. Унутраная і знешняя палітыка ва ўмовах Д. грунтуецца на ідэалогіі месіянізму, прымусу непакорных. Паводле марксісцка-ленінскай тэорыі Д. — заканамерная з’ява класава-антаган. грамадства. Д. пралетарыяту ўстанаўліваецца ў выніку сацыяліст. рэвалюцыі і ахоплівае пераходны перыяд ад капіталізму да сацыялізму і мае на мэце буд-ва камунізму. Пры неабходных умовах яна выкарыстоўвае насілле для падаўлення супраціўлення эксплуататарскіх класаў і дзейнасці варожых сацыялізму элементаў. Ва ўмовах канчатковай перамогі сацыялізму Д. пралетарыяту завяршае сваю гіст. місію і ператвараецца ў агульнанародную дзяржаву пры захаванні кіруючай ролі камуніст. партыі да пабудовы камунізму. Д. — з’ява гіст., таму яе трэба разглядаць толькі ў канкрэтным гіст. кантэксце. Пры некаторых абставінах яна адыгрывала станоўчую ролю, захоўвала законнасць, парадак і тэр. цэласнасць краіны ў перыяд паліт. і сац.-эканам. крызісаў, а таксама адбіцця знешняй агрэсіі і прадухілення грамадз. вайны. Таму ў канстытуцыях некаторых краін (Францыя, Італія) прадугледжана магчымасць стварэння т.зв. «канстытуцыйнай Д.», якая мае магчымасць у надзвычайных сітуацыях ажыццяўляць экстранныя захады для аднаўлення законнасці і парадку ў краіне.

2) Спосаб ажыццяўлення дзярж. уладай непасрэднага выкарыстання ўзбр. насілля ў надзвычайных становішчах.

Літ.:

Джилас М. Лицо тоталитаризма: [Пер. с серб.-хорв.]. М., 1992;

Маркс К. Восемнадцатое брюмера Луи Бонапарта // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 8;

Ленін У.І. Дзяржава і рэвалюцыя // Тв. Т. 25. (Полн. собр. соч. Т. 33);

Яго ж. Аб дыктатуры пралетарыяту // Тв. Т. 30. (Там жа. Т. 39).

Я.​М.​Бабосаў.

т. 6, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬФСТРЫ́М (Gulf Stream),

сістэма цёплых цячэнняў у паўн. ч. Атлантычнага ак. Цягнецца на 10 тыс. км ад п-ва Фларыда да Вял. Ньюфаўндлендскай банкі (уласна Гальфстрым) і далей да а-воў Шпіцберген і Новая Зямля (Паўночна-Атлантычнае цячэнне). Фарміруецца ў паўн. ч. Фларыдскага праліва як сцёкавае цячэнне Мексіканскага зал., рухаецца на Пн уздоўж узбярэжжа Паўн. Амерыкі, жывіцца водамі Паўн. Пасатнага і Гвіянскага цячэнняў. На Пд (у Фларыдскім прал.) Гальфстрым мае шыр. 75 км, таўшчыню патоку 700—800 м, скорасць да 10 км/гадз, т-ра вады на паверхні ад 24 да 28 °C, расход вады каля 25 млн. м³/с (у 20 разоў перавышае расход усіх рэк зямнога шара). У акіяне Гальфстрым злучаецца з Антыльскім цячэннем і на 38° паўн. ш. яго расход дасягае 82 млн. м³/с. Каля Вял. Ньюфаўндлендскай банкі шыр. 200 км, т-ра вады на паверхні ад 10 да 20 °C; скорасць да 4 км/гадз, каля берагоў Еўропы — 0,4—0,7 км/гадз. Сярэднегадавая салёнасць 36—36,4‰, макс. — 36,5‰ на глыб. 200 м. Да паўд. ускраіны Вял. Ньюфаўндлендскай банкі да Гальфстрыма падыходзіць з Пн халоднае Лабрадорскае цячэнне, на мяжы з якім адбываецца перамешванне і апусканне паверхневых вод. У сістэму Гальфстрыма ўваходзяць адгалінаванні Паўн.-Атлантычнага цячэння — Нарвежскае цячэнне, Ірмінгера цячэнне і Нардкапскае цячэнне. Гальфстрым аказвае значны ацяпляльны ўплыў на клімат, гідралагічныя і біял. ўмовы паўн. ч. Атлантычнага ак. і Паўн.-Ледавіты ак., а таксама на клімат Еўропы. Гальфстрым выяўлены ў 1513 ісп. экспедыцыяй пад камандаваннем Х.​Понсе дэ Леона. У 1770-я г. Бенджамін Франклін нанёс напрамкі руху цячэння на геагр. карты. З 1966 Акіянаграфічнае ўпраўленне ВМС ЗША выдае штомесячную зводку па Гальфстрыму, у якой апісваецца яго стан у Паўн. Атлантыцы і фіз. якасці.

Літ.:

Толмазгин Д.М. Океан в движении. Л., 1976;

Дрейк Ч. и др. Океан сам по себе и для нас: Пер. с англ. М., 1982.

К.​К.​Кудло.

т. 4, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАБА́ЛЬНЫЯ ПРАБЛЕ́МЫ сучаснасці,

праблемы, якія закранаюць інтарэсы чалавецтва ў цэлым і для свайго вырашэння патрабуюць агульных намаганняў без уліку падзелу чалавечага грамадства па розных прыкметах. Умоўна вылучаюць тэарэтычныя і практычныя, вострыя і адкладзеныя, агульныя і прыватныя. Тэарэтычныя глабальныя праблемы ахопліваюць пераважна праблемы грамадскіх і прыродазнаўчых навук: філасофіі, біялогіі, пазнання Зямлі і Космасу, прыроды чалавека, грамадазнаўства і інш. (гл. Навука, Чалавек, Экалогія сацыяльная, Касмалогія і да т.п.). Іх вырашэнне не можа мець завершанага характару, колькі б не доўжыўся перыяд існавання чалавецтва. Практычныя глабальныя праблемы вынікаюць з сённяшняга стану грамадства і абумоўлены яго недасканаласцю (розныя ступені і ўзроўні развіцця асобных яго частак, парушэнне раўнавагі ў адносінах з прыродай і інш.), але пры пэўных умовах яны могуць быць вырашаны ў перспектыве. Асн. з такіх праблем здольны істотна паўплываць на ўмовы існавання чалавецтва, а ў асобных выпадках нават ствараць пагрозу для яго захавання: праблемы вайны і міру, голаду і харчавання, ядзернай бяспекі, антрапагеннага ўздзеяння на прыроду, забруджвання навакольнага асяроддзя, дэмаграфіі, энергет. забеспячэння, вычарпальнасці многіх відаў прыродных рэсурсаў і інш. Глабальнае значэнне пры пэўных умовах сусв. грамадскасць можа надаваць рэгіянальным праблемам, асабліва калі яны ствараюць патэнцыяльную пагрозу для ўсяго насельніцтва ці яго частак у іншых рэгіёнах (напр., праблемы пашырэння небяспечных хвароб, гандлю наркотыкамі, зброяй, забруджвання сусв. акіяна, трансгранічнага пераносу забруджвальнікаў). Наяўнасць агульных для міжнар. супольнасці праблем спараджае дзейнасць міжнар. арганізацый (ААН, ЮНЕСКА, ЮНЕП, Міжнар. Саюз аховы прыроды, МАГАТЭ і інш.), грамадскіх рухаў і формаў супрацоўніцтва («зялёныя», «Грынпіс», грамадскія фонды ў абарону міру, прыроды, гуманітарныя арганізацыі і інш.), узнікненне новых навук або іх раздзелаў (напр., Глабальная экалогія).

Літ.:

Гудожник Г.С., Елисеева В.С. Глобальные проблемы в истории человечества. М., 1989;

Глобальные проблемы и общечеловеческие ценности: Пер. с англ. и фр. М., 1990;

Global competitiveness. New York, 1988.

т. 5, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛАС,

1) сукупнасць гукаў чалавека або жывёл з лёгачным дыханнем, утвораных з дапамогай галасавога апарату. Голас фарміруецца ў гартані; сілу і афарбоўку набывае за кошт верхніх (глотка, поласць рота, носа, прыдаткавыя пазухі) і ніжніх (трахеі, бронхі) рэзанатараў. Характарызуецца аб’ёмам, вышынёй, сілай, тэмбрам. Адрозніваюць голас гутарковы і пеўчы. Гутарковы голас праходзіць стадыі, якія адпавядаюць развіццю чалавека: ад голасу нованароджаных і немаўлят да голасу састарэлых людзей, калі адбываецца звужэнне дыяпазонаў гукаў па вышыні і па сіле. Пеўчы голас характарызуецца вышынёй, дыяпазонам, сілай і тэмбрам (афарбоўкай). Адрозніваюць пеўчы голас бытавы («непастаўлены») і прафес. («пастаўлены»). Пастаўлены ад прыроды пеўчы голас сустракаецца даволі рэдка; як правіла, прыдатным для прафес. муз. практыкі голас становіцца ў выніку спец. пастаноўкі. Вызначальныя якасці пеўчага голасу — прыгажосць тэмбру, сіла і здольнасць доўга трымаць гук. Оперна-канцэртны голас павінен быць моцным, добра чутным у вял. залах на фоне арк. суправаджэння, валодаць т.зв. палётнасцю. Пеўчы голас мае некалькі рэгістраў. У мужч. голасе вылучаюць грудны рэгістр у ніжняй частцы дыяпазону і фальцэтны ў верхняй, у жаночым — грудны, галаўны (у верхняй частцы дыяпазону) і цэнтральны (медыум, галаўное і грудное гучанне). Тыпы голасу класіфікуюць паводле тэмбру і вышыні: высокі жан. голас — сапрана (найб. высокі — каларатурнае сапрана), сярэдні — мецца-сапрана, нізкі — кантральта; высокі мужч. голас — тэнар, сярэдні — барытон, нізкі — бас. У кожным тыпе больш высокія і светлыя па гучанні голасу маюць назву лірычных, больш нізкія, густыя і цёмныя — драматычных. Асн. форма гукавядзення пеўчага голасу — звязнае спяванне, аснова кантылены.

2) Пэўная меладычная лінія ў шматгалосым муз. Творы.

3) Партыя асобнага інструмента, харавой групы, выпісаная з партытуры твора для яго развучвання і выканання.

4) Матыў, мелодыя песні.

Літ.:

Дмитриев Л.Б. Основы вокальной методики. М., 1968;

Морозов В.​П.​Тайны вокальной речи. Л., 1967;

Юссон Р. Певческий голос: Пер. с фр. М., 1974.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНАТЭІ́ЗМ [ад грэч. hen (henos) адно + тэізм],

форма рэліг. веравання, якая прызнае існаванне многіх багоў на чале з адным вярхоўным богам, вакол якога засяроджаны рэліг. культ; пераходная форма ад монатэізму да політэізму. Тэрмін уведзены ў 1878 англ. гісторыкам рэлігіі і санскрытолагам М.​Мюлерам. Ім ён абазначаў характэрную форму стараж.-інд. рэлігій, калі з мноства багоў (Індра, Агні, Сур’я і інш.) той, да якога звяртаецца вернік з малітвай, сумяшчае для яго атрыбуты ўсіх іншых і ўяўляецца ў гэты момант найвышэйшым божаствам. Часам прыхільнікі розных веравызнанняў у якасці гал. разглядалі не толькі нябесных багоў, але і зямных. Так, гімны Вед упамінаюць пра багіню зямлі Прытхіві, а служыцелі ведычнай рэлігіі звяртаюцца і да Бацькі-неба, і да Маці-зямлі. У стараж. Кітаі ў адным шэрагу такіх божастваў былі Цянь (неба) і Ту (зямля), у стараж. грэкаў — адпаведна Уран і Гея. У славян дахрысц. часоў генатэізм таксама быў звязаны з пакланеннем божаствам, якія ўладарылі на небе і на зямлі. Ва ўяўленнях беларусаў вярх. бажаством быў Пярун — магутны цар нябесны (адпавядаў Індры — цару багоў у індыйцаў; Зеўсу — бацьку ўсіх багоў і людзей; галава алімпійскай сям’і багоў у грэкаў). У паданнях беларусаў захавалася памяць пра гал., добрага Белабога, бацьку Перуна. Нярэдка вернікі вылучалі як асн. апекуноў Вялеса, Жыжаля, Ярылу і інш. багоў з уласна бел. пантэона, часам звярталіся з малітвамі да Дажбога — сына Перуна, унукамі якога лічыліся ўсе, хто загінуў на ратным полі. Пакланенню божаствам асаблівае значэнне надавалі ў час спусташальных войнаў, пры аб’яднанні стараж. плямён у племянныя саюзы, калі на чале політэістычнага пантэона аказваўся бог племені-гегемона.

Літ.:

Мюллер М. Религия как предмет сравнительного изучения: [Пер. с англ.]. Харьков, 1887;

Міфы Бацькаўшчыны. Мн., 1994;

Живописная Россия: Отечество наше в зем., ист., плем., экон. и быт. значение: Литов. и Белорус. Полесье. Репринт. 2 изд. Мн., 1994.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 5, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЗА (лац. Ferrum),

Fe, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 26, ат. м. 55,847. Складаецца з 4 стабільных ізатопаў: ​54Fe (5,84%), ​56Fe (91,68%), ​57Fe (2,17%), ​58Fe (0,31%). У зямной кары 4,65% па масе (найб. распаўсюджаны метал — другі пасля алюмінію). Вядома больш за 300 мінералаў (гл. Жалезныя руды). Самароднае (метэорнае і тэлурычнае) сустракаецца рэдка. Прысутнічае ў арганізмах усіх жывёл і раслін, уваходзіць у склад гемаглабіну.

Ж. — бліскучы серабрыста-белы пластычны метал tпл 1535 °C, tкіп 2750 °C, шчыльн. 7870 кг/м³ (20 °C). Пры звычайным ціску адрозніваюць некалькі крышт. мадыфікацый: α-Fe (існуе да 917 °C), δ-Fe (пры т-рах вышэй за 1394 °C і да т-ры плаўлення) з аб’ёмнацэнтраванай кубічнай рашоткай і γ-Fe (у інтэрвале 917—1394 °C) з гранецэнтраванай кубічнай рашоткай. Пры т-ры 769 °C (пункт Кюры) ферамагн. α-Fe пераходзіць у парамагн. стан. Парамагн. Ж., устойлівае ў інтэрвале 769—917 °C, наз. β-Fe. Ж. не раствараецца ў вадзе і шчолачах. У вільготным паветры акісляецца і пакрываецца ржой (гл. Карозія металаў), у сухім (пры награванні вышэй за 200 °C) — ахоўнай плёнкай аксідаў (гл. Вараненне). З разбаўленымі к-тамі ўтварае солі Fe(II) (гл. Жалеза злучэнні), канцэнтраванымі азотнай і сернай — пасівіруецца. Пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі, серай, фосфарам, вугляродам, аксідам вугляроду (гл. Карбанілы металаў), вадзяной парай. Асн. масу Ж. выплаўляюць у выглядзе чыгуну і сталі. Аднаўленнем жалеза аксідаў пры 750—1200 °C атрымліваюць губчатае Ж. (97—99% Fe), раскладаннем пентакарбанілу Fe(CO)5 — карбанільнае (парашок з памерамі часцінак 1—15 мкм). Выкарыстоўваюць як матэрыял для стрыжняў электрамагнітаў і якараў эл. машын (тэхнічна чыстае), як каталізатар, антыанемічны сродак (карбанільнае) і інш.

Літ.:

Беккерт М. Железо: Факты и легенды: Пер. с нем. 2 изд. М., 1988.

І.​В.​Боднар.

т. 6, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХАВА́ННЯ ЗАКО́НЫ,

фізічныя заканамернасці, якія ўстанаўліваюць пастаянства ў часе пэўных велічынь, што характарызуюць фіз. сістэму ў працэсе змены яе стану; найб. фундаментальныя заканамернасці прыроды, якія вылучаюць самыя істотныя характарыстыкі фіз. сістэм і працэсаў. Асаблівае значэнне З.з. звязана з тым, што дакладныя дынамічныя законы, якія поўнасцю апісваюць фіз. сістэмы, часта вельмі складаныя ці невядомыя. У гэтых выпадках З.з. даюць магчымасць зрабіць істотныя вывады пра паводзіны і ўласцівасці сістэмы без рашэння ўраўненняў руху.

З.з. для энергіі, імпульсу, моманту імпульсу і эл. зараду выконваюцца ў кожнай ізаляванай сістэме (універсальныя законы прыроды). Пасля стварэння адноснасці тэорыі страціў сваё абсалютнае значэнне З.з. масы (гл. Дэфект мас)\ З.з. энергіі і імпульсу аб’яднаны ў агульны З.з. энергіі—імпульсу; удакладнена фармулёўка З.з. поўнага моманту імпульсу (з улікам спіна). Асабліва важная роля З.з. у тэорыі элементарных часціц, дзе ёсць шэраг абсалютных (для электрычнага, барыённага і лептоннага зарадаў) і прыблізных (для ізатапічнага спіна, дзіўнасці і інш.) З.з., якія выконваюць толькі пры некат. умовах. Напр., дзіўнасць захоўваецца ў моцных, але парушаецца ў слабых узаемадзеяннях (гл. Адроны, Барыёны, Лептоны, Узаемадзеянні элементарных часціц). З.з. ў тэорыі элементарных часціц — асн. сродак вызначэння магчымых рэакцый паміж часціцамі. Існуе глыбокая сувязь паміж З.з. і сіметрыяй фіз. сістэм (гл. Сіметрыя, Нётэр тэарэма). Наяўнасць характэрнай для кожнага тыпу фундаментальных узаемадзеянняў дынамічнай (калібровачнай) сіметрыі прыводзіць да З.з. сілавых (дынамічных) зарадаў, якія вызначаюць здольнасць элементарных часціц да адпаведнага ўзаемадзеяння. З.з. эл. зараду, слабых ізатапічнага спіна і гіперзараду, каляровых (моцных) зарадаў выкарыстоўваюцца пры пабудове палявых (калібровачных) тэорый электрамагнітнага, электраслабага і моцнага ўзаемадзеянняў адпаведна. У квантавай тэорыі поля ўведзены спецыфічныя З.з. прасторавай, часавай і зарадавай цотнасцей, што вызначаюць уласцівасці тэорыі адносна пераўтварэнняў адпаведнай дыскрэтнай сіметрыі (гл. Людэрса—Паўлі тэарэма).

Літ.:

Фейнман Р. Характер физических законов: Пер. с англ. М., 1968;

Богуш А.А. Очерки по истории физики микромира. Мн., 1990.

Ф.​І.​Фёдараў, А.​А.​Богуш.

т. 7, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫКА́ТАР (ад лац. indicator паказальнік),

прылада (прыстасаванне, элемент) для паказу параметраў працэсаў або станаў аб’ектаў у форме, зручнай для непасрэднага ўспрымання. Бываюць сігнальныя і вымяральныя, візуальныя, акустычныя, тактыльныя і І. пахаў.

Сігнальныя І. — лямпачкі, святлодыёды. званкі, рычагі, мех. паказальнікі і інш. Стрэлачныя І. гэтага тыпу маюць спрошчаныя шкалы, на якіх адзначаюцца толькі вобласці нармальных і небяспечных значэнняў кантралюемых параметраў. Вымяральныя І. адлюстроўваюць колькасныя паказчыкі працэсаў і станаў аб’ектаў (стрэлачныя і лічбавыя І. вымяральных прылад). Найб. пашыраны візуальныя І. — газаразрадныя індыкатары, сігнальныя лямпачкі, святлодыёды, стрэлачныя і лічбавыя прыстасаванні, электронна-прамянёвыя трубкі (ЭПТ), прыстасаванні адлюстравання на вадкіх крышталях і інш. Дасканалыя І. персанальных ЭВМдысплеі, маніторы, экраны; забяспечваюць большую нагляднасць, інфармацыйную насычанасць, разнастайнасць форм адлюстравання (чорна-белыя і каляровыя; графікі, сімвалы, відарысы аб’ектаў, сродкі мультымедыя і інш.); здольныя імітаваць «эфект прысутнасці» аператара ў пэўных абставінах (напр., пры рабоце камп’ютэрных трэнажораў па пілатаванні самалётаў). Мнеманічныя экраны (са святлівымі элементамі, якія адпавядаюць агрэгатам або вузлам прамысл. устаноўкі) пад кіраваннем камп’ютэра інфармуюць аператара пра стан аб’екта (гл. Мнеманічная схема). На аснове ЭПТ і дысплеяў пабудаваны індыкатарныя устройствы радыё- і гідралакацыйных станцый. Акустычныя І. — званкі, сірэны, равуны, трашчоткі і інш.; выкарыстоўваюцца пры немагчымасці або немэтазгоднасці ўжывання візуальных І., а таксама для разгрузкі зрокавага ўспрымання назіральніка ці павышэння надзейнасці ўспрымання візуальных сігналаў. Тактыльныя І. ўздзейнічаюць на органы дотыку, выкарыстоўваюцца звычайна разам з візуальнымі і акустычнымі, калі неабходна хуткая рэакцыя назіральніка або калі інш. І. немэтазгодныя (напр., вібрацыйныя прыстасаванні выкліку абанента ў пэйджэрах). Гл. таксама Ізатопныя індыкатары, Індыкатары хімічныя.

Літ.:

Пул Г. Основные методы и системы индикации: Пер. с англ. Л., 1969;

Чачко А.Г. Человек за пультом. М., 1974.

В.​І.​Вараб’ёў.

Да арт. Індыкатар: 1 — прылада сляпой пасадкі, якая стварае эфект прысутнасці; 2 — індыкатар пэйджэра; 3 — адлюстраванне рэхасігналаў ад касяка рыбы і іншых аб’ектаў на экране гідралакатара; 4 — вымяральны індыкатар.

т. 7, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФАРМА́ЦЫІ ТЭО́РЫЯ,

раздзел кібернетыкі, які вывучае працэсы захоўвання, пераўтварэння і перадачы інфармацыі. У І.т. выкарыстоўваюцца метады тэорый імавернасцей, лікаў, графаў, гульняў, матэм. статыстыкі, алгебры. Інтэнсіўнае развіццё абумоўлена патрэбамі сродкаў сувязі, электроннай выліч. і кіравальнай тэхнікі, радыёлакацыі і інш.

Узнікла ў канцы 1940-х г. на аснове прац амер. матэматыка К.​Шэнана; значны ўклад у яе абгрунтаванне зрабілі сав. вучоныя А.​М.​Калмагораў, А.​Я.​Хінчын, А.​А.​Харкевіч. Асн. частка І.т. — агульная тэорыя сувязі, якая распрацоўвае эфектыўныя метады перадачы інфармацыі па лініях сувязі, вывучае праблемы аптымальнага кадзіравання і фільтрацыі інфармацыі, выяўлення і прадказання сігналаў. І.т. зыходзіць з таго, што сігналы (паведамленні) паступаюць ад крыніцы ў выпадковай паслядоўнасці, маюць пэўную імавернасць, а таксама імавернасць таго, што паведамленні могуць скажацца ў час перадачы. У якасці меры такой неазначальнасці прымаецца сярэдняя колькасць двайковых знакаў, неабходная для запісу адвольнага паведамлення дадзенай крыніцы самым эканомным спосабам кадзіравання Гэтая мера не меншая за энтрапію мноства паведамленняў H = i = 1 n pi log2 ( 1 pi ) , дзе n — колькасць паведамленняў, Pi — імавернасць з’яўлення асобнага паведамлення. Колькасць інфармацыі ў паведамленні X адносна паведамлення Y вызначаецца суадносінамі I(X, Y) = H(X) + Y(Y) − H(X, Y), дзе H(X, Y) — энтрапія пары (X, Y). Скорасць V перадачы інфармацыі па канале сувязі не перавышае велічыні, вызначанай з суадносін Hv = C, дзе H — энтрапія крыніцы на сімвал, C — прапускная здольнасць дадзенага канала.

На Беларусі даследаванні па І.т. праводзяцца з 1960-х г. у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Шеннон К Работы по теории информации и кибернетике: Пер. с англ. М., 1963;

Дивногорцев Г.П., Караченцева Н.Я., Яшин В.М. Передача данных в сетях вычислительных центров. Мн., 1971;

Липницкий С.Ф., Ярмош Н.А. Моделирование интеллектуальных процессов в инженерных информационных системах. Мн., 1996.

М.​А.​Ярмаш.

т. 7, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСПА́НА-АМЕРЫКА́НСКАЯ ВАЙНА́ 1898,

вайна паміж Іспаніяй і ЗША за ўплыў на Кубе, Філіпінах і інш. астраўных тэрыторыях. Адбылася ва ўмовах уздыму нац.-вызв. руху на Кубе (з 1895) і Філіпінах (з 1896), аслаблення тут калан. улады Іспаніі і ўзмацнення пазіцый ЗША (кантралявалі тытунёвую прам-сць, вытв-сць і экспарт цукру-сырцу на Кубе, абяцалі падтрымаць кубінскіх і філіпінскіх паўстанцаў у іх барацьбе за незалежнасць ад Іспаніі). Фактычна інспіравана ЗША, якія пасля ўзрыву 15.2.1898 на рэйдзе порта Гавана (Куба) амер. браняносца «Мейн» (загінулі ўсе 260 маракоў) абвінавацілі ў гэтым Іспанію і 25 крас. абвясцілі ёй вайну. У крас.—маі 2 амер. эскадры (17 і 6 караблёў) блакіравалі паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Кубы, дзе знаходзіліся 200 тыс. ісп. вайскоўцаў, 3 ліп. каля порта Сант’яга-дэ-Куба патапілі эскадру, што прыбыла з Іспаніі (7 караблёў). Амер. дэсант (18 тыс. чал.) і кубінскія паўстанцы 16 ліп. занялі Сант’яга-дэ-Куба, у пач. жн. поўнасцю разбілі ісп. войскі на Кубе. У ліп.жн. амерыканцы занялі зах. частку Пуэрта-Рыка. У ходзе баёў на Філіпінах амер. эскадра (6 караблёў) 1 мая знішчыла ў бухце Манілы ісп. флот (10 устарэлых караблёў). Амер. дэсант (15 тыс. чал.) і мясц. паўстанцы пасля аблогі 13 жн. ўзялі г. Маніла. Пазбаўленая флоту і магчымасці падтрымаць свае войскі на Кубе і Філіпінах, 13 жн. Іспанія капітулявала. Паводле Парыжскага міру (падпісаны 10.12.1898, ратыфікаваны 6.2.1899) Іспанія ўступіла ЗША Пуэрта-Рыка, в-аў Гуам і (за 20 млн. дол.) Філіпіны (сталі калоніяй ЗША у выніку амерыкана-філіпінскай вайны 1899—1901). Фармальна атрымаўшы незалежнасць, Куба была акупіравана амер. войскамі і стала пратэктаратам ЗША.

Літ.:

Фонер Ф.С. Испано-кубино-американская война и рождение американского империализма, 1895—1902: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1977.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 7, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)