МІРО́НАЎ (Аляксандр Яўгенавіч) (23.11. 1910, г. Орша Віцебскай вобл. —15.12. 1992),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1978). Скончыў агульнаадук. курсы ў Мінску (1929). Удзельнік экспедыцыі «Чэлюскін» (1933—34). З 1946 у Мінску. Друкаваўся з 1930. Пісаў на рус. мове. Выйшлі зб-кі апавяданняў «Марскія будні» (1932), «Вялікае сэрца» (1939), «Канец легенды» (1948), нарысаў «Залічаны навечна» (1966), аповесці «Мужнасць» (1942), «Крэпасць у ільдах» (1944), «Праз тысячу смерцяў» (1972), дакумент. аповесць «Лядовая Адысея» (1966), аповесць-успаміны «Дзед Маўр» (1979). Аўтар раманаў «Караблі выходзяць у акіян» (1957), «Толькі мора наўкол» (1960). У творах асэнсоўваў тэму подзвігу. Пісаў для дзяцей: «Далёка на поўначы» (1947), «У краіне блакітных прастораў» (1948), «На акіянскіх дарогах» (1952). На рус. мову пераклаў аповесць «Палескія рабінзоны» і раман «Амок» Я.​Маўра, асобныя творы І.​Гурскага, А.​Стаховіча, П.​Кавалёва.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. Мн., 1986;

Бел. пер. — Рэйс «Чэлюскіна». Мн., 1936;

Чукоцкія навелы. Мн., 1936;

Каля сцюдзёнага мора. Мн., 1937;

Гэта твае сябры. Мн., 1953.

У.​А.​Жыжэнка.

т. 10, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)