сямейства насякомых атр. матылёў. Больш за 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, найб. у трапічных і шыракалістых лясах Азіі. На Беларусі 240 відаў, найб. трапляюцца Л. дубовая зялёная (Tortrix viridana), пладажэрка яблыневая (гл.Пладажэркі), парасткаўюны і інш. Многія віды — шкоднікі лесу, саду, с.-г. культур.
Размах крылаў 8—40 мм (звычайна 10—25 мм), пярэднія крылы рознай афарбоўкі, заднія шэрыя або бурыя. Лічынкі (вусені) даўж. да 20 мм, зеленаватыя, карычневыя або жаўтаватыя, жывуць у скручаных лісцях (адсюль назва), праточваюць хады ў каранях, пад карой, у парастках, пладах, суквеццях, шышках, дзе і акукліваюцца.
А.М.Літвінава.
Ліставёрткі: 1 — дубовая зялёная; 2 — парасткаўюн зімуючы (а — самка матыля; б — вусень; в — пашкоджанае лісце, парастак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ННІК (Lunaria),
род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 3 віды. Пашыраны ў Еўропе. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. ажываючы (L. rediviva), занесены ў Чырв. кнігу. Вядомы месцы росту ў Мінскай (Налібоцкая пушча) і Віцебскай абласцях. Расце каля ручаёў і крыніц у густых лісцевых і хвойна-шыракалістых лясах, часам утварае зараснікі. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны Л. аднагадовы (L. annua).
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 120 см. Сцябло прамастойнае. Лісце сэрцападобнае, буйназубчастае. Кветкі ліловыя, пахучыя, сабраныя ў мяцёлкі. Плод — плоскі стручок даўж. да 5 см. Пры выспяванні створкі з насеннем аддзяляюцца, на расліне застаюцца белыя, празрыста-плевачныя з перламутравым адлівам бліскучыя перагародкі. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮЦЭ́РНА (Medicago),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Амерыцы. У культуры каля 8 тыс. гадоў. На Беларусі 3 дзікарослыя віды. Найб. вядомая Л. хмелепадобная (M. lupulina), расце ў пасевах, на схілах, засмечаных мясцінах. У культуры 2 віды Л.: пасяўная, або сіняя (M. sativa), і жоўтая, або серпападобная (M. falcata).
Адна- і шматгадовыя травы, радзей паўкусты і кусты. Сцёблы галінастыя. Каранёвая сістэма стрыжнёвая. даўж. да 5 м і болей. На каранях знаходзяцца клубеньчыкавыя бактэрыі. Лісце трайчастае з прылісткамі. Кветкі ў гронкападобных або галоўчатых суквеццях. Вяночак матыльковы. Плод — струк. Лек., алейныя, сідэральныя і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЯНО́К»,
бел.нар. танец, блізкі да карагода. Муз. памер 2/4 або 4/4, тэмп ад павольнага да ўмерана хуткага. Выконваецца жанчынамі ў суправаджэнні шматлікіх варыянтаў аднайм. песні. Харэаграфічны малюнак і элементы рухаў імітуюць сяўбу, праполку, вырыванне, рассціланне, сушку лёну, выраб пражы, палатна і пашыў вопраткі. У в. Куранец Вілейскага р-на Мінскай вобл. «Л.» выконваюць юнакі і дзяўчаты, якія становяцца ў 2 рады адзін супраць аднаго. Пачынаюць танец дзяўчаты, а хлопцы падпяваюць, потым ролі мяняюцца. Танец зафіксаваны ў 19 ст. ў Віцебскай вобл.Пашыраны па ўсёй Беларусі. Сцэн. варыянт створаны ў пач. 20 ст. К.Алексютовічам. «Л.» выкарыстаны ў балеце «Салавей» М.Крошнера. Падобны танец вядомы таксама ў Цвярской вобл. Расіі, у Эстоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНЕЗІ́Т (ад новалац. magnesia магнезія),
мінерал класа карбанатаў, карбанат магнію MgCO3. Мае ў сабе MgO 47,82%, CO2 52,18%. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі ромбаэдрычныя або няправільна выцягнутыя. Пашыраны фарфорападобныя ад груба- да схаванакрышт. зярністыя масы. Колер белы, жаўтавата-шэры, ружовы. Чыстыя крышталі празрыстыя. Бляск шкляны. Цв. 3,75—4,25. Крохкі. Шчыльн. 2,9—3,1 г/см³. Прамысл. радовішчы звязаны з метамарфізаваным даламітам, трапляецца таксама ў саляносных пародах. Руда для вытв-сці каўстычнай і паленай магнезіі. Таксама М. наз. горная парода, якая складзена поўнасцю з М. Гэта белыя, шэрыя, афарбаваныя арган. рэчывам тонказярністыя, крышт., аднароднай тэкстуры пласты і лінзы. Утвараюць даламітава-магнезітавую фармацыю (напр., рыфей Башкірскага антыклінорыя, г. Сатка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАЦЫ́ (Ceratopogonidae),
сямейства даўгавусых насякомых атр. двухкрылых. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных і тундравых зон. М.-крывасмокі, што жывуць у тайзе, — адзін з кампанентаў гнюсу. Часовыя эктапаразіты і пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (анхацэркозаў, тулярэміі, філярыятозаў, гемаспарыдыёзу, японскага энцэфаліту і інш.). Расліннаедныя М. — апыляльнікі раслін. На Беларусі 28 відаў М.-крывасмокаў з роду Culicoides. Найб. трапляюцца М. аперанакрылы (C. fascipennis), М. звычайны (C. obsoletus), М. пякучы (C. pulicaris). Жывуць у забалочаных мясцінах і вільготных лясах.
Даўж. цела да 4 мм. Крылы плямістыя або бясколерныя. Вочы вял., вусікі 13—14-членікавыя. Ротавыя органы ў выглядзе колючага хабатка. Самцы кормяцца нектарам, самкі найчасцей крывасмокі. Развіццё з поўным ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАРЫ́М (франц. monorime ад мана... + rime рыфма),
верш, радкі якога яднаюцца адной рыфмай — манарыфмай. Пашыраны пераважна ва ўсх. паэзіі. Ва ўсх.-слав. паэзіі найб. вядомы як сатыр, і гумарыст. верш («Чаго баіцца немец?» П.Панчанкі, «Лірычны жарт» С.Ліхадзіеўскага), сустракаецца і як лірычны («Лясок» М.Танка). М. — часам асобная частка буйнога твора, напр., даволі рэдкім відам М. (з рэдыфам) пачынаецца «Паэма мора» А.Вярцінскага:
Што будзем рабіць з табой, мая змора?
Да мора!
Адкуль жураўліная гэта пакора?
Да мора!
Душа захацела марскога прастору...
Да мора!
Лета прайшло, а другое не скора
Да мора!
Сябры і сям’яне, не трэба дакору!
Да мора!
Як быццам там іншыя шчасце і гора...
Да мора!
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ВО́ЖЫКІ (Echinoidea),
клас беспазваночных жывёл тыпу ігласкурых. Вядомы з ардовіку (каля 500 млн. гадоў назад). 2 падкласы, каля 2 тыс. вымерлых і 800 сучасных відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, да глыб. 7 км. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі знойдзены ў верхнемелавых адкладах Брэсцкай і Гомельскай абласцей.
Памеры ад 2 мм да 30 см. Цела ўкрыта радамі шкілетных пласцінак, што ўтвараюць панцыр і нясуць рухомыя іголкі і педыцылярыі (шкілетныя ўтварэнні ў форме шчыпчыкаў, якія выконваюць пераважна абарончую функцыю). Рухаюцца з дапамогай іголак і амбулакральных ножак. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам. Раздзельнаполыя. Развіццё з плаваючай лічынкай; некат, жывародныя. Аб’ект промыслу (ікра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛЯКІ́ (Suillus),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. балетавых. Каля 50 відаў, усе ядомыя. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі 5 відаў М.: балотны (S. flavidus), летні, або зярністы (S. granulatus), лістоўнічны (S. grevillei), позні (S. luteus), шэры (S. aeruginascens). Трапляюцца пераважна ў хваёвых лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца з мая па кастрычнік.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. 5—10 см, гладкая, ліпка-слізкая, белаватая, шараватая, бурая, жоўтая, жоўта-бурая. Ножка суцэльная, цыліндрычная, часта з кольцам. Спараносны слой трубчасты, прырослы. Мякаць тоўстая, мяккая. з прыемным пахам і смакам. Споры эліпса-верацёнападобныя, гладкія, светлыя, жаўтавата-бураватыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАНІ́Н (ад італьян. mezzanino),
надбудова над цэнтр.ч. жылога, звычайна невял., дома. Уключаецца ў агульную кампазіцыю будынка, узбагачае яго сілуэт і стварае верт. акцэнт. На Беларусі вядомы ў грамадз., сядзібнай і палацавай архітэктуры 18—20 ст. У Расіі пашыраны ў 19 ст. ў драўляных, зрэдку у мураваных малапавярховых будынках. У познабарочных пабудовах М. вырашаўся пластычным аб’ёмам, завершаным фігурным франтонам і насычаным арх. дэкорам, звычайна меў выхад на балкон ці тэрасу. У класіцыстычных збудаваннях М. быў кампазіцыйным цэнтрам гал. фасада ў выглядзе порціка або ратонды. Часам дваровая ч. М. выкарыстоўвалася для верхняга асвятлення параднай залы. Спрошчаную трактоўку меў М. у невял. драўляных сядзібных дамах. Выкарыстоўваецца ў сучасным малапавярховым жыллёвым буд-ве.