СВІНАКРО́П,

шпергель (Spergula), род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 6 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных і трапічных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 5 відаў С.: буйны (S. maxima), веснавы (S. vernalis), звычайны (S. vulgaris), ільняны (S. linicola), пасяўны (S. sativa). Трапляюцца ў хваёвых лясах, на ўзлесках, лугах, палях, агародах.

Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 20—30 см. Сцёблы прамастойныя ці прыўзнятыя, галінастыя, як і лісце, залозіста-апушаныя. Лісце ніткападобнае, даўж. да 5 см, у несапраўдных кальчаках. Кветкі правільныя, дробныя, белыя, у паўпарасоніках. Плод — каробачка. Кармавыя расліны, часта пустазелле збожжавых і прапашных культур.

А.​М.​Скуратовіч.

Свінакроп палявы.

т. 14, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)