САРДЭ́ЧНІК (Leonurus),

род кветкавых раслін сям. губакветных (ясноткавых). Каля 15 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 2 віды С.: пяцілопасцевы (L. quinquelobatus) і сардэчны (L. cardiaca). Трапляюцца на пустках, у зарасніках хмызняку, уздоўж дарог.

Шматгадовыя травы выш. 25—120 см. Сцёблы прамастойныя, 4-гранныя, апушаныя. Лісце 3—5-раздзельнае або лопасцевае. Кветкі ружовыя, у несапраўдных кальчаках, сабраныя ў падоўжанае коласападобнае суквецце. Плод — арэшак. С. пяцілопасцевы і сардэчны маюць у сабе сардэчныя гліказіды, сапаніны, эфірны алей, культывуюцца і выкарыстоўваюцца ў афіц. і нар. медыцыне. Меданосныя, фарбавальныя, лек., тэхн. (алей, валокны) расліны, некат. — пустазелле.

А.​М.​Скуратовіч.

Сардэчнік сардэчны.

т. 14, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)