РАЗА́НАЎ Эльдар Аляксандравіч (н. 18.11.1927, г. Самара, Расія),
расійскі кінарэжысёр, кінадраматург, пісьменнік. Нар.арт. Расіі (1974). Нар.арт.СССР (1984). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1950). Першы маст. фільм — «Карнавальная ноч» (1956). Паставіў камедыі (ад лірычных да вострасатырычных): «Дзяўчына без адраса» (1958), «Гусарская балада» (1962, паводле п’есы А.Гладкова «Даўным-даўно»), «Дайце кнігу скаргаў», (1965), «Сцеражыся аўтамабіля» (1966), «Зігзаг удачы» (1969), «Старыя-разбойнікі» (1972), «Незвычайныя прыгоды італьянцаў у Расіі» (1973, з Італіяй), «Іронія лёсу, альбо 3 лёгкай парай!» (1975, Дзярж. прэмія СССР 1977), «Службовы раман» (паводле п’есы Р. і Э.Брагінскага «Калегі», 1977, Дзярж. прэмія Расіі 1979), «Гараж», «Пра беднага гусара закіньце слова» (абодва 1980), «Вакзал для дваіх» (1983), «Жорсткі раманс» (1984, паводле п’есы А.Астроўскага «Беспасажніца»), «Забытая мелодыя для флейты» (1987), «Дарагая Алена Сяргееўна» (1988), «Нябёсы запаветныя» (1991), «Прадказанне» (1993), «Прывітанне, дуралеі» (1996), «Старыя клячы» (1999), «Ціхія віры» (2000) і інш. Аўтар сцэнарыяў, аповесцей, п’ес (пераважна з Брагінскім), мемуараў, кнігі вершаў і навел-успамінаў «Настальгія» (1999). Некат. яго п’есы ставіліся на Беларусі.
Тв.:
Грустное лицо комедии. М. 1977;
Смешные невеселые истории: Комедии для кино и телевидения. М., 1979 (разам з Э.Брагінскім);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖЭ́ВІЧ (Różewicz) Тадэвуш (н. 9.10.1921, г. Радомска, Польшча),
польскі пісьменнік, драматург. Вывучаў гісторыю мастацтваў у Ягелонскім ун-це ў Кракаве (1945—49). Друкуецца з 1938. Аўтар паэт. кніг «Непакой» (1947), «Зялёная ружа» (1961), «Трэцяя асоба» (1968), паэм «Галасы» (1948), «У цэнтры жыцця» (1956), «Ахерон апоўдні» (1968), зб-каў апавяд. «Апала лісце з дрэў» (1955), «Перапынены экзамен» (1960), «Падрыхтоўка да аўтарскага вечара» (1971), аповесцей, у т. л. «Смерць у старых дэкарацыях» (1970), эсэ, нарысаў і інш.Найб. значныя яго п’есы: «Картатэка» (паст. 1960), «Група Лаакаона» (паст. 1962), «Сведкі» (паст. 1964), «Дзеянне, якое перапыняецца» (паст. 1978), «Пастка» (паст. 1984, пра Ф.Кафку). У творах тэмы вайны і фашызму, чалавека і грамадства, мастацтва як носьбіта гуманізму, узаемадачыненняў мастака і ўлады, культуры і цывілізацыі, крызісу духоўнасці. Рэаліст. паэзія адметная свядомым «антыэстэтызмам», празаізацыяй верша, вобразнай прадметнасцю, экспрэсіўнасцю, жывапіснасцю, багаццем сатыр. палітры. Зрабіў вял. ўплыў на польскіх пісьменнікаў т.зв. ўцалелага (ваеннага) пакалення. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклалі М.Танк, В.Дранчук, Ш.Раманчук, Я.Семяжон, апавяданні — Я.Брыль, П.Стафановіч. Дзярж. прэмія Польшчы 1955, 1966.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Ад Буга да Одры: Апавяданні пол. пісьменнікаў. Мн., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙМАНТ (Reymont) Уладзіслаў Станіслаў (7.5.1867, в. Кабеле-Вельке Мазавецкага ваяв., Польшча — 5.12.1925),
польскі пісьменнік. Быў вандроўным акцёрам, чыг. служачым. Жыў у Францыі, Італіі, ЗША. Друкаваўся з 1893. У сац.-псіхал. раманах «Камедыянтка» (1896), «Ферменты» (1897), «Летуценнік» (1910), аповесці «Лілі» (1899) паказаў трагізм паўсядзённага жыцця ў правінцыі. Раман «Зямля запаветная» (т. 1—2, 1899, экранізацыя 1975) пра лёсы людзей у бязлітасным свеце вял. горада 2-й пал. 19 ст.Гіст. трылогія «1794 год» (1913—18) пра нац.-вызв. паўстанне пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. Вяршыня творчасці — эпічны раман «Мужыкі» (т. 1—4, 1904—09, экранізацыя 1973), у якім гісторыя адной сям’і разгортваецца ў панараму жыцця польскай вёскі, суаднесенага з жыццём прыроды. Твор адметны кампазіцыйнай цэласнасцю, сюжэтнай вастрынёй, каларытнасцю персанажаў, жывапіснасцю, сакавітасцю мовы, спалучэннем рэаліст. пісьма з элементамі імпрэсіянізму і натуралізму, выкарыстаннем фальклору. Аўтар зб-каў апавяд. «Сустрэча» (1897), «Перад досвіткам» (1902), «З дзённіка» (1903), «За фронтам» (1919), аповесці «Справядліва» (1899), гатычнага рамана «Вампір» (1911) і інш. Нобелеўская прэмія 1924.
Тв.:
Рус.пер. — Рассказы. М., 1953;
Комедиантка. Брожение. Т. 1—2. Л., 1967;
Мужики. Т. 1—2. М., 1981.
Літ.:
Богомолова Н.А. Владислав Реймонт // История польской литературы. М., 1969. Т. 2;
Rurawski J. Władisław Reymont. Warszawa, 1977;
Lichański S. Władisław Stanisław Reymont. Warszawa, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАГУ́БЫ, Давойна-Салагубы,
шляхецкі род герба «Праўдзіц» у ВКЛ Родапачынальнік Андрэй жыў у 2-й.пал. 15 ст. З 17 ст. ўжывалі прыдомак Давойна, з 18 ст. карысталіся графскім тытулам. Найб. вядомыя:
Юрый Андрэевіч (?—1514), намеснік смаленскі ў 1503—07. Я н Міхал (? —5.5.1748), сын Гераніма, чашнік жамойцкі ў 1713, падкаморы гастынскі ў 1722—24, лоўчы ВКЛ у 1724—31, вял. падскарбі ВКЛ у 1731—46, ваявода брэсцкі з 1746; брыгадзір войска ВКЛ (1724), маршалак Трыбунала ВКЛ у 1729 і 1747, староста рэчыцкі, езярышчанскі, стралецкі і санніцкі. Валодаў Горы-Горкамі, Чарэяй, Туравам. Юзаф Антоній (26.7.1709—81), сын Яна Міхала, кашталян жамойцкі ў 1742—48 і віцебскі ў 1748—52, ваявода віцебскі з 1752; палкоўнік, староста эйшышкскі і санніцкі. Ён і брат тытулаваліся графамі на Ільі, Івянцы, Тураве і Горы-Горках. Антоній (? — вер. 1759), сын Яна Міхала, палкоўнік, генерал артылерыі ВКЛ з 1746; староста езярышчанскі. Ян (? — 1812), сын Антонія, маёр артылерыі, з 1774 генерал-ад’ютант караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. З’ехаў у Расію, палкоўнік рас. арміі, камандзір Славянскага гусарскага палка з 1777, Бел. гусарскага палка з 1779, ген.-маёр (1785); у 1794—98 шлісельбургскі павятовы прадвадзіцель дваранства. Яго нашчадкі (у т. л. ўнук — рус.пісьменнік У.А.Салагуб) атрымалі ў Расіі 11.3.1861 пацвярджэнне традыцыйна ўжыванага графскага тытула.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЫ́ВЕНСАН (Stevenson) Роберт Льюіс Бэлфур (13.11.1850, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 3.12.1894),
англійскі пісьменнік; найбуйнейшы прадстаўнік неарамантызму. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1873). Па адукацыі юрыст. Шмат падарожнічаў па Еўропе і ЗША. Дэбютаваў у 1866 як публіцыст. Сусв. вядомасць прынёс раман «Востраў скарбаў» (1883, неаднаразова экранізаваны). Аўтар прыгодніцкіх раманаў «Выкрадзены» (1886), «Гаспадар Балантрэ» (1889), «Пацярпелыя караблекрушэнне» (1892), «Катрыёна» (1893), у якіх тагачаснай цывілізацыі, расізму і каланіялізму проціпастаўляў веру ў людзей, іх высокую духоўнасць. У гіст. раманах «Прынц Ота» (1885), «Чорная страла» (1888), «Сент-Іў» (апубл. 1897, незавершаны) рамантыка прыгод спалучаецца з дакладным апісаннем экзотыкі і гіст. каларытам. Тэма «двойніцтва» ў філас.-псіхал. рамане «Дзіўная гісторыя д-ра Джэкіля і м-ра Хайда» (1886). Аўтар шматлікіх апавяданняў, нарысаў, п’ес, літ.-крытычных прац. На бел. мову асобныя творы С. пераклалі А.Асташонак, В.Гардзей, Я.Семяжон.
Тв.:
Бел.пер. — Востраў скарбаў. Мн., 1993;
Чорная страла: Аповесць з часоў вайны Пунсовай і Белай ружы. Мн., 1999;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—5. М., 1993;
Избр. произв.Т. 1—3. М., 1992.
Літ.:
Дьяконова Н.Я. Стивенсон и английская литература XIX в. Л., 1984;
Олдингтон Р. Стивенсон: Портрет бунтаря: Пер. с англ.М., 1985;
Роберт Луи Стивенсон: Биобиблиогр. указ. М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯНКО́ЎСКІ Восіп (Юльян) Іванавіч (літ.псеўд.Барон Брамбеус; 31.3.1800, маёнтак Антокаль, каля Вільні — 16.3.1858),
расійскі вучоны-ўсходазнавец, дыпламат, журналіст і пісьменнік, адзін з заснавальнікаў жанру навук.-фантаст. аповесці ў рас. л-ры. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1828). Скончыў Мінскую гімназію, Віленскі ун-т (1819) і ў складзе рас. місіі накіраваны ў Канстанцінопаль (Стамбул). Да 1821 падарожнічаў па Пярэдняй Азіі і Паўн.-Усх. Афрыцы. Авалодаў усімі мовамі араб. Усходу, асн. еўрапейскімі, кіт., тыбецкай, маньчжурскай і мангольскай. У 1822—47 праф. заснаванай ім кафедры ўсх. моў і арабістыкі Пецярбургскага ун-та (першы рас. прафесар-арабіст); адзін з заснавальнікаў рас.ўсходазнаўства. Заснавальнік і рэд. (1834—47, намінальна да 1856) час. «Библиотека для чтения», з 1840 рэд.час. «Сын Отечества». Супрацоўнічаў з час. «Северный архив», «Северная пчела» і інш. Падтрымліваў дзелавыя сувязі з М.І.Грэчам, Ф.В.Булгарыным, сяброўскія — з А.С.Пушкіным і А.Міцкевічам. Даследаваў гісторыю стараж. Усходу, у т. л. даісламскай Аравіі, вывучаў араб., перс., тур. філалогію; перакладаў на рус. мову і выдаваў творы класічнай араб. л-ры. Аўтар апісанняў сучасных яму краін Усходу, «усходніх», быт.навук.-філас. аповесцей.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. СПб., 1858—59;
Сочинения Барона Брамбеуса. М., 1989.
Літ.:
Каверин В.А. Барон Брамбеус: История О.Сенковского... М., 1966;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТКАЧО́НАК Аляксандр Леанідавіч (н. 20.11.1950, г. Чашнікі Віцебскай вобл.),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1998). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). З 1975 акцёр Нац.акад.драм.т-ра імя М.Горкага. Мастацтва Т. вызначаецца арганічнасцю, псіхал. глыбінёй, пластычнай выразнасцю, дакладнасцю знешняга малюнка ролі, разнастайнасцю моўных характарыстык. Сярод роляў: Лешч, поп Паўлін, Акцёр, Якаў Багалюбаў («Апошнія», «Ягор Булычоў і іншыя», «На дне», «Букееў і кампанія» М.Горкага), Лапахін («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Компас («Дзялок» А.Талстога), Мальер («Мальер» М.Булгакава), Фарацьеў («Фантазіі Фарацьева» А.Сакаловай), Падсякальнікаў («Тэрмінова патрабуецца... «самазабойца» М.Эрдмана), Мечыслаў Вальпура («Вар’ят і манахіня» С.Віткевіча), Освальд («Здані» Г.Ібсена), Жэронт («Адзіны наследнік» Ж.Ф.Рэньяра), Пічэм («Трохграшовая опера» Б.Брэхта), Пісьменнік («Хто там?» Ж.Рабера), Саймон («Цяжкія людзі, ці Жаніх з Іерусаліма» І.Бар-Іосіфа) і інш. Шлях спасціжэння героем чалавечай годнасці, нязломную сілу духу простага селяніна выявіў у вобразе Петрака ў спектаклі «Знак бяды» паводле В.Быкава (Дзярж. прэмія Беларусі 1986). Як рэжысёр паставіў спектакль «Шум за сцэнай» («Тэатр») М.Фрэйна (1989). Здымаецца ў кіно («Раскіданае гняздо», «Жыў-быў доктар», «Міхайла Ламаносаў») і тэлевіз. пастаноўках («Шчаслівы» паводле К.Рапапорта і М.Маклярскага, «Тэатр купца Япішкіна» Е.Міровіча, «Федра» Ж.Расіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУМАНЯ́Н Аванес Тадэвосавіч (19.2.1869, с. Дсех, Арменія — 23.3.1923),
армянскі пісьменнік. Скончыў гімназію Нерсісян у Тыфлісе (1887). У 1887—93 працаваў у арм. духоўнай кансісторыі ў Тыфлісе, у арм. выдавецкім т-ве. Друкаваўся з 1887. Выдаў зб-кі «Вершы» (т. 1—2, 1890—92 і 1903), «Гармонія» (1893, 1896), «Ручай» (1901). Прастата і лаканізм — асаблівасць твораў Т. У паэмах «Ларэці Сако» (1890), «Ануш» і «Маро» (абедзве 1892), «Старая вайна», (часткова апубл. ў 1907 і 1915), адлюстраваў побыт і звычаі народа, яго традыцыі. У паэме «У бясконцасць» (1903) філас. роздум пра таямніцы жыцця і смерці, узаемаадносіны чалавека і сусвету. Паэма «Давід Сасунскі» (1903) — найлепшая апрацоўка нар. эпасу ў арм. л-ры. На аснове арм. і ўсх. эпасу стварыў шмат балад, легенд і казак («Ахтамар», 1892; «Парвана», 1903; «Храбры Назар», 1912; «Галубіны скіт», 1913). Аўтар паэмы «Паэт і Муза» (1901). Пісаў для дзяцей. На бел. мову асобныя творы пераклалі М.Аўрамчык, П.Броўка, Р.Барадулін, А.Звонак, М.Калачынскі, Е.Лось, Я.Сіпакоў і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Казкі і легенды. Мн., 1958;
Лірыка.Мн., 1969;
У кн.: Зоры Севана. Мн., 1987;
Рус.пер. — Стихотворения и поэмы. Л., 1969;
Избр. проза. Ереван, 1977.
Літ.:
Джрбашян Э.М. Поэзия Туманяна: Пер. с арм.М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫЧЫ́НА Міхась (Міхаіл Аляксандравіч; н. 10.2.1943, пас. Ленінскі Алданскага р-на, Якуція),
бел. літаратуразнавец, крытык, пісьменнік. Д-рфілал.н. (2001). Скончыў Брэсцкі пед.ін-т (1964). Настаўнічаў. З 1970 у Ін-це л-ры імя Я.Купалы Нац.АН Беларусі (з 1995 заг. аддзела). Друкуецца з 1963 (вершы), як крытык і літ.-знавец з 1970. Даследуе праблемы маст. мыслення, творчай індывідуальнасці, нац. характару, традыцый і наватарства, ролю фальклору ў абнаўленні сучаснай бел. л-ры: кн. «Кузьма Чорны: Эвалюцыя мастацкага мыслення» (1973), «Магчымасці рэалізму: Прычыннасць і гістарызм» (з В.Жураўлёвым, 1982), «Карані і крона: фальклор і нацыянальная спецыфіка літаратуры» (1991), зб-кі крытычных артыкулаў «Змена квадры» (1983), «Час прозы» (1988) і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (на рус. мове, 1977), «Гісторыі беларускай літаратуры. XX ст.» т. 1—4, 1999—2002) і інш. Прозе Т. (кн. «Дажынкі», 1979) уласцівы аўтабіяграфічнасць, тонкі псіхалагізм, глыбокі лірызм, гумар. Аўтар аповесці пра К.Чорнага «Вяртанне» (1984). Перакладае з рус. і бел. моў.
Тв.:
Народ и война: Нац. характер как объект изображения: Опыт ист.-типол. анализа бел. воен. прозы. Мн., 1985;
Аляксандр Пушкін і Якуб Колас. Мн., 1999;
Карані і крона: Фальклор і літаратура. 2 выд.Мн.,2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УО́РЭН (Warren) Роберт Пэн (24.4.1905, Гатры, штат Кентукі, ЗША — 15.9.1989),
амерыканскі пісьменнік; прадстаўнік т.зв. паўд. школы амер. рамана. Скончыў ун-т у Вандэрбілце (1925), вучыўся ў Каліфарнійскім, Іельскім і Оксфардскім ун-тах. У 1934—73 выкладаў у Луізіянскім, Мінесоцкім, Іельскім ун-тах; адначасова ў 1935—42 працаваў у друку. Літ. дзейнасць пачаў як паэт і крытык, быў цесна звязаны з групай «новай крытыкі», якая асаблівую ўвагу аддавала аналізу стылю твора. Асн. тэма твораў — феномен амер. Поўдня. У раманах «Начны вершнік» (1939), «Перад брамай раю» (1943), «Хопіць часу і месца» (1951), «Пячора» (1959), «Патоп» (1964), «Прыйдзі ў зялёную даліну» (1971), «Прыстанішча» (1977) і інш. праблемы існавання чалавека ў святле цывілізацыйных працэсаў, заняпаду адвечных духоўных каштоўнасцей, мінуўшчыны і сучаснасці, расізму, карупцыі ў амер. грамадстве. Сусв. вядомасць прынёс раман «Уся каралеўская раць» (1946; экранізаваны ў 1949) пра палітыка-дэмагога. Аўтар паэт. зб-каў «36 паэм» (1935), «Абяцанні» (1957), «Быць на зямлі: Вершы 1977—1980 гг.» (1980) і інш., эсэ, шматлікіх літ. даследаванняў. Яго творы насычаны сімваламі, алегорыямі, алюзіямі, адметныя спалучэннем філасафічнасці з лірызмам.
Тв.:
Рус.пер. — Вся королевская рать: Роман;
Избр. стихотворения. М., 1982;
Потоп. М., 1994.
Літ.:
Мендельсон М.О. Современный американский роман. М., 1964;
Мулярчик А.С. Спор идет о человеке: О литературе США 2-й пол. XX в. М., 1985.