распалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., каго-што.
1. Прымусіць гарэць агнём, падпаліць (дровы і пад.). Каваля ў кузні сапраўды ўжо не было. Рыгор сам распаліў вугаль. Капусцін. // Раскласці, развесці агонь дзе‑н., у чым‑н. Распаліць печ. Распаліць горан. □ Пасля вячэры распалілі касцёр, паселі кружком пад соснамі. Навуменка. Іван Сяргеевіч прыпомніў, што ў кедрачы, каля сухастояў, ляжала сухое галлё. Пайшоў туды і распаліў агонь. Мяжэвіч.
2. Моцна нагрэць агнём, жарам. — Калі чыгун распаліць, а потым у халодную ваду кінуць — трэсне. Асіпенка.
3. перан. Узмацніць якое‑н. пачуццё, жаданне і пад.; давесці да высокай ступені развіцця. Распаліць цікавасць. Распаліць спрэчкі. □ Відаць .. [немцы] распалілі апетыт іншым, бо неўзабаве прыняліся за яду амаль усе. Шамякін. // Прывесці ў стан узрушэння; запаліць якім‑н. жаданнем. Бацьку гэтыя падказкі [ратнікаў] толькі яшчэ больш, распалілі. Ён хапіўся за Лаўрэнаву стрэльбу, сарваў яе з пляча. Якімовіч.
4. перан. Развязаць, распачаць (барацьбу, вайну). Пра мірныя годы гавару і пра тых, Хто распаліць на прасторах хоча пажары вайны. Смагаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расшчапі́ць, ‑шчаплю, ‑шчэпіш, ‑шчэпіць; зак., што.
1. Раскалоць, раздзяліць на часткі. Расшчапіць палена. □ Вострым канцом дроту Толіку нарэшце ўдалося расшчапіць драўляны круглячок, якім была заткнута гільза, на дробныя кавалкі і павыцягваць іх па аднаму. Зуб. Другі снарад расшчапіў сасну, на якой сядзеў жвавы канаплянік. Чыгрынаў. // Моцным ударам разбіць, раздрабіць. Калі дзед Талаш пачынаў прыпамінаць, як абышліся з ім жаўнеры, то злосць з новаю сілаю агортвала яго, і тады ён шкадаваў, чаму не расшчапіў галоў гэтым грабежнікам. Колас.
2. Перастаць сціскаць; разняць, раз’яднаць. Расшчапіць зубы. Расшчапіць рукі. □ Аксеня ўжо адсунулася ад замка і апусціла рукі. А потым працягнула адну з іх у бок Гаўруся і расшчапіла кулак. Ключ упаў на зямлю. Брыль. — Т-так... — пачаў .. [Алёша] аглядаць шэрага птаха. Паглядзеў пад крылы, расшчапіў чырвоную дзюбку і доўга глядзеў у рот. Нядзведскі.
3. Спец. Раздрабіць, прымусіць распасціся на часткі. Расшчапіць валокны.
4. Спец. Раскласці на часткі пры дапамозе хімічнай рэакцыі. Расшчапіць эфір.
5. Спец. Фізічным уздзеяннем прымусіць распасціся (атам). Расшчапіць атам у рану.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сачы́цца, сочыцца; незак.
1. Цячы, выцякаць па кроплі або тонкім струменем (пра вадкасць). З раны на галаве нават і цяпер яшчэ сачылася сукравіца. Машара. У двух ці трох месцах на.. [дарозе] накіданы часткі, пад кожным сачылася ручаінка. Пестрак. // чым і без дап. Выдзяляць з сябе па кроплі струменьчыкам якую‑н. вадкасць. Можна было яшчэ адпачываць, бо нават рана яшчэ сачылася на назе гноем. Ермаловіч. Спачатку выпусцілі свае коцікі вербы. Потым, перад вялікаднем, пачалі сачыцца празрыстым сокам пні ссечаных бяроз. Караткевіч. // перан. Выяўляцца ў чым‑н. (пра пачуцці і пад.). Глядзіць і цешыцца з малога [маці] Ды з ласкай туліць да грудзей. Ну, дзе знайсці сынка такога? І радасць сочыцца з вачэй. Колас.
2. Пранікаць, прасочвацца ўнутр (пра вадкасць). У чаравікі сочыцца вада. Даўно сапрэлі мокрыя анучкі. Чарняўскі. // перан. Пранікаць куды‑н., праз што‑н. (пра святло, гукі і пад.). У сутарэнне праз аддушыны сачылася крышачку святло і паветра. Баранавых. Праз патрэсканую драніцу ў хлеў на сена сочыцца белы месяц. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смаляны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да смалы (у 1 знач.), уласцівы ёй. Сасонкі ў заводскім парку выпусцілі бледна-зялёныя кволенькія іголачкі, напаілі паветра стойкім смаляным водарам. Шыцік. Хата — гэта ён вельмі сціпла назваў вялізную, з белымі разбянымі аканіцамі хароміну, з жоўтых сцен якой сачыліся смаляныя кроплі. Радкевіч. // Насычаны пахам смалы. Смаляное паветра. // Які мае адносіны да здабычы і апрацоўкі смалы. Смаляны промысел. Смаляны завод. // Які атрымліваюць з смалы або прадуктаў яе перапрацоўкі. Смаляная кіслата.
2. Які мае ў сабе многа смалы; смалісты. Смаляное дрэва. □ І там, дзе пелі пушчы баравыя, Корч смаляны хаціны асвятляў, Гараць агні гігантаў індустрыі, Шуміць калоссем плённая зямля. Звонак. У печы, відаць, гарэла ўжо не салома, а дровы — смаляныя трэскі і аскалёпкі. Пташнікаў.
3. Апрацаваны смалой (у 2 знач.); прасмолены. Смаляныя шпалы. □ Кончыўся прыгарад, потым была рэчка, на яе пясчаныя беразе ляжалі, як вялікія рыбіны, чаўны і грэлі на сонцы свае смаляныя бакі. Гаўрылкін.
4. Чорны і бліскучы (пра валасы). Віка.. гладзіла яго [Лаўрэна] шорсткія смаляныя валасы. Вітка.
•••
Смаляная падманка гл. падманка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смяро́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Вынікам якога з’яўляецца смерць, які прыводзіць да смерці. Смяротная доза яду. Смяротная хвароба. // Які служыць прыкметай памірання, звязаны са смерцю. Таптаў [Казімір] люта, злосна, наколькі хапала сілы, а потым, схапіўшыся за сэрца, у смяротнай бледнасці апусціўся на падлогу. Пестрак.
2. Тое, што і смертны (у 2 знач.). — Бедны я чалавек. Хто пазбавіць мяне майго смяротнага цела? — спытаў .. [прэсвітэр] так шчыра, што Каця паверыла яму. Гаўрылкін.
3. Тое, што і смертны (у 3 знач.). Смяротная небяспека. Смяротны прыгавор. □ Не знала яна [любая], што з-пад Любеч Ужо не напішаш ты ёй. Што ты са смяротнаю ранай Ідзеш у бяссмерце, баец. Прыходзька. Паэт [М. Танк] заклікаў народ да смяротнага змагання з ворагам, вудзіў у народзе палымяную нянавісць да фашысцкіх захопнікаў. Клімковіч.
4. перан. Крайні ў сваім праяўленні; вельмі моцны, люты, бязлітасны. Смяротны жах. Смяротны вораг. □ Смяротная стома скавала цела... Мележ. [Базыль:] — Няхай жыве наш дух здаровы, Далоў, смяротная нуда! А. Александровіч.
•••
Смяротная гадзіна гл. гадзіна.
Смяротны грэх — тое, што і смяртэльны грэх (гл. грэх).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
убра́нне, ‑я, н.
1. Адзенне, убор; строі. Васіль .. стаў перад Аўгіняй, каб паказацца ёй у гэтым шыкарным убранні. Колас. Вось і шыльда майстэрні .. Побач — невялікая люстраная вітрына, поўная ўзораў жаночага ўбрання. Машара. // Спецыяльнае адзенне, убор. — Я ўжо не ў арміі, — дадаў .. [Андрыян], заўважыўшы, што бабуля пазірае на яго вайсковае ўбранне. Марціновіч. [Даўгулевіч:] — Потым я пачуў нечыя крокі і ўбачыў жаночую постаць у падвянечным убранні. Гурскі. // Пра тое, што ўпрыгожвае сабою што‑н. (пра снег, лісце і пад.). Прыгадаўся адзін залаты ў асеннім убранні дзень. Асіпенка. І тут зусім нечакана паваліў снег. Ціхі такі, спорны. Неўзабаве ўся зямля была ў белым убранні. Ігнаценка. Парк заціхаў, убранне яго жоўкла, асыпалася. Ракітны.
2. Аддзелка, абсталяванне памяшкання. — Усё сам парабіў, — зазначыў Хмялеўскі, заўважыўшы, што Андрэй з цікавасцю аглядае ўбранне яго хаты. Чарнышэвіч. // Убор, аздабленне чаго‑н. Будаўнікі здымалі рыштаванні з гатовых дамоў, і горад прыгажэў на вачах, апранаючыся ў святочнае ўбранне — транспаранты, плакаты, лозунгі, сцягі... Карпаў. Бацька прынёс зялёную густую елачку, і Тоня па вечарах пасля ўрокаў рыхтуе для яе ўбранне. Ус.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узбі́ць, узаб’ю, узаб’еш, узаб’е; узаб’ём, узаб’яце; заг. узбі; зак., што.
1. Набіць што‑н. на паверхню чаго‑н.; пасадзіць, накалоць на што‑н. вострае. Узбіць абруч на бочку. Узбіць вілкі на вожаг. □ Таня выпіла разам з усімі, сціпла выцерла губы кончыкам хусткі, а потым узбіла на відэлец кавалак селядца і скрылёк цыбулі і .. пачала есці. Новікаў.
2. Разм. Надзець, насунуць на што‑н. зверху. Узбіць акуляры на нос. Узбіць шапку на патыліцу.
3. Разм. З цяжкасцю надзець што‑н. вузкае, цеснае. Ледзь узбіў паліто на плечы.
4. Ударамі ўзрыхліць, зрабіць больш мяккім, пышным. Узбіць зямлю капытамі. Узбіць падушкі. Узбіць прычоску. □ Селянін рухава патрусіў да сваіх саней, узбіў салому, паклаў чамаданы. Колас. Цвёрды грунт узбілі ломам. Кляўко. // Ударамі ўзняць у паветра. Неўзабаве першыя халодныя кроплі дажджу цяжка ўпалі на зямлю і ўзбілі на дарозе пыл. Дайліда. // Успеніць што‑н. Узбіць мыльную пену.
5. Разм. Разбіць яйцо на скавараду, патэльню.
6. Разм. Паставіць, палажыць, павесіць што‑н. на вельмі высокае, нязручнае месца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уні́з, прысл.
1. У напрамку да нізу, да чаго‑н., што знаходзіцца ў ніжняй частцы, у глыбіні чаго‑н.; проціл. уверх. І балота здалося б нейкім незнаёмым, не сваім, каб наперадзе не адкрывалася вачам высокая града, з якой збягалі ўніз канцавыя хаты Гусараўкі. Ракітны. Леў Раманавіч, чапляючыся за кусты, пачаў спускацца ўніз. Асіпенка. Жанчына падышла к ганку, ступіла на аполачак, пакладзены сукамі ўніз. Кулакоўскі. З пагорка ўніз, у бок даліны, Збягае сцежка між кустоў. Колас. / у перан. ужыв. [Жэня:] Мы коцімся, коцімся ўніз. Дакаціліся ўжо да таго, што жонка друга не верыць нам. Брыль.
2. У напрамку да вусця ракі. Праплываюць белыя пялёсткі [чаромхі], якія ападаюць дзесьці ў вярхоўі ракі. Некаторыя з іх заплываюць у маю завоінку, павольна круцяцца вакол паплаўкоў, потым трапляюць на струмень і таропка ўносяцца плынню ўніз. Ігнаценка. / З прыназ. «па» ўтварае спалучэнне з М. Уніз па Дняпры перапраўляліся войскі польска-літоўскага гетмана Радзівіла. «Маладосць».
•••
Зверху ўніз глядзець (пазіраць) на каго гл. глядзець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
урэ́шце, прысл.
1. Пасля ўсяго, напаследак; нарэшце. Хлопчыкі гаварылі яшчэ доўга, дамаўляючыся, як і што яны будуць рабіць у горадзе, якім чынам будуць шукаць прафесара і як потым яго павязуць. Урэшце яны вырашылі чакаць раніцы, каб на світанні зноў рушыць у дарогу. Сіняўскі. Тым часам гульня працягвалася, і мы з Вандай урэшце адолелі сваіх праціўнікаў. Марціновіч. Апынуўшыся тут,.. [Міколка] не мог уцярпець, каб не паглядзець, а чым жа ўрэшце скончыцца ўся пакгаузная справа. Лынькоў.
2. у знач. далучальнага злучн. (часта ў спалучэнні са злучнікам «і»). Ужываецца для далучэння асобнага слова або цэлага сказа. Агонь усё слабеў... урэшце знік паволі... Багдановіч.
3. у знач. пабочн. Паказвае на завяршэнне працэсу, дзеяння, з’явы. Хвілін праз колькі, відаць, скончыўшы,.. [дзяўчына], урэшце, адарвала ад кнігі чырвоныя ад слёз вочы. Шамякін.
4. у знач. пабочн. Паказвае, што мера цярпення, чакання і пад. скончылася, або падкрэслівае што‑н. [Карзюк:] — Калі ж, урэшце, можна будзе з ёю [Марысяй] пагаварыць?! Баранавых. [Лёдзя:] — А ўрэшце, з кім хачу, з тым і гуляю. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
утвары́ць, утвару, утворыш, утворыць; зак., што.
1. Надаўшы адпаведную форму, будову, выгляд, стварыць што‑н. Утварыць прамы вугал. □ Кусты спляліся і ўтварылі жывую вечназялёную агароджу, за якой стаялі вялікія дрэвы і маленькія блакітныя домікі атэля. Шамякін. Прарваўшы фронт, легіянеры абышлі Вільню і ўтварылі вакол горада агнявую падкову. Мехаў. // Выклікаць з’яўленне, узнікненне чаго‑н. На паверхні скалы вада ў гарачай крыніцы ўтварыла паглыбленне, якое мае форму.. сапраўднага катла. Матрунёнак.
2. Заснаваць, сфарміраваць што‑н.; арганізаваць. Пасля перамогі Кастрычніка працоўныя розных нацый нашай краіны ўтварылі ваенна-палітычны саюз, які адыграў велізарную ролю ў разгроме ворагаў Савецкай рэспублікі. «Звязда». У другой палавіне зімы настаўнік аддзяліў лепшую групу вучняў і ўтварыў чацвёрты клас. Кулакоўскі. З-пад ярма краіну Вызваліў маю І з рэспублік вольных Утварыў [Ленін] Саюз. Глебка.
3. Разм. Зрабіць што‑н. нечаканае, непажаданае; напракудзіць. [Кулік:] — Звальняць не будзем — будзем судзіць. Так-так, судзіць, калі хоць яшчэ што такое ўтворыш. Кірэйчык. Маці магла такое ўтварыць, што потым на вуліцу не пакажашся. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)