спра́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае пашкоджанняў, прыгодны для выкарыстання. [Перагуд:] Праверыць гранаты, каб былі спраўныя. Крапіва. Машын тут некалькі, усе грузавыя, з магутнымі маторамі і не зусім спраўнымі глушыцелямі. Кулакоўскі. Нэля падняла ўгору сцяжок, даючы знаць машыністу, што пуць спраўны. Васілёнак.

2. Які знаходзіцца ў добрым стане; добры. — І як яму ўдаецца трымаць такую спраўную гаспадарку? — не пакідала.. [Петруся] думка. Якімовіч. [Траншэя] была глыбокая, спраўная, зробленая з нямецкай акуратнасцю. Марціновіч. / Пра скаціну. Хто мае такога спраўнага каня і выязную жарабку ў дадатак, як.. [Бабейка]? Хадкевіч. // Заможны. Гаспадаром станавіўся [Васіль], не абы-якім, спраўным; зямлі пабольшала, пабольшала ў гумне і ў клеці. Мележ.

3. Старанны, добрасумленны. Спраўны вучань. □ Баранавых аказаўся вельмі рупным і спраўным работнікам. Хведаровіч.

4. Удалы, прыгожы, здаровы (пра чалавека). Нядаўна быў завітаў [Міша] ў госці, дык такі кавалер вырас, такім спраўным стаў — паглядзець ды падзівіцца толькі. Кірэйчык. [Алаіза:] — Думаю, што ў такіх спраўных дзяўчат, як вы, кавалераў хапае. Арабей. Я паварочваюся да свайго суседа, спраўнага ружовага дзядка: ён з усяе сілы ўпяўся, каб стрымаць людзей, што наваліліся яму на плечы. Палтаран. Спраўны ён, Мацей, хлопец, павінен я сказаць. Ды і не толькі ён — у Якуба ўсе дзеці галавастыя. Савіцкі. // Які характэрны для такіх людзей. [Петрык] хуценька садзіцца за тэлеграфны апарат і пачынае перабіраць у спраўных руках стужку. Шынклер. [Жанчына:] — Але такую справу адкладваць няможна! — І яна спакойна, спраўным крокам зноў пайшла да салдата. Мікуліч. // Спрытны, абаротлівы, энергічны. Дзед Банэдык аказаўся вельмі спраўным хаўруснікам. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тамі́цца, тамлюся, томішся, томіцца; незак.

1. Заморвацца, прыставаць ад цяжкай, непасільнай працы. Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, а нібы адпачывала ад ранейшае зморы. Зарэцкі. Бацька з маткай на рабоце не томяцца, калі з дзетак сваіх цешацца. Прыказка. / Пра рукі, ногі і інш. Пэўны час Максім глядзіць у акно, але томяцца вочы, і ён пачынае пазіраць на пасажыраў. Мікуліч.

2. Мучыцца, пакутаваць, будучы пазбаўленым свабоды. Таміцца ў турме. □ Вякамі таміліся народы Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі пад панскім гнётам. Купала. Пры мястэчку па-над Сожам У фашысцкім гарнізоне За калючай агароджай Люд таміўся ў палоне. Кірэенка. // Тужыць, перажываць, клапоцячыся аб кім‑, чым‑н. І з таго часу ад Настулі І з дому вестак не было — І ўсё там здарыцца магло, і ён [Дзяжа] за іх таміцца мусіў. Колас. Ці ж ёй [Ганне] так і марнець адной, таміцца невядомасцю, гадаць па зорках, што там з Васілём? Мележ. // Знемагаць. Там, ля камбайна, прымасцілася з восем старых жанчын. Зыркае ранішняе сонца сляпіла ім вочы, і яны таміліся ў чаканні. Хадановіч. / Пра прыроду. Усё тамілася і млела ў гэтай ласкавай веснавой цеплыні. Лобан. Гарачы поўдзень таміўся ў цішы сцен фермы. Ракітны. Зямля тамілася, а ноч над ёй спявала. Панчанка.

3. Спец. Вытрымлівацца пры пэўных умовах для набыцця неабходных якасцей. На доле ў кучы тамілася сырая гліна. Скрыган.

4. Зал. да таміць (у 3, 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́зацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Рабіць хуткія, рэзкія рухі, рыўкі. Метрах у шасцідзесяці ад берага бездапаможна тузаўся чалавек. Лынькоў. Воўка тузаецца, заходзіцца ровам і наровіць вылузацца з няньчыных рук. Васілевіч. Цяпер жа, змораны, .. [конь] часта кволіўся, збіваўся са свае сцежкі, тузаўся ў аглоблях. Якімовіч. // Рабіць сутаргавыя рухі; уздрыгваць. Кулі бзыкалі блізка ад Толевых гарачых шчок, галава, здаецца, сама тузалася ў бакі, а Толя саскочыў з Сівага, дапамог Максіму. Брыль.

2. Разм. Мучыцца, робячы што‑н. Не адзінокі хлебароб тузаецца на .. [калгасных палях] з худым конікам, не адзінокая жняя-гаротніца выжынае сваю вузкую палоску. Працу вядзе грамада. Хадкевіч. // з кім-чым. Шмат, доўга займацца кім‑, чым‑н. Поўненькая дзяўчынка з вялікімі светлымі вачыма, вельмі падобная на бацьку, тузалася з ужо абдзёртай і раздзёртай сілявінай, ніяк не могучы выцягнуць яе з вочка сеткі. Брыль. // Імкнуцца, спрабаваць што‑н. рабіць. — У [Сашы] маці і дома ўсё дагледзець, і тут яшчэ паможа, і малыя, як мурашкі, тузаюцца ўжо нешта рабіць. Васілевіч.

3. Разм. Штурхаць адзін аднаго, біцца, змагацца. Учапіўшыся адзін аднаму ў валасы, .. [хлапчукі] тузаліся, падалі і зноў, як пеўні, браліся за чубы. Ваданосаў. Каля Васі, лаючыся, хрыпелі і тузаліся дзве постаці. Мележ. // Мерацца сілай, дужацца. Барцы тузаліся ўжо ля дзвярэй, зачапілі нагамі рагачы ў прыпечным закутку, і яны з глухім лязгатам пасыпаліся долу. Б. Стральцоў. // Важдацца з кім‑н. Жартаваў з ёю, тузаўся, пакуль .. [Агата], чуючы, што траціць волю сваю перад ім, не прагнала .. [Асташонка]. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

турну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Разм.

1. Прагнаць адкуль‑н. або куды‑н. Стары ўгледзеў, што хлопец па вушы мокры, і, не пытаючыся і не дапытваючыся, што з ім сталася, турнуў яго ў хату. Сабаленка. Калі гітлераўцаў турнулі адсюль, млынар недзе быў знік, а цяпер вось зноў выплыў. Мележ. [Крылоў:] — Прагналі цара — добра. Але гэта паўсправы. Наша рэвалюцыя яшчэ наперадзе. Ёй Касоўскі не ўзрадуецца, бо мы турнём і радзянак, і мілюковых, і паскевічаў, і ўсіх крывасмокаў, а разам з імі і халуёў іх — касоўскіх. Шамякін. // Звольніць з пасады. — Калі верыць розным чуткам, то цябе, Мікалай, даўно трэба было турнуць з твае работы і аддаць пад суд за розныя вымаганні і пагрозы, — спакойна адказаў дзед Піліп. Ваданосаў. [Ганна:] [Старшыня] спачатку разгубіўся, а пасля так турнуў мяне з брыгадзірства, што і сёння апамятацца не магу. Губарэвіч.

2. Піхнуць, штурхнуць каго‑н. Тады, нават не заўважыў я, хто, — вырвалі ў мяне туза з рук, зграблі мяне ў ахапак ды як турнулі з гарышча па драбіне далоў, ледзьве я галаву не скруціў. Дубоўка. Купрыян хацеў ушчарэпіцца бацюшку ў валасы, але быў да таго п’яны, што жонка як турнула рукою, то ён задраў ногі тройчы і перакуліўся. Чарот. / у перан. ужыв. Патрашчыць ён [агонь] там, патрашчыць, набіраючыся сілы ды ад злосці пыхкаючы дымам, а тады як турне гэты дым у неба і сам за ім. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

угада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што. Вызначыць, выявіць што‑н. па якіх‑н. нязначных прыкметах; здагадацца аб чым‑н. Тым часам падышоў і брыгадзір. Міхась нясмела зірнуў на яго, стараючыся ўгадаць яго настрой. Якімовіч. Свідраль непрыкметна сачыў за выразам твару Пазняка, жадаючы ўгадаць, з добрым ці благім намерам завітаў ён у позні час пры такім няважным надвор’і. Дуброўскі. Па пытаннях, якія гадаваў Кавалеўскі, па тым, чым цікавіўся, неўзабаве можна было ўгадаць і кірунак, у якім ішлі яго думкі. Карпаў. // Прадугледзець, прадбачыць што‑н. — Трэба дбаць не пра аднаго, а пра сотні чалавек, ды ўсё абдумаць, угадаць. Мележ.

2. каго-што. Раскрыць, распазнаць сэнс, сутнасць каго‑, чаго‑н. Вядомы акцёр і рэжысёр, Галубок прафесійным чуццём угадаў у Міхасю драматурга. Рамановіч.

3. каго-што. Разм. Пазнаць у чым‑н. знаёмы прадмет, у кім‑н. знаёмага чалавека. — Памыйся, — прапанавала .. [Паўлу] Маша, — а то і не ўгадаць цябе. Гроднеў. Павел Іванавіч зноў паказвае рукою, але адчувае, што здалёк Надзя можа і не ўгадаць гэтага дома. Кулакоўскі.

4. Выпадкова даць правільны адказ, мець рацыю, падставы; адгадаць. — Ты на яго ані не падобна, — сказаў Федзя. — Угадаў! — скупа ўсміхнулася Галя. — Гэты — айчым. Мой тата памёр у сорак сёмым, калі мне было паўгода. Ваданосаў. — Ты не з горада, часамі? — запытаў Анікей. [Рыгор:] — Угадаў, браце... Гартны.

5. Разм. Патрапіць добра зрабіць што‑н. [Дзед Рыгор:] — А ямку мы з табой выкапаць якраз угадалі. Бачыш, як прасторна ў ёй карэнням. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утрыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Трымаючыся за што‑н., захаваць раўнавагу, застацца на нагах, не ўпасці пры штуршку, удары і пад. Сахараў ухапіўся за стрэмя, нахіліўся набок, але на нагах утрымаўся. Асіпенка. [Конь] падскочыў і так ірвануў убок, што я ледзь утрымаўся на ім. Ляўданскі. // Устаяць пры катанні, слізганні. Воўка ніяк не мог утрымацца на лыжах. Кавалёў. // Затрымацца на паверхні, не праваліцца. А калі балота стала такое, што толькі птушка магла на ім утрымацца, папаўзлі, пасунуліся жыватамі. Кулакоўскі. // Разм. Захаваць сваё становішча, знаходжанне дзе‑н., у якой‑н. якасці. Бязвольны і няздольны генерал Лянгевіч доўга не ўтрымаўся ў ролі дыктатара. Якімовіч. Старшыня цяпер прывёз з мястэчка Гуціна — кажуць, добры будзе каваль. Кал і гэты яшчэ ўтрымаецца. Кухараў. Каб утрымацца на вяршыні сваёй бацькоўскай педагогікі, я не крычаў на дзяцей і не ўшчуваў іх. Васілевіч. / Пра надвор’е, пагоду. Сёння ўдзень у рэспубліцы ўтрымаецца малавоблачнае, сухое надвор’е. «Звязда».

2. Не адступіць пад націскам непрыяцеля, затрымацца на якім‑н. рубяжы. Хоць пехацінцы ішлі амаль адразу за артылерыйскімі выбухамі, якія, здавалася, змяталі са шляху ўсё жывое і нежывое, вораг яшчэ спрабаваў утрымацца. Мележ.

3. Разм. Стрымаць сябе ад якога‑н. учынку, дзеяння, не даць праявіцца чаму‑н. Сапраўды было смешна, але я ўтрымаўся ад смеху. Шамякін. Шыманскаму хацелася сказаць: «Ніякі ты не салдат, а разбойнік з вялікай дарогі», але ўтрымаўся. Гурскі. Чубар таксама не ўтрымаўся ад спакусы — падаўся ў будан. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчарба́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што мае не ўсе зубы, рэдкія зубы. — Я-то ўжо думаў, што ў цябе зуб новы вырас. Уставіў бы, ці што, ходзіш шчарбаты, — падкалоў.. [Міця] Івана, намякаючы на той далёкі вечар. Кудравец. Цуглі былі ўжо густа ржавыя, бо хто ведае, калі яны закладваліся ў шчарбаты рот Крумкача. Кулакоўскі. / Пра зубы. Гэта быў гадоў дваццаці васьмі мужчына з шэрымі вачыма, з круглым задзёрыстым тварам і шчарбатымі зубамі. Скрыган.

2. Які мае няроўныя, са шчарбінамі краі. Шчарбатая лыжка. □ А бацька адчыняе скрынку, дастае шчарбаты чайнік. Лынькоў. Палез у печку. Дастаў адтуль шчарбаты чыгунок з капустаю. П. Ткачоў. // Які мае няроўнае, нявострае з зазубрынамі лязо. Шкрэбнуў па поснай патэльні шчарбаты нож. Бураўкін. // Які мае няроўную, з выбоінамі, паверхню. Бутэлька яшчэ ракатала па шчарбатым паркеце, нібы нехта нябачны каціў яе. Караткевіч. Пералажылі шчарбатыя, пазламаныя масты, збудавалі трохі новых. Мележ. Сям-там шчарбаты камень пачынаў абшмульваць і ўядацца ў кару. Арочка.

3. перан. Які мае няроўныя або з дзіркамі абрысы. Месцамі край неба падпіралі шчарбатыя хвойнікі. Бядуля. Сям-там, як бы ля падножжа, да .. [будынкаў] туліліся драўляныя домікі з седлаватымі дахамі і шчарбатымі комінамі. Карпаў.

4. Які мае паменшаны, малы серп (пра месяц). І раўнадушна на зямлю пазіраў стары шчарбаты месяц. Асіпенка.

5. перан. Несапраўдны; няпоўны, аднабокі. — Свет вялік, — кажа пан, — можа, і праўда. — Праўда, то праўда, пане, хоць і шчарбатая. Якімовіч. // Няўдалы, няшчасны. Значыць, лёс мой такі шчарбаты. Трэба скарыцца. Пянкрат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчырава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Разм.

1. Дбайна, старанна, рупна рабіць што‑н.; завіхацца каля, вакол чаго‑н. [Рында:] — Усё жыццё стараўся, шчыраваў, як тая пчала, а тут уся тая праца можа кануць як у ваду. Машара. Увесь дзень, да позняга вечара, да цемры, шчыравала Хадоська: зграбала сена, зносіла з Іванкам копы. Мележ. Руплівая і шчырая, [гаспадыня] карміла і частавала нас, шчыравала і перапрашала. Янкоўскі. // Праяўляць стараннасць у чым‑н.; выслужвацца перад кім‑н. Але як ні шчыравала дэфензіва, як нас ні катавала — ні я, ні бацька не прызналі сябе ні ў чым вінаватымі. Сачанка. Не абмінаў сваёй увагай аўтар і тых з беларусаў, што так шчыравалі некалі перад польскімі панамі. Юрэвіч. // З вялікай сілай, шчодра свяціць, выпраменьваць, ліць і пад. У скверыку ля плошчы на дрэвы ўжо найшла млявасць, а абмыты раніцай асфальт шарэў і дыхаў гарачынёй — шчыравала ліпеньскае сонца. Хадановіч. // Са стараннем, дбайнасцю ісці, ляцець і пад. куды‑н., за кім‑, чым‑н. Грышкаў брат, братавая і чалавек пяць смаркатых малышоў, абганяючы адзін аднаго, шчыруюць следам. Лось. Загудзелі пчолы ў дробных кветачках бабінага лета — шчыравалі за апошнім узяткам. Даніленка.

2. Быць шчырым, з прыхільнасцю, любоўю і пад. ставіцца, адносіцца да каго‑н. Было ў ім [знаёмым] нешта ад таго, калі людзі, не ведаючы адзін другога, шчыруюць і прыяюць, бо яны даўно зрадніліся. Пташнікаў. // перан. Спрыяць. Дажджы шчыруюць бульбе, агародам. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. Пакінуўшы якое‑н. месца, перайсці на іншае; адысці ўбок. У той меры, у якой Мішурын зрабіў свой першы рух, каб ісці, і чалавек хістануўся за ім, але з месца не саступіў. Чорны. Нечаканы сігнал машыны перапыніў іх гаворку. [Леў Раманавіч і Вера] саступілі на абочыну. Асіпенка. [Трацюк] таропка аглянуўся назад, быццам чакаючы, што яго нехта дагоніць на вузкай сцяжынцы і прымусіць саступіць у жыта. Кавалёў. // Сысці з чаго‑н., спусціцца. Дзед санліва, з асцярогаю саступіў з ганка. Мележ. [Немец] вяла саступіў з прыступак і сеў. Быкаў.

2. што і чаго. Разм. Добраахвотна адмовіцца ад каго‑, чаго‑н., аддаўшы, перадаўшы што‑н. каму‑н. іншаму. [Сцяпан:] — Вася, будзь чалавекам, саступі мне сваю змену. Пянкрат. [Віктар:] — Я вам саступлю права мыць сёння посуд. Савіцкі. // Вызваліць сваё месца (на якім можна сядзець, ляжаць) для каго‑н. іншага. [Дзяўчынка:] Табе, Мікола, праз хвілінку, Напэўна, месца давядзецца саступіць: Глядзі, бабулька да аўтобуса бяжыць. Корбан. [Бабуля:] — Малады чалавек, саступі месца старому. Якімовіч. // Пакінуць, здаць ворагу якое‑н. месца, пазіцыю. Мы сціснулі зубы да болю І клятву Радзіме далі, Што ворагу-хціўцу ніколі Сваёй не саступім зямлі. Астрэйка. І голас краіны рабочай дамчыцца з бяскрайняе далі: — Чужое зямлі мы не хочам — сваёй не саступім ні цалі. Дудар.

3. Разм. Паддацца сіле, націску; перастаць супраціўляцца. Стогнучы ад болю,.. [Сцяпан і Васіль] цягалі адзін аднаго за валасы, і ніхто не хацеў саступіць другому. Каліна. Сядзеў [Янкель], пакуль не давялося саступіць сіле. Карпюк. // Пайсці на ўступкі адпаведна патрабаванням, пажаданням іншых. Валодзя — хлопец спакойны, малому саступіць. Брыль. Потым ужо [Хадоська] падумала, што Хоня дарэмна не саступіў: толькі раззлаваў бацьку. Мележ. Я натурай — памяркоўны. У спрэчкі ўступаць не люблю.. Па-мойму, такому, у каго язык лёгка падвешаны ў роце, лепей саступі. Грамовіч.

4. (звычайна з адмоўем). Не вытрымаць параўнання з кім‑, чым‑н., аказацца горшым у якіх‑н. адносінах. Дачка — лётчыца, другая, праўда, яшчэ пешкі пад стол ходзіць, не саступіць старэйшай. Гурскі.

5. што. Прадаючы, згадзіцца аддаць танней вызначанай цаны. [Цётка да Ганны:] — Колькі ты аддала за шлюбную сукенку? Калі крыху саступіш, я магу ўзяць у залік твайго доўгу. Дубоўка. [Анісім Панок:] — Яно-то канешне, можна б і саступіць трохі, каб гэта які другі конь. А за гэтага дык не хачу, як той казаў, і граха на душу браць, і так аддаю табе за паўцаны. Сабаленка.

•••

Саступіць дарогу (з дарогі) — а) адысці ўбок, даўшы месца для праходу, праезду. Дзверы расчыніліся, жанчына саступіла з дарогі і ўпусціла Славу. Хомчанка; б) пайсці на ўступкі каму‑н. [Грыгор’еў:] — Найшла ў вас каса на камень, і адно аднаму дарогу саступіць не хочаце. Кірэйчык; в) даць магчымасць дзейнічаць, вылучыцца ў якой‑н. галіне. Адна з іх [актрыс] ужо саступіла дарогу маладым. «Работніца і сялянка».

Саступіць з (свайго) шляху — адмовіцца ад вызначанай мэты, задач і пад., здрадзіць ранейшым матам. [Кубяк:] — Мы добра ведаем, што і вам і нам даў Кастрычнік, і мы не саступім, таварышы, са шляху нашай з вамі рабочай, пралетарскай дружбы. Брыль.

Саступіць месца чаму — замяніцца чым‑н. Хаты старога мястэчка саступілі месца дамам і дамкам новага мястэчка. Чорны. Бескарыслівасць [Гарасіма] пад старасць саступіла месца сквапнасці. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дакла́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адпавядае ісціне; сапраўдны. Дакладная вага. Дакладная колькасць. // Здольны паказваць, вызначаць што‑н. у поўнай адпаведнасці з сапраўднасцю; правільны. Дакладны гадзіннік. Дакладныя прыборы.

2. Поўнасцю адпаведны якому‑н. узору, якім‑н. патрабаванням, устаноўленым законам, правілам. Дакладная копія. Дакладнае выкананне загаду. □ Ярохін не ведаў дакладнага перакладу апошняга слова, але зразумеў іменна так. Шамякін.

3. Канкрэтны, вычарпальны, правільны; не прыблізны, не агульны. Дакладныя інструкцыі. Дакладны адрас. Дакладны адказ. Дакладны ўлік. Дакладныя веды. // Выразны, ясны, зразумелы. Дакладная дэфініцыя. □ Мікалай Патапавіч гаварыў гучна, адрывіста, не надта падбіраючы адпаведныя словы, а ў Глінскага голас быў ціхі, сказы дакладныя, выразы трапныя. Кулакоўскі. // Такі, што не выклікае сумненняў; верагодны, пэўны. Дакладныя крыніцы. □ Гогаберыдзе гаварыў з такой упэўненасцю, быццам пра ўсё гэта ў яго меліся дакладныя весткі. Мележ.

4. Акуратны, пунктуальны. Ірына, як і заўсёды, дакладная: вячэру і абед яна прыносіць у адзін і той жа час. Даніленка.

5. Такі, у якім асобныя элементы выразна аддзелены адзін ад другога. Дакладныя рухі. Дакладныя прыёмы. Дакладны крок.

6. Добра арганізаваны; акуратны; зладжаны. Дакладны рэжым заняткаў. Дакладная работа машыны.

•••

Дакладныя навукі гл. навука.

дакладны́, а́я, ‑о́е.

1. Які змяшчае ў сабе даклад, прызначаны для даклада (у 2 знач.). — Вы, таварыш Шыянок, напішыце падрабязна ўсё гэта ў дакладней запісцы на маё імя, а я пастаўлю пытанне на бюро гаркома. Сабаленка.

2. у знач. наз. дакладна́я, ‑ой, ж. Дзелавая папера з кароткім выкладам сутнасці справы, якая павінна разглядацца. Жэрдзін за подпісам камбата паслаў дакладную ў штаб палка. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)