про́ста, прысл.

1. Прысл. да просты (у 2, 3, 5, 6, 10 і 11 знач.).

2. Прама, не зварочваючы ўбок. — Я лепш вам раскажу: едзьце проста, потым завернеце крута-крута направа. Якімовіч.

3. Непасрэдна. [Брат] смачна еў сала, кусаючы яго проста з.. невялікага кавалка. Чорны. Партызаны наваліліся спаць проста на зямлю, дзе хто стаяў. Асіпенка. // У злучэнні з прыназоўнікамі надае ім большую дакладнасць; якраз, менавіта. З вяршаліны сарваўся камяк снегу і трапіў [Колю] проста на галаву. Якімовіч. Дом быў на ўзгорку, проста над ракой. З. Астапенка.

4. у знач. абмежавальнай часціцы. Разм. Толькі, усяго толькі. Мікалай Аляксеевіч хацеў проста пабыць адзін на адзін з гэтым чалавекам, пачуць яго бадзёры голас і смех. Навуменка. А гэта што — ледзь чутны крок? Ці проста шоргнула ігліца? А. Вольскі. — Я проста знаёмая доктара. Мележ.

5. у знач. узмацняльнай часціцы. Разм. Аж, зусім, сапраўды. Два калгасных баяністы, Цымбалісты, скрыпачы Як зайграюць, — проста дзіва, А дзяўчаты падпяюць. Броўка. Бацька — панскі фурман — махнуў у паветры даўжэзнай пугай, якая проста стрэламі заўсёды страляе. Бядуля. Загадае чараўніца — Дваццаць сонцаў загарыцца, Дождж пальецца як з вядра. Проста летняя пара! Муравейка.

6. Наогул. Часцей пачалі наведвацца ў леснічоўку старцы і проста галодныя людзі. С. Александровіч.

•••

Проста з моста — адразу, без падрыхтоўкі.

Проста так — без асаблівых прычын; без асаблівай мэты, намеру.

Проста-такі — тое, што і проста (у 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)