Жа́варанак1, жаўранак, жаўру́к (ТСБМ), жарва́нак (Мат. Гом.) ’птушка Alaudidae’. Рус. жа́воронок, дыял. жа́вронок, укр. жайворонок, дыял. джа́ворок, джа́воронок, палаб. zevornak; параўн. рус. дыял. зговоронок (Праабражэнскі, 1, 220), сковронок, щевронок, польск. skowronek, чэш. skřivan, skřivánek, дыял. skovránek, skovránok, (славац. skovran, skovránok, серб.-луж. škowronk, в.-луж. škowrončk, н.-луж. škobronk, славен. škrjánec, skrjánček, ц.-слав. сковраньць (Міклашыч, Lex. paleosl., 846) ’тс’; параўн. яшчэ рус. скворец, в.-луж. škorc, балг. скорец, балг. уст. сколовранец ’шпак’ (трэба ўлічваць, што рус. дыял. пск. жаворонок ’шпак’). Шанскі (1, Ж, 272) лічыць жаворонок утвораным з суфіксам ‑ък‑ ад уст. і фалькл. жаворонъ (Словарь, II, 180). Агульна прынята думка аб тым, што другая частка ўсх.-слав. слова суадносіцца з воран (гл.), прапануецца шэраг паясненняў першай часткі (Фасмер, 2, 32, 3, 644). Трэба, відаць, прыняць неабходнасць агульнага разгляду варыянтаў з пачатковымі жа‑ і ск(о)‑ у сувязі з іншымі падобнымі суадносінамі (гл. жабанець, жабрак). Формы тыпу жаўрук, н.-луж. škobronk, калі іх не разглядаць як пазнейшыя (усечаную або з падстаноўкай b замест w), пярэчаць уяўленню аб складаным характары слова. Паколькі назвы жаваранка і шпака, што належаць да вераб’іных, перакрыжоўваюцца, магчыма дапускаць агульнасць жавор‑, сковор‑ і сквор‑ у рус. скворец, а тады шукаць тлумачэнне кораня *sk(o)v(o)r‑. Цікавыя ў гэтых адносінах скверціся ’крычаць, верашчаць, плакаць з крыкам’, скверашчаць ’тс’ (Нас.), а магчыма, і чэш. рэдк. škovrati ’вытвараць трэлі (пра птушак)’, скавытаць, укр. скав(у)чати ’скавытаць’. Адсутнасць (ці невыяўленасць) надзейных неславянскіх паралелей ускладняе, аднак, тлумачэнне ўказанага гіпатэтычнага кораня і хутчэй сведчыць у карысць кампазітнага характару слова, але ні супастаўленні са ст.-слав. гавранъ ’воран’ і яго адпаведнікамі, якія даюцца ў пацвярджэнне гукапераймальнага характару жа‑, га‑, ско‑, ні супастаўленне з сквар‑, жар‑ (Булахоўскі, Вибр. пр., 3, 288–285), ні паясненні праз экспрэсіўны характар першай часткі (Брукнер, 496; Махэк₂, 550) не могуць лічыцца пэўнымі.

Жа́варанак2, жа́ўранак, жаўру́к ’булачка, што выпякаецца 9 (22) сакавіка’ (Нас.). Рус. жа́воронок, укр. жа́воронок ’тс’. Ад жа́варанак1 у сувязі з веснавым прылётам птушак (у сакавіку), магчыма, дахрысціянскага характару. На гэта ўказвае абрад клікання вясны, запісаны Г. Цітовічам (Ант., 34, 564): у час выканання песні «Жавароначкі, прыляціце, вясну красную прынясіце» дзяўчаты і маладзіцы падкідвалі ўгору выпечаных з цеста жаўрукоў, а мужчыны «акампаніравалі» на берасцяных пастухоўскіх трубах. Жаваранкі і ў іншых песнях (параўн. БНТ, Весн. песні, № 158–160). Гл. Іванаў, Тапароў, Слав. яз. мод. системы, 129. Параўнанне 40 жаваранкаў з душамі 40 мучанікаў (9 сакавіка — дзень 40 мучанікаў), на якое ўказвае Насовіч, позняе (параўн. саракі). 9 (22) сакавіка — дзень пачатку вясны. Пра ўсх.-слав. абрад гл. В. К. Соколова, Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов. М., 1979, с, 67–93.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калашма́н ’птушка з касматымі нагамі’, ’чалавек у штанах з шырокімі калашынамі’ (БРС, ТСБМ), ’той, у каго шырокія з доўгімі калашынамі штаны’ (Янк. 3.), ’з доўгімі калашынамі’ (Мал., Сержп. Грам.), калашмай (значэнне?) (Сцяцко, Словаўтв.), калашмач ’пра чалавека ў шырокіх доўгіх штанах’ (Сцяц.). Сюды ж, верагодна, неабходна аднесці і калашмэт ’чалавек з кудлатымі валасамі’ (Мат. Маг.). Прыведзеная лексіка дазваляе выдзеліць розную суфіксацыю і аснову, у якой ‑м‑ можа з’яўляцца суфіксальным элементам або адносіцца да асновы. Калі дапусціць, услед за Сцяцко, Афікс. наз., 95, што гэта ўтварэнні ад прыметніка калашматы ’чалавек у шырокіх штанах’, у якіх ёсць і фармальны прыметнікавы паказчык — сегмент ‑м‑ (як частка суфікса ‑мат‑), то цяжка вытлумачыць калашман ’птушка з касматымі магамі’, калашмэт ’чалавек з кудлатымі валасамі’. Тураўскі слоўнік адзначыў для лексемы колоша форму мн. л. калошы са значэннем ’пер’е на нагах у курэй’ і дэрыват ад яе колошаты ’з аброслымі пер’ем нагамі (пра курэй)’. Што датычыць значэння ’чалавек з кудлатымі валасамі’, яго можна разглядаць як наступнае развіццё семантыкі. На базе семемы ’з касматымі нагамі’ натуральна магла ўтварыцца семема ’касматы’ і з наступным удакладненнем семантыкі, у адносінах да чалавека, ’з касматай (кудлатай) галавой’. Экспрэсіўнасць і слова, і суфікса цалкам дапускае мяркуемыя трансфармацыі семантыкі. Не вельмі ясным у данай версіі з’яўляецца генезіс суфікса ‑мат‑ (прыметнікавага, паводле Сцяцко). Аднак, паколькі як быццам надзейныя прыклады такой суфіксацыі ёсць (параўн. таўсматы ’таўставаты’), можна дапусціць, што яна ўзнікла ў выніку перараскладання структур, дзе ‑м‑ генетычны элемент кораня слова. Калі гэта не так, у межах таго ж дапушчэння, што калашман суадносіцца з калоша, калошы, можна прапанаваць наступнае. Нельга выключыць, што ‑м‑ тут на месцы ‑в‑, калі ў якасці ўтваральнага слова выступала форма калошва ’калоша’, калошня, засведчаныя на бел. тэрыторыі. У такім выпадку ў прыметніку маглі адбыцца працэсы фанетычнага ўзаемадзеяння і ў выніку дыстантнай асіміляцыі ўтварыцца ‑м‑. Не выключана таксама, што трансфармацыя адбылася пад уплывам нейкага падобнага па структуры і семантыцы слова. Звяртае на сябе ўвагу дзеяслоў калашмаціць, для якога ў бел. мове адзначана значэнне ’кудлачыць’ і дзе ‑м‑ як быццам рэгулярнае. Не выключана таксама, што калашмэт ’чалавек з кудлатымі валасамі’ наогул з’яўляецца вытворным ад гэтага дзеяслова і генетычна не суадносіцца з вышэй прыведзенымі словамі. Нельга выключыць яшчэ і той магчымасці, што калашман — утварэнне з экспрэсіўнай ‑ман‑ суфіксацыяй, а дэрываты з іншымі суфіксамі — вынік субстытуцыі суфікса ‑ман‑ на іншыя экспрэсіўныя, магчыма, больш натуральныя для канкрэтных гаворак. Пры гэтым, паколькі ‑м‑ адзначаецца ва ўсіх дэрыватах, замяняўся, верагодна, не суфікс ‑ман, а суфікс ‑ан, як больш часты. Пры такім тлумачэнні першаснасць прыметніка з’яўляецца праблематычнай і гэта, відаць, пацвярджаецца такім утварэннем, як калашманы ’калашматы’ (стаўбц., Нар. сл.), якое можна разглядаць і як утварэнне ад назоўніка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Крук1 ’род вялікага цвіка з загнутым тупым канцом’ (ТСБМ, Шат., Жыв. сл., Бяльк., Яруш., Сл. паўн.-зах., Касп., Сцяшк., ТС, Мат. Гом.). Ст.-бел. крукъ (з 1571 г.) разглядаецца як запазычанне праз польск. kruk (гл. Булыка, Запазыч., 179) з ням. Krücke. Аднак само польск. kruk лічыцца запазычаннем з бел. крук або ўкр. крук (Слаўскі, 3, 170). Гэтыя ўсходнеславянскія лексемы тлумачацца як паўночнагерманізмы. Параўн. ст.-ісл. krōkr ’гак, крук’ (Тэрнквіст, Studien, 63–68).

Крук2 ’матыка з двума зубамі’ (Шат., Нар. лекс., Жыв. сл., Сержп. Пр., Нар. сл., Шатал., Сл. паўн.-зах., Мат. Гом.). Гл. крук1.

Крук3 ’вочап у калодзежы’ (Шат., Нар. словатв., З нар. сл., ТС). Гл. крук1.

Крук4 ’крумкач’ (Нас., Сержп. Пр., Шатал., Касп., Сцяшк., ТС, Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.). Ва ўсіх польскіх дыялектах kruk ’тс’ (апрача паўднёва-ўсходняй часткі малапольскіх, дзе ў тым жа значэнні — gawron) (Струтынскі, Nazwy, 12; Смыль, 18, 4, 149). У частцы вялікапольскіх і малапольскіх дыялектаў ’грак, Corvus frugilegus’ (пры поўнай дамінацыі ў тым жа значэнні). Кашуб. krek ’крумкач’. Руская тэрыторыя распаўсюджання гэтай назвы мяжуе з беларускай і ўкраінскай. Іншыя паўночнаславянскія дыялекты слова kruk не ведаюць. Не ведаюць яго і паўднёваславянскія дыялекты. Адзінае выключэнне, зафіксаванае толькі ў Скока, харвацкае дыялектнае kruk ’Corvus corax’ (2, 214). Таго ж паходжання балтыйскія вытворныя: літ. krauklỹs ’варона’, kriauklỹs ’крук’, лат. kraûklis ’тс’. Такім чынам, балтыйская геаграфічная арыентацыя слова даволі ясная. З іншага боку, вядома, што для балтыйскіх і славянскіх моў для ’Corvus corax’ і ’Corvus corone’ рэканструюецца vornъ (varnas) і vorna (varna). Таму ёсць падставы меркаваць аб іншамоўным паходжанні крук. Геаграфія наводзіць на думку аб гоцкай крыніцы. Паколькі пра гоцкія крыніцы нічога не ведаем, нельга не звярнуцца да паўночна-германскіх: ст.-ісл. krákr ’Corvus corax, kráka ’Corvus corone’ — hrókr ’Corvus frugilegus’. Kruk з hrōk/hrauk. Параўн. гутн. (дыялект вострава Готланд, які, магчыма, збярог архаіку, блізкую да гоцкай) rōk/rauk ’Corvus frugilegus’. У многіх польскіх гаворках kruk — ’Corvus frugilegus’ (Смыль, PF, 18, 4, 149). Ясныя сляды ўплыву гоцкай сістэмы на балта-славянскую бачым у кашубска-славінскім варыянце: krak ’Corvus corax’, kraka ’Corvus corone’, krëčk (< kruk) ’Corvus frugilegus’, які амаль што поўнасцю супадае з паўночнагерманскай (эвентуальна гоцкай), параўн. бел. палес. кракаворан ’воран’ (гл.). Такім чынам, бел. і польск. крук < гоц. *hrōks (ō > au > u, як bōka > прасл. bukъ). К на пачатку крук пад уплывам крак або канцавога к (Мартынаў, Бел.-польск. ізал., 95–97). Іншыя версіі параўн. у Слаўскага, 3, 172.

Крук5 ’строй птушак клінам пры палёце’ (ТС). Гл. крук1.

Крук6 ’сляпень (Сцяшк. Сл.). Магчыма, да крук1, улічваючы яго моцны колюча-рэжучы ротавы апарат (БелСЭ, 9, 598). Параўн. кручок3 (гл.).

Крук7 ’кроква’ (Мат. Гом.). Гл. кроква.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́ра ’тое, што створана фантазіяй’, ’жаданне, імкненне’, ’нешта нерэальнае, неіснуючае’ (ТСБМ, Др.-Падб.). Укр. мара ’сон, мара; мары’, польск. mara ’сон з марамі’, ’тое, што мроіцца ў сне’, ’тое, аб чым марыцца’. Бел.-укр.-польск. ізалекса. Узнікла ў выніку абстрагавання аднаго са значэнняў мара́1 — ’сон, тое, што здаецца’. Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 127), ст.-бел. мара ’соннае відовішча’ (пач. XVII ст.) запазычана са ст.-польск. mara.

Мара́1 ’прывід, страшыдла, нячыстая сіла, пачвара, здань, насланнё’ (Мал., Бес., Федар. 1, Багд., Яруш., Некр., Касп., Бяльк., Шат., ТС; слуц., мазыр., Сержп., Казкі; усх.-гом., паўн.-зах., КЭС; брэсц., пін., Нар. лекс.); ма́ра, марана ’тс’ (Клім., Др.-Падб.; Крывіч, 4; Нас., Растарг.), ’нешта брыдкае, неадчэпнае’ (Нікан.), ’нікчэмнасць’ (драг., Нар. лекс.); мара́ ’пагібель’ (Растарг.), ’прыгода, незразумелая перашкода’ (Нас.), ’чорная, страшэнная масіўная істота на кароткіх лапах, якой вельмі баяцца дзеці’, ’пудзіла з саломы, апранутае ў рыззё’ (Рам. 8), ’істота, якая давіць хлопцаў і дзяўчат у час іх сну’ (Кольб.), ’нячысцік, д’ябал’ (Ян.; нараўл., Мат. Гом.), стол. ’нягоднік, паганец’, драг. ’неахайная, непрычасаная жанчына’ (Нар. лекс.), ’жартаўнік, штукар’ (ТС), ма́рны ’дарэмны, бескарысны’ і дэрываты да яго (Нас., ТСБМ). Укр. мара́ ’прывід, здань’, ’нячысцік, які затуманьвае людзям розум, каб завесці іх у небяспечнае месца’, марний, марний ’дарэмны’; рус. ма́ра, мара́ ’прывід, мары, нячысцік, які дапрадае ноччу тое, што пакінута на ноч недапрадзеным, рве кудзелю і пражу’, кур. ’смерць’, ленінгр. ’неахайная жанчына’, урал., сіб. ’каханы’, ’дзяўчына’, рус. ц.-слав. мара ’страта свядомасці’; ст.-рус. мара ’зацямненне свядомасці’, ’забыццё’, ’сны’, ’насланнё’, ’прывід’. Польск. mara, marzydło ’прывід, цень нябожчыка, дух, страшыдла, вампір’; mara, mora ’начны дух, кашмар, які нападае на коней і сонных людзей’, ’начны матыль’, marzyć ’марыць’, marnować, marnotrawić ’марнатравіць’, marzanna ’саламянае чучала, якое сімвалізавала сонца’, н.- і в.-луж. marny ’марны’, в.-луж. marota ’капрыз, выдумка’, mara ’дух, прывід смерці’, чэш. marniti ’дарма траціць, марнатравіць’, mařiti ’псаваць, губіць, разбіваць (надзеі)’, чэш., славац. marný ’марны’, славац. mara ’хвароба’ slepa mara ’начны матыль’, mariť sa ’здавацца’, славен. márǝn ’марны’. Прасл. mara ’мары’, ’прывід, здань’ утворана ад асновы *ma‑ (гл. мані́ць) пры дапамозе суфікса ‑ra. (Бернекер, 2, 18; Фасмер, 2, 571; Брукнер, 322; Шустар-Шэўц, 12, 886; Голамб, Зб. Якабсону, 1, 779–780; Власт, Крывіч, 4, 1923, 30).

Мара́2 ’назола, дакучлівы’ (Нас., Шат.; Нар. лекс.). Да мара́1 (гл.). Насовіч (289), аднак, адносіць да мары́ць, якое ад прасл. mōra. Няма падстаў.

Мара́3 ’павольны’ (Нас.). Рус. калуж., арл. мара́ ’слабы чалавек малога росту’, сіб. ’няўклюда’. Паводле Насовіча (289), запазычана з лац. mora ’запаволенасць’. Сюды ж марава́ты ’спакойны, вялы гон па следу звера’ (Інстр. II). Параўн. рус. вяц. морова́ть ’рабіць што-небудзь паволі, спакваля’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пля́га1, пля́ґа ’слота’ (ТСБМ; Сл. ПЗБ; гродз., пруж., ЛА, 2), плягота ’тс’ (ЛА, 2), ’мокры снег’ (гродз., З нар. сл.). Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 4, 22), — з літ. pliaugà ’слата’. Аднак не выключана таксама запазычанне з польск. flaga ’слота, непагадзь’, ці з дыял. plaga ’хлюпота, слата’, якое Банькоўскі (2, 596) выводзіць з рэгіянальнага паўн.-ням. flage ’тс’. Сюды ж: кантамінаваныя сінонімы — плехота, плюхота ’слата’ (ЛА, 2), а таксама пля́жыць, пля́жыты, пле́жытэ ’ліць як з вядра, ісці няспынна’ (воран., Сл. ПЗБ; кобр., стол., драг., Сл. Брэс.).

Пляга2 ’ўдар розгай’ (Нас.), ’кара, пакаранне’ (Нас.; Шат.; барыс., Шн. 2). Сярэднявечнае школьна-кляштарнае запазычанне ў польск. мову з лац. plāga ’ўдар, выцятае месца’ < plāgo, ‑āre ’біць, хвастаць, лупцаваць’ (ці з plangere ’ўдарыць з трэскам’), запазычаных са ст.-грэч. дар. πλᾱγά, іяніч. πληγή ’удар’, ’рана ад удару’, ’няшчасце, якое пасылаецца лёсам’ (Банькоўскі, 2, 596), з польск. мовы пранікла на Беларусь. Сюды ж: пля́жыць, спля́жыць ’вынішчыць’, ’збіць, пабіць’, ’затаптаць’, ’секчы з размаху, моцна біць, глуміць’ (ТСБМ, Шат., Нас.; сміл., Стан.), ’разбіваць’ (рагач., Сл. ПЗБ), ’палоць’ (акц., Мат. Гом.), ’працаваць многа, напружана’ (Нар. Гом.), а таксама пля́жма: “Я пля́жма ворага крышу…” (Хадыка).

Пляга3 ’няшчасце, бяда’ (воран., ашм., іўеў., пін., Сл. ПЗБ; Бір.), ’зараза, навала’ (пін., Нар. лекс.), пляга яго ведае! = ліха яго ведае (чырв., З нар. сл.). Ст.-бел. плякга, плакга, пляга, флякга ’няшчасце; навала’ са ст.-польск. plaga ’тс’, якое з лац. plāga ’пакуты, няшчасце’, ’бедства’. Гл. таксама папярэдняе слова.

Пля́га4 ’рана ў мазалях’ (Чуд.). Са ст.-польск. plaga ’рана’, не выключана развіццё семантыкі з пляга2 (гл.): параўн. макед. дыял. пля́га ’рана’, што выводзіцца з алб. plágë ці рум. plágă ’тс’ (< лац. plaga), гл. БЕР, 5, 387.

Пля́га5, пляґа ’слізь пры адхаркванні, макрота’ (слонім., Нар. лекс.: зэльв., Сцяшк. Сл.; карэліц., іўеў., Сл. ПЗБ), пля́га/сма́га ’слізкае рэчыва ў роце хворага’ (Варл.). Са ст.-грэч. φλήγμα ’слізь, макрота’, якое пад уплывам лексемы пляга ’макрэча’, ’бяда, няшчасце’ набыло адпаведную форму.

Пля́га6 ’бутля, балон’ (Мік., Др.-Падб.), ’бляшанка для адстойвання малака (у калодзежы)’ (лях., Сл. ПЗБ), сюды ж пля́жка, пляшка ’бутэлька’ (ТС), ’салдацкая біклага’ (барыс., круп., бярэз., любан., бабр., ЛА, 5). Ст.-бел. пляша, фляша, хвляша ’бутэлька, пляшка’ (1538 г.) запазычаны са ст.-польск. flasza, якое з с.-в.-ням. vlasche (Булыка, Лекс. запазыч., 102) < flechten ’плясці’ — першапачаткова бутэлькі спляталіся з лыка, пазней для шчыльнасці вымазваліся глінай і абпальваліся ў печы, параўн. славен. pleténka ’аплеценая бутэлька’. Форма пляга, відаць, — з пля́жка (шляхам рэдэрывацыі), а апошняе — з фляшка (Брукнер, 123; Праабражэнскі, 2, 78; Фасмер, 4, 200).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыбу́х (трабу́х, трябу́х) ‘страўнік’ (ТСБМ, Федар. 4, Бяльк., Касп., Варл., Сцяшк., Сл. Брэс., Пятк. 2, Растарг.), ‘страўнік у жывёл’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ‘кіндзюк; страўнік жывёлы, начынены грэцкай кашай са шкваркамі альбо з кавалачкамі сала’ (Ласт., Малч.), ‘вантробы’ (Байк. і Некр., Др.-Падб., Сл. Брэс.), ‘сальцісон’ (Сл. Брэс.), трыбухі́ ‘вантробы (страўнік, кішкі і інш.)’ (Нас., Гарэц., ТСБМ, Ласт., Пятк. 2, Байк. і Некр., Мат. Гом., Мат. Маг., Юрч. Вытв.), трыбухе́ ‘тс’ (Скарбы), трыбушкі́ ‘ўнутранасці дробных жывёл, якія ўжываюцца ў ежу (парасячыя, індычыя, рыбныя)’ (Нас.), трыбу́х/трыбушо́к ‘пуп у птушак’ (гродз., ЛА, 1), трыбу́х ‘пуза, чэрава’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Байк. і Некр., Вруб.), ‘вялікі жывот’ (Сл. ПЗБ, Скарбы, Жд. 1); ст.-бел. требухи ‘трыбухі, вантробы’ (ГСБМ), ц.-слав. трибухъ ‘страўнік, жывот’; сюды ж трыбуха́ч ‘пузаты чалавек’ (в.-дзв., Шатал., Сцяц.; маладз., Янк. Мат.; клец., Нар. лекс., ТСБМ, Сцяшк., Сл. Брэс.), ‘чалавек з вялікім жыватом’ (карэліц., ЖНС; гарад., Сл. ПЗБ); трыбухле́й ‘брухач, пузан’ (зэльв., Нар. словатв.; івац., Сл. ПЗБ); трыбушы́шча ‘таўстун’ (Юрч. СНЛ); трыбушы́на ‘цела, тоўстае чэрава’ (Нас.), трыбу́шнік ‘падчарэўе (сала з ніжняй часткі свіной тушы)’ (дзятл., ЛА, 4), трыбушня́ ‘трыбухатая’ (Сцяц.), трыбуха́тасць ‘тлустасць’ (Юрч. СНЛ). Укр. требу́х ‘чэрава’, ‘страўнік’, ‘вантробы жывёлы’, ‘свіны страўнік, начынены мясам і правялены’, требу́ха́ ‘тс’, трибу́х ‘тс’, трембуха́ч ‘пузан’; рус. требуха́ ‘вантробы’, польск. дыял. trybuch, terbuch ‘чэрава, пуза’, н.-луж. tarbuch ‘тс’, усх.-чэш. terboch ‘тс’, ст.-чэш. teřbuch, teřich (у якім ‑řich пад уплывам břich ‘пуза, чэрава, жывот’), славац. terbuch, trebucha ‘падбародак’, ‘вялікае пуза, чэрава’, славен. trébuh ‘жывот, пуза, кішэчнік’, trebûšec, trebûšek, trebûšič ‘тс’, рэз’ян. tríbu, trebuh, treibuh ‘чэрава, пуза’ (XVI ст.), харв. tr̀buh, чак. trbȕh, серб. тр́бух ‘жывот, кішэчнік’, ‘пуза’, тр́ба ‘страўнік’, тр́бу, трбу̏а ‘тс’, балг. тръбу́х, тъ́рбух ‘жывот, пуза’, макед. трбув ‘жывот; страўнік’, ст.-слав. тръбухъ ‘рэшткі з вантробаў’, ‘кішэчнік’. Этымалогія і рэканструкцыя праславянскай формы няпэўныя (ESJSt, 17, 995). Прасл. *tьrbuch, згодна з Карскім (1, 188), адпавядае найбольш распаўсюджанай форме беларускага слова; рус. требух таксама можна вывесці з прасл. *tьrbuxъ; да апошняга ўзводзяцца некаторыя паўд.-слав. лексемы. Для славенскай мовы адпаведным з’яўляецца *trěbuxъ (Сной у Бязлай, 4, 217–218), для н.-луж. характэрна *tъrb‑ , а для зах.-слав. моў — *terb‑ (пасля метатэзы плаўных з *treb‑). Дапускаючы прасл. *terbuxъ/*tьrbuxъ, Куркіна (ОЛА, Исследов. 1984, 275) тлумачыць семантыку слова як ‘вантробы забітага звера, з якіх даставалі (“выцярэблівалі”) ‘мяса’, гл., аднак, супрацьлеглае дзеянне ў трабі́ць ‘набіваць у трыбух’: трабіць і трабіць трабух (Мова Сен.). Экспрэсіўная суфіксацыя, як у *kъlbuxъ (Глухак, 637), параўн. каўбу́х ‘страўнік жывёлы’ (Сл. ПЗБ), гл. коўб2. Іншыя версіі з’яўляюцца менш пераканаўчымі. Сюды ж, відаць, таксама трыбушно́ ‘сытна, трывала’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыва́ць, трыва́ці ‘вытрымліваць, цярпліва пераносіць боль, непрыемнасць, цярпець’ (ТСБМ, Нік. Очерки, Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Гарэц., ТС, Сл. ПЗБ, Варл.; ашм., Стан.) ‘працягвацца пэўны час’ (ТСБМ, Вруб.), ‘доўга захоўваць прыдатнасць, трымацца’ (Нас., ТСБМ), ‘быць, існаваць, перабываць’ (Нас., Некр. і Байк.), трва́ць ‘перабываць, працягвацца; трымацца’ (Нас.), тырваць ‘цярпець’ (Бяльк.). Ст.-бел. трвати (з 1507 г.) запазычана са ст.-польск. trwać ‘быць, існаваць працяглы час, заставацца без змен’ (Булыка, Лекс. запазыч., 197), аднак адаптаваная форма търывати ‘быць, працягвацца’: сесь листъ нашъ маетъ търывати вѣчно и непорушно (ГСБМ, 34, 56), зафіксавана ў 1438 г., што, магчыма, сведчыць аб яе існаванні яшчэ да запазычанай формы адначасова са ст.-чэш. trvati, чэш. trvat, славац. trvať, н.-луж. trwaś, харв. дыял. trvat, што ўзыходзяць да прасл. *trъvati ‘трываць, цярпець’, якое ўжывалася побач з *trajati ‘працягвацца, цягнуцца’, ‘насіцца (пра адзенне)’, зафіксаванае ў формах: славен. trâjati ‘тс’, харв. trȁjati, серб. тра̏јати, макед. трае, балг. тра́я ‘трываць, цярпець’, ст.-чэш. tráti, traju ‘трываць, заставацца, вытрымліваць’, ‘жыць, існаваць’, в.-луж. trać, traju, н.-луж. traś, trajom ‘трываць’, і роднаснае ст.-інд. tárati ‘захоўвае, прыбірае, хавае’, ‘пераадольвае, перамагае’, trāyáte ‘ахоўвае, беражэ’, іран. *tarvaya < *trva‑, авест. taurvaya ‘пераадольваць ворагаў’ (Трубачоў, Этимология–1965, 58–61), ст.-грэч. τρανης, τρανώς ‘ясны, вызначаны’, ‘ясна’, лац. intrāre ‘ўвайсці’, хец. tarhzi ‘перамога’ < і.-е. *terh₂ ‘прайсці праз што-небудзь, пераступіць, перамагчы’ (Сной₂, 775–776). А праславянская форма *trъvati (< *trǔu̯‑a < trū‑ā‑) суадносіцца са ст.-інд. tū́rvati ‘перамагае’ — усе да і.-е. *ter‑/*trá‑/*teru ‘пераходзіць, пранікаць праз што-небудзь’ (Борысь, 646; Скок, 3, 488–489). Махэк₂ (655) мяркуе, што прасл. *tъvati з’яўляецца адыменным утварэннем ад прыметніка *trъvъ, які адпавядае ст.-інд. *dhruvá‑ ‘трывалы, пэўны, пастаянны’, лац. dūrus ‘цвёрды, непадатлівы’ і ням. dauern ‘працяглы’, ‘моцны’; гэтаксама Голуб-Ліер (491). Гл. таксама Брукнер, 578; ЕСУМ, 5, 635. Сюды ж шматлікія дэрываты: трыва́лы ‘які моцна не паддаецца разбурэнню, псаванню’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк.), ‘моцны, дужы, здаровы’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 5), ‘вынослівы, цягавіты’ (Шат., Байк. і Некр., Гарэц., Варл.), ‘здольны многае вынесці, перажыць, стойкі, загартаваны’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Нас.), ‘які не мяняецца, надзейны, устойлівы’ (ТСБМ; шальч., Сл. ПЗБ), трыва́льшы ‘мацнейшы, дужэйшы’ (Ян.), трыву́шчы(й) ‘вынослівы, жывучы’ (Сцяшк., Сл. Брэс.), трыва́л ‘пажыўны’: пры хлебе й квас трывал (Сержп. Прык.), трывалкі ‘тс’ (Гіл.), трыва́нне ‘цярпенне’ (Касп.), трыва́ласць ‘вынослівасць, цягавітасць’ (Байк. і Некр.), трыва́ючы ‘моцны’ (Нас.), трыва́льны ‘тс’ (навагр., іўеў., валож., ЛА, 5), трыва́ла ‘моцна’ (Ласт.), ст.-бел. трывалый, тривалый ‘сталы, надзейны’, трвалый ‘устойлівы’, ‘сытны, пажыўны (пра яду)’, трванье, трыванне ‘захаванне, працяг’ (ГСБМ). Параўн. рус. вытрывалый, гл. Анікін, РЭС, 9, 204.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трысці́ць1 ‘зводзіць дзве або тры ніткі ў адну для далейшага сукання’ (Нас., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Мядзв., Варл., Янк. 1, Сцяц., Янк. 1, Сцяц., Сл. ПЗБ; арш., мёрск., в.-дзв., Шатал.; мсцісл., Жыв. сл.; рагач., Арх. ГУ, ЛА, 4, Мат. Маг.; круп., Нар. сл.), ‘падрыхтоўваць ніткі для сукання’ (Жд. 2), тросці́ць ‘тс’ (ТС), трасці́ць ‘тс’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Параўн. рус. тростить, тра́щивать, трестить ‘скручваць, звіваць, сплятаць, віць (вяроўку), сукаць, здвойваць пражу на верацяне’, ‘зліваць, ссыпаць у адно месца’, ‘змешваць’: не трости жита с ячменем (Даль), сюды ж, відаць, і балг. дыял. тръсти́на ‘вяроўка з конскага хваста або грывы’. Паводле Мяркулавай (Очерки, 47), дзеяслоў вытворны ад *trъstь/*trьstь (гл. тросць1;) з двума супрацьлеглымі значэннямі ‘віць, звіваць’ і ‘драбіць, расшчапляць на часткі’ (гл. трысціць2). Вывядзенне дзеяслова з тросць1 пацвярджаецца выразай трысьці́ць бе́рда ‘ўстаўляць новыя трысцінкі ў бёрдзе замест выпаўшых або паламаных’ (Нік. Очерки), а таксама трысці́ць аснову ‘ўводзіць аснову ў бёрда’ (там жа), трасці́ць ‘рабіць новае бёрда, устаўляць у яго трасцінкі’ (в.-дзв., Шатал.). Крытычны разгляд ранейшых версій з канстатацыяй іх недастатковай агрументаванасці гл. у Фасмер, 4, 108. Сюды ж трэ́шчаны ‘ссуканы’ (Сцяшк. Сл.; чэрв., ст.-дар., лід., Сл. ПЗБ), тры́шчаны ‘злучаны з 2–3 столак, нітак’ (Нас.; мсцісл., Жыв. сл.), трышчо́ны ‘злучаны разам (пра ніткі)’ (Ск. нар. мовы, Сцяц., Янк. 1, Мат. Гом.), тро́шчаны ‘складзены ўдвая’ (стол., ЛА, 4), тро́шчэны ‘ў якім зведзены дзве ніткі разам’ (ТС).

Трысці́ць2 ‘біць, разбіваць’ (Мат. Маг.), ‘ламаць з трэскам, без разбору’ (Юрч. Сін.), ‘ламаць на дробныя кавалкі, трэскі’ (Растарг.), тры́сціць ‘ламаць што-небудзь слаістае’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), сюды ж тры́шчыць ‘рабіць, шчапаць, ламаць’ (Нас.) і трашчыць2 (гл.). На рускай тэрыторыі — толькі на мяжы з беларускай, параўн. рус. смал. растрысти́ть ‘драбіць на кавалачкі’, потрысци́ть ‘пашчапаць, паламаць на дробныя часткі’ (Дабр.). На думку Мяркулавай (Очерки, 47), ідэнтычна паводле паходжання трысціць1 (гл.), што, відавочна, грунтуецца на фіксацыі Даля (без указання тэрыторыі) рус. трести́ть лучину «расшчапляць мелка, на запалкі» ад тре́ста ‘чарот, траснік’. Аднак больш шырокая семантыка дазваляе зблізіць словы з іншымі дзеясловамі з варыянтным вакалізмам, як у трусці́ць ‘біць, разбіваць на кавалкі’, тру́шчыць, тру́скаць (гл.), укр. тро́скати ‘ўдараць пугай’, польск. trzaskać ‘раптоўна ўдараць па чым-небудзь, выклікаючы моцны розгалас’, ‘біць, таўчы’, ‘лопацца з трэскам’, чэш., славац. trosky ‘абломкі, рэшткі, руіны’, харв. trȍska, серб. тро̏ска ‘гараль, акаліна’, ‘шлак’, што да прасл. *trъstiti/*troskati гукапераймальнага паходжання, гл. троскат, трэск. Параўн. Фасмер, 4, 107; ЕСУМ, 5, 649; Борысь, 647.

Трысці́ць3 ‘крыць хату’, ‘перабудоўваць хату’ (слуц., Жыв. сл.). Відаць, пашырэнне значэння трысціць1 ‘складваць, злучаць’, магчыма, з канкрэтызацыяй ‘пакрываць чаротам’, што да тросць1, трысцё, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казакі́ ’адуванчыкі, расліна Taraxacum Officinale’ (Мат. Гом.), ’гарлянка паўзучая, Ajuga reptans’ (брэсц., гродз., Кіс.), козакі ’Ranunculus acer; Consolida regalis; Primula veris’. Этымалагічна гэта слова паходзіць ад каза1 (суфікс ‑ак, аснова каз‑), такая ж структура вядома і ў іншых мовах: польск. kozak, чэш. kozak ’грыб Boletus scaber’, балг. козак ’расліна Tragopogon majus’. Матывацыя, аднак, у назвах асобных раслін розная і заслугоўвае асобнага разгляду.

Казакі́1 ’адуванчыкі, Taraxacum’ (Кіс.). Як верагодныя варыянты матывацыі могуць быць прапанаваны наступныя. Перанос назвы ад каза1 па знешняму падабенству быццам бы малаверагодны, таму можна меркаваць аб пераносе, у аснове якога ляжыць уяўленне аб горкім смаку соку адуванчыка. Гэта вядомая матывацыя: у аснове ляжыць уяўленне аб бескарыснасці або шкоднасці расліны і інш.; параўн. укр. дыял. воўчий зуб, жабник. Іншая версія — ад каза1 пад уплывам казялец і інш. (перанос па колеру). Магчымы варыянт — ужыванне назвы іншай расліны казак для абазначэння вядомых лекавых уласцівасцей Taraxacum. Можна бачыць тут дэрыват ад каза ’лісце, каліва цыбулі’ і да т. п.: адуванчыкі з бутонамі нагадваюць стрэлкі цыбулі з насеннем. Улічваючы, што тэрміны ад заонімаў лёгка замяшчаюцца, можна меркаваць, што тут мела месца замяшчэнне вядомага на ўсх.-палес. тэрыторыі (параўн. у Лысенкі, Пал., баба Taraxacum officinales’) слова баба для гэтай расліны. Параўн. яшчэ бел. і інш. слав. бабка ’расліна трыпутнік, Plantago’ і смал., ельн. казаки ’Plantago medion P. lanceolata’. Магчымасць такога працэсу пацвярджаецца дублетамі бабка/каза ’кальцо, якім прымацоўваецца шыйка касы да касся’ (усх.-палес.), бел. дыял. гырчак бабʼі ’драсён’, інш. назвы — дрост і казадрост ’кураслеп’, бел. дыял. баба ’саха ў студні з жураўлём’ і каза ’тс’ бабка ’грыб Boletus scaberi’, рус. казак, польск. kozak ’тс’, таксама ўкр. усх.-палес. бабка ’конік (насякомае)’ і конік, шматлікія дэрываты такога тыпу ад казёл і інш. Некаторыя з прыведзеных слоў гістарычна маглі ўтварыцца па-рознаму, адмяк мы звяртаем увагу на сам факт наяўнасці дублетаў і як вынік — вольны выбар падыходзячай тэрміналогіі. Матывацыя ў выпадку з баба ’Taraxacum’ становіцца зразумелай, калі параўнаць назвы раслін з круглымі кветкамі: укр. дыял. бабка, попове гуменце, пупава, баранки ’Taraxacum officinale’ і макушка, орішок, головняк ’розныя віды Trifolium’, параўн. яшчэ бел. бабкі ’расліна Trifolium reperis’ (Бейл.). Да разумення ўнутранай формы параўн. яшчэ дзіцячую гульню-загадку, калі на адуванчык дзьмуць, а перад гэтым загадваюць, што атрымаецца: дзед ці баба? Аб іншых варыянтах тлумачэння баба ў гэтых значэннях гл. Краўчук, БЛ., 1974, 6, 65.

Казакі́2 ’гарлянка паўзучая, Ajuga reptans’ (брэсц., Федароўскі; гродз., Верас). У даным выпадку можна меркаваць аб сувязі з назвай каза1 на аснове знешняга падабенства: сцябло і лісце расліны пакрыты шматлікімі шчацінкамі; іншая магчымасць — па форце кветкі, — гэта расліна з сямейства Labiatae, і таму параўнанне кветкі з галавой жывёлы натуральна: што ж датычыць канкрэтнага віду, то ў яго кветцы на канцы ўтвараецца некалькі характэрна адагнутых уніз пялёсткаў. Менш верагодны перанос назвы з іншай расліны па функцыянальнай прыкмеце. A. reptans з’яўляецца лекавай раслінай (гл. Z našej prirody, 339), аднак як лекавая яна малаўжывальная. Іншыя назвы для A. reptans гарлянка, гандзель, гарлавінка, жывучка, разрыў таксама не сведчаць пра такое яе выкарыстанне (калі толькі не дапускаць, што назва гарлянка адначасова з’яўляецца выражэннем яе карысных уласцівасцей); параўн. да гэтага сярэдневяковае павер’е ў дачыненні да пралескі (Hepatika nobilis: рус. печеночница) аб тым, што, падобная лісцем на печань, гэта расліна лечыць хваробы печані.

Казакі́3 ’казялец едкі, Ranunculus acer’ (Бейл.). Сувязь з каза1 бясспрэчная: параўн. паралельныя казялец, казлы, казялкі. Можна меркаваць, што тут ужыванне вядомай на Палессі назвы казакі або незалежнае ўтварэнне (відаць пад уплывам казёл з суседніх гаворак). Матывацыя празрыстая: параўн. лац. відавую назву acer ’едкі’, бел. дыял. назвы казяльца зараза, курыная слепата (апошняе па колеру), укр. лютий цвіт, рус. лютик, укр. прищирник; паводле сваёй едкасці расліна атрымлівае адмоўную характарыстыку найменнем, утвораным ад каза1. У славянскіх мовах дэрываты ад каза і пад. у такіх значэннях могуць выступаць як тоесныя дэрыватам ад воўк і пад. Параўн. серб.-харв. kȍze ’воспа’ і рус. волчанка і лац. назву хваробы lupus, параўн. таксама шматлікія дэрываты ад воўк у назвах атрутных раслін.

Казакі́4 ’расліна Consolida regalis (= Delphinium consolida)’ (Бейл.). Бясспрэчна, да каза1; метафара зразумелая, калі згадаць рагатыя кветкі гэтай расліны. Вельмі красамоўныя народныя назвы: бел. рагулькі, козлікі, тапаркі і інш., рус. сокирки, грабельки, рогульки, комаровы носики, козельчики, укр. козенька, козенка, козличка, козлики, сокірка, заячі ушка і да т. п.

Казакі́5 ’расліна Primula veris’ (Бейл.). Нельга меркаваць аб непасрэдным утварэнні гэтай назвы ад каза1. Думаецца, што тут адзін з выпадкаў, калі існуючае найменне казакі канкрэтных раслін (або толькі адной расліны) пераносіцца на іншую. Матывацыя можа быць рознай; што ж датычыць казакі ’Primula’, можна прапанаваць наступныя варыянты тлумачэння. Яркія адзнакі расліны — раннія кветкі (параўн. рус. первоцвет) і іх жоўты колер. Відаць, веснавыя расліны разглядаліся недыферэнцыравана, аб гэтым сведчаць такія назвы для Primula, як укр. нар. проліски, просерень, раст, ряст — назвы агульныя для некаторых веснавых раслін; сярод сінанімічных найменняў веснавых кветак сустракаюцца і дэрываты ад каза, казёл. Сярод укр. тэрмінаў для Primula звяртаюць увагу курача сліпота, куріна сліпота, сліпота. Гэтыя ж назвы тыповыя і для іншых як веснавых раслін, так і больш позніх. К ліку гэтых назваў — дэрываты ад каза, казёл і пад.; матывацыя — атрутныя, нарыўныя ўласцівасці раслін. I апошняе: перанос мог адбыцца дзякуючы таму, што расліны з лекавымі ўласцівасцямі могуць або разглядацца недыферынцыравана, або называцца адным тэрмінам для абазначэння іх каштоўнасці. Параўн. да апошняга рус. дыял. «Есть трава казак, ото всего хорошо пить» (томск. і інш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АФГАНІСТА́Н, Ісламская дзяржава Афганістан,

краіна ў Паўд.-Зах. Азіі. Мяжуе на Пн з Туркменіяй, Узбекістанам, Таджыкістанам, на У з Кітаем, на ПдУ і Пд з Пакістанам, на З з Іранам. Пл. 652,9 тыс. км². Нас. 17,8 млн. чал. (1994). Сталіца — г. Кабул. Падзяляецца на 29 правінцый (вілаятаў) і 2 акругі. Дзярж. мовы — пушту (афганская) і дары (або фарсі-кабулі). Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты і шыіты). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (19 жн.).

Дзяржаўны лад. Афганістан — ісламская рэспубліка. Асн. закон дзяржавы не распрацаваны. На сучасным этапе дзяржаву ўзначальвае прэзідэнт. Сфарміраваны парламент (205 чал.). Прызначаны прэм’ер-міністр.

Прырода. Афганістан — пераважна горная краіна. Высакагорныя хрыбты чаргуюцца з плато і міжгорнымі катлавінамі. З ПнУ на ПдЗ праз усю тэрыторыю праходзяць хрыбты сістэмы Гіндукуш (найвыш. пункт у межах Афганістана — г. Тыргаран, 6729 м), якія веерападобна разыходзяцца і пераходзяць у ніжэйшыя хрыбты горнай сістэмы Парапаміз. Вяршыні на У укрыты ледавікамі. Раўніны і пласкагор’і размешчаны на паўн.-зах. і паўд. ускраінах. Найб. з іх — пустыні Рэгістан і Дашты-Марго. Карысныя выкапні: прыродны газ, жал. руда, каменны вугаль, берыл, лазурыт, барый, каменная соль, сера, азбест і інш. Клімат субтрапічны, кантынентальны, сухі, з рэзкімі сутачнымі ваганнямі т-ры. У гарах суровыя зімы (да -20 °C у студз.), снег трымаецца 7—8 месяцаў. На раўнінах сярэдняя т-ра студз. 0—5 °C, ліп. 25—30 °C. Ападкаў да 350 мм за год, на ПдУ у гарах пад уплывам мусонаў каля 800 мм, у пустынях месцамі менш за 100 мм. Найб. рэкі: Амудар’я (у верхнім цячэнні Пяндж), Мургаб, Герыруд, Гільменд, Кабул. На раўнінах многія рэкі перасыхаюць. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць. У гарах да выш. 1500—1800 м палын, салянкі, саксаул, вясной эфемеры, да 2200—2500 м стэпы. На У краіны, дзе больш ападкаў, да выш. 2400—2700 м дубовыя, арэхавыя і ясянёвыя, да 4300 м хваёвыя лясы, вышэй — альпійскія лугі і ледавікі. У пустынях ёсць аазісы. Жывёльны свет: гіены, дзікія аслы, горныя казлы і інш.

Насельніцтва. У Афганістане жыве больш за 20 народаў іранскай (каля 90%), цюркскай і дардскай моўных груп. Каля 52,4% насельніцтва — пуштуны (на Пд і У краіны). На Пн і З жывуць таджыкі (20,4%), узбекі (8,8%) і туркмены (1,9%), у цэнтр. ч. краіны — хазарэйцы (8,8%); ёсць таксама чаар-аймакі, нурыстанцы, белуджы, брагуі, пашаі, кіргізы, казахі, каракалпакі, арабы і інш. Сярэдняя шчыльнасць 27,2 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены перадгорная паласа на Пн, аазісы і рачныя даліны (да 200 чал. на 1 км²). Высакагорныя і пустынныя раёны амаль бязлюдныя. Каля 2 млн. чал. — качэўнікі і паўкачэўнікі. Каля 5 млн. чал. у сувязі з ваен. падзеямі жывуць у Пакістане і Іране як бежанцы. Гар. насельніцтва 20%. Найб. гарады (тыс. ж., 1988): Кабул (1424,4), Кандагар (225,5), Герат (177,3).

Гісторыя. Тэр. Афганістана заселена чалавекам каля 40—30 тыс. гадоў назад. У 4-м тыс. да нашай эры тут вядома земляробчая аселая культура на штучным арашэнні. М.І.Вавілаў лічыў Афганістан адной з мясцін, адкуль паходзіць культурнае раслінаводства (мяккая пшаніца). З 4 ст. да нашай эры Афганістан у складзе дзяржаў Аляксандра Македонскага, Селеўкідаў, грэка-бактрыйцаў, Вялікіх Кушан, Сасанідаў, качавых плямёнаў эфталітаў. Яго стараж. гісторыя (да 7 ст. нашай эры) звязана з Бактрыяй, Арэяй, Маргіянай, Арахасіяй, Гандхарай, Мідыяй, Ахеменідамі. У час арабскіх заваяванняў 7—9 ст. Афганістан далучаны да Халіфата і ісламізаваны (з 9 ст.). У канцы 10—12 ст. — цэнтр дзяржавы Газневідаў, пры двары якіх працавалі астраном і гісторык Біруні, паэты Унсуры і Фарухі. На У існавала дзяржава Гурыдаў, частку Афганістана захапілі сельджукі. У 13—14 ст. у Афганістане панавалі цюрка-манголы, потым частка краіны ўваходзіла ў дзяржаву дынастыі Куртаў. У канцы 14 ст. Афганістан захапіў Цімур і да 16 ст. тут уладарылі Цімурыды. У пісьмовых крыніцах этнагеагр. назва «Афганістан» («краіна афганцаў», або пуштунаў) ужываецца з 14 ст. У 16—17 ст. Афганістанам валодалі Вялікія Маголы і Сефевідскія шахі Ірана. Адначасова на яго тэр. рассяліліся афг. плямёны, частка якіх перайшла да аселасці; буйныя афг. плямёны хатакаў, а ў 18 ст. гільзаеў і абдалі стварылі самаст. феад. княствы. У 1747 Ахмад-шах Дурані стварыў афг. дзяржаву (сталіца — Кандагар), якая ахоплівала тэрыторыю, населеную пуштунамі (афганцамі), а таксама таджыкамі, узбекамі, хазарэйцамі, чараймакамі і туркменамі. На пач. 19 ст. яна распалася на Герацкае, Кабульскае, Кандагарскае і Пешаварскае ханствы. Іх дзярж. кансалідацыя адбылася пры эмірах Дост Мухамедзе і Шэр Алі. Вялікабрытанія, імкнучыся захапіць Афганістан і пашырыць сваю ўладу на Сярэднюю Азію, развязала англа-афганскія войны, прымусіла Афганістан падпісаць дагавор 1879, паводле якога ён страціў самастойнасць і ч. паўд. зямель. У 1893 Вялікабрытанія навязала Афганістану новую ўсх. мяжу («лінія Дзюранда») — уключыла землі ўсх. пуштунаў у склад сваіх індыйскіх каланіяльных тэрыторый. У канцы 19 — пач. 20 ст. завяршыўся працэс цэнтралізацыі Афганістана.

У лют. 1919 да ўлады ў Афганістане прайшоў Аманула-хан. Падзяляючы погляды младаафганцаў, ён 28.2.1919 абвясціў незалежнасць краіны, якую прызналі Сав. Расія (сак. 1919), а пасля апошняй англа-афг. вайны і Вялікабрытанія (жн. 1919; канчаткова ў 1921). Да 1928 у Афганістане праведзены антыфеад. Рэформы. Аднак у выніку мяцяжу Бачаі Сакао (правіў пад імем Хабібула ў студз.кастр. 1929) рэформы адменены. Супраць Хабібулы выступіў ваен. міністр Аманулы Мухамед Надзір, які заняў Кабул (кастр. 1929) і абвясціў сябе каралём. Заснаваная ім дынастыя правіла краінай да 1973. Абвешчаная ў 1931 канстытуцыя ўмацавала пазіцыі духавенства і племянной знаці. Пасля 2-й сусв. вайны сац.-эканам. развіццё краіны паскорылася, узнік дзярж. сектар эканомікі, ажыццяўляліся пяцігодкі, узрос уплыў замежнага капіталу; эканам. дапамогу Афганістану аказваў і СССР. Аднак краіна заставалася адной з самых бедных і слабаразвітых у свеце. Канстытуцыйная рэформа 1963—65 была скіравана на паступовае прыстасаванне Афганістана да сучаснага свету. Пасля 1965 у краіне выявіліся 2 кірункі вырашэння праблем: леварадыкальны на чале з Народна-дэмакратычнай партыяй Афганістана (НДПА) і ісламска-фундаменталісцкі. Знешняя палітыка Афганістана вызначалася нейтралітэтам і недалучэннем. У ліп. 1973 антыманархісты з ліку ваенных ажыццявілі дзярж. пераварот і абвясцілі Афганістан рэспублікай (прэзідэнтам стаў стрыечны брат караля М.Дауд). Абвешчаныя новымі ўладамі абмежаваныя рэформы фактычна не ажыццяўляліся. 27.4.1978 пад кіраўніцтвам НДПА адбылося ўзбр. выступленне арміі, якое прывяло да стварэння Рэв. савета (РС, узначаліў генсек НДПА Н.М.Таракі) і абвяшчэння Дэмакр. Рэспублікі Афганістан (ДРА). 16.9.1979 да ўлады прыйшоў Х.Амін, паводле загаду якога быў забіты Таракі. Грамадзянская вайна ў Афганістане, пачатая ў 1978 фундаменталістамі і былымі кіруючымі коламі, знайшла шырокую падтрымку знешніх сіл. Маджахеды набіраліся з афг. бежанцаў у Пакістане і Іране. Урад Афганістана папрасіў дапамогі ў СССР. 27.12.1979 сав. войскі ўвайшлі ў краіну. Амін быў забіты, РС узначаліў Б.Кармаль. Грамадз. вайна набывала характар супраціўлення іншаземцам. Лінія на нац. прымірэнне праводзілася і пасля змены ў 1986 Кармаля на пасадах старшыні РС і генсека НДПА Наджыбулой. Нац. прымірэння не адбылося і пасля прыняцця новай канстытуцыі. 14.4.1988 у Жэневе прадстаўнікі ўрадаў Афганістана, Пакістана, СССР і ЗША падпісалі пагадненні аб урэгуляванні становішча ў Афганістане. 15.2.1989 апошнія сав. войскі пакінулі Афганістан. За 10 гадоў сав. войскі страцілі ў Афганістане 15 тыс. чал., у тым ліку больш за 750 чал. з Беларусі. 16.4.1992 Наджыбула пакінуў пасаду прэзідэнта. 28.4.1992 уладу ў Кабуле захапіла ўзбр. апазіцыя; часовым прэзідэнтам Ісламскай дзяржавы Афганістан стаў лідэр Ісламскага таварыства Афганістана таджык Б.Рабані, прэм’ер-міністрам — лідэр Ісламскай партыі Афганістана пуштун Г.Хекмаціяр. Аднак грамадз. вайна не спынілася. Акрамя барацьбы за ўладу паміж Хекмаціярам і Рабані, г. зн. барацьбы за пераўтварэнне Афганістана ва унітарную ісламскую рэспубліку пры перавазе пуштунаў або ў этнафедэрацыю, вайна набыла этнанац. характар. Яна ўскладняецца наяўнасцю знешняй дапамогі. Восенню 1994 узнік рух «Талібан» (ад талібы — выхаванцы рэліг. ісламскіх навуч. устаноў). Да вясны 1995 талібы кантралявалі ⅓ тэр. Афганістана.

Палітычныя партыі і рухі: Партыя айчыны, Ісламская партыя Афганістана, Ісламскае т-ва Афганістана, Нац. фронт выратавання Афганістана, Нац. ісламскі фронт Афганістана, Рух ісламскай рэвалюцыі Афганістана, Нац. ісламскі рух, рух «Талібан».

Гаспадарка. Афганістан — аграрная краіна са слаба развітой прам-сцю і адсталай сельскай гаспадаркай. Нац. даход на душу насельніцтва адзін з самых нізкіх у свеце і складае каля 100 долараў ЗША за год. Аснова гаспадаркі — арашальнае земляробства і пашавая жывёлагадоўля. У сельскай гаспадарцы занята каля 85% насельніцтва і ствараецца ​2/3 валавога ўнутр. прадукту. Агульная пл. зямель, што апрацоўваюцца, 4,5 млн. га (каля 7% тэр. краіны), з іх 2,6 млн. га — арашальныя землі. Пасяўная пл. 3,8 млн. га. Асн. плошчы арашальнага земляробства на Пд у далінах рэк Кабул, Гільменд і іх прытокаў, на Пн па рэках Герыруд, Кундуз, Балх, на Бактрыйскай раўніне. Багарныя землі сканцэнтраваны ў перадгорнай паласе на Пн краіны і асобнымі ўчасткамі ў гарах. Аснова земляробства — збожжавая гаспадарка. Важнейшая культура — пшаніца (збор 2,38 млн. т; 1988—89), дае больш за палавіну кошту ўсёй прадукцыі раслінаводства, вырошчваецца ў асн. на Пн краіны. Пасевы ячменю (0,35 млн. т) пераважна ў горных раёнах, рысу (0,34 млн. т) у межах Джэлалабадскага аазіса і ў раёне Герата. У асобных раёнах развіта садоўніцтва, вырошчванне агародніны і бахчавых культур, вінаграду, бульбы, з тэхн. — бавоўны, алейных культур, цукр. буракоў і трыснягу. Сеюць таксама лён, кунжут, тытунь. Афганістан — адзін з найбуйнейшых вытворцаў опіуму і гашышу і цэнтр кантрабанднага гандлю імі. У жывёлагадоўлі пераважае адгонна-пашавая гадоўля авечак, асабліва каракулевых. Пагалоўе (млн. галоў; 1988): буйн. раг. жывёлы 3,6, авечак 17, коз 2,8, коней, аслоў і мулаў 1,7. У невял. колькасці гадуюць вярблюдаў (на З) і якаў (на У). У 1988—89 вытв-сць жывёлагадоўчай прадукцыі: каракульскіх шкурак 1млн. шт., воўны 13 тыс. т, мяса 252 тыс. т, малака 610 тыс. т. Сельская гаспадарка не забяспечвае насельніцтва прадуктамі харчавання. Прам-сць развіта слаба. У краіне каля 460 фабр.-зав. прадпрыемстваў. Здабываюць каменны вугаль (140 тыс. т), прыродны газ (1 млрд. м³), нафту, каменную соль, лазурыт, керамічную і буд. сыравіну. Вытв-сць электраэнергіі 1132 млн. кВт·гадз (1988—89). ГЭС на р. Кабул—Наглу (магутнасць 100 тыс. кВт), Махіпар (66 тыс. кВт), Сурабай (22 тыс. кВт). ЦЭЦ на прыродным газе ў Мазары-Шарыфе. Развіваецца тэкст., харч., буд. матэрыялаў прам-сць. Працуюць металаапр. (Кабул) і хім. (Мазары-Шарыф) з-ды. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Працягласць аўтадарог 19,2 тыс. км, у тым ліку з цвёрдым пакрыццём 9 тыс. км. Аснова сеткі дарог — кальцавая аўтадарога Кабул—Кандагар—Герат—Мазары-Шарыф—Кабул. У 1991 у краіне было 31,8 тыс. легкавых і 30,9 тыс. грузавых аўтамабіляў. Адзіная чыгунка Кушка—Тарагундзі (5,5 км). Працягласць газаправодаў 340 км (1989). Міжнар. аэрапорты ў Кабуле і Кандагары, рачны порт Шэрхан на Амудар’і.

Краіна моцна пацярпела ад амаль бесперапынных ваен. дзеянняў у 1978—95: страты складаюць каля 75% усіх укладанняў у развіццё краіны за 50 папярэдніх гадоў; разбураны гарады, знішчаны сотні кішлакоў. З-за недахопу сыравіны, кадраў, перабояў з электраэнергіяй парушана дзейнасць амаль усіх прадпрыемстваў (асабліва па вытв-сці цукру і тэкстылю). Значна пацярпела і сельская гаспадарка. Экспарт (236 млн. долараў ЗША; 1991): каракуль і каракульча, сухафрукты, бавоўна, газ, дываны, воўна, арэхі, вінаград і інш. Імпарт (874 млн. долараў ЗША; 1991): машыны, абсталяванне, нафтапрадукты, трансп. сродкі, буд. матэрыялы, тэкст. вырабы, харч. тавары. Гал. знешнегандл. партнёры: краіны СНД, Японія, Кітай, Індыя, Пакістан, Вялікабрытанія, ФРГ. Беларусь экспартуе ў Афганістан у невял. колькасці трактары, радыёпрыёмнікі, матацыклы, імпартуе пераважна дываны. Грашовая адзінка — афгані.

Ахова здароўя. Узровень нараджальнасці — 49 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць — 168 на 1 тыс. чал. (1994). Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 43, у жанчын 41 год (1986).

Асвета, навуковыя ўстановы. У сярэдзіне 1980-х г. праведзена школьная рэформа, якая прадугледжвае пераход да адзінай 11-гадовай агульнаадук. школы з сумесным навучаннем: пач. навучанне (1—5-ы кл.), няпоўнае сярэдняе (6—8-ы кл.), поўнае сярэдняе (9—11-ы кл.). У 1988/89 навуч. г. працавала 1350 школ (857 тыс. вучняў), у тым ліку 344 сярэднія; у 28 прафес.-тэхн. навуч. установах навучалася 10,1 тыс. чал. (усе на дзярж. забеспячэнні, у тым ліку школы па падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых); у ВНУ — 17,4 тыс., за мяжой — больш за 43 тыс. студэнтаў. Буйнейшыя ВНУ: у Кабуле ун-т (з 1946), політэхн. ін-т (з 1967), мед. і пед. ін-ты (з 1985), Нангархарскі ун-т у Джалалабадзе (засн. ў 1962, працуе з 1978). У канцы 1980 — пач. 90-х г. нар. адукацыя была фактычна паралізавана. Пераход улады да ісламскага ўрада (1992) даў пачатак новаму этапу рэформаў адукац. сістэмы краіны. Буйнейшыя б-кі: публічная ў Кабуле пры Мін-ве асветы, універсітэцкія. Найб. вядомы музей археалогіі і этнаграфіі ў Кабуле; ёсць музеі ў Кандагары, Гераце, Мазары-Шарыфе, Газні. Навук. даследаванні вядуцца ва ун-тах, навук. установах і т-вах.

Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца некалькі газет, функцыянуюць нац. інфарм. агенцтва, дзярж. тэлерадыёкампанія.

Літаратура. Л-ра Афганістана развівалася на мовах пушту і дары, носьбіты якіх пуштуны і таджыкі. Л-ра на пушту абапіралася на фальклор. Вытокі літ. традыцыі на мове дары бяруць пачатак у класічнай перс.-тадж. паэзіі 10—14 ст., якая стала адзіным скарбам сучасных л-р Ірана, Таджыкістана і Афнаністана. Перс. л-ра развівалася гал. ч. у Гераце і Кабуле. У паэзіі, якая пераважала над прозай, дамінавалі традыц. формы, тэматыка і сімволіка. Класічны ўзор перс. прозы — Хроніка Байхані 11 ст. Складальнік анталогіі «Невядомы скарб» на мове пушту Мухамед Хатак (18 ст.) паасобныя вершы датаваў 8 ст., частку твораў — 13 ст. Першы твор з дакладным аўтарствам на пушту — «Добрая вестка» Баязіда Ансары (1525—85). Росквіт паэт. жанраў адносіцца да 17—18 ст. (Абдулхамід Моманд, Абдурахман Моманд, Ахмад-шах Дурані); найб. слынны прадстаўнік свецкай паэзіі — Хушхальхан Хатак; выдатны лірык Рахман Баба. Вызваленчая барацьба афг. народа ў 2-й пал. 19 ст. адлюстравана ў нар. паэзіі. З’явіліся цыклы гіст. паэм, песень, вершаў патрыят. зместу (Нур Сахіб, Нуруддзін). Тады ж узнікла проза на пушту (Мулаві Ахмад, Мір Ахмад Рызвані — стваральнік першай граматыкі пушту, Муншы Ахмад Джан). Аднак з канца 18 да пач. 20 ст. назіраецца заняпад л-ры, выкліканы агульным застоем эканам. і культ. жыцця краіны; мова пушту ўсё больш выцясняецца фарсі, якая стала літ. і дзярж. мовай. Прызнанне ў 1936 мовы пушту дзяржаўнай паскорыла развіццё на ёй л-ры. Асновы сучаснай л-ры закладзены на пач. 20 ст. младаафганцамі, прадстаўнікамі бурж.-рэфармісцкіх асв. колаў (Махмуд Тарзі). Пасля ўстанаўлення незалежнасці Афганістана (1919) л-ра паступова набыла грамадскае значэнне. Ідэі патрыятызму, служэння народу сталі лейтматывам творчасці Гуляма Мухіддзіна Афгана, Саліха Мухамеда. У паэзіі і прозе загучалі грамадз. матывы: барацьба з непісьменнасцю, за нац. годнасць, за волю народаў Усходу. Абнаўляецца і пашыраецца тэматыка, літ. мова збліжаецца з народнай; змяняюцца жанравы дыяпазон і творчы метад. Пісьменнікі і паэты 20 ст. (Абдурауф Бенава, Сулейман Лаік, Абдурахман Пажвак, Абдулхак Бетаб, Халілула Халілі і інш.) працуюць у жанрах сац. аповесці, быт. навелы, лірыка-філас. эсэ, рыфмаванай прозы. З 1978 афг. л-ра развіваецца ў Афганістане (пераважна ідэалагічны, рэв. кірунак) і ў эміграцыі.

Архітэктура, выяўленчае мастацтва. Збудаванні з гліны-сырцу (паселішча Мундыгак), наскальныя выявы (у Бадахшане), размаляваная кераміка вядомы тут у 4-м тыс. да нашай эры. Мастацтва перыяду Грэка-Бактрыйскага царства (250—140 да нашай эры) склалася пад уплывам элінізму (Ай-Ханум). Да эпохі Кушанскага царства (1—4 ст., калі ў Афганістане быў пашыраны будызм), адносяцца творы скульптуры і дэкар.-прыкладнога мастацтва з раскопак Хады, Баграма, Фундукістана і інш. Захаваліся помнікі будыйскага дойлідства 1—8 ст. (манастыры каля Балха, Кундуза, у Хадзе; пячорны манастыр у даліне р. Баміян, у размалёўках і стукавым дэкоры якога прыкметны ўплыў мастацтва Індыі і Ірана). Пасля араб. заваявання (7—9 ст.) і пашырэння ісламу мастацтва Афганістана развівалася ў рэчышчы культуры мусульм. краін. Сярэдневяковае мастацтва звязана з традыцыямі Сярэдняй Азіі, Ірана, Індыі (мячэць Ну-Гумбед у Балху, 10 ст.; палацавы комплекс Лашкары-Базар у Бусце, 11—12 ст.; мемарыяльныя вежы Масула III і Бахрамшаха ў Газні, 12 ст.; мінарэт каля с. Джам, 1153—1202; Саборная мячэць, 14—15 ст.; маўзалей Гаўхаршад і мінарэты Мусала ў Гераце, 1417—38). Найб. значная маст. школа склалася ў Гераце (гл. Герацкая школа), з якой звязана творчасць К.Бехзада, яго вучня Касім Алі (15—16 ст.) і інш. З 15 ст. развіты мініяцюрны жывапіс (іл. да «Шахнаме» Фірдаўсі, «Хамсе» Нізамі, «Бустан» Саадзі). На пач. 16 ст. вядучая роля ў маст. жыцці Афганістана перайшла да Кабула. З сярэдзіны 18 ст. значнае буд-ва вялося ў Кандагары (маўзалей Ахмад-шаха Дурані). Нар. архітэктура 18—20 ст. блізкая да сярэднеазіяцкай: вакол адкрытага двара размяшчаюцца будынкі з плоскім земляным дахам, упрыгожаныя разьбой па дрэве і размалёўкай. Існуе і купальны тып будынкаў (маўзалей Мухамед Надзіршаха каля Кабула). У сучаснай архітэктуры спалучаюцца шкло, бетон і традыц. матэрыялы (калона Абідаі Майванд у Кабуле з дэкорам з блакітнай кафлі і чорнага мармуру, арх. І.Серадж). У выяўл. мастацтве важную ролю адыгралі Школа выяўл. і прыкладнога мастацтва і рамёстваў (1921), творчасць жывапісцаў (Гулям Мухамедхан, А.Брэшна, Гаўсуддзін, Х.Ітымадзі), скульптараў (М.Хайдар, М.Рэза Кандагары), графікаў. Маст. рамёствы (ткацтва дываноў, кераміка, апрацоўка металу) захавалі традыцыі стараж. дэкар.-прыкладнога мастацтва.

Музыка Афганістана развівалася ва ўзаемадзеянні з нар. муз. культурай Індыі, Ірана і краін Сярэдняй Азіі. Пераважаюць 2 узаемазвязаныя традыцыі — народаў дары і пушту, засн. на тэорыі і практыцы макама. У песенным фальклоры пуштунаў вылучаюцца жанры ландый (часцей лірычнага характару), німакый, багатый, нара. Развіта танц. мастацтва, у тым ліку пуштунскі атан (карагод) і інш. Сярод песенных жанраў пераважаюць лірычныя, засн. на тэкстах паэтаў-класікаў, — газель, чарбайта, кісэ, дастаны. Сярод інструментаў пуштунаў: струнна-шчыпковыя — рубаб афганскі, сарод, сітара (разнавіднасць танбура); духавы — сурнай; ударныя — дол, зірбагалі. З інструментаў інш. народаў Афганістана: струнна-шчыпковыя — танбур, дутар; струнна-смычковы — гіджак; ударны — дойра і інш. Развіццё сучаснай музыкі звязана з імёнамі Касіма Афгана, Гулама Хусейна, Абдулгафура Брэшна, Мухамеда Хусейна Сараханга і інш.

Тэатр. З даўніх часоў у Афганістане вял. папулярнасцю карысталіся вандроўныя камедыянты. Прафес. т-р створаны ў 1919 (у канцы 1920-х г. закрыты). У 1930-я г. ў гарадах узніклі перасоўныя тэатр. трупы, на аснове якіх у канцы 1940-х г. створаны пастаянныя драм. калектывы «Пахыні нындарэ» (кіраўнік Р.Латыфі), «Ды Кабул нындарэ» (кіраўнік М.А.Раунак). Каб падтрымаць нац. т-р і паспрыяць развіццю драматургіі, у 1941 створана Упраўленне нар. відовішчаў. У рэпертуары т-раў п’есы нац. і замежных аўтараў. У 1956 у Кабуле заснавана тэатр. школа.

Кіно. Нац. кінавытворчасць зарадзілася ў 1960-я г., калі афг. дзеячы кіно з удзелам інд. кінематаграфістаў стварылі фільм «Падобна арлу» (1963, рэж. Ф.М.Хаерзадэ). У 1968 засн. кінастудыя «Афганфільм», дзе напачатку здымаліся дакумент. фільмы. У 1970 пастаўлены маст. фільм «Фаварыт» — пра барацьбу паліцыі з гандлярамі наркотыкамі. У 1970-я — пач. 80-х г. здымаліся хроніка, дакумент. і маст. фільмы. У 1981 створаны Саюз кінематаграфістаў Афганістана.

З.М.Шуканава (прырода, гаспадарка), М.Г.Елісееў (гісторыя), А.М.Гарахавік (музыка).

т. 2, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)