стыхі́я, ‑і, ж.

1. У старагрэчаскіх філосафаў-матэрыялістаў — адзін з асноўных элементаў прыроды (вада, зямля, паветра, агонь), якія ляжаць у аснове ўсіх рэчаў. // перан.; чаго або якая. Кніжн. Зыходны элемент, пачатак. Стыхія народнасці часта прарываецца ў стылістыцы твора, каб неспадзявана зазіхацець «сялянскім» слоўцам у паэме, насычанай усімі фарбамі рамантычнага стылю. Бярозкін.

2. Магутныя сілы прыроды, якія не падпарадкуюцца чалавеку. Марская стыхія. □ Стыхія лютавала. Хвалі ўжо захл[і]ствалі сумныя адзінокія постаці робатаў. Шыцік. У барацьбе са стыхіяй прыроды, з рознымі іншымі цяжкасцямі рос і загартоўваўся калектыў шахцёраў. Кулакоўскі. Кіну Справы свае І прыеду ў тую ж хвіліну Дапамагчы ваяваць З непакорнай стыхіяй. Танк. // Моцныя падсвядомыя пачуцці. Пры маляванні вобразаў сялян праяўляецца ў Коласа стыхія гумару. Клімковіч.

3. чаго або якая. З’явы сацыяльнага жыцця, якія не могуць рэгулявацца людзьмі, грамадствам. Стыхія інфляцыі. Стыхія капіталістычнага рынку. Стыхія канкурэнцыі. // Сляпая дзейнасць грамадскага асяроддзя, якое не падпарадкоўваецца арганізацыі і кіраўніцтву. Беразняк пакруціў галавою: — Дробнабуржуазная стыхія засмоктвае, як дрыгва. Сабаленка.

4. перан.; каго-чаго або якая. Прывычнае акружэнне, асяроддзе, кола любімых заняткаў, асноўных інтарэсаў і пад. Арганізоўваць, камандаваць, кіраваць — гэта яго [Сцёпкі] прызванне, яго стыхія. Жычка. Ад доўгага чытання і напружаных думак у Шыковіча забалела галава. Не, даволі дакументаў! Гэта не яго стыхія. Трэба шукаць жывых «чапаеўцаў», яны скажуць больш. Шамякін. — Мая стыхія — гандаль, — катэгарычна адрэзаў Свідраль і зноў, але ўжо ямчэй, усеўся на канапе. Дуброўскі.

[Ад грэч. stoicheion — элемент.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сумава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; незак.

1. Адчуваць сум, смутак; аддавацца душэўнай горычы. Недзе, далёка, Сумуе гаротная матка. Танк. Паблізу ад сябе .. [Марыля] чуе ласкавы, спачувальны голас: — Не сумуйце так, ле пакутуйце. Кулакоўскі. [Маці:] — А Надзя твая [Федзечка] вельмі сумуе. Часта да нас забягае і ўсё плача. Няхай. // Журыцца. Першыя дні, калі бацька паехаў у адпачынак, Надзейка, прыходзячы дадому, сумавала. Хадкевіч. [Цімох:] — А з добрымі людзьмі ніколі сумаваць не будзеш.. ніколі самотнай сябе не адчуеш. Дубоўка. Не пішы аб тым мне, Што ўсё сумуеш, Я таксама, знаю, Сёння не засну. Тарас. / у перан. ужыв. Сумуе клён у поплаве на грудзе. Русак.

2. па кім-чым. Адчуваць душэўную трывогу, маркоту; тужыць па кім‑, чым‑н. У першы дзень Міхась сумаваў па матцы. Якімовіч. Вось і тая зямля, дзе дужэў ты і рос, Па якой сумаваў столькі зім, столькі вёсен. Кірэенка. Скажу адно, можа, ніхто так не сумуе па цёплым слове з дому, як салдат. Скрыган. // Зазнаваць патрэбу ў чым‑н.; перажываць без чаго‑н. [Марына] нярэдка сумавала па заводу. Шахавец. І трэба сказаць — сумуюць па ёй [лесарубнай справе] яго багатырскія плечы! Якімовіч. // Маркоціцца (пра жывёл). Недзе ў хляве сумавала ахрыплым голасам цялё. Чорны.

3. Нудзіцца. У хаце, быццам у вуллі, Тут сумаваць няма калі! Барадулін. Прыходзіць дадому. Сумуе адзін... Якую прыдумаць работу? Бялевіч. // Знаходзіцца ў бяздзейнасці (пра рэчы). І стаяць, сумуюць санкі, Не знайсці хлапцам гулянкі, Бо не выпаў снег. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хара́ктар, ‑у, м.

1. Сукупнасць устойлівых псіхічных уласцівасцей чалавека, яго асабістых рыс, якія праяўляюцца ў паводзінах і дзейнасці. Мяккі характар. Цяжкі характар. □ Бязмежная адданасць справе і скромнасць шчырага працаўніка — вось дзве галоўныя рысы характару пагранічніка. Брыль. — Гануля ўмее несці крыж пакуты, — казалі пра яе людзі, дзівячыся яе трываламу характару. Гурскі.

2. Цвёрдая воля, настойлівасць у дасягненні чаго‑н. Але Барбара і рада была, што.. [Лёша] рос не такім падатлівым, ціхоняй, а быў з характарам, мог пастаяць за сябе. Грамовіч.

3. які або чаго. Адметная асаблівасці ўласцівасць, якасць чаго‑н. Заўвагі крытычнага характару. □ Цудоўная мясцовасць паміж вёскаю Купа і пасёлкам рыбгаса пачала набываць курортны характар. В. Вольскі. Па характару свайго таленту Ул. Дубоўка — лірык. Глебка.

4. У літаратуры, мастацтве — сукупнасць псіхічных асаблівасцей, што ствараюць вобраз, які мае тыповыя, абагульняючыя рысы якой‑н. групы людзей. У Коласа характар пераходзіць у мову, а мова робіцца формай раскрыцця гэтага характару. «Полымя». Сіла Барадуліна менавіта ў гэтым уменні праз трапную дэталь, жыццёвы выпадак вымаляваць характар, сацыяльны тып, паставіць праблему. «Маладосць».

•••

Камедыя характараў гл. камедыя.

Народны характар — характар, які адлюстроўвае тыповыя рысы прадстаўніка з народа.

Нацыянальны характар — характар, які выяўляе своеасаблівасць псіхічнага складу прадстаўніка пэўнай нацыі.

Тыповы характар — мастацкі вобраз, у індывідуальных рысах якога абагульнены характэрныя асаблівасці людзей пэўнага сацыяльнага асяроддзя, пакалення і пад.

Вытрымаць характар гл. вытрымаць.

З характарам хто — чалавек з вытрымкай, настойлівасцю, прынцыповасцю.

Паказваць (паказаць) характар — выяўляць (выявіць) настойлівасць у чым‑н.

[Грэч. charaktēr.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́рыцца, ‑рыцца; незак.

1. Станавіцца больш шырокім, павялічвацца ў шырыню; пашырацца. Днела — шырылася светлая паласа на ўсходзе. Шамякін. З-пад лемяхоў адваліліся скібы тлустай зямлі. Наперад і наперад ішоў трактар, і ўсё шырылася і шырылася ўзараная паласа. Даніленка. / Пра пачуцці, думкі і пад. — Вось хаджу я па зямлі, жыву, — і ад гэтага радасць. Яна шырыцца, яна ва ўсім, што ёсць, яна напоўніць усё. Чорны. // Разыходзіцца, раздавацца ўшырыню (пра дым, пару, полымя і пад.). Агонь рос, шырыўся. Полымя хапатліва лізала сцены, столь. М. Ткачоў. Клубчасты, кучаравы хвост дыму ўсё падаўжаўся, шырыўся і, здавалася, нерухома застываў у марозным паветры. Колас. // Далёка разносіцца, разыходзіцца; нарастаць (пра гукі, песню, гамонку і пад.). А гоман шырыўся і мацнеў. Крапіва. Падхоплены дзесяткамі галасоў, крык шырыўся. Лынькоў. А песня над садам расла, шырылася, сілу набірала. Кірэйчык. // Шырока распасцірацца, цягнуцца на вялікую адлегласць. На ўскраінах шырацца і высяцца аграмадзіны-муры. Бядуля.

2. перан. Павялічвацца, расці ў колькасці, аб’ёме і пад. Нашы сілы растуць, шырацца, Над Дзвіной стаім, над Прыпяццю На варце. Танк. Праміналі дні і ночы, Працы шырыўся разгон. Астрэйка. / Пра весткі, чуткі і пад. А пагалоска не сціхала, а наадварот — шырылася, бо неўзабаве зноў дайшла да Васіліны. Хадкевіч. // Станавіцца больш масавым. Дэманстрацыя шырылася і расла. Чорны. [Партызанскі рух] усё шырыўся і шырыўся. Шамякін. На нашай будоўлі з кожным днём шырыцца рух за камуністычную працу. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каро́на, ‑ы, ж.

1. Галаўны ўбор з каштоўнымі ўпрыгожаннямі, які з’яўляецца знакам улады манарха. Царская карона. □ Жыў ды быў найлюты цар, Той краіны ўладар. У залатой сваёй кароне Ён сядзеў сабе на троне. Якімовіч. // Адбітак, малюнак падобнага прадмета па гербах, ордэнах і пад. Усе леснікі былі ўжо ў зборы, У лепшым стражніцкім уборы: У новых куртках са шнурамі, А на грудзінах са знакамі, На шапках «Н» было з каронай. Колас. Эмблемай, адметным знакам царскай юстыцыі была карона на падстаўцы з надпісам «Закон». Г. Кісялёў. // перан.; чаго. Аб прадмеце падобнай формы, падобнага выгляду. Калі хто-небудзь сцішыць мог Той боль, што я з тугою нёс, Дык гэта ты — зямны мой бог З каронай сонечнаю кос. Кірэенка. / у знач. прысл. каро́най. Дзяўчына паправіла рукой тугія бялявыя косы, што каронай ляжалі на галаве. Васілёнак.

2. перан. Улада манарха. Адрачыся ад кароны. Прыняць карону. // Дзяржаўная ўлада ў манархічнай краіне. Ходзіць май па свеце, Сцяг яго чырвоны Патрасае грозна Троны і кароны. Купала. Тут пад ярмом кароны жыў, Цярпеў галечу, крыўду, здзек І чалавекам век не быў Забіты горам чалавек. А. Александровіч.

3. Тое, што і крона ​1. Пад каронай — Парасонам Ліпы пышнай і зялёнай — Адзінокі колас жыта Рос замкнёна і забыта. Колас. Уверсе ж кароны старых хвой, сходзячыся з двух бакоў сценкі, спляталі жывы полаг. Гартны.

4. Светлы арэол вакол Сонца, бачны ў час сонечнага зацьмення. Сонечная карона.

•••

Карона з галавы не зваліцца (не спадзе) — гонар не будзе закрануты, аўтарытэт не паменшае.

[Ад лац. corona — вянок.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гусці́, гуду, гудзеш, гудзе; гудзём, гудзяце, гудуць; пр. гуў, гула, ‑ло; заг. гудзі; незак.

1. Утвараць роўны, густы, працяжны гук, гул. Усю ноч гула за вёскай малатарня. Брыль. Маторы гулі роўна, манатонна, штурмуючы тоўшчу воблакаў. Новікаў. // Завываць (пра вецер, мяцеліцу, завіруху і пад.). Не змаўкаючы, гула завіруха. Мележ. Часам вецер наганяў хмары, і тады гула мяцеліца. Арабей. // Звінець крыламі (пра пчалу, чмяля і пад.). Гудуць, бзыкаюць, перавальваючыся з гронкі на гронку грэчкавага цвету, пчолы. Ермаловіч. // безас. Пра адчуванне шуму, гулу. Галава хілілася да стала, нібы налітая свінцом. У вушах цяжка гуло. Лынькоў. // Поўніцца мноствам галасоў. Школа, паўнютка набітая людзьмі, гула, як пчольнік. Сабаленка. А клуб аж гудзе, — у ім столькі людзей, Спраўляе свой слаўны Ігнат юбілей. Хведаровіч. // Манатонна гаварыць, расказваць. [Салдат] гуў сабе пад нос павольна, з одумам, слова за словам. Чорны. // Крыкам, галасамі выказваць не задавальненне (пра ўсіх, многіх). Мікуцічане гудуць. Выплываюць розныя крыўды, непаразуменні, успамінаюцца старыя прарэхі сялянскага жыцця, аб грэблі перастаюць зусім гаварыць. Колас. // перан. Пашырацца, распаўсюджвацца. Вялікая, радасная вестка гула, перакатвалася. М. Ткачоў. // перан. Бурна працякаць, інтэнсіўна праяўляцца. Работа ў калгасе кіпіць і гудзе. // перан. Хутка, спорна расці. Гудзе, буяе ў садзе квецень У звонкім ззянні кропель-рос. Кляўко.

2. Утвараць працяжны, рэзкі гук (пра сігнал, гудок). Гудзе завадскі гудок. □ Гулі паравозы, вішчалі тармазы, ляпалі прылады аўтасчэпкі. Васілёнак.

3. Разм. Бесперапынна ныць, ламаць (пра болі ў касцях, у целе). Рука ў лубках гудзе надаедлівым болем. Брыль. Скроні гулі і балелі. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́са 1, ‑ы, ж.

1. Група людзей, якая склалася гістарычна на пэўнай тэрыторыі і характарызуецца некаторымі спадчыннымі асаблівасцямі: будовай цела, формай валасоў, пігментацыяй скуры, валасоў, вачэй і пад.

2. У заалогіі і батаніцы — сукупнасць індывідуумаў ўнутры арэала, віда або падвіда, якія вылучаюцца агульнымі біялагічнымі асаблівасцямі і звязаны агульным паходжаннем і раёнам распаўсюджання.

•••

Белая раса — устарэлая назва еўрапеоіднай расы.

Еўрапеоідная раса — адна з асноўных вялікіх рас чалавецтва, якая характарызуецца светлай скурай, роўнымі або злёгку хвалістымі валасамі, вузкім, з высокім пераноссем носам, параўнальна тонкімі губамі.

Жоўтая раса — устарэлая назва мангалоіднай расы.

Мангалоідная раса — адна з асноўных вялікіх рас чалавецтва, якая характарызуецца жаўтаватай скурай, прамымі чорнымі валасамі, плоскім скуластым тварам.

Негроідная раса — адна з асноўных вялікіх рас чалавецтва, якая характарызуецца цёмнай скурай, кучаравымі валасамі, шырокім носам, тоўстымі губамі і інш.

Чорная раса — устарэлая назва негроіднай расы.

[Фр. race.]

ра́са 2, ‑ы, ж.

Верхняе доўгае адзенне праваслаўнага духавенства, сшытае ў талію, з шырокімі рукавамі. — А вы не з духоўных асоб? — Угадалі. Насіў расу, але адрокся ад сану. Хомчанка.

раса́, ы́; мн. ро́сы, рос; ж.

Вадзяныя кроплі, якія збіраюцца на паверхні раслін і розных наземных прадметаў вечарам, ноччу і раніцай пры паніжэнні тэмпературы ў цёплую пару года. Ідуць касцы, звіняць іх косы, Вітаюць іх буйныя росы, А краскі ніжай гнуць галовы, Пачуўшы косак звон сталёвы. Колас. Павялічацца ночы, пачнуць выпадаць росы і, нарэшце, пойдуць жа калі-небудзь дажджы. Дуброўскі.

•••

Мучністая раса — хвароба раслін, пры якой на раслінах утвараецца налёт, падобны на муку.

Абагнаць (раннюю) расу гл. абагнаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

струме́нь, ‑я, м.

1. Вузкі паток вады або якой‑н. вадкасці. А снег над белым полем заіскрыцца, у студзені ўдараць халады — булькоча нестрыманая крыніца струменямі празрыстае вады. Грахоўскі. Насупраць Бунтароўкі .. [рэчка Альхавянка] разбівалася на некалькі струменяў, гублялася ў балотнай твані вузенькімі рукавамі. Дуброўскі. // Рух вады ў рэках і пад.; цячэнне. Трымаецца .. [вусач], як правіла, далёка ад берагоў, на галоўным струмені. Матрунёнак. // Вузкі паток вады, якой‑н. вадкасці, які сцякае, цячэ ўніз; цурок. Дождж не спыняўся. Ён, здаецца, яшчэ болей узмацніўся, ліў суцэльнымі струменямі. Навуменка. Пад каштан падлога фарбавана, Сцены, столь — бялейшыя за снег; Ледзь рукою дакрануўся крана — З-пад яго струмень вады пабег. Непачаловіч. // перан.; чаго або які. Нешырокая паласа святла, дыму, агню, паху і пад. Улетку бываюць такія дзіўныя вечары, калі нагрэтае за дзень паветра не вее, а цячэ гарачымі струменямі. Чарнышэвіч. Непадалёку, пускаючы струмені пары, стаяў паравоз. «Звязда». Праз кожны міг бесперастанку Струмень агню рос удвая. Смагаровіч. Прыпаўшы да зямлі,.. [Арцём] ужо дзьмуў пад кучу вільготнага лісця, над якім цягучым струменем валіў бела-жоўты дым, як на шляху, за валам, пачуўся матацыкл. Ракітны. // Пра паток сыпкіх рэчываў. Струмень пяску. □ Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня. Дуброўскі. Цэлыя струмені перасечанай саломы сыпаліся на ток. Колас.

2. перан. Вялікая колькасць людзей, што ідзе, рухаецца ў адным напрамку. Раптам струмень пешаходаў зацішыў хаду, затоўкся на месцы, нарэшце збіўся ў натоўп. Гартны. У гэтым жывым чалавечым струмені давялося і рушыць наперад. Чорны.

3. перан.; чаго або які. Напрамак, рыса ў чым‑н. Струмень вынаходніцтва. □ Адметнаю рысаю мастацкай манеры К. Крапівы з’яўляецца наяўнасць у яго творчасці гумарыстычна-сатырычнага струменя. «ЛіМ».

•••

Бабровы струмень — сакрэт мускусных залоз рачнога бабра.

Кабарговы струмень — мускус.

Унесці свежы струмень у што гл. унесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́весці, ‑веду, ‑ведзеш, ‑ведзе; пр. вывеў, ‑вела; заг. выведзі; зак., каго-што.

1. Ведучы, выдаліць адкуль‑н. Вывесці каня з канюшні. Вывесці за дзверы. □ Мажэйка забег дадому, каб трохі перакусіць, вывеў з.. хлеўчыка матацыкл і праз мінут якіх пятнаццаць быў ужо за Узлессем. Шахавец.

2. Выключыць, прымусіць выйсці са складу чаго‑н., адкуль‑н. Вывесці з гульні. Вывесці з камісіі.

3. Накіроўваючы рух, паказваючы дарогу, прывесці куды‑н. Вывесці на арбіту. Вывесці трактары ў поле. □ З лагчыны, парэзанай скрозь акопамі, палонных вывелі блытанымі дарогамі на гасцінец. Чорны. Неўзабаве бацька звярнуў на сцежку, якая вывела іх у густы асіннік. Гамолка. // перан. Выкіраваць, прывесці да пэўнай мэты. Кастрычніцкая рэвалюцыя вывела краіну на дарогу сацыялізма. Праграма КПСС. // Надбудоўваючы, надстаўляючы, высунуць куды‑н. Вывесці трубу ў акно.

4. Перавесці ў іншае становішча, змяніць стан, дзеянне, рух. Вывесці брыгаду ў перадавыя. Вывесці з цярпення. Вывесці з забыцця. □ Сонечны прамень трапіў на твар дзіцяці.. Гэта вывела жанчыну з задуменнасці. Лынькоў. // Надаць іншы напрамак. Вывесці самалёт са штопару.

5. Выседзець з яйца (пра птушак). Ластаўкі вывелі сваіх птушанят і разам з імі паляцелі ў вырай, пакінуўшы гнёзды да наступнай вясны. В. Вольскі.

6. Вырасціць, стварыць (сорт раслін, народу жывёл, птушак). Цяпер.. [Вера Васільеўна] працавала над тым, каб вывесці такі гатунак [буракоў], які б меў высокае ўтрыманне цукру і добра рос на тарфяных глебах. Дуброўскі.

7. Збудаваць, паставіць. Вывесці комін. □ — Глядзі-тка, — сказаў Мікода, — гэта ж ён хутка сцены-такі выведзе: яшчэ вянкі чатыры і ўсё. Галавач.

8. Зрабіць вывад, прыйсці да якой‑н. думкі. Вывесці формулу.

9. Старанна і акуратна аформіць лініі, абрысы чаго‑н. Вывесці літару. Вывесці вензель. // Выцягнуць голасам. Вывесці трэль. □ І ніхто так, як Лукаш Леўчанка, не мог вывесці «выган-я-я-яй», хоць многія стараліся пераняць яго. Колас.

10. Апісаць, паказаць у мастацкім творы. Вывесці вобраз нашага сучасніка.

11. Звесці, знішчыць. Вывесці плямы на паліто. Вывесці прусакоў.

•••

Вывесці бал (адзнаку) — вызначыць сярэднюю ацэнку.

Вывесці з сябе каго — давесці да страты самавалодання; узлаваць.

Вывесці на дарогу — дапамагчы каму‑н. знайсці сваё месца ў жыцці, правільную лінію паводзін.

Вывесці на чыстую ваду — выкрыць чые‑н. нядобрыя ўчынкі. [Ганна:] Не! Яшчэ не ўсё! Я вас выведу на чыстую ваду. Макаёнак.

Вывесці са строю — зрабіць непрыгодным для выканання чаго‑н.

Вывесці ў людзі — прымаючы ўдзел у жыцці каго‑н., дапамагчы яму заняць трывалае або высокае становішча ў грамадстве. Сына свайго ў людзі Вывеў бы Ігнат. — Вось мой сын, паночкі! «Асадзі назад!». Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Расама́ха1 ’драпежная млекакормячая жывёла сямейства куніц, Gulo borealis’ (ТСБМ), ’звер расамаха, Chiromis’ (Байк. і Некр.), ’звер ласка, Mustela gulo’ (Некр. і Байк.), ’звер’ (Янк. 1; з заўвагай: “гэты звер тут не водзіцца”), ’звер’ (гом., ГЧ), ’хіжы звер у Сібіры’, ’воўк-канятнік’ (Ласт.), росома́ха ’драпежная жывёліна, расамаха(?)’ (ТС), параўн. укр. росома́к, росома́х, росома́ха ’звер Gulo gulo з сямейства куніц’, рус. росома́ха ’тс’, польск. rosomak ’тс’. Хутчэй за ўсё, старажытная назва; паводле Трубачова (ВСЯ, 3, 123), з больш ранняга *сорома́ха (< прасл. *sormaxa, параўн. літ. šarmuõ, šermuõ ’гарнастай, ласка, дзікі кот’), што спарадычна адзначалася ва ўкраінскіх і беларускіх дыялектах (Трубачоў у Фасмера, 3, 505, параўн. тураў. сарома́ха, гл.), з якога шляхам метатэзы складоў утворана сучасная назва. Бяднарчук (ABSl, 9, 46) схіляецца да балтаславянскага запазычання з уграфінскіх моў, параўн. марыйск. sõrmõ, šurmaŋšõ ’рысь’, саамск. čoŕma, čierma ’воўк’, вацяцк. śor ’куніца’ і інш. Ранняя фіксацыя ў наўгародскай берасцяной грамаце канца XIV ст. (Залізняк, Древненовг., 523) у форме росомуха (бѣла росомуха) ’нейкі пушны звер’ (гл. Чарных, 2, 123), як быццам, сведчыць пра такі шлях запазычання, аднак, у сувязі з гэтым, метатэза складоў павінна была адбыцца вельмі рана. Нельга выключыць, што на гэта магла паўплываць старая славянская міфалагічная назва са значэннем ’злы дух, страшыдла’, гл. расамаха2. Сляды рэальных ведаў пра нейкага драпежнага звера ўсё ж прысутнічаюць у гаворках, параўн.: росома́ха нападае на худобіну і задніцу вуесць; а ека та росомаха, то не ведаем (ТС); rosomácha, rysamácha ’расамаха’ (Арх. Федар. з заўвагай: “Вынішчана ў слонімскіх лясах у 1831 г.”). Табуізацыя першапачатковай назвы і яе сувязь з *sorom (< і.-е. kʼormos, гл. сорам, што звязваецца з старой назвай куніцы і.-е. kʼor‑mōn), на якой настойвае Трубачоў (ВСЯ, 3, 120–124), таксама можа тлумачыцца ўплывам міфалагічнага персанажа. Меркаванні аб шляхах пранікнення назвы ў іншыя еўрапейскія мовы з усходу, а таксама аб магчымых крыніцах запазычання, гл. Брукнер, 463; Кіпарскі, ZfslPh, 20, 359 і наст.; Фасмер, 3, 504505; SEK, 4, 209.

Расама́ха2 фальк. ’страшыдла ў вобразе жанчыны, у якой распушчаныя валасы і стальныя грудзі, ёю страшаць малых дзяцей’ (Янк. 1), ’злы дух у постаці чалавека з звярынай галавой і лапамі, жыве ў каноплях’ (Ласт.), ’персанаж з дэманалогіі’ (Сержп. Грам.), ’нечысць, ёй становіцца маці, забіўшая сваё дзіця і ўтапіўшаяся’ (гом., ГЧ), расама́ка: расамака жыве ў каноплях, а русалка ў вадзе (валож., Жд. 2), перан. ’неахайная жанчына’ (барыс., там жа), ’няўклюда’ (пухав., Жыв. сл.), ’непрычэсаная, неахайная жанчына’ (Мат. Маг.), росома́ха ’жанчына з распушчанымі, непрыбранымі валасамі’, ’пра неахайную жанчыну (у параўнанні)’: ідзе бі росомаха; роспейсаласа, як росомаха (ТС), расама́ха ’неахайная жанчына’ (смарг., Сл. рэг. лекс.), ра́сумак ’непрычасаны чалавек’: ходзіш, як расумак (Мат. Маг. 2), русума́ка ’нямыты, мурза, няхлюя’, русума́чка ’мурза, смаркачка’ (Нас.). Параўн. укр. росома́к, росома́х, росома́ха, рус. дыял. росома́ха ’міфічная істота з доўгімі распушчанымі валасамі’, ’неакуратная, неахайная жанчына; лахудра’; магчыма, сюды таксама літ. razumùkas, razimùkas ’пачвара, страшыдла, што сядзіць на гарышчы’, ням. прус. Rosemòck, Rosumòck, Rasumùck ’страшыдла, прывід; неспакойны, благі, неахайна апрануты чалавек’, ням. дыял. Rosemock ’дэман, якім страшылі дзяцей; бялізны чалавек, волат’ (Кіпарскі, ZfslPh, 20, 365; SEK, 4, 209). Няясна. Звычайна выводзяць з расамаха1 на падставе пераносу назвы паводле знешняга вобліку звера, які, аднак, на большасці тэрыторый, дзе ўжываецца слова ў дэманалагічным і пеяратыўным значэнні, застаецца невядомым. Звяртае на сябе ўвагу характаралагічны прызнак — наяўнасць растрапаных валасоў ці краёў адзення, што дазваляе звязаць названыя формы з варыянтнай асновай *ręs‑ (параўн. расаматы, раса́2, гл.), *ros‑/*rus‑ (параўн. роса́ўка, руса́ўка: у руса́ўкі жэлезные цыцкі і косы роспушчэны; ру́савы дзед, гл.), *ras‑ (ра́ся ’неахайная жанчына’, гл.). Страхаў (Paleoslavica, 13, 1, 6–8) першасным значэннем лічыць ’непрычасаная, растропа’ і праз рус. дыял. (іванаўск.) россома́ха ’развілістае дрэва’ з устаўным экспрэсным суфіксам ‑(о)ма‑ (параўн. рус. костома́ха ’вялікая костка’) збліжае з рассо́ха (гл. расоха, расахатае дрэва), якое можа мець другаснае значэнне ’неахайная, непрычэсаная’, параўн. каш. rosoxa ’жанчына з заблытанымі валасамі’, rosoxati ’лахматы, калматы’, гл. расахаты ’раскудлачаны’: расахатая галава (Сл. ПЗБ). У такім выпадку расамаха2 < расоха (“з пашыранай асновай”, там жа), а расамаха1 ў выніку пераносу назвы на Gulo borealis па табуістычных меркаваннях. Аднак трактоўку пачатку слова як прыстаўкі рос (< *orz‑) у святле існуючых варыянтных форм нельга прызнаць пераканаўчай. Па тых жа меркаваннях нельга прыняць этымалогію Чарных (2, 123) з *розсъмокъ (параўн. старыя напісанні разсамака, рассамак, розсомахи, XVII ст.), што да смок (< съмок) ’змей, цмок’ і далей да смактаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)