ра́са 1, ‑ы, ж.

1. Група людзей, якая склалася гістарычна на пэўнай тэрыторыі і характарызуецца некаторымі спадчыннымі асаблівасцямі: будовай цела, формай валасоў, пігментацыяй скуры, валасоў, вачэй і пад.

2. У заалогіі і батаніцы — сукупнасць індывідуумаў ўнутры арэала, віда або падвіда, якія вылучаюцца агульнымі біялагічнымі асаблівасцямі і звязаны агульным паходжаннем і раёнам распаўсюджання.

•••

Белая раса — устарэлая назва еўрапеоіднай расы.

Еўрапеоідная раса — адна з асноўных вялікіх рас чалавецтва, якая характарызуецца светлай скурай, роўнымі або злёгку хвалістымі валасамі, вузкім, з высокім пераноссем носам, параўнальна тонкімі губамі.

Жоўтая раса — устарэлая назва мангалоіднай расы.

Мангалоідная раса — адна з асноўных вялікіх рас чалавецтва, якая характарызуецца жаўтаватай скурай, прамымі чорнымі валасамі, плоскім скуластым тварам.

Негроідная раса — адна з асноўных вялікіх рас чалавецтва, якая характарызуецца цёмнай скурай, кучаравымі валасамі, шырокім носам, тоўстымі губамі і інш.

Чорная раса — устарэлая назва негроіднай расы.

[Фр. race.]

ра́са 2, ‑ы, ж.

Верхняе доўгае адзенне праваслаўнага духавенства, сшытае ў талію, з шырокімі рукавамі. — А вы не з духоўных асоб? — Угадалі. Насіў расу, але адрокся ад сану. Хомчанка.

раса́, ы́; мн. ро́сы, рос; ж.

Вадзяныя кроплі, якія збіраюцца на паверхні раслін і розных наземных прадметаў вечарам, ноччу і раніцай пры паніжэнні тэмпературы ў цёплую пару года. Ідуць касцы, звіняць іх косы, Вітаюць іх буйныя росы, А краскі ніжай гнуць галовы, Пачуўшы косак звон сталёвы. Колас. Павялічацца ночы, пачнуць выпадаць росы і, нарэшце, пойдуць жа калі-небудзь дажджы. Дуброўскі.

•••

Мучністая раса — хвароба раслін, пры якой на раслінах утвараецца налёт, падобны на муку.

Абагнаць (раннюю) расу гл. абагнаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)