Жадзён ’які церпіць нястачу ў самым неабходным’ (ТСБМ), жа́дны ’прагны, скупы’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. жа́дный, польск. уст. żądny ’прагны’, чэш. уст. žadný ’жадаючы’, в.-луж. žadny ’прагны; нячасты’, н.-луж. žadny, žedny ’пажадлівы, агідны; нячасты’, балг. жа̀ден, жѐден, макед. жеден, серб.-харв. же́дан, славен. žéjen ’прагны’. Як і жадаць (гл.), да прасл. *žęd‑; прыметнік утвораны з суфіксам *‑ьn‑ ад бессуфіксальнага імя *zędъ. Шанскі, 1, Ж, 273; Шанскі, ЭИРЯ, 3, 67; Пятлёва, Этимология, 1970, 213.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сыно́вая ’жонка сына, нявестка’ (Нас., Байк. і Некр.), сынава́, сынава́я, сыно́ва ’тс’ (зах., Сл. ПЗБ), сынава́я, сыно́ва ’тс’ (Сцяшк.), ст.-бел. сыновая ’тс’. Магчыма, з польск. synowa ’тс’ (Сл. ПЗБ, там жа), што фіксуецца ў функцыі назоўніка з XVIII ст. (гл. Длугаш-Курчабова, 478), у першую чаргу паводле націску і арэала распаўсюджання. Паводле Булахава (Бел. лекс., 19), субстантываваны прыметнік, суадносны з іншымі ўтварэннямі ў афіцыйнай мове Вялікага княства Літоўскага, гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДЫЯЛЕКТАЛО́ГІЯ (ад дыялект + ...логія),

раздзел мовазнаўства, які вывучае дыялекты. Бел. Д. вылучылася з фалькларыстыкі і этнаграфіі ў канцы 19 ст.

Фактычныя звесткі пра жывую вусную мову беларусаў пачалі назапашвацца ў фалькл.этнагр. запісах 1-й пал. 19 ст. Такая спадарожная рэгістрацыя бел. дыялектнай мовы была асноўнай да пач. 20 ст. (З.​Я.​Даленга-Хадакоўскі, І.​І.​Шыдлоўскі, М.​А.​Дзмітрыеў, Я.​Чачот, П.​М.​Шпілеўскі, А.​Кіркор. Р.​С.​Зянькевіч, П.​В.​Шэйн, П.​А.​Бяссонаў, М.​Я.​Нікіфароўскі, Е.​Р.​Раманаў, М.​А.​Янчук, М.​В.​Доўнар-Запольскі, А.​Я.​Багдановіч, М.​Федароўскі і інш.). Спробы лінгвістычнага даследавання сабраных матэрыялаў адносяцца да 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (І.​І.​Насовіч, М.​А.​Коласаў, К.​Ю.​Апель, І.​А.​Нядзёшаў, Раманаў, У.​М.​Дабравольскі, А.​К.​Сержпутоўскі, І.​А.​Сербаў). Заснавальнікам бел. Д. стаў Я.Ф.Карскі. Пытанні бел. Д. асвятляліся таксама ў працах па рускай (усх. слав.) гісторыі і Д. (А.​І.​Сабалеўскі, А.​А.​Шахматаў, В.​А.​Багародзіцкі). Важнае значэнне мелі працы Маск. дыялекталагічнай камісіі (М.​М.​Дурнаво, М.​М.​Сакалоў, Дз.​М.​Ушакоў).

У сав. час працягвалася вывучэнне гаворак паасобных раёнаў Беларусі, у т. л. бел.-ўкр. і бел.-рус. моўных сумежжаў (П.​А.​Бузук, П.​А.​Растаргуеў), бел. міждыялектнай зоны пераходных гаворак (І.​В.​Воўк-Левановіч, С.​М.​Некрашэвіч). Выконвалася шырокая праграма збірання дыялектнай лексікі, распрацаваная камісіяй Інбелкульта па складанні слоўніка жывой бел. мовы. Выйшлі (з 16 запланаваных) «краёвыя» слоўнікі Віцебшчыны (М.​І.​Каспяровіч), Чэрвеньшчыны (М.​В.​Шатэрнік), Калінінскай акр. і ўсх. Магілёўшчыны (І.​К.​Бялькевіч), зах. Браншчыны (Растаргуеў). Узнікла новая галіна Д. — лінгвістычная геаграфія, «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» Бузука (1928) — першы нац. атлас у слав. Д. У пасляваен. часы дэталёва абследавана мова паасобных раёнаў і абласцей Беларусі і прааналізаваны шэраг катэгорый і з’яў дыялектнай мовы — назоўнік, прыметнік, займеннік, дзеяслоў, словаўтварэнне, сінтаксіс, гукі, аканне (М.​В.​Бірыла, Ю.​Ф.​Мацкевіч, Н.​Т.​Вайтовіч і інш.). У галіне лексікалогіі і лексікаграфіі праводзіцца збіранне матэрыялаў, якія друкуюцца ў выглядзе дыялектных слоўнікаў, дыялектных лексікаграфічных зборнікаў («Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», т. 1—5, 1979—86; «Тураўскі слоўнік», т. 1—5, 1982—87, «Дыялектны слоўнік», вып. 1—3, 1959—70, Ф.​М.​Янкоўскага, асобныя зборы лексікі і фразеалогіі Мсціслаўшчыны Г.​Ф.​Юрчанкі і інш.). Створаны комплекс фундаментальных лінгвагеаграфічных прац: «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» (т. 1—4, 1993—97, выд. працягваецца) і інш. З 1970-х г. даследуюцца тэматычныя групы дыялектных слоў, лексіка старых рамёстваў, лексічныя сувязі бел. гаворак з інш. мовамі і іх дыялектамі. Новы кірунак бел. Д. — вывучэнне сучаснага мясц. маўлення і моўнай сітуацыі ў сельскіх рэгіёнах і гарадах рэспублікі.

Літ.:

Нарысы па беларускай дыялекталогіі. Мн., 1964;

Блінава Э.Д., Мяцельская Е.С. Беларуская дыялекталогія. 2 выд. Мн., 1980.

А.​А.​Крывіцкі.

т. 6, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Касме́тыка ’касметыка’ (ТСБМ, БРС). Рус. косме́тика, укр. косме́тика. Лічыцца запазычаннем з франц. мовы ў канцы XVIII ст. У рус. мове гэта слова ўпершыню згадваецца ў слоўніку 1803 г. Гл. Шанскі, 2, К, 346. Франц. cosmétique, якое было базай для рус. назвы, запазычана з грэч. мовы (κοσμητικός), дакладней, з κοσμητική (τέχνη) ’мастацтва ўпрыгожвання’. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 346. Таксама з франц. мовы, відаць, запазычаны і прыметнік рус. космети́ческий (першакрыніца грэч. κοσμητικός, які потым зрабіўся базай для бел. і ўкр. утварэнняў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зру́чны. Рус. сру́чныи ’зручны, спрытны’ (Даль), укр. зру́чний ’зручны’, польск. zręczny ’спрытны, зграбны’, чэш. zručný ’спрытны, зручны’, славац. zručný ’спрытны’, в.-луж. zručny ’тс’, балг. сръчен ’спрытны’. Ст.-рус. (XI ст.) сърѫчание ’ўзнагарода, дар’. Прасл. sъ‑rǫč‑ьn‑. Паводле Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1969, 7, 150), прыметнік утворан са спалучэння з рукі. Паколькі слова прадстаўлена ва ўсіх групах слав. моў, у гэтым выпадку зыходны выраз sъ(n) rǫky павінен быць аднесен да прасл. перыяду. Аб корані гл. рука.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тако́вы ’такія’: таковы справы (Ласт.), ст.-бел. таковый ’такі’ (КГС), сюды ж такаво́ ’так сабе’ (Сцяшк.), такаво́‑сякаво́ ’абы-як, хоць як, як ні ёсць’ (Нас.). Параўн. укр. токо́вий, дыял. тако́в ’такі’, рус. тако́в, польск., н.-луж. takowy, чэш. takový, славен. tákov, серб.-харв. та̀кав, балг. такъ́в, макед. таков, ст.-слав. таковыи ’тс’. Прыметнік і прыслоўе ад *tak(o) (гл. так, такі), параўн. суфіксальныя наватворы такоўскі, таковасты, такаву́ткі. Гл. ESSJ SG, 2, 643; Фасмер, 5, 13, а таксама сякаво.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тускно́та ‘маркота, смутак, сум’ (Байк. і Некр., Адм.). Ранняе запазычанне з польск. tęsknota ‘туга, смутак, журба’, пра што сведчыць замена другаснага насавога на у (Булыка, Выбр. пр., 122) < *tъskn‑ota < *tъsknъ ‘смутны, журботны, тужлівы’, ‘варты жалю, мізэрны’ (гл. папярэдняе слова), што дало натуральным шляхам прыметнік ckny ‘тс’. Ст.-польск. tesknić sobie ‘быць у роспачы, засмучаным’, дзе пазней пад уздзеяннем ‑n‑ галосны гук ‑e‑ стаў насавым гукам > tęsknić (Борысь, 632), магчыма, было крыніцай ст.-бел. тескнети ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гла́дкі ’гладкі’ (БРС, Шат., Нас., Бяльк.). Рус. гла́дкий, укр. гла́дкий, польск. gładki, чэш. hladký, серб.-харв. гла̏дак, ст.-слав. гладъкъ ’тс’. Прасл. *gladъ‑kъ, прыметнік з асновай на ‑ŭ і суфіксам ‑kъ (у якім бачаць элемент з дэмінутыўным значэннем). Роднасныя формы: літ. glodùs, ст.-в.-ням. glat (ням. glatt) ’тс’, лац. glaber ’без валос, лысы’ (*ghlədh‑ro‑). Агляд форм гл. у Слаўскага, 1, 287. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 409; Траўтман, 90–91; Бернекер, 1, 300. Сюды і гладю́чы ’сыты, мажны’ (Сл. паўн.-зах.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нічо́гі ’нядрэнны; дрэнны; слабы здароўем’ (Сл. ПЗБ), ’слабы, малавартасны (пра неадушаўлёныя прадметы), слабы здароўем (пра чалавека, жывёлу)’ (Янк. 1), ’дрэнны, кепскі, паганы, шкодны, шкадлівы; непрыдатны, няўдалы, благі, нікуды не варты; слабы, кволы’ (ТС), ’нікчэмны’ (Сцяшк. Сл.), ’прыгожы; слабы здароўем; нікудышны’ (Мат. Гом.), нычбгы, нычогый ’дрэнны, кепскі’ (бяроз., Шатал.), нічогій ’дрэнны, нікчэмны’ (Доўн.-Зап. ПП), укр. нічогий ’кепскаваты; ніштаваты’. Прыметнік ад нічога (гл.), семантыка пераважна адмоўнага плану на аснове ўсяго спектра значэнняў зыходнага слова, параўн. таксама вытворнае нічогбу́ка ’вельмі дрэнны чалавек’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Анго́рскі ў выразах ангорская кошка, ангорскі трус, ангорская каза; анго́ры ’ангорскія трусы’ (Сцяшк. МГ). Рус. ангорский, укр. ангорський, польск. angora ’парода коз, авечак, трусоў, кошак’ і г. д. Крыніца слав. слоў — старая форма назвы сталіцы Турцыі Анкары і вілаета (вобласці) — Ангора, адкуль прыметнік; назоўнікі тыпу анго́ры трэба лічыць другаснымі, вытворнымі ад прыметнікаў. Непасрэднай крыніцай для бел. прыметніка з’яўляюцца, пэўна, руская і польская мовы; назоўнік ангоры мог быць утвораны на бел. глебе ад прыметніка ці запазычаны з польск. Гл. Супрун, Зб. Крымскаму, 123.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)