Прыметнік 2/225; 8/600—601; 9/558; 11/211

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

прыметнік

т. 13, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАФО́РМЫ (ад гама... + лац. forma форма, вонкавы выгляд, абрыс),

словы, якія ў асобных граматычных формах супадаюць гучаннем і напісаннем, але не супадаюць значэннем. Амаформы могуць быць словамі той самай або розных часцін мовы, напр., «горы» (назоўны склон мн. л. назоўніка «гара») і «горы» (месны склон адз. л. назоўніка «гора»), «кліч» (назоўнік) і «кліч» (дзеяслоў загаднага ладу), «вусны» (назоўнік) і «вусны» (прыметнік) і інш.

т. 1, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АД’ЕКТЫВА́ЦЫЯ (ад лац. adjectivum прыметнік),

пераход у прыметнікі словаформаў інш. часцін мовы. Часцей за ўсё пераходзяць дзеепрыметнікі, калі яны страчваюць працэсуальныя адзнакі і набываюць атрыбутыўныя прыкметы, што ўказваюць на ўласцівасць прадмета ці з’явы («квітнеючы край», «любімая кніга»), і зрэдку — парадкавыя лічэбнікі («першы снег»), абагульнена-якасныя займеннікі («У машыніста хлеб траякі — чорны, белы і ніякі», М.​Лынькоў). Ад’ектывавацца могуць не ўсе дзеепрыметнікі, лічэбнікі і займеннікі, што звязана з асаблівасцямі іх семантыкі, марфемнага саставу, замацаванасцю ці незамацаванасцю спалучэння з назоўнікамі і інш.

І.​Л.​Бурак.

т. 1, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗНАЧЭ́ННЕ ў граматыцы,

даданы член сказа, які паясняе словы з прадметнымі значэннямі, называючы прыкмету прадмета (яго якасць, форму, памер, матэрыял, адносіны да інш. прадметаў і г.д.). У бел. мове азначэнні падзяляюцца на дапасаваныя (сінтаксічная сувязь — дапасаванне, сродкі выражэння — прыметнік, дзеепрыметнік, займеннік, лічэбнік: «зялёная ялінка», «бацькава парада», «неадасланае пісьмо», «нашы сябры», «трэці год») і недапасаваныя (сінтаксічная сувязь — прымыканне, сродкі выражэння — назоўнік ва ўскосных склонах часам з прыназоўнікам, займеннік, інфінітыў, прыслоўе, а таксама словазлучэнні розных тыпаў: «дом восем», «дарога бацькоў», «дзяўчынка з бантам», «яе клопат», «імкненне вучыцца», «паварот налева», «стары высокага росту»). Асобная форма азначэнняў — прыдатак.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРАВА́ННЕ ў мовазнаўстве,

від залежнай сінтакс. сувязі паміж членамі словазлучэння, пры якой гал. слова патрабуе ад залежнага (назоўніка ці яго эквіваленту) формы пэўнага ўскоснага склону. Кіруючым можа быць любое самаст. слова. Вылучаюць К.: прыдзеяслоўнае (кіруючае слова — дзеяслоў, «спяваць песні»), прысубстантыўнае (назоўнік кіруе назоўнікам, «любоў да радзімы»), ад’ектыўнае (кіруючае слова — прыметнік, «поўны радасці»), адвербіяльнае (кіруючае слова — прыслоўе, «далёка ад дому»).

К. бывае непасрэднае, або беспрыназоўнікавае («люблю дзяцей»), і пасрэднае, або прыназоўнікавае («клапачуся пра дзяцей»). Адрозніваюць моцнае К. — гал. слова патрабуе ад залежнага пэўнай склонавай формы («апяваць гераізм», «адмовіцца ад сваіх слоў»), і слабае — сувязь паміж гал. і залежным словамі неабавязковая для рэалізацыі значэння гал. слова (параўн.: «вербы шумяць над ракой» і «вербы шумяць»).

Г.​У.​Арашонкава.

т. 8, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БСКАЯ МО́ВА,

адна з семіцкіх моў. Афіц. мова ўсіх араб. краін. Адна з афіц. і рабочых моў ААН. Мае 5 груп дыялектаў (іракская, сірыйская, аравійская, егіпецкая, магрыбская). Фанетыка багатая сістэмай зычных (28 фанем). Носьбітамі лексічнага значэння ў слове з’яўляюцца 3 зычныя, з якіх складаецца корань. 3 галосныя ў розных камбінацыях афармляюць граматычную характарыстыку слова: час, лад, трыванне і інш. Назоўнік і прыметнік адрозніваюцца ў залежнасці ад іх пазіцыі ў сказе. Дзеяслоў багаты формамі. У ролі службовых слоў — назоўнікі. Літ. арабская мова пачала складвацца ў 4—6 ст. у даісламскай паэзіі і ў 7 ст. ў мове Карана. Росквіту дасягнула ў эпоху арабскага халіфата (9—11 ст.). З 6 ст. арабская мова карыстаецца арабскім пісьмом.

Літ.:

Юшманов Н.В. Грамматика литературного арабского языка. 3 изд. М., 1985.

В.​У.​Мартынаў.

т. 1, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЛАХАЎ (Міхаіл Гапеевіч) (н. 22.7.1919, в. Маслакі Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Д-р філал. н. (1966), праф. (1967). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1940). У 1965—90 у БДУ, Мінскім пед. ін-це, адказны рэдактар час. «Веснік БДУ. Сер. 4. Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. Псіхалогія». Даследуе праблемы сучаснай бел. мовы, гісторыю бел. мовы і яе ўзаемадзеянне з інш. слав. мовамі. Аўтар манаграфіі «Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў XIX—XX стст. ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі» (1958), «Прыметнік у беларускай мове» (трохтомнага даследавання 1964), «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы XIV—XVII стагоддзяў. Ч. 2. Сінтаксічны нарыс» (1971), «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы. Ч. 3. Лексікалагічны нарыс» (1973); кн. «Я.​Ф.​Карскі» (1981), біябібліягр. слоўніка «Усходнеславянскія мовазнаўцы» (т. 1—3, 1976—78) і энцыклапедычнага слоўніка «Слова аб палку Ігаравым» у літаратуры, мастацтве, навуцы» (1989).

М.Г.Булахаў.

т. 3, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯЛЕКТАЛО́ГІЯ (ад дыялект + ...логія),

раздзел мовазнаўства, які вывучае дыялекты. Бел. Д. вылучылася з фалькларыстыкі і этнаграфіі ў канцы 19 ст.

Фактычныя звесткі пра жывую вусную мову беларусаў пачалі назапашвацца ў фалькл.этнагр. запісах 1-й пал. 19 ст. Такая спадарожная рэгістрацыя бел. дыялектнай мовы была асноўнай да пач. 20 ст. (З.​Я.​Даленга-Хадакоўскі, І.​І.​Шыдлоўскі, М.​А.​Дзмітрыеў, Я.​Чачот, П.​М.​Шпілеўскі, А.​Кіркор. Р.​С.​Зянькевіч, П.​В.​Шэйн, П.​А.​Бяссонаў, М.​Я.​Нікіфароўскі, Е.​Р.​Раманаў, М.​А.​Янчук, М.​В.​Доўнар-Запольскі, А.​Я.​Багдановіч, М.​Федароўскі і інш.). Спробы лінгвістычнага даследавання сабраных матэрыялаў адносяцца да 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (І.​І.​Насовіч, М.​А.​Коласаў, К.​Ю.​Апель, І.​А.​Нядзёшаў, Раманаў, У.​М.​Дабравольскі, А.​К.​Сержпутоўскі, І.​А.​Сербаў). Заснавальнікам бел. Д. стаў Я.Ф.Карскі. Пытанні бел. Д. асвятляліся таксама ў працах па рускай (усх. слав.) гісторыі і Д. (А.​І.​Сабалеўскі, А.​А.​Шахматаў, В.​А.​Багародзіцкі). Важнае значэнне мелі працы Маск. дыялекталагічнай камісіі (М.​М.​Дурнаво, М.​М.​Сакалоў, Дз.​М.​Ушакоў).

У сав. час працягвалася вывучэнне гаворак паасобных раёнаў Беларусі, у т. л. бел.-ўкр. і бел.-рус. моўных сумежжаў (П.​А.​Бузук, П.​А.​Растаргуеў), бел. міждыялектнай зоны пераходных гаворак (І.​В.​Воўк-Левановіч, С.​М.​Некрашэвіч). Выконвалася шырокая праграма збірання дыялектнай лексікі, распрацаваная камісіяй Інбелкульта па складанні слоўніка жывой бел. мовы. Выйшлі (з 16 запланаваных) «краёвыя» слоўнікі Віцебшчыны (М.​І.​Каспяровіч), Чэрвеньшчыны (М.​В.​Шатэрнік), Калінінскай акр. і ўсх. Магілёўшчыны (І.​К.​Бялькевіч), зах. Браншчыны (Растаргуеў). Узнікла новая галіна Д. — лінгвістычная геаграфія, «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» Бузука (1928) — першы нац. атлас у слав. Д. У пасляваен. часы дэталёва абследавана мова паасобных раёнаў і абласцей Беларусі і прааналізаваны шэраг катэгорый і з’яў дыялектнай мовы — назоўнік, прыметнік, займеннік, дзеяслоў, словаўтварэнне, сінтаксіс, гукі, аканне (М.​В.​Бірыла, Ю.​Ф.​Мацкевіч, Н.​Т.​Вайтовіч і інш.). У галіне лексікалогіі і лексікаграфіі праводзіцца збіранне матэрыялаў, якія друкуюцца ў выглядзе дыялектных слоўнікаў, дыялектных лексікаграфічных зборнікаў («Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», т. 1—5, 1979—86; «Тураўскі слоўнік», т. 1—5, 1982—87, «Дыялектны слоўнік», вып. 1—3, 1959—70, Ф.​М.​Янкоўскага, асобныя зборы лексікі і фразеалогіі Мсціслаўшчыны Г.​Ф.​Юрчанкі і інш.). Створаны комплекс фундаментальных лінгвагеаграфічных прац: «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» (т. 1—4, 1993—97, выд. працягваецца) і інш. З 1970-х г. даследуюцца тэматычныя групы дыялектных слоў, лексіка старых рамёстваў, лексічныя сувязі бел. гаворак з інш. мовамі і іх дыялектамі. Новы кірунак бел. Д. — вывучэнне сучаснага мясц. маўлення і моўнай сітуацыі ў сельскіх рэгіёнах і гарадах рэспублікі.

Літ.:

Нарысы па беларускай дыялекталогіі. Мн., 1964;

Блінава Э.Д., Мяцельская Е.С. Беларуская дыялекталогія. 2 выд. Мн., 1980.

А.​А.​Крывіцкі.

т. 6, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)