Cd, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, ат. н. 48, ат. м. 112,41. Прыродны складаецца з 8 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі: 106, 108, 110—114, 116. У зямной кары 1,3510−5% па масе, знаходзіцца пераважна ў цынкавых рудах. Адкрыты ў 1817 ням. хімікам Ф.Штромеерам, названы ад грэч. kadmeia — цынкавая руда.
Серабрыста-белы метал, мяккі і коўкі, t 321,1 °C, tкіп 766,5 °C, шчыльн. 8650 кг/м. У паветры пакрываецца тонкай плёнкай аксіду CdO, якая ахоўвае яго ад далейшага акіслення. Узаемадзейнічае з мінер. к-тамі, пры т-ры, вышэйшай за т-ру плаўлення, — з галагенамі і халькагенамі (сульфід CdS, селенід CdSe і тэлурыд CdTe — паўправадніковыя матэрыялы), пры сплаўленні — з фосфарам, мыш’яком і сурмой. Непасрэдна не ўзаемадзейнічае з вадародам, азотам, вугляродам, борам. крэмніем. Атрымліваюць пры перапрацоўцы цынкавых, свінцова-цынкавых і медна-цынкавых руд. Выкарыстоўваюць для кадміравання, як кампанент спец. прыпояў, сплаваў, на выраб стрыжняў для ядз. рэактараў, электродаў для акумулятараў і нармальных элементаў, для атрымання пігментаў, паўправадніковых матэрыялаў, стабілізатараў пластмас. Пара К. і яго злучэнняў таксічная, удыханне яе выклікае рвоту, сутаргі, ГДК 0,1 мг/м³. К. можа назапашвацца ў арганізме чалавека, хранічнае атручванне прыводзіць да анеміі і разбурэння касцей, ГДК у пітной вадзе 0,01 мг/л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПРАБІЁНТЫ, сапробы (ад грэч. sapros гнілы + bios жыццё),
жывыя арганізмы, якія жывуць у забруджаных арган. рэчывамі вадаёмах. Здольнасць С. мінералізаваць арган. рэчывы спрыяе біял. самаачышчэнню вадаёмаў і выкарыстоўваецца пры біялагічнай ачыстцы сцёкавых вод. Відавы склад і колькасць С. — біялагічныя індыкатары ступені забруджанасці вадаёмаў. Для кожнай ступені забруджанасці вызначаны паказальныя арганізмы. Вылучаюць полі-, меза- і алігасапрабіёнты.
Полісапрабіёнты жывуць у моцназабруджаных вадаёмах, якія характарызуюцца наяўнасцю нязгнілых бялковых рэчываў, вял. колькасцю вуглекіслаты, серавадароду і метану, адсутнасцю кіслароду. Згуртаванні полісапрабіёнтаў хутка змяняюцца, утвараюць слізістыя камякападобныя абрастанні, характарызуюцца вял. колькасцю асобін нешматлікіх відаў. На Беларусі да іх належаць некат. бактэрыі (сфератылус натанс, тыётрыкс нівея), зялёная водарасць асцыляторыя, некат. інфузорыі і жгуціканосцы, чарвяк тубіфекс, лічынка мухі-пчалавідкі («крыска»). Мезасапрабіёнты жывуць ва ўмерана забруджаных водах, дзе няма нязгнілых бялкоў, ёсць кісларод і прадукты акіслення — нітраты і нітрыты. Да іх належаць ніткавыя бактэрыі, водарасці, мукоравыя грыбы, прасцейшыя, малюскі, ракападобныя, лічынкі насякомых (напр., матыль), некат. рыбы. Алігасапрабіёнты жывуць у чыстых або слабазабруджаных вадаёмах, якія характарызуюцца добрымі акісляльнымі ўмовамі, невял. колькасцю свабоднай вуглекіслаты, адсутнасцю серавадароду. Вызначаюцца залацістыя водарасці з роду дынобрыян, пірафітавыя з роду цэрацыум і дыятомавыя з роду цыклатэла, сінедра, ніцшыя; кветкавыя расліны — рдзесты, шышнякі, гарлачык; галінаставусыя ракападобныя, рачныя ракі, амаль усе рыбы, трытоны, жабы. Проціпастаўляюць катарабіёнтам. Гл. таксама Сапробнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНЕТАХІ́МІЯ,
раздзел фізічнай хіміі, які вывучае залежнасць паміж магн. ўласцівасцямі рэчываў і іх будовай.
Асн. ўласцівасць, якая вымяраецца ў М. — магнітная ўспрыімлівасць. Звычайна яе вызначаюць па змене вагі ўзору рэчыва ў магн. полі, пры гэтым карыстаюцца метадамі, прапанаванымі англ. вучоным М.Фарадэем і швейц. хімікам Ф.Гюі. Для дыямагнітных рэчываў, пераважна арган. злучэнняў, элементы будовы малекул выводзяцца, зыходзячы з адытыўнай схемы франц. фізікахіміка П.Паскаля (1910), згодна з якой малекулярная магн. ўспрыімлівасць роўная суме ўспрыімлівасцей асобных атамаў, што ўваходзяць у састаў малекулы, з папраўкай на характар хім. сувязі паміж імі. Пры даследаванні парамагн. рэчываў (напр., комплексаў пераходных металаў, атамных кластараў) супастаўляюць эксперым. і тэарэт. значэнні магнітных момантаў ці аналізуюць іх залежнасць ад т-ры, што дазваляе меркаваць аб ступені акіслення металу, прыродзе ўзаемадзеянняў унутры комплексу і комплексу з часціцамі, якія яго акружаюць, аб прасторавай структуры і сіметрыі крышт. поля, наяўнасці фера- і антыферамагн. узаемадзеянняў у шмат’ядз. утварэннях. У М. класічныя метады даследаванняў спалучаюцца з магнітарэзананснымі метадамі (гл.Электронны парамагнітны рэзананс, Ядзерны магнітны рэзананс). Новы кірунак у М. — вывучэнне непасрэднага ўплыву магн. поля на хім. раўнавагу, кінетыку і механізм хім. рэакцый. Метады М. выкарыстоўваюцца ў аналіт. практыцы, напр., для выяўлення прымесей ферамагн. рэчываў у колькасцях, недаступных для вызначэння інш. метадамі.
Літ.:
Калинников В.Т. Ракитин Ю.В. Введение в магнетохимию. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРЭ́ННЕ ПАЛІМЕ́РАЎ,
неабарачальная змена (пагаршэнне) уласцівасцей палімераў і палімерных матэрыялаў пад уздзеяннем знешніх фактараў (цяпла, святла, вільгаці, іанізавальных выпрамяненняў і інш.). Адбываецца пры перапрацоўцы і захоўванні палімераў, а таксама эксплуатацыі вырабаў з іх.
Абумоўлена хім. ператварэннямі макрамалекул, якія прыводзяць да іх дэструкцыі (гл.Дэструкцыя палімераў) і да ўтварэння разгалінаваных ці трохвымерных структур («сшывання»). Паводле фактару, што ініцыіруе хім. працэсы, адрозніваюць С.п. пад уздзеяннем цяпла (тэрмічнае), святла (светлавое, ці фотастарэнне), кіслароду (акісляльнае), іанізавальных выпрамяненняў (радыяцыйнае), С.п. у агрэсіўным хім. асяроддзі (хемадэструкцыя) і інш. Звычайна С.п. адбываецца пад уздзеяннем комплексу знешніх фактараў (напр., атм. старэнне), а таксама пры спалучэнні любых відаў С.п. з акісленнем кіслародам паветра. Найб. пашырана тэрмаакісляльнае С.п., якое звязана з ланцуговай хімічнай рэакцыяй акіслення палімера пры награванні ў паветры. Важны фактар, які паскарае старэнне, — мех. напружанні, што ўзнікаюць у палімерах пры іх мех. перапрацоўцы і пры пэўных умовах эксплуатацыі вырабаў (гл. Механахімія палімераў). Фіз. працэсы (напр., крышталізацыя палімера, дэсорбцыя з матэрыялу фарбавальніка, пластыфікатару і інш. дабавак) таксама прыводзяць да змены ўласцівасцей палімераў і ўзнікнення мех. напружанняў. Скорасць С.п. залежыць не толькі ад знешніх фактараў і інтэнсіўнасці іх уздзеяння, але і ад хім. будовы, структуры і тэхналогіі атрымання палімераў і матэрыялаў. С.п. прыводзіць да страты комплексу карысных уласцівасцей, растрэсквання, часам да поўнага разбурэння вырабаў. Для памяншэння ці ліквідацыі шкоднага ўплыву старэння выкарыстоўваюць розныя спосабы стабілізацыі палімераў і палімерных матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУГАВА́Я ЗВА́РКА, электрадугавая зварка,
зварка плаўленнем, пры якой канцы дэталей, што злучаюць, награваюць электрычнай дугой Дугавы разрад запальваецца паміж вырабам і электродам або толькі паміж электродамі. Цяпло дугі плавіць метал вырабу і электрода (пры няплаўкім электродзе — прысадачнага прутка). Ванна вадкага металу, што ўзнікае ў месцы зваркі, пры астыванні моцна злучае вырабы.
Адрозніваюць Д.з.: ручную і аўтаматычную; плаўкім (стальным, алюмініевым, медным і з іх сплаваў) і няплаўкім (вальфрамавым, вугальным, графітавым) электродамі; газаэлектрычную зварку, зварку пад флюсам (які ахоўвае метал ад акіслення і азатавання; робіцца спец. трактарам для Д.з.), пакрытым электродам (з ахоўнай абмазкай), сціснутай дугой (гл.Плазменная зварка). Пры Д.з. выкарыстоўваюць пастаянны ток (ад зварачнага пераўтваральніка) або пераменны (ад зварачнага трансфарматара). Д.з. выкарыстоўваецца пры вытв-сці зварных канструкцый, а таксама для наплаўлення, часам рэзання металаў, злучэння шкла, фарфору, пластмас і інш. Адкрыта ў 1881 М.М.Бенардосам. У 1888 М.Г.Славянаў распрацаваў спосаб Д.з. з металічным плаўкім электродам, пабудаваў першы зварачны генератар пастаяннай а току.
Літ.:
Гл. пры арт.Зварка.
М.М.Кунцэвіч.
Дугавая зварка: а — пакрытым электродам (1 — метал шва, 2 — расплаўлены метал, 3 — шлакавая корка, 4 — кропля металу электрода, 5 — расплаўленае пакрыццё, 6 — металічны стрыжань электрода, 7 — пакрыццё); б — тыпы злучэнняў (1—3 — стыкавыя, 4 — таўровае, 5 — унакладку, 6 — з адбартоўкай краёў).Схемы дугавой зваркі: а — плаўкім электродам; б — няплаўкім электродам; в — дугой ускоснага дзеяння; г — пад флюсам; 1 — электрод; 2 — дуга; 3 — загатоўкі, якія зварваюцца; 4 — прысадачны пруток; 5 — грануляваны флюс; 6 — ахоўны газавы пузыр; 7 — шлакавая корка на зварным шве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПІРТЫ́, алкаголі, алканолы,
арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць адну або некалькі гідраксільных (—OH) груп пры насычаных атамах вугляроду. Паводле колькасці OH-груп адрозніваюць С. аднаатамныя (напр., метылавы спірт, этылавы спірт), двухатамныя, ці гліколі, трохатамныя (напр., гліцэрына) і шмататамныя, ці паліолы [напр., C(CH2OH)4 пентаэрытрыт]. Аліфатычныя аднаатамныя С. паводле характару вуглевадароднага радыкала, злучанага з OH-групай, падзяляюць на першасныя RCH2OH, другасныя R2CHOH і трацічныя R3COH. Злучэнні з OH-групай пры падвойнай вуглярод-вугляроднай сувязі наз. еноламі (звычайна няўстойлівыя), пры атамах вугляроду араматычнага кальца — феноламі. У прыродзе С. ў выглядзе складаных эфіраў ёсць у ліпідах, восках, эфірных алеях, трапляюцца і ў свабодным стане (напр., у язмінным алеі ёсць бензілавы спірт, у ружавым — фенетылавы C6H5CH2CH2OH).
Бясколерныя вадкасці або цвёрдыя рэчывы, добра растваральныя ў большасці арган. растваральнікаў. Аднаатамныя аліфатычныя С. з 1—3 атамамі вугляроду ў малекуле змешваюцца з вадой у любых суадносінах, вышэйшыя (маюць больш за 6 атамаў вугляроду) практычна нерастваральныя. Пры павелічэнні колькасці OH-груп у малекуле растваральнасць С. узрастае; паліолы раствараюцца ў вадзе неабмежавана. С. праяўляюць слабыя кіслотныя ўласцівасці — з актыўнымі металамі ўтвараюць солі — алкагаляты. Для С. характэрныя рэакцыі акіслення, дэгідратацыі, утварэння простых і складаных эфіраў. Атрымліваюць С. гідратацыяй алкенаў, гідролізам галагеналканаў, аднаўленнем аксіду вугляроду, альдэгідаў, кетонаў і інш. спосабамі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці сінт. валокнаў, фарбавальнікаў, пахучых рэчываў, лек. прэпаратаў, мыйных сродкаў і інш., як растваральнікі. Гл. таксама Амілавыя спірты, Бутылавыя спірты, Ізапрапілавы спірт, Цыклагексанол, Этыленгліколь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
эма́ль
(фр. émail)
1) шклопадобная маса для пакрыцця металічных прадметаў з мэтай захаваць іх ад акіслення, а таксама глазура для пакрыцця мастацкіх вырабаў;
2) паверхня з такога рэчыва ці слой яго на чым-н., а таксама мастацкі выраб, пакрыты такой масай;
3) цвёрдае рэчыва, якое пакрывае знешнюю частку зубоў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ТА́ЛІЙ (лац. Thallium),
Tl, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 81, ат. м. 204,383. Прыродны Т. — сумесь стабільных 203Tl (29,5%) і (70,5%). Рассеяны элемент, у зямной кары 310−4% па масе. Адкрыты ў 1861 спектральным метадам англ. вучоных У.Круксам і незалежна ад яго франц. хімікам К.А.Лямі, які атрымаў метал. Т.; названы па колеры (ярка-зялёны) характэрнай спектральнай лініі (ад грэч. thallos — маладая, зялёная галінка).
Мяккі серабрыста-шэры метал,tпл 303 °C, tкіп 1475 °C. шчыльн. 11849 кг/м³. У злучэннях мае ступень акіслення +1 (злучэнні аднавалентнага Т.) і +3. Найб. устойлівыя злучэнні Tl(I); многімі хім. ўласцівасцямі Т. падобны на шчолачныя металы. У паветры хутка акісляецца і пакрываецца цёмнай плёнкай геміаксіду Tl2O. У прысутнасці кіслароду ўзаемадзейнічае з вадой з утварэннем гідраксіду TlOH (добра раствараецца ў вадзе, шчолач). Захоўваюць пад слоем гатаванай дыстыляванай вады або парафіну. Раствараецца ў азотнай і сернай к-тах. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з галагенамі, пры награванні — з халькагенамі і фосфарам. Атрымліваюць з адходаў і паўпрадуктаў кадміевай вытв-сці, пылу свінцова-медзеплавільных з-даў. Выкарыстоўваюць як кампанент падшыпнікавых і кіслотатрывалых сплаваў на аснове свінцу і волава, амальгаму Т. (вадкасць з т-рай застывання -59 °C) для нізкатэмпературных тэрмометраў, штучны радыенуклід 204Tl (перыяд паўраспаду 3,56 года) у якасці крыніцы β-выпрамянення, галагеніды (хларыд TlCl, брамід TlBr) і іх цвёрдыя растворы для вырабу лінзаў і інш. дэталей прыбораў інфрачырв. тэхнікі. Т. і яго злучэнні высокатаксічныя: пашкоджваюць нерв. сістэму, ныркі, страўнік, выклікаюць выпадзенне валасоў, ГДК для Т. ў вадзе 0,1 мг/л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛУ́Р (лац. Tellurium),
Te, хімічны элемент VI групы перыяд. сістэмы, ат. н. 52, ат. м. 127,6; адносіцца да халькагенаў. Прыродны складаецца з 8 ізатопаў з масавымі лікамі 120, 122—126, 128, 130; найб. пашыраны 128Te (31,75%) і 130Te (34,27%). У зямной кары 1∙10−6% па масе; вядома каля 100 мінералаў Т., асн. з іх: алтаіт PbTe, тэлуравісмутыт Bi2Te3, тэтрадыміт Bi2Te2S. Адкрыты ў 1782 венг. інжынерам і мінералогам Ф.І.Мюлерам; назва «Т.» [ад лац. tellus (telluris) — зямля] прапанавана ў 1798 ням. хімікам М.Г.Клапратам.
У свабодным стане існуе ў 2 мадыфікацыях: крышт. Т. — серабрыста-шэрае крохкае рэчыва з метал. бляскам (шчыльн. 6247 кг/м³, tпл 449,8 °C) і аморфны Т. — руды парашок (шчыльн. -5900 кг/м³). Паўправаднік (шырыня забароненай зоны 0,32 эВ). Устойлівы ў паветры. Раствараецца ў канцэнтраваных сернай і азотнай к-тах, моцных растворах шчолачаў. Ступень акіслення Т. ў злучэннях -2, +4, +6, радзей +2. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з галагенамі (акрамя ёду), пры награванні — з кіслародам (утварае дыаксід TeO2); пры сплаўленні з металамі ўтварае тэлурыды. Вядомы шматлікія тэлурарган. злучэнні. Выкарыстоўваюць Т. для сінтэзу паўправадніковых матэрыялаў, легіравання чыгуну і сталі, сплаваў свінцу і медзі (павышае іх мех. і хім. ўстойлівасць), тэлурарган. злучэнні як каталізатары. Т. і асабліва яго злучэнні таксічныя: выклікаюць ірвоту, бранхіт, пнеўманію; ГДК Т. ў паветры 0,01 мг/м³, у вадзе 0,01 мг/л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАСФА́ТЫ,
солі і эфіры фосфарных кіслот.
Ф. неарганічныя — солі артафосфарнай H3PO4 (ортафасфаты) і паліфосфарных кіслот (Ф. кандэнсаваныя). Адрозніваюць Ф. сярэднія, кіслыя і асн., двайныя і трайныя (рознакатыённыя; напр., NaPbPO4), мяшаныя [рознааніённыя; напр., KSr3(PO4)(SO4)2]. Сярэднія ортафасфаты шчолачных металаў і амонію раствараюцца ў вадзе (растворы маюць pH>7), металаў х высокімі ступенямі акіслення не раствараюцца, бязводныя (акрамя ортафасфатаў амонію і ртуці Hg2+) устойлівыя пры награванні да т-ры плаўлення. Найб. пашыраны гідра- і дыгідраортафасфаты шчолачных металаў (гл.Натрыю злучэнні). Ф. трапляюцца ў прыродзе ў выглядзе мінералаў, найважн. з іх — апатыт і фасфарыты. Выкарыстоўваюць як фосфарныя ўгнаенні, кампаненты мыйных сродкаў, мінер. падкормак і інш. Ф. арганічныя — эфіры H3PO4 агульнай ф-лы (RO)nP(O)(OH)3−n, дзе R — арган. радыкал. Адрозніваюць Ф. поўныя (сярэднія, ці трацічныя) з n = 3 і кіслыя з n = 1, 2 (адпаведна першасныя і другасныя), якія наз. таксама арганіл- і дыарганілфосфарнымі к-тамі [напр., (C2H5O)2P(O)OH — дыэтылфосфарная к-та]. Кіслыя Ф., у якіх R — астатак гліцэрыны, вугляводу, амінаспіртоў і інш. (напр., нуклеінавыя кіслоты, нуклеатыды, фосфаліпіды), пашыраны ва ўсіх жывых арганізмах. Ф. арган. выкарыстоўваюць для мадыфікацыі пластмас (напр., як пластыфікатары), экстрагента [напр., трыбутылфасфат (C4H9O)3PO для экстракцыі урану і інш. радыеактыўных элементаў з адпрацаванага ядз. паліва], флотарэагенты, цепланосьбіты, пестыцыды, лек. сродкі і інш.
Літ.:
Продан Е.А. Неорганическая топохимия. Мн., 1986. С. 52—72;