ФАСФА́ТЫ,
солі і эфіры фосфарных кіслот.
Ф. неарганічныя — солі артафосфарнай H3PO4 (ортафасфаты) і паліфосфарных кіслот (Ф. кандэнсаваныя). Адрозніваюць Ф. сярэднія, кіслыя і асн., двайныя і трайныя (рознакатыённыя; напр., NaPbPO4), мяшаныя [рознааніённыя; напр., KSr3(PO4)(SO4)2]. Сярэднія ортафасфаты шчолачных металаў і амонію раствараюцца ў вадзе (растворы маюць pH>7), металаў х высокімі ступенямі акіслення не раствараюцца, бязводныя (акрамя ортафасфатаў амонію і ртуці Hg2+) устойлівыя пры награванні да т-ры плаўлення. Найб. пашыраны гідра- і дыгідраортафасфаты шчолачных металаў (гл. Натрыю злучэнні). Ф. трапляюцца ў прыродзе ў выглядзе мінералаў, найважн. з іх — апатыт і фасфарыты. Выкарыстоўваюць як фосфарныя ўгнаенні, кампаненты мыйных сродкаў, мінер. падкормак і інш. Ф. арганічныя — эфіры H3PO4 агульнай ф-лы (RO)nP(O)(OH)3−n, дзе R — арган. радыкал. Адрозніваюць Ф. поўныя (сярэднія, ці трацічныя) з n = 3 і кіслыя з n = 1, 2 (адпаведна першасныя і другасныя), якія наз. таксама арганіл- і дыарганілфосфарнымі к-тамі [напр., (C2H5O)2P(O)OH — дыэтылфосфарная к-та]. Кіслыя Ф., у якіх R — астатак гліцэрыны, вугляводу, амінаспіртоў і інш. (напр., нуклеінавыя кіслоты, нуклеатыды, фосфаліпіды), пашыраны ва ўсіх жывых арганізмах. Ф. арган. выкарыстоўваюць для мадыфікацыі пластмас (напр., як пластыфікатары), экстрагента [напр., трыбутылфасфат (C4H9O)3PO для экстракцыі урану і інш. радыеактыўных элементаў з адпрацаванага ядз. паліва], флотарэагенты, цепланосьбіты, пестыцыды, лек. сродкі і інш.
Літ.:
Продан Е.А. Неорганическая топохимия. Мн., 1986. С. 52—72;
Констант З.А., Диндуне А.П. Фосфаты двухвалентных металлов. Рига, 1987;
Общая органическая химия: Пер. с англ. М., 1983. Т. 5. С. 44—95.
А.П.Чарнякова.
т. 16, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)