АКІСЛЕ́ННЯ СТУПЕ́НЬ, акіслення лік,
умоўны паказчык, які характарызуе зарад атама ў хім. злучэннях. У малекулах з іоннай сувяззю супадае з зарадам іонаў, напр., у NaCl акіслення ступень Na + I, Cl – I Na + 1, Cl – 1. У злучэннях з кавалентнай сувяззю за акіслення ступень прымаецца зарад, які атрымаў бы атам, калі б усе пары электронаў гэтай сувязі былі цалкам зрушаны ў бок больш электраадмоўных атамаў. Электронныя пары, абагульненыя аднолькавымі атамамі, дзеляцца папалам. Акіслення ступень выкарыстоўваецца пры складанні ўраўненняў рэакцый акіслення-аднаўлення, пры класіфікацыі неарган. злучэнняў, асабліва каардынацыйных (гл. Комплексныя злучэнні).
т. 1, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІСЛЕ́ННЕ ў хіміі,
працэс злучэння якога-н. рэчыва з кіслародам; хімічная рэакцыя, пры якой адбываецца адыманне электронаў ад атамаў, пераразмеркаванне электроннай шчыльнасці паміж атамамі (гл. Акісленне-аднаўленне). Ступень акіслення не заўсёды адпавядае валентнасці атама і можа быць адмоўнай або дадатнай велічынёй. Сярод працэсаў акіслення вылучаюцца: акісленне арган. злучэнняў, у т. л. нафтапрадуктаў, акісленне металаў і акісленне біялагічнае. Сучаснае разуменне механізма акіслення арган. злучэнняў засн. на пераксіднай тэорыі, паводле якой з кіслародам рэагуюць злучэнні, што папярэдне перайшлі ў актыўны стан (гл. Пераксіды арганічныя). Пачатковая стадыя акіслення — ланцуговая хімічная рэакцыя. Актыўныя акісляльнікі — кісларод O2, азон O3, пераксід вадароду H2O2, хлор Cl2, фтор F2, перманганат калію KMnO4 і інш.
т. 1, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ШМА (Міхаіл Іванавіч) (н. 19.7.1951, в. Дзяляцічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. фармаколаг. Д-р мед. н. (1991). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1974). З 1977 у Ін-це біяхіміі АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні ролі эндагенных рэчываў (некаторых вітамінаў, амінакіслот і фосфаліпідаў) у рэгуляцыі актыўнасці ферментных сістэм мікрасамальнага акіслення і працэсаў перакіснага акіслення ліпідаў у жывёл і чалавека ў норме і пры інтаксікацыях.
т. 3, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАВА ЗЛУЧЭ́ННІ,
неарганічныя хімічныя злучэнні, у якія ўваходзіць волава, пераважна ў ступені акіслення +2, +4. Злучэнні, у якіх волава мае ступень акіслення +2, менш устойлівыя і з’яўляюцца моцнымі аднаўляльнікамі. Найчасцей выкарыстоўваюцца дыаксід і солі (хларыды, сульфіды).
Дыаксід волава SnO2, бясколернае крышт. рэчыва, (tпл 1630 °C, нерастваральны ў вадзе. Хімічна вельмі ўстойлівы, плёнка SnO2 ахоўвае волава ад акіслення ў паветры. У прыродзе — мінерал касітэрыт. Выкарыстоўваюць як белы пігмент для эмалей, шкла, паліваў. Дыхларыд волава SnCl2, бясколерная крышт. соль, tпл 247 °C. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе (аднаўляльнік), пры фарбаванні тканін (пратрава). Тэтрахларыд волава SnCl4, бясколерная вадкасць, дыміць у паветры, tкіп 114 °C, шчыльн. 2230 кг/м (20 °C). Раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры, добры растваральнік для многіх неэлектралітаў (напр., ёд, фосфар, сера і інш.). Выкарыстоўваюць у вытв-сці волаваарган. злучэнняў, святлоадчувальнай паперы і інш. Сульфід волава SnS, крышталі рудога колеру, tпл 880 °C. У прыродзе — рэдкі мінерал герцэнбергіт. Выкарыстоўваюць для павышэння антыфрыкцыйных уласцівасцей падшыпнікавага матэрыялу. Дысульфід волава SnS2, залаціста-жоўтыя крышталі, нерастваральныя ў вадзе. Выкарыстоўваюць як пігмент для фарбаў (імітатар сусальнага золата).
І.В.Боднар.
т. 4, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫПІРАГЕ́НЫ (ад анты... + грэч. pyr агонь + genos нараджэнне),
рэчывы, якія прадухіляюць самазагаранне вугалю, рудаў, торфу і інш. Як антыпірагены выкарыстоўваюць ваду, сілікаты натрыю, плёнкаўтваральныя растворы, інгібітары акіслення і інш. Прызначаны для прадухілення пажараў у рудніках.
т. 1, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАНАВА́ННЕ,
1) акісленне арган. злучэнняў азонам з утварэннем азанідаў ці інш. злучэнняў. Выкарыстоўваецца ў арган. сінтэзе кіслародазмяшчальных злучэнняў.
2) Апрацоўка азонам паветра ці вады з дапамогай азанатараў для абеззаражвання і акіслення ў іх арган. рэчываў.
т. 1, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКА́ЛІНА,
прадукт акіслення паверхні металаў, сплаваў пры ўзаемадзеянні з вонкавым асяроддзем. Звычайна акалінай наз. прадукт акіслення жалеза і яго сплаваў. У шырокім сэнсе акаліна — хім. злучэнні, утвораныя на паверхні любога металу пры яго рэакцыі з акісляльнікамі (кіслародам, серай, азотам і інш.). Пагаршае якасць паверхні і прыводзіць да страты металу (каля 6%); у некаторых выпадках выкарыстоўваюць яе ахоўныя ўласцівасці (гл. Аксідаванне). Акаліна, што ўтвараецца на паверхні металу ў час пракаткі, коўкі, штампавання, выкарыстоўваецца ў канвертарнай, доменнай ці мартэнаўскай вытв-сці. З акаліны кіпячых сталяў атрымліваюць жалезны парашок, які выкарыстоўваюць у магн. дэфектаскапіі, парашковай металургіі. Спец. апрацоўкай з акаліны легіраваных сталяў і сплаваў вылучаюць каштоўныя металы. Акаліны здымаюць мех. спосабам, траўленнем ці электрагідраўлічнай апрацоўкай.
т. 1, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІСЛЕ́ННЕ-АДНАЎЛЕ́ННЕ, акісляльна-аднаўляльныя рэакцыі,
хімічныя рэакцыі, пры якіх адбываецца пераход электронаў ад атамаў, малекул ці іонаў аднаго злучэння да атамаў, малекул і іонаў другога. Паводле электроннай тэорыі акісленне вызначаецца як страта (напр., Zn−2e = Zn2+), а аднаўленне як далучэнне (напр., Cl2 + 2e = 2Cl–) электронаў. Рэчыва, якое далучае электроны, наз. акісляльнікам, а якое іх страчвае — аднавіцелем. Акісленне-аднаўленне ўзаемазвязаныя працэсы, якія адбываюцца адначасова: Zn + Cl2 = Zn Cl2 (Zn аднавіцель, акісляецца да Zn2+, а Cl2 акісляльнік, аднаўляецца да 2Cl–). Важнейшыя акісляльнікі: кісларод, хлор, пераксід вадароду, марганцавакіслы калій і інш. Аднаўляльнікі: вугаль, вадарод, ёдзісты калій, аксід вугляроду і інш. Пры складанні ўраўненняў акіслення-аднаўлення ўлічваецца электраадмоўнасць атамаў (здольнасць атама ў малекуле прыцягваць і ўтрымліваць электроны) і акіслення ступень. Перамяшчэнне электронаў у акісленні-аднаўленні адбываецца за кошт розніцы энергій сувязі, у аднаўляльніку электроны звязаны слабей. Рэакцыямі акіслення-аднаўлення карыстаюцца пры атрыманні металаў і неметалаў, розных хім. прадуктаў (аміяку, азотнай і сернай кіслот і інш.), яны ляжаць у аснове гарэння ўсіх відаў паліва, карозіі металаў, электролізу раствораў і расплаваў, дзеяння хім. крыніц току. Уласціва біял. сістэмам (гл. ў арт. Акісленне біялагічнае, Фотасінтэз).
т. 1, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)