САПРАБІЁНТЫ, сапробы (ад грэч. sapros гнілы + bios жыццё),
жывыя арганізмы, якія жывуць у забруджаных арган. рэчывамі вадаёмах. Здольнасць С. мінералізаваць арган. рэчывы спрыяе біял. самаачышчэнню вадаёмаў і выкарыстоўваецца пры біялагічнай ачыстцы сцёкавых вод. Відавы склад і колькасць С. — біялагічныя індыкатары ступені забруджанасці вадаёмаў. Для кожнай ступені забруджанасці вызначаны паказальныя арганізмы. Вылучаюць полі-, меза- і алігасапрабіёнты.
Полісапрабіёнты жывуць у моцназабруджаных вадаёмах, якія характарызуюцца наяўнасцю нязгнілых бялковых рэчываў, вял. колькасцю вуглекіслаты, серавадароду і метану, адсутнасцю кіслароду. Згуртаванні полісапрабіёнтаў хутка змяняюцца, утвараюць слізістыя камякападобныя абрастанні, характарызуюцца вял. колькасцю асобін нешматлікіх відаў. На Беларусі да іх належаць некат. бактэрыі (сфератылус натанс, тыётрыкс нівея), зялёная водарасць асцыляторыя, некат. інфузорыі і жгуціканосцы, чарвяк тубіфекс, лічынка мухі-пчалавідкі («крыска»). Мезасапрабіёнты жывуць ва ўмерана забруджаных водах, дзе няма нязгнілых бялкоў, ёсць кісларод і прадукты акіслення — нітраты і нітрыты. Да іх належаць ніткавыя бактэрыі, водарасці, мукоравыя грыбы, прасцейшыя, малюскі, ракападобныя, лічынкі насякомых (напр., матыль), некат. рыбы. Алігасапрабіёнты жывуць у чыстых або слабазабруджаных вадаёмах, якія характарызуюцца добрымі акісляльнымі ўмовамі, невял. колькасцю свабоднай вуглекіслаты, адсутнасцю серавадароду. Вызначаюцца залацістыя водарасці з роду дынобрыян, пірафітавыя з роду цэрацыум і дыятомавыя з роду цыклатэла, сінедра, ніцшыя; кветкавыя расліны — рдзесты, шышнякі, гарлачык; галінаставусыя ракападобныя, рачныя ракі, амаль усе рыбы, трытоны, жабы. Проціпастаўляюць катарабіёнтам. Гл. таксама Сапробнасць.
т. 14, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)