СПІРТЫ́, алкаголі, алканолы,

арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць адну або некалькі гідраксільных (—OH) груп пры насычаных атамах вугляроду. Паводле колькасці OH-груп адрозніваюць С. аднаатамныя (напр., метылавы спірт, этылавы спірт), двухатамныя, ці гліколі, трохатамныя (напр., гліцэрына) і шмататамныя, ці паліолы [напр., C(CH2OH)4 пентаэрытрыт]. Аліфатычныя аднаатамныя С. паводле характару вуглевадароднага радыкала, злучанага з OH-групай, падзяляюць на першасныя RCH2OH, другасныя R2CHOH і трацічныя R3COH. Злучэнні з OH-групай пры падвойнай вуглярод-вугляроднай сувязі наз. еноламі (звычайна няўстойлівыя), пры атамах вугляроду араматычнага кальца — феноламі. У прыродзе С. ў выглядзе складаных эфіраў ёсць у ліпідах, восках, эфірных алеях, трапляюцца і ў свабодным стане (напр., у язмінным алеі ёсць бензілавы спірт, у ружавым — фенетылавы C6H5CH2CH2OH).

Бясколерныя вадкасці або цвёрдыя рэчывы, добра растваральныя ў большасці арган. растваральнікаў. Аднаатамныя аліфатычныя С. з 1—3 атамамі вугляроду ў малекуле змешваюцца з вадой у любых суадносінах, вышэйшыя (маюць больш за 6 атамаў вугляроду) практычна нерастваральныя. Пры павелічэнні колькасці OH-груп у малекуле растваральнасць С. узрастае; паліолы раствараюцца ў вадзе неабмежавана. С. праяўляюць слабыя кіслотныя ўласцівасці — з актыўнымі металамі ўтвараюць солі — алкагаляты. Для С. характэрныя рэакцыі акіслення, дэгідратацыі, утварэння простых і складаных эфіраў. Атрымліваюць С. гідратацыяй алкенаў, гідролізам галагеналканаў, аднаўленнем аксіду вугляроду, альдэгідаў, кетонаў і інш. спосабамі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці сінт. валокнаў, фарбавальнікаў, пахучых рэчываў, лек. прэпаратаў, мыйных сродкаў і інш., як растваральнікі. Гл. таксама Амілавыя спірты, Бутылавыя спірты, Ізапрапілавы спірт, Цыклагексанол, Этыленгліколь.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 15, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)