РЭ́ЙТАН Тадэвуш [1742 ?, в Грушаўка Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. (ахрышчаны 20.8.1742 у г. Ляхавічы) —8.8.1780], палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай. Паходзіў са шляхецкага роду — уладальнікаў Грушаўкі. Вучыўся ў піярскай школе і Калегіуме Нобіліум у Варшаве. Служыў у войску. Паводле некат. звестак, удзельнік Барскай канфедэрацыі. Быў абраны паслом ад Навагрудскага пав. на сойм 1773—75, дзе планавалася зацвердзіць 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. Разам з пасламі ад Навагрудскага пав. С.​Корсакам і ад Мінскага пав. С.​Багушэвічам рашуча супрацьдзейнічаў гэтай анексіі, перашкаджаў утварэнню на сойме канфедэрацыі, якая б зацвердзіла такі падзел. Але большасць паслоў сойма, падкупленая замежнымі дзяржавамі, не падтрымала яго. 1.12.1773 Р. склаў маніфест, дзе канстатаваў нелегітымнасць канфедэрацыі і трактатаў пра падзел Рэчы Паспалітай. Страціў розум і вывезены ў Грушаўку. Скончыў самагубствам. Яшчэ сучаснікі лічылі Р. нац. героем, Чатырохгадовы сойм 1788—92 абвясціў Р. «вартым нац. жалобы», а яго дзеянні — «узорам для пераймання». Р. прысвечаны шматлікія маст. творы, у т. л. карціна Я.​Матэйкі. У сярэдзіне 19 ст. ў Грушаўцы быў устаноўлены бюст Р. (цяпер у Нац. музеі ў Кракаве), у 1993 — мемарыяльны знак.

Т.Рэйтан.

т. 13, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕІ́ТАЎ Сагінгалі (н. 20.11.1917, Акжаікскі р-н Уральскай вобл., Казахстан),

казахскі паэт, літаратуразнавец. Канд. філал. н. (1961). Скончыў Алма-Ацінскі пед. ін-т (1941). Удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Працуе ў Ін-це л-ры і мастацтва АН Казахстана (з 1961). Друкуецца з 1930-х г. Аўтар паэт. зб-каў «Ад сэрца да сэрца» (1953), «Да вышынь» (1963), «Рэха» (1967), «Я заўсёды з вамі» (1968) і інш. Даследуе каз.-бел. літ. ўзаемасувязі, творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Танка і інш.: арг. «Янка Купала» (1954), «Літаратура беларускага народа» (1955), «Вузы трывалых сувязей» (1965), «Голас народнага трыбуна», «Прачытай і перадай другому» (1982). Беларусі прысвяціў вершы «Балада пра Пінскія балоты», «Магілёў», «Мінск узяты», «Школа», «Канстанцін Заслонаў», «Брэст» і інш., апавяд. і нарысы «Вочы эскадрона», «Паядынак». На каз. мову пераклаў вершы Я.​Купалы, М.​Танка. На бел. мову яго вершы пераклалі Р.​Барадулін, У.​Корбан, В.​Рагойша.

Тв.:

Рус. пер. — Капли на тополях. Алма-Ата, 1961;

Сокровенное. Алма-Ата, 1981.

Літ.:

Рагойша В. Дыялогі з палымянай памяццю // Маладосць, 1976. № 2.

В.​П.​Рагойша.

т. 14, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМІРНО́Ў (Смірноў-Святлоўскі) Пётр Іванавіч

(14.8.1897, г. Чырвоны Сулін Растоўскай вобл., Расія — 17.3.1940),

военачальнік, флагман флоту 2-га рангу (1938). Скончыў Ваенна-марскую акадэмію (1927). З кастр. 1917 адзін з камісараў і нач. штаба зводнага Кранштацкага атрада. У 1918 камісар атрада маракоў-падрыўнікоў на Петраградскім напрамку, нач. штаба Волжскай ваен. флатыліі. камандзір асобнага атрада на Усх. фронце. З вер. 1919 — да снеж. 1920 камандуючы Дняпроўскай ваеннай флатыліяй (ДВФ), чл. ваен. савета Гомельскага ўмацаванага раёна. Удзельнік Лоеўскага прарыву 1920, баёў за Нароўлю, Мазыр, Петрыкаў, Тураў, кіраўнік прарыву караблёў ДВФ з Мазыра ў тыл праціўніка. У 1924 камісар і старшы пам. камандзіра вартавога карабля «Вароўскі», які ў 1924 здзейсніў далёкае плаванне вакол Еўропы і Азіі (з Архангельска ва Уладзівасток). Пазней працаваў саветнікам ВМФ у Кітаі. З 1927 на адказных пасадах у ВМФ СССР, у т. л. (у студз. 1938 — сак. 1939 1-ы нам. і часова выконваючы пасаду наркома ВМФ СССР). Дэп. Вярхоўнага Савета СССР у 1936—40. Аўтар успамінаў «Дняпроўская ваенная флатылія» (1925).

І.​Я.​Краўцоў.

т. 15, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ЛІК-САРНО́ЎСКІ (Sulik-Sarnowski) Нікадзім (15.8.1893, в. Каменна-Стара Саколкаўскага пав. Гродзенскай губ., цяпер у Падляскім ваяв. Польшчы — 14.1.1954),

польскі ваен. дзеяч бел. паходжання. Ген. брыгады (1942). У час вучобы ў Пецярбургскай духоўнай семінарыі ўваходзіў у бел. нац. гурток. У 1-ю сусв. вайну на Валыні і Рум. фронце. З 1918 на камандных пасадах у Войску Польскім. У 1919—20 у І-й літоўска-беларускай дывізіі. Удзельнік абарончай вайны Польшчы супраць фаш. Германіі ў вер. 1939. У 1939—41 у падп. Саюзе ўзбр. барацьбы ў Варшаве, потым у Вільні. У крас. 1941 арыштаваны органамі НКУС, у жн. вызвалены паводле савецка-польскага пагаднення 1941. З сак. 1942 у польскай Андэрса арміі, з крас. 1942 камандзір 5-й крэсавай дывізіі пяхоты, каля палавіны вайскоўцаў якой складалі беларусы і ўраджэнцы Зах. Беларусі. Удзельнічаў у Італьянскай кампаніі 1943—45. Станоўча ставіўся да бел. руху ў польскай арміі. З 1946 жыў у Вялікабрытаніі, дзе і памёр. У вер. 1993 перапахаваны на радзіме.

Тв.:

Okruchy wspomnień. Białystok, 1993.

Літ.:

Весялкоўскі Ю. Няясна мроіліся новыя дарогі. Лондан, 1997.

Ю.​В.​Грыбоўскі.

т. 15, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛБУ́ХІН Фёдар Іванавіч (16.6.1894, в. Андронікі, цяпер Талбухінскі р-Н Яраслаўскай вобл., Расія — 17.10.1949),

савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1944). Герой Сав. Саюза (1965). Скончыў школы прапаршчыкаў (1915), штабной службы (1919), курсы ўдасканалення (1930) і Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). У арміі з 1914, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У грамадз. вайну на Зах. фронце, у штабе дывізіі, арміі. З 1938 нач. штаба Закаўказскай ваен. акругі. У Вял. Айч. вайну нач. штаба Закаўказскага, Каўк. і Крымскага франтоў, у маі—ліп. 1942 нам. каманд. войскамі Сталінградскай ваен. акругі. З ліп. 1942 каманд. войскамі 57-й і 68-й армій. З сак. 1943 камандаваў войскамі Паўд., з кастр. 1943—4-га Укр., з мая 1944—3-га Укр. франтоў. Войскі на чале з Т. удзельнічалі ў Сталінградскай бітве 1942—43, вызваленні Украіны і Крыма, у Яска-Кішынёўскай аперацыі 1944, вызваленні Румыніі, Балгарыі, Югаславіі, Венгрыі і Аўстрыі. З ліп. 1945 галоўнакамандуючы Паўд. групай войск, адначасова Старшыня саюзнай кантрольнай камісіі ў Румыніі і Балгарыі. Са студз. 1947 камандуючы войскамі Закаўказскай ваен. акругі. Узнагароджаны ордэнам «Перамога».

Ф.І.Талбухін.

т. 15, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУ́МЭН (Truman) Гары Спенсер (8.5.1884, Ламар, штат Місуры, ЗША — 26.12.1972),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Быў клеркам, бухгалтарам, фермерам, саўладальнікам магазіна. Удзельнік 1-й сусв. вайны на тэр. Францыі, капітан. Пасля вайны чл. Дэмакр. партыі. З 1926 старшыня акруговага суда ў штаце Місуры.

З 1934 сенатар ад гэтага штата. Са студз. 1945 віцэ-прэзідэнт ЗША у адміністрацыі Ф.Д.Рузвельта, пасля яго смерці прэзідэнт краіны ад Дэмакр. партыі (1945—53; выбраны ў 1948). Урад Т. з 1946 канфрантаваў з пануючымі ў кангрэсе ЗША прадстаўнікамі Рэсп. партыі, з 1949 працягваў рэформы ў духу «новага курсу» Рузвельта, але абмяжоўваў дзейнасць прафсаюзаў паводле Тафта—Хартлі закона. У час Патсдамскай канферэнцыі 1945 Т. загадаў скінуць ядз. бомбы на яп. гарады Хірасіму і Нагасакі (6 і 9.8.1945). Пасля 2-й сусв. вайны імкнуўся процідзейнічаць пашырэнню сферы ўплыву СССР у свеце, дзеля чаго былі прыняты Трумэна дактрына і Маршала план, засн. Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне і Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавора, войскі ЗША удзельнічалі ў карэйскай вайне 1950—53. Аўтар мемуараў.

Літ.:

Маныкин А.С. «Эра демократов»: партийная перегруппировка в США. 1933—1952. М., 1990.

Г.С.Трумэн.

т. 15, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАНІ́НАЎ Міхаіл Ванькаевіч (1.1.1919, пас. Цаган-Нур, Калмыкія — 22.9.1981),

калмыцкі пісьменнік, перакладчык. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы (1969), Літ. ін-т імя М.​Горкага (1975) у Маскве. У 1942—44 удзельнік партыз. руху на Беларусі. Друкаваўся з 1935. Асн. тэмы твораў — гісторыя роднай зямлі, партыз. гераізм. Аўтар зб-каў лірыкі «Калі звініць мая домра» (1964), «Да апошняй атакі» (1968), «Вясна майго стэпу» (1969), «Пад небам Расіі» (1971), «Не страляйце ў Радзіму маю» (1978), «Кавыль» (1979), зб-каў апавяданняў і нарысаў «Людзі нашага часу» (1962), «Душэўныя людзі» (1966), аўтабіягр. аповесці «Міша Чорны — гэта я!» (1976), рамана «Памятаеш, зямля Смаленская» (1977). Перакладаў на калмыцкую мову творы Я.​Купалы, П.​Броўкі, А.​Пысіна, М.​Танка. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі М.​Аўрамчык, Р.​Барадулін, Броўка, Г.​Бураўкін, С.​Грахоўскі, І.​Калеснік, К.​Камейша, Пысін, Ю.​Свірка, М.​Танк. Ганаровы грамадзянін г. Беразіно Мінскай вобл.

Тв.:

Бел. пер. — Хвоі і цюльпаны. Мн., 1970;

Жураўлі над стэпам. Мн., 1977.

Літ.:

Дугинец А. Искры над пеплом М., 1970.

А.​А.​Марціновіч.

т. 16, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ПАШНІКАЎ Барыс Міхайлавіч (2.10.1882, г. Златауст Чэлябінскай вобл., Расія — 26.3.1945),

савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1940). Праф. (1935). Скончыў маскоўскае ваен. вучылішча (1903) і Акадэмію Генштаба (1910). У арміі з 1901, удзельнік 1-й сусв. вайны. У Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну пам. нач. аператыўнага ўпраўлення Вышэйшага ваен. савета, нач. аператыўнага ўпраўлення Палявога штаба РВС Рэспублікі. Пасля грамадз. вайны 1-ы пам. нач. штаба РСЧА, у 1925—28 і 1935—37 камандуючы ваен. акругамі. У 1932—35 нач. і ваен. камісар Ваен. акадэміі імя Фрунзе. У 1937—40, 1941—42 нач. Генштаба Чырв. Арміі, 1940—43 нам. наркома абароны СССР. З чэрв. 1943 нач. Ваен. акадэміі Генштаба. Канд. у чл. ЦК ВКП(б) з 1939. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1937. Аўтар ваенна-тэарэт. прац.

Тв.:

На Висле. М., 1924;

Мозг армии. Кн. 1—3. М., 1927—29;

Воспоминания: Воен.-науч. тр. М., 1974.

Літ.:

Захаров М.В.: Ученый и воин. 2 изд. М., 1978;

Василевский А.М. Маршал Б.​М.​Шапошников // Воен.-ист. журн. 1972. № 9.

Б.М.Шапашнікаў.

т. 17, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАПІ́ЛАЎ Дзмітрый Трафімавіч (5.11.1905, Ашгабат — 18.8.1995),

савецкі дзярж. і парт. дзеяч, вучоны-эканаміст. Чл.-кар. АН СССР (1953), праф. (1939), ген.-маёр (1945). Скончыў Маскоўскі ун-т (1926), Аграрны ін-т чырв. прафесуры (1934). У 1920—30-я г. ў пракуратуры, на гасп., навук. і выкладчыцкай рабоце. У Вял. Айч. вайну чл. ваен. савета арміі. З 1946 у апараце ЦК КПСС. У 1952—56 гал. рэдактар газ. «Правда», у 1955—57 сакратар ЦК КПСС, у 1956—57 міністр замежных спраў СССР. Удзельнік рэабілітацыі ахвяр паліт. рэпрэсій, дапамагаў М.С.Хрушчову рыхтаваць даклад да XX з’езда КПСС (1956). На чэрвеньскім пленуме ЦК КПСС (1957). крытыкаваў Хрушчова за парушэнні прынцыпаў калект. кіраўніцтва і некампетэнтнасць, за што штучна прылічаны да т.зв. антыпарт. групы і адхілены ад усіх парт. і дзярж. пасад. З 1957 дырэктар Ін-та эканомікі АН Кіргізіі, у 1960—82 у Гал. архіўным упраўленні пры СМ СССР. Кіраўнік аўтарскага калектыву падручніка «Палітычная эканомія» (1954).

Літ.:

И примкнувший к ним Шепилов: Правда о человеке, ученом, воине, политике. М., 1998.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 17, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮДЗЕ́НІЧ Мікалай Мікалаевіч (30.7.1862, Масква — 5.10.1933),

военачальнік рас. арміі і белага руху на ПнЗ Расіі. Ген. ад інфантэрыі (1915). З дваран Мінскай губ. Скончыў Аляксандраўскае ваен. вучылішча (1881) і Акадэмію Генштаба (1887). Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. З 1907 ген.-кватармайстар, з 1912 нач. штаба Казанскай, з 1913 Каўк. ваен. акруг. У пач. 1-й сусв. вайны нач. штаба, са студз. 1915 каманд. Каўк. арміяй. Правёў Трапезундскую, а таксама Эрзурумскую аперацыю 1916. У сак.-крас. 1917 галоўнакамандуючы Каўк. фронтам. З мая 1917 у адстаўцы. Увосень 1918 эмігрыраваў у Фінляндыю, потым у Эстонію. У студз. 1919 т.зв. «Рускі камітэт» абвясціў яго лідэрам «белай справы», А.​В.​Калчак 10.6.1919 прызначыў галоўнакамандуючым войскамі на ПнЗ Расіі (у складзе войск Ю. дзейнічаў 2-і корпус Паўн.-Зах. арміі, камандзірам якога быў С.Н.Булак-Балаховіч). Увайшоў (жн. 1919) у склад створанага пад эгідай Вялікабрытаніі Паўн.-Зах. «ўрада». Пасля няўдалага паходу на Петраград (кастр.—ліст. 1919) Ю. адступіў з рэшткамі войска ў Эстонію. У 1920 эмігрыраваў у Вялікабрытанію.

т. 18, кн. 1, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)