СУ́ЛІК-САРНО́ЎСКІ (Sulik-Sarnowski) Нікадзім (15.8.1893, в. Каменна-Стара Саколкаўскага пав. Гродзенскай губ., цяпер у Падляскім ваяв. Польшчы — 14.1.1954),

польскі ваен. дзеяч бел. паходжання. Ген. брыгады (1942). У час вучобы ў Пецярбургскай духоўнай семінарыі ўваходзіў у бел. нац. гурток. У 1-ю сусв. вайну на Валыні і Рум. фронце. З 1918 на камандных пасадах у Войску Польскім. У 1919—20 у І-й літоўска-беларускай дывізіі. Удзельнік абарончай вайны Польшчы супраць фаш. Германіі ў вер. 1939. У 1939—41 у падп. Саюзе ўзбр. барацьбы ў Варшаве, потым у Вільні. У крас. 1941 арыштаваны органамі НКУС, у жн. вызвалены паводле савецка-польскага пагаднення 1941. З сак. 1942 у польскай Андэрса арміі, з крас. 1942 камандзір 5-й крэсавай дывізіі пяхоты, каля палавіны вайскоўцаў якой складалі беларусы і ўраджэнцы Зах. Беларусі. Удзельнічаў у Італьянскай кампаніі 1943—45. Станоўча ставіўся да бел. руху ў польскай арміі. З 1946 жыў у Вялікабрытаніі, дзе і памёр. У вер. 1993 перапахаваны на радзіме.

Тв.:

Okruchy wspomnień. Białystok, 1993.

Літ.:

Весялкоўскі Ю. Няясна мроіліся новыя дарогі. Лондан, 1997.

Ю.​В.​Грыбоўскі.

т. 15, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)