працэс устанаўлення і выкарыстання стандартаў з мэтай упарадкавання дзейнасці ў пэўнай галіне. Аб’ектамі С. з’яўляюцца сыравіна, прадукцыя, нормы, патрабаванні, метады, тэрміны, адзнакі і г.д., якія маюць тэндэнцыю да шматразовага выкарыстання. Адрозніваюць С. міжнародную, рэгіянальную, нацыянальную, галіновую і суб’ектаў гаспадарання. У міжнароднай С. Маюць права ўдзельнічаць адпаведныя органы ўсіх краін; у рэгіянальнай — адпаведныя органы пэўнага, геагр., паліт. ці эканам. рэгіёна. Нацыянальная С. ўстанаўліваецца ў канкрэтнай краіне; галіновая — у канкрэтнай галіне, суб’ектаў гаспадарання — на канкрэтным прадпрыемстве, установе, фірме і інш.
Дзярж. сістэма С. Рэспублікі Беларусь пачала фарміравацца ў 1922. Яе дзейнасць рэгламентавана Законам Рэспублікі Беларусь «Аб стандартызацыі» (1995). Яе асн. задачы і мэты: гарантыя бяспекі прадукцыі, работ і паслуг для жыцця і здароўя грамадзян і іх маёмасці; канкурэнтаздольнасці бел. тавараў на сусв. рынку; ахова навакольнага асяроддзя; сумяшчальнасць і ўзаемазамяняльнасць прадукцыі, маркіроўкі, адзінства метадаў кантролю; садзейнічанне ўкараненню рэсурса- і энергазберагальных тэхналогій і г.д. Палітыку ў галіне С. ў рэспубліцы ажыццяўляюць Камітэт па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь і яго органы на месцах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СТАРАЖЫ́ТНЫЯ ДАКУМЕ́НТЫ ПА ГІСТО́РЫІ ПО́ЛЬШЧЫ, ЛІТВЫ́ І СУСЕ́ДНІХ КРАІ́Н»
(«Vetera monumenta Poloniae et Lithuaniae gentiumque finitimarum historiam illustrantia»),
археаграфічнае выданне дакументаў з Ватыканскага архіва па гісторыі Польшчы і ВКЛ 11—18 ст. Падрыхтавана гісторыкам царквы А.Тайнерам, выдадзена ў 4 тамах у Рыме ў 1860—64. Змешчаны лісты рымскіх пап да каралёў Польшчы і вял. князёў ВКЛ, вял. магістраў Нямецкага ордэна, біскупаў, абатаў і інш. асоб у гэтых краінах, інструкцыі папскім нунцыям у Польшчы і Рэчы Паспалітай і рэляцыі ад іх у Рым, лісты ад манархаў і інш. асоб да рымскіх пап; матэрыялы справаводства Рэчы Паспалітай па рэліг. пытаннях. Матэрыялы выдання асвятляюць становішча каталіцкай царквы ў Польшчы і ВКЛ, увядзенне і ўмацаванне каталіцтва ў Літве, міжнар. адносіны ВКЛ, падрыхтоўку і правядзенне уніі паміж каталіцкай і правасл. цэрквамі, рэліг. барацьбу ў Рэчы Паспалітай у 16—18 ст., дзейнасць Радамскай, Барскай, Слуцкай, Тарунскай, Таргавіцкай і інш. канфедэрацый. Усяго надрукавана каля 3 тыс. дакументаў, у асн. на лацінскай, італьянскай і французскай мовах. Большасць крыніц надрукавана ўпершыню. Дакументы размешчаны ў храналагічным парадку. Змешчаны геаграфічна-імянныя паказальнікі, архіўныя шыфры, але археаграфічныя каментарыі адсутнічаюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́ТУС САЦЫЯ́ЛЬНЫ,
суадноснае становішча (пазіцыя) індывіда або групы ў сац. сістэме, якое вызначаецца па шэрагу эканам., прафес., этн. і інш. спецыфічных для дадзенай сістэмы адзнак (пол, узрост, прафесія, адукацыя, даход і інш.). Упершыню паняцце «С.с.» выкарыстаў у канцы 19 ст.англ. гісторык Г.Мэн. К.Маркс і Ф.Энгельс лічылі, што аб’ектыўнай асновай становішча індывідаў у грамадстве з’яўляецца грамадская практыка, іх сумесная дзейнасць, якая набывае ў ходзе развіцця асаблівыя гіст. формы. М.Вебер сцвярджаў, што стратыфікацыя грамадства і становішча індывіда ў ім вызначаюцца не толькі эканам. кампанентамі (доступ да сродкаў вытв-сці, грамадскіх багаццяў), але і сац. ролямі і пазіцыямі. Кожны індывід мае некалькі статусных характарыстык Вылучаецца гал.статус, які і вызначае становішча асобы ў грамадстве. У залежнасці ад таго, якую пазіцыю займае чалавек у грамадстве дзякуючы спадчынным адзнакам (сац. паходжанне, раса, нацыянальнасць і інш.) або асабістым намаганням (адукацыя, кваліфікацыя і г.д.), адрозніваюць прыродны і дасягальны С.с. Суадносіны іх у сац. структуры грамадства з’яўляюцца паказчыкамі характару эканам. і паліт. улады, якая і вызначае адпаведную структуру С.с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАВІ́НСКІ Фёдар Ігнатавіч (20.6.1843, маёнтак Новы Двор, Рэчыцкі пав. Мінскай губ. —4.12.1902),
рускі спявак (бас). Скончыў гімназію ў Мазыры (1865, у час вучобы спяваў у студэнцкіх спектаклях, зборы ад якіх ішлі матэрыяльна незабяспечаным гімназістам), Пецярбургскую кансерваторыю (1873). Саліст Кіеўскага (з 1873), Марыінскага (з 1876) оперных т-раў. На сцэне апошняга выканаў больш за 60 рознахарактарных партый у операх рус. і замежных кампазітараў. Сярод лепшых роляў: Фарлаф («Руслан і Людміла» М.Глінкі), Варлам і Рангоні («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Яромка, Алаферн («Варожая сіла», «Юдзіф» А.Сярова), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Дон Базіліо і Бартола («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Спарафучыле («Рыгалета» Дж.Вердзі), Сен-Бры і Марсель («Гугеноты» Дж.Меербера), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно) і інш. С. валодаў яркім сцэнічным талентам, майстэрствам пераўвасаблення, найб. ўвагу аддаваў акцёрскаму ўдасканаленню, сам ствараў эскізы грыму да роляў. Выканальніцкая дзейнасць С., які прадоўжыў традыцыі В.Пятрова і прадвызначыў творчы шлях Ф.Шаляпіна, стала значным этапам у гісторыі рус. опернага мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СУЗО́Р’Е»,
бел. рок-група. Створана ў 1977 на базе аднайм. камсамольска-маладзёжнай кавярні Мінска, з 1981 у складзе Бел. філармоніі. Маст. кіраўнік і гукарэжысёр У.Пучынскі. З 1983 вак.-інстр. ансамбль пад кіраўніцтвам А.Несцяровіча. З 1986 аднавіла дзейнасць як «С.». У першым складзе: У.Пучынскі, Ан.Казлоўскі і В.Пучынскі (гітара), А.Філатаў (барабан). У розныя гады ў склад ансамбля ўваходзілі В.Аліпава, А.Брынцаў, Н.Дзянісава, Вольга Нікалаеня (вакалісты), Ал.Казлоўскі (бас-гітара), А.Растопчын (гітара), А.Несцяровіч і Вас.Нікалаеня (піяніна). Для «С.» характэрна экспрэсная манера выканання, разгорнутыя аранжыроўкі. Рэпертуар складаўся з уласных твораў, твораў прафес. аўтараў. Упершыню ў бел. поп-музыцы звярнулася да «Полацкага сшытка», паэзіі Міколы Гусоўскага («Песня пра зубра» Несцяровіча і Ан.Казлоўскага). Сярод папулярных песень: «На шляху дзікіх гусей» У.Будніка, «Стары мост», «Вясенні дзень», «Капітан», «Ва ўсе часы» В.Пучынскага. Выпусціў магнітаальбом «Рок-тэрапія» (1984), міньён «Сузор’е» (1986), альбом «Вераснёўская рака» (1987). Гран-пры Усесаюз. конкурсу паліт. песні (1978, Рыга), дыпламант Усесаюзнага конкурсу «Крымскія зоры» (1981, Ялта).
легальнае рабочае т-ва ў С.-Пецярбургу ў 1903—05. Засн. з дазволу ўлад і пры тайным удзеле паліцыі на ўзор зубатаўскіх арг-цый (гл.Зубатаўшчына) святаром Г.А.Гапонам. Паводле Статута (зацверджаны 28.2.1904) яго членамі маглі быць рабочыя толькі рус. паходжання і хрысц. веравызнання. Т-ва мела 11 раённых аддзяленняў, аб’ядноўвала да 10 тыс.чал. Яно вяло сярод рабочых культ.-асв. работу, прапагандавала ідэі адданасці цару і царкве, класавага міру і хрысц. сацыялізму, імкнулася скіраваць барацьбу рабочых за свае правы ў мірнае рэчышча. Аднак пад уплывам эканам. крызісу і выкліканага ім рэв. ўздыму дзейнасць «Сходу» насуперак волі яго кіраўнікоў паступова палітызавалася. У студз. 1905 яго аддзяленні сталі цэнтрамі агульнагар. стачкі. Па ініцыятыве Гапона была выпрацавана петыцыя да цара, куды пад уплывам сацыял-дэмакратаў уключаны паліт. і эканам. патрабаванні (скліканне Устаноўчага сходу, увядзенне дэмакр. свабод, 8-гадзіннага рабочага дня і інш.) і 9(22). 1.1905 арганізавана мірнае шэсце да Зімняга палаца, якое скончылася масавым расстрэлам рабочых (гл.«Крывавая нядзеля»); «Сход» распушчаны ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАВАРЫ́СТВА БЫЛЫ́Х ПАЛІТКАТАРЖА́Н І ССЫЛЬНАНАСЯЛЕ́НЦАЎ Існавала ў СССР у 1921—35. Створана па ініцыятыве Ф.Э.Дзяржынскага, Я.Э.Рудзутака, Е.М.Яраслаўскага і інш. Аказвала матэрыяльную дапамогу б. паліткатаржанам і ссыльнапасяленцам, арганізоўвала іх выступленні, успаміны, і даклады, лекцыі. Важным кірункамі дзейнасці т-ва былі збор, вывучэнне і выданне гіст.-дакумент. матэрыялаў. У 1921—23 аддзяленні т-ва ўзніклі ў Віцебску, Гомелі, Мінску. Бел. аддзяленне да 1928 правяло 3 канферэнцыі. Навукова-даследчую працу члены т-ва вялі ў секцыях: па гісторыі дзекабрызму, рэвалюцыі 1905—07, нарадавольцаў і інш. Яны абмяркоўвалі даклады і мемуары, рыхтавалі да друку зб-кі дакументаў, манаграфіі. Т-ва выдавала час.«Каторга и ссылка», біябібліягр. слоўнік «Дзеячы рэвалюцыйнага руху ў Расіі» (1927—34), «Бюллетень Центрального совета Всесоюзного общества бывших политка-торжан и ссыльнопоселенцев» (1929—33), у якіх ёсць біягр. артыкулы і звесткі пра дзеячаў, чый лёс звязаны з Беларуссю. Супрацоўнічала з Гістпартам, Ін-там Маркса—Энгельса—Леніна пры ЦКВКП(б) і іх філіяламі на месцах, з Таварыствам старых бальшавікоў. Т-ва спыніла дзейнасць у 1935 ва ўмовах разгортвання ў СССРпаліт. рэпрэсій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУ́МЭН (Truman) Гары Спенсер (8.5.1884, Ламар, штат Місуры, ЗША — 26.12.1972),
палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Быў клеркам, бухгалтарам, фермерам, саўладальнікам магазіна. Удзельнік 1-й сусв. вайны на тэр. Францыі, капітан. Пасля вайны чл.Дэмакр. партыі. З 1926 старшыня акруговага суда ў штаце Місуры.
З 1934 сенатар ад гэтага штата. Са студз. 1945 віцэ-прэзідэнт ЗША у адміністрацыі Ф.Д.Рузвельта, пасля яго смерці прэзідэнт краіны ад Дэмакр. партыі (1945—53; выбраны ў 1948). Урад Т. з 1946 канфрантаваў з пануючымі ў кангрэсе ЗША прадстаўнікамі Рэсп. партыі, з 1949 працягваў рэформы ў духу «новага курсу» Рузвельта, але абмяжоўваў дзейнасць прафсаюзаў паводле Тафта—Хартлі закона. У час Патсдамскай канферэнцыі 1945 Т. загадаў скінуць ядз. бомбы на яп. гарады Хірасіму і Нагасакі (6 і 9.8.1945). Пасля 2-й сусв. вайны імкнуўся процідзейнічаць пашырэнню сферы ўплыву СССР у свеце, дзеля чаго былі прыняты Трумэна дактрына і Маршала план, засн.Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне і Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавора, войскі ЗША удзельнічалі ў карэйскай вайне 1950—53. Аўтар мемуараў.
Літ.:
Маныкин А.С. «Эра демократов»: партийная перегруппировка в США. 1933—1952. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫ́ФАНАЎ Юрый Валянцінавіч (28.8.1925, Масква — 28.3.1981),
рускі пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1949). Друкаваўся з 1947. Раманы «Студэнты» (1950; Дзярж. прэмія СССР 1951), «Нецярплівасць» (1973) пра нарадавольцаў. У «маскоўскіх» псіхал. аповесцях «Абмен» (1969), «Іншае жыццё» (1975), «Дом на набярэжнай» (1976), «Стары» (1978), дакумент.-мемуарнай кнізе пра рэв.дзейнасць свайго бацькі «Водбліск вогнішча» (1965), публіцыстыцы (кн. «Як слова наша адгукнецца...», апубл. 1985) і інш. роздум пра лёс пакалення і сувязь часоў, рэвалюцыю і грамадз. вайну, паліт. рэпрэсіі. Сярод інш. твораў: раманы «Спатоленне смагі» (1963, аднайм. фільм 1965), аўтабіягр. аповесць «Час і месца» (1981, не завершана), зб-кі апавяданняў і нарысаў на спарт. тэмы «У канцы сезона» (1961), «Факелы на Фламініо» (1965), «Гульні прыцемкам» (1970), сцэнарый фільма «Хакеісты» (1965). На бел. мову аповесць Т. «Папярэднія вынікі» пераклаў А.Жук, апавяданне «Смерць у Сіцыліі» У.Шахавец.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1985—87;
Избранное. Мн., 1983.
Літ.:
Иванова Н.Б. Проза Юрия Трифонова. М., 1984;
Оклянский Ю.М. Юрий Трифонов: Портрет-воспоминание. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УО́РД (Ward) Лестэр Франк (18.6.1841, г. Джоліет, штат Ілінойс, ЗША — 18.4.1913),
амерыканскі сацыёлаг і палеантолаг. Прэзідэнт Амер. сацыялагічнай асацыяцыі (1906—08). Навук.дзейнасць пачынаў як геолаг і палеантолаг; адзін з заснавальнікаў палеабатанікі. Яго сацыялагічныя погляды фарміраваліся пад уплывам эвалюцыянісцкіх ідэй А.Конта і Г.Спенсера. Выступаў супраць біялагізму і жорсткага дэтэрмінізму ў сацыялогіі; лічыў, што ў аснову сац. навукі павінны быць пакладзены прынцыпы псіхалогіі, што сац. працэсы адрозніваюцца ад прыродных мэтанакіраваным і творчым характарам. У якасці першаснай сац. сілы разглядаў жаданні, на аснове якіх фарміруюцца інтэлектуальныя, маральныя і эстэт. патрэбнасці. Паводле У., рэалізацыя патрэбнасцей у творчай дзейнасці чалавека забяспечвае развіццё грамадства. Абсалютызаваў ролю чалавечага інтэлекту як гал. фактару гіст. развіцця; лічыў, што навука павінна забяспечваць тэарэт. фундамент сац. прагрэсу. Выступаў з ідэямі пабудовы ідэальнага грамадства, у якім кантроль над сац. сіламі будзе ажыццяўляцца пры дапамозе «калект. розуму». Аўтар прац «Дынамічная сацыялогія, ці Прыкладная сацыяльная навука, заснаваная на статыстычнай сацыялогіі і менш складаных навуках» (1883), «Чыстая сацыялогія» (1903) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Психические факторы цивилизации. СПб. и др., 2001.