СТРАВІ́НСКІ Фёдар Ігнатавіч (20.6.1843, маёнтак Новы Двор, Рэчыцкі пав. Мінскай губ. —4.12.1902),

рускі спявак (бас). Скончыў гімназію ў Мазыры (1865, у час вучобы спяваў у студэнцкіх спектаклях, зборы ад якіх ішлі матэрыяльна незабяспечаным гімназістам), Пецярбургскую кансерваторыю (1873). Саліст Кіеўскага (з 1873), Марыінскага (з 1876) оперных т-раў. На сцэне апошняга выканаў больш за 60 рознахарактарных партый у операх рус. і замежных кампазітараў. Сярод лепшых роляў: Фарлаф («Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Варлам і Рангоні («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Яромка, Алаферн («Варожая сіла», «Юдзіф» А.​Сярова), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Дон Базіліо і Бартола («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Спарафучыле («Рыгалета» Дж.​Вердзі), Сен-Бры і Марсель («Гугеноты» Дж.​Меербера), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно) і інш. С. валодаў яркім сцэнічным талентам, майстэрствам пераўвасаблення, найб. ўвагу аддаваў акцёрскаму ўдасканаленню, сам ствараў эскізы грыму да роляў. Выканальніцкая дзейнасць С., які прадоўжыў традыцыі В.​Пятрова і прадвызначыў творчы шлях Ф.​Шаляпіна, стала значным этапам у гісторыі рус. опернага мастацтва.

Літ.:

Ф.​Стравинский: Статьи, письма, воспоминания. Л., 1972.

Т.​Г.​Слабодчыкава.

Ф.І.Стравінскі.

т. 15, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)