Варо́ты ’вароты’, ворота ’дзверы ў хляве’ (Шушк.). Ст.-рус. ворота, рус. воро́та, укр. воро́та, польск. wrota, чэш. vrata, ст.-слав. врата, балг. врата́, серб. вра́та ’дзверы’ і г. д. Прасл. *vorta ’вароты, дзверы’ (мн. л. да назоўніка н. р. *vorto ’тс’, які не захаваўся) — утварэнне суфіксам ‑t‑ да прасл. кораня *ver‑: *vor‑ ’адкрываць, закрываць і да т. п.’ Падобныя ўтварэнні ёсць і ў іншых і.-е. мовах: літ. var̃tai мн. л., лат. vàrti мн. л. ’вароты, дзверы’, прус. warto, ст.-англ. weorð, worð ’агароджа каля будынка’, тахар. B wärto, warto ’сад’, ст.-інд. vr̥tís ’агароджа’ (Фасмер, 1, 354–355; Траўтман, 353; Махэк₂, 699; Шанскі, 1, В, 168; Брукнер, 632–633 і інш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лапаву́хі, лыпаву́хі ’аблавухі’ (Шат., ТСБМ, Яўс.; паўн.-усх., КЭС) ’някемлівы, непаспешлівы’ (ТСБМ), рус. наўг., валаг. лопоу́хий ’кіжлай, цяльпук, цюхцяй’, ’разява’, ’ёлуп’, а ў літаратурнай мове і ’аблавухі’. Бел.-рус. ізалекса старажытнай пары. Балтызм, параўн. літ. lapaaũsis ’лапавухі’, ’разява’. Ёсць і інш. балт.-усх.-слав. ізалекса: літ. aplėpaũsis, nulėpaũsis, лат. ļutausis, lutàusis — бел. віславухі, рус. вислоухий ’аблавухі; павольны, някемлівы, няўклюдны’. Першая частка звязана са значэннем ’вісець, абвісаць’. Такі ж сэнс і ў літ. luzgaũsis (дзе luzgė — ’галіна павіслай бярозы’). У ідэнтычных (паводле семантыкі) лексемах польскай, украінскай і паўднёва-славянскай моў першая частка звязана з klepati: польск. klapouchy, укр. клапоухий, капло(в)ухий, славен. klapoúch, серб.-харв. кле̏мпав, балг. клепоу́х ’аблавухі’, макед. клапушест ’нязграбны, няспрытны’. Сюды ж лыпаву́шка, лыпаву́шына ’аблавушка’ (Яўс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галайстра́ ’галота’ (БРС). Бліжэйшыя адпаведнасці ва ўкр. мове. Параўн. укр. гала́йстра ’натоўп, гурт народу, дзяцей’, хала́йстра, хала́стра ’зброд’ (прыклады са слоўніка Жэляхоўскага), галайстра́ ’натоўп дзяцей’ (паўночнанадднястроўскае). Паколькі ва ўкр. мове гэтыя словы ў заходніх дыялектах, то можна меркаваць, што яны запазычаны з польск. мовы. Параўн. польск. chałastra, hałastra, hałajstra ’тс’. Гэта слова ёсць і ў чэш. мове (halastra, chalastra ’тс’, у ляшскіх гаворках) і ў славац. (hajstra, hajštra, hojštra ’грубая жанчына’). Лічыцца словам няяснага паходжання (Махэк₂, 157; Брукнер, 175, 676; апошні дае вельмі няпэўную этымалогію: магчыма, звязана з chátra, chasa, чэш. словамі для «зброду»). Адносна бел. слова можна толькі меркаваць, што яно, як і ўкр. слова, запазычана з польск. мовы. Падрабязны агляд этымалагічных версій гл. у Слаўскага, 1, 398.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабі́зна 1 ’спадчына ад бабулі’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Укр. баби́зна, польск. babizna ’тс’. Утварэнне ад ба́ба 1 (гл.) суфіксам ‑izna (параўн. otьčizna), які выступаў з абстрактным значэннем, што часта канкрэтызавалася (і тады націск пераходзіў на першы склад суфікса ‑izna). Утварэнне babizna 1, як бачым, ёсць толькі ў некаторых слав. мовах.

Бабі́зна 2 ’вялікі баязлівец’, ’высакарослая жанчына’ (Нас.). Суф. ‑izna ўтвараў абстрактныя і калектыўныя назоўнікі, што часта канкрэтызаваліся, а ў некаторых мовах атрымлівалі і пейаратыўнае значэнне (параўн. і ст.-польск. mężczyzna — калектыўны назоўнік, які пазней стаў азначаць адну асобу; Брукнер, 327). Бел. слову дакладна адпавядаюць: чэш. babizna ’агідная, брыдкая, злосная баба, старая жанчына’, славац. babižna, babizeň ’старая або агідная жанчына, баба’. Аб пейаратыўнай функцыі ‑izna гл. Оберпфальцэр, Rod, 157.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́йкі (прым.) прыгожы, харошы’ (Інстр. лекс., Сцяшк. МГ). Дакладная адпаведнасць ва ўкр. (бойк.) ба́йки (ба́йка) ’нядрэнны’ і польск. bajki ’тс’. Цяжка сказаць, адкуль паходзіць гэта слова. Зыходзячы з геаграфіі (зах.), магчыма, запазычанне з польск. мовы, дзе гэты выраз вельмі пашыраны ў гаворках. Карловіч (1, 38) адносіць польск. bajki да bajka ’дробязь, глупства, лухта’ (параўн. ба́йка 1).

Ба́йкі (прысл.) ’многа’ (Сцяшк. МГ), ’надта многа, вельмі’ (Інстр. лекс.), нішто сабе’ (Бесар.). Гэтаму прыслоўю, бясспрэчна, звязанаму з ба́йкі (прым.), ёсць дакладная адпаведнасць ва ўкр. (бойк.) ба́йки, ба́йка (прысл.) ’нядрэнна, нічога сабе, не бяда’ і ў польск. мове (bajki). Зыходзячы з геаграфіі слова ва ўсх.-слав. мовах (толькі зах. гаворкі) і з пашырэння яго ў польск. мове, можна думаць пра запазычанне (з польск.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бо́нда 1 ’бочка’ (Касп., Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Наўрад ці ёсць нейкая сувязь з бо́нда 2 (гл.). Хутчэй таго ж паходжання, што і бо́ндар, бо́дня (гл.), бо́нда, мабыць, з бо́дня. Гл. Краўчук, БЛ, 1975 (7), 65.

Бо́нда 2 ’бохан хлеба; круг каўбасы; булка, печаны хлеб; скаціна; скавароднік, перапечак; пасаг; закваска ў дзяжы і г. д.’ (шмат значэнняў, гл. Нас., Чач., Бяльк., Гарэц., Др.-Падб., Інстр. II, Сцяшк., Сцяшк. МГ, Сцяц., Некр.). Падрабязна гл. Крывіч, 1923, 3, 51–52. Укр. бо́нда, польск. bonda. Запазычанне з літ. bandà (таксама шмат значэнняў). Гл. Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 50–51. Падрабязна Непакупны, Мовознавство, 1969, (3); Сцяц., Нар., 22. У ст.-бел. мове бонда засведчана з XV ст. (Булыка, Запазыч.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абысці́ся сов., в разн. знач. обойти́сь; (отнестись каким-л. образом — ещё) поступи́ть; (удачно окончиться — ещё) сойти́;

а. без памо́чніка — обойти́сь без помо́щника;

ён дрэ́нна абышо́ўся з жанчы́най — он пло́хо обошёлся (поступи́л) с же́нщиной;

будаўні́цтва до́рага абышло́ся — строи́тельство до́рого обошло́сь;

я абыду́ся і тым, што ёсць — я обойду́сь и тем, что есть;

усё абышло́ся до́бра — всё сошло́ благополу́чно;

◊ абы́дзецца так — обойдётся; сойдёт;

а. жа́ртамі — отде́латься шу́тками

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

АЎТАМА́Т (ваен.),

ручная аўтаматычная агнястрэльная зброя для стральбы чэргамі або адзіночнымі стрэламі. Мае здымны (аддымны) магазін ёмістасцю 20 патронаў і больш, высокую скарастрэльнасць, невял. габарыты і масу, аснашчаецца штыком-нажом для вядзення рукапашнага бою і рэзання дроту.

Першы аўтамат створаны ў Расіі У.​Р.​Фёдаравым і выкарыстаны ў 1916. У Вял. Айч. вайну аўтаматам звычайна называліся пісталеты-кулямёты (напр., ППШ, ППС і інш.). У арміях краін СНД пераважаюць аўтаматы канструкцыі М.​Ц.​Калашнікава (АК, АКМ, АК74), якія маюць калібр 5,45—7,62 мм, масу 3,3—4,3 кг, тэмп стральбы 600 выстралаў за мін, баявую скарастрэльнасць кароткімі чэргамі да 100, адзіночнымі стрэламі да 40 выстралаў за мін, далёкасць агню 400 м, прыцэльную далёкасць да 1000 м. Для знішчэння групавых цэляў аўтамат аснашчаецца падствольным гранатамётам, які дае магчымасць весці стральбу асколачнымі гранатамі калібру 30—40 мм на адлегласці да 300—400 м. Такую стралк. зброю маюць на ўзбраенні Узбр. Сілы Рэспублікі Беларусь.

Аўтамат ёсць на ўзбраенні армій многіх краін свету пад назвай універсальная або штурмавая вінтоўка, аблегчаная аўтам. вінтоўка з пакарочаным ствалом, напрыклад у ЗША аўтам. вінтоўка, у Англіі і ФРГ — пісталет-кулямёт і інш.

Аўтамат канструкцыі М.​Ц.​Калашнікава: 1 — з драўляным прыкладам (АКМ); 2 — 3 прыкладам, які складваецца (АКМС).

т. 2, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́Т (лац. Nitrogenium),

N, хім. элемент V групы перыяд, сістэмы, ат. н. 7, ат. м. 14,0067. Прыродны азот складаецца з ізатопаў ​14N (99,635%) і ​15N (0,365%); ёсць у свабодным стане (N2) у атмасферы (75,6%), у звязаным у літасферы (1,9∙10​−3 % па масе), у жывых арганізмах жывёл і чалавека (складае 16—17% іх бялку) і раслінах. Азот чацвёрты па распаўсюджанасці элемент Сонечнай сістэмы (пасля вадароду, гелію, кіслароду). Адкрыты ў 1772 Д.Рэзерфардам. Газ без колеру і паху, tкіп -195,80 °C, шчыльн. вадкага азоту 0,808 103 кг/м³. Малекула двухатамная, пры звычайных умовах хімічна інертная, пры т-ры 400—500 °C узаемадзейнічае са шчолачнымі і шчолачна-зямельнымі металамі, у прысутнасці каталізатараў — з кіслародам (гл. Азоту аксіды), пры павышаным ціску — з вадародам (гл. Аміяк, Гідразін і інш.). Пры эл. разрадах, раскладанні нітрыдаў некаторых металаў утвараецца актыўны азот (сумесь малекул і атамаў), які энергічна ўзаемадзейнічае з кіслародам, вадародам, парай серы і фосфару, некат. металамі. Атрымліваюць пры рэктыфікацыі паветра (гл. Газаў раздзяленне). Выкарыстоўваецца для сінтэзу аміяку, як інертнае асяроддзе пры хім. і металург. працэсах, пры перапампоўванні гаручых вадкасцяў, у розных халадзільных і вакуумных устаноўках, зварцы металаў. Азот — біягенны элемент, уваходзіць у састаў бялкоў і нуклеінавых кіслот, а таксама многіх арган. злучэнняў (аміны, амінакіслоты, нітразлучэнні і інш.).

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАПТЫ́ЎНАЯ РАДЫЯ́ЦЫЯ,

тып эвалюцыі, пры якім ад адной продкавай формы ўтвараецца мноства разнастайных формаў арганізмаў у межах віду або групы роднасных відаў. Ляжыць у аснове адаптацыягенезу і з’яўляецца вынікам набыцця арганізмам прыстасаванасці (гл. Адаптацыя ў біялогіі) і пранікнення ў новыя адаптыўныя зоны. Праяўляецца ў разнастайнасці падпарадкаваных таксанамічных груп у межах кожнага буйнога таксона (напр., розныя віды грызуноў — вавёркі, суслікі, бабры, сям. драпежных млекакормячых і інш.). Канцэпцыя адаптыўнай радыяцыі сфармулявана амер. вучоным Г.​Осбарнам у сувязі з эвалюцыяй млекакормячых (1910).

Осбарн адрозніваў 5 гал. ліній спецыялізацыі ў будове канечнасцяў млекакормячых, залежных ад умоў месцазнаходжання і спосабаў перамяшчэння: хуткі бег у наземных відаў; рыючы лад жыцця ў відаў, якія жывуць пад зямлёй; плаванне ў відаў, што жывуць у вадзе; лажанне ў дрэвавых відаў; планіраванне і палёт у відаў, жыццё якіх праходзіць у паветры. Асн. крыніца адаптыўнай радыяцыі — унутрывідавыя працэсы (генетычная разнастайнасць відавых папуляцый, дыферэнцыроўка віду на геагр. і экалагічныя расы і інш.). Наяўнасць у продкавага арганізма якой-небудзь структуры або фізіял. функцыі, што ў вельмі мадыфікаванай форме ёсць у больш высокаразвітых роднасных арганізмаў, сведчыць пра іх агульнае паходжанне і складае аснову эвалюц. тэорыі (гл. Філагенез).

А.​С.​Леанцюк.

Адаптыўная радыяцыя плацэнтарных млекакормячых, якія маюць агульнага продка (у цэнтры).

т. 1, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)