*Суня́тла, суня́тло ’трайня ў возе’ (Маслен.), сыня́тло ’частка воза, развілка’ (Маслен., Тарн.), ’адтуліна, куды ўваходзіць дышаль’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), свыня́тло, свіня́тло ’доўгая жэрдка, у канцы раздвоеная, якая злучае задок і перадок воза’ (Маслен.; брэсц., ЛА, 2; Бел.-укр. ізал.), ’раздвоеная жэрдка, што мацуецца да разворы’ (Маслен.). Укр. дыял. суня́тло, свиня́тло, синя́тло, сня́тло ’частка воза, развілка, трайня, развора’ (Нікан., Трансп.). Беларуска-ўкраінскі рэгіяналізм няяснага паходжання. Дзендзялеўскі (Sslav., 22, 295) мяркуе, што тэрмін утвораны ад асновы дзеепрыметніка залежнага стану *су‑йнят‑ьл‑о ’тое, што аб’ядноўвае, злучае (задок і перадок воза)’, гл. няць. У такім выпадку варыянт свіня́тло (свыня́тло) — вынік народнаэтымалагічнага збліжэння са свіння, гл. Аднак рэдкая фіналь ‑тло (адносна фарманта ‑tlo, параўн. Трубачоў, Этимология–1963, 38) і варыянтнасць асновы слова сведчаць, хутчэй за ўсё, на карысць запазычання, параўн. серб. дыял. са̀јтне, са̀јнтали, санита́ли, са̀нтал ’планка ў драбінах воза’, іншая назва ауфсајтне ’тс’ (германізм?), гл. Војвођанска коларска терминологија. Нови Сад, 1984, 195.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сур ’смецце’ (Нас., Гарэц., Бяльк.; бялын., Янк. 3.), ’смецце ў ягадах’ (бых., ЛА, 3), ’насечаныя дробныя кавалачкі дрэва’ (ветк., ЛА, 5), су́рʼе зборн. ’смецце’ (Юрч. Вытв.), сур зборн. ’тс’ (бялын., Янк. Мат.; заўвага ўкладальніка: “ужываецца і смецце, але сур мае больш шырокае значэнне”), суры́нка ’парушынка’ (Бяльк.), су́рный (пра хату) ’засмечаны’ (Нас.), сурану́цца ’ўпасці чаму-небудзь дробнаму’ (Бяльк.), суры́ць (сури́ць) ’рабіць смецце’ (Нас., Гарэц.), ’смеціць, растрасаць рэдка гной’ (Юрч. Вытв.). Няясна; арэальна звязана з рус. сор ’смецце’ (звязваецца са сраць, Фасмер, 3, 720) з няяснай фанетыкай: ‑у‑ першапачаткова ў ненаціскной пазіцыі пры дысіміляцыйным аканні ўсходнемагілёўскіх гаворак; бел. сур было запазычана як польск. дыял. sur ’тс’ (Варш. сл., 6, 516); укр. палес. сур ’смецце’ — з беларускай (ЕСУМ, 5, 478). Параўн., аднак, польск. дыял. sor, sur, szur ’мул, нанос’, што можа быць звязана з szurać ’шараваць, церці з шумам’, параўн. шураць, шургаць, гл. Сумненні адносна паходжання ў Цвяткова, Запіскі, 2, 1, 56. Гл. таксама сурыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сярэ́дзіна1 ’цэнтр, сярэдняя частка, асяродак; унутранасць’ (ТСБМ, Касп., Шымк. Собр., Бяльк., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Янк. 2, Варл.), серэ́дзіна ’тс’ (ТС), ст.-бел. середина ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. сере́ди́на, рус. середи́на, в.-луж. srjedźina, славен. sredína, серб.-харв. срѐдина, балг. среди́на, макед. средина ’сярэдзіна’; дэрываты (магчыма, незалежныя) ад прасл. *serda/*serdь ’сярэдзіна’, параўн. сярод, гл. (Чарных, 2, 156–157; ЕСУМ, 5, 218). Параўн. серада.

Сярэ́дзіна2 ’паясніца’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Сцяшк., Жд. 1, Ян.), ’задняя частка тулава вышэй клубоў’ (Варл.), ’спіна, крыж’ (Касп., Сержп. Прымхі), ’спіна’ (Янк. 2, Юрч. Вытв., Бяльк.), ’крыж у жывёлы’ (Нас.), параўн. рус. смал. сере́дина ’паясніца’. Паводле Чэкмана (Baltistica, 8, 2, 151), калькуе літ. pusiáujas ’паясніца, сярэдзіна (паводле акружнасці)’, параўн. семантычную паралель балг. полови́на ’палавіна; паясніца, крыж’, макед. полови́на ’палавіна; талія’, што, аднак, не выключае самастойнага развіцця ’сярэдзіна; нутро’ (гл. сярэдзіна1, параўн. серэ́дніца ’сярэдняя частка чаго-небудзь’, ТС) > паясніца. Гл. таксама Анікін, Опыт, 30; Страхаў, Palaeoslavica, 16, 2, 296–297.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́йка ’сяброўка, таварышка’ (Бяльк., ПСл, Мат. Гом.), ’сяброўка (у звароце)’ (брагін., З нар. сл.; Нар. словатв.), ’сяброўка, якой давяраюць патаемныя думкі’ (Нар. Гом.), ’сардэчная сяброўка’ (слуц., маг., Стан.), ’зварот да жанчыны, пераважна да дзяўчыны’ (Ян., Растарг.), ’даверлівы зварот да дзяўчыны, жанчыны аднаго ўзросту’ (ТС), памяншальныя та́енька, та́ечка ’тс’ (Кос., ТС), та́ічка ’сяброўка’ (Мат. Маг.), ’таварышка, кума’ (Бяльк.), та́ечка ’даражэнькая, мілая, сяброўка, дзяўчынка’ (Растарг.), ’сяброўка, прыяцелька, паверніца тайн’ (Ласт.), сюды ж тэ́йка ’сяброўка, таварышка’ (калінк., Мат. Гом.). Параўн. укр. палес. та́я ’абазнаная ў шмат якіх тайнах жанчына; сяброўка-суседка’. Няясна; у народнай свядомасці звязваецца з таіць, тайна (гл.), параўн. не мажэ таіцца да й кажэ (Сержп.), та́йнік, тайка ’той, перад кім няма сакрэту, нічога тайнага’ (Ласт.). Аднак, відаць, не можа разглядацца асобна ад серб.-харв. tȃjka, tájko, tȃjko ’татка’, балг. тайко, те́йко ’татулька’, н.-луж. tejka ’бабуля’ і асабліва балг. дыял. а́йкъ ’сяброўка з маладых гадоў’: с нейъ бе́хме а́йки (БД, 5, 107), што належаць да т. зв. дзіцячых слоў гукапераймальнага паходжання, параўн. Шустар-Шэўц, 1502.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трайня́1, трайня́ты ’тройня, дзеці, якія нарадзіліся ад адной маці ўтраіх адначасова’ (ТСБМ, Растарг.; астрав., Сл. ПЗБ), троеня́та, тройня́та ’тс’ (ТС). Укр. трійня́, трійня́та, рус. тро́йня. Усходнеславянскае ўтварэнне ад асновы трой‑ (зборнага назоўніка *troje) і суф. ‑ня (< прасл. *‑ьnʼa), параўн. аналагічныя па ўтварэнню дво́йня, двайня́ты ’блізняты’ (ТСБМ), двайня́ты ’тс’ (Янк. 2), з іншай суфіксацыяй трайнюкі́ ’тройня’.

Трайня́2, трыйня́, тройня́ ’аснова воза, падоўжаны брус у калёсах, які злучае пярэднюю вось з задняй’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Варл., Янк. 2, Бір. Дзярж., Маш., ТС, Сержп. Земл., Дэмб. 2, Пятк. 2, Арх. Вяр., Сл. ПЗБ, ЛА, 2), тро́йня ’тс’ (ТС, Сл. Брэс.). Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 5, 113), гэта балтызм, параўн. літ. trainỹs, treĩnė ’тс’ (дадамо яшчэ лат. treiliņš, treilis ’тс’), аднак Смачынскі (684) адносіць літоўскія лексемы treinijà, trajnijà, treinỹs альбо trajnỹs, treinė і trainė, а таксама лат. treĩnis ’тс’ да слоў, запазычаных з бел. трайня́ ’тс’ (ці з рус. тройня́). Сюды ж: трайняш ’тс’ (Мат. Гом.). Параўн. таксама трайніла, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трайні́к ’прадмет, які складаецца з трох частак’ (ТСБМ), ’вілы з трыма зубамі’ (Абабур.), ’рыбалоўны кручок з трох кручкоў’ (Мат. Гом.), ’вялікі кручок на тры зубы ў выглядзе якара’ (мёрск., Жыв. НС), ’трохпудовая гіра’ (Касп., Мат. Гом.), ’рыбалоўная крыга з двумя гегнямі (у выглядзе палазоў)’ (паст., шарк., ЛА, 1; брасл., ігн., лудз., паст., Сл. ПЗБ; ЖНС), ’камізэлька’ (Мат. Гом.), ’бёрда на 13 пасмаў’ (ТС). Утворана з трайны́ (< прасл. *trojьnъ‑jь < *troje) ’які складаецца з трох аднародных ці падобных частак’, ’які паўтараецца тры разы, у трох відах або павялічаны ў тры разы’ (ТСБМ), параўн. тройны́е вілкі́ ’трохзубыя вілы’ (ТС). Сюды ж: трайча́к ’рыбалоўная крыга’ (круп., шчуч., ЛА, 1), трайня́к ’моцны пітны мёд’ (Нас., Байк. і Некр.), якое, аднак, можа быць паланізмам, параўн. польск. trójniak ’сорт напітку з мёду’. Меркаванні Лаўмане (Лекс. балтызмы, 18) пра калькаванне лексемай трайні́к ’рыбалоўная прылада, крыга’ літ. tribradis, лат. trīnis, trijbridis ’тс’ не пераконвае, хутчэй гэта міжмоўнае арэальнае ўтварэнне з нявызначаным цэнтрам інавацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра́п’е — недакладна вызначанае значэнне ’рыззё, лахманы’, параўн. ілюстрацыю: рыба залезе ў гэты закобэнь [закутак], у гэтэ трапʼе (ТС). Параўн. каш. třap ’гразь на дарогах; снег з дажджом’, якое Борысь (SEK, 5, 176) звязвае з *trepati (гл. трапаць1). Аднак кантэкст і іншыя запісы (КСТ) дапускаюць сувязь і з адпаведнымі паўднёваславянскімі словамі, параўн. балг. дыял. трапйе ’роў, упадзіна’ (Сб. на Бълг. книж. дружество, 1. София, 1901, 16), тапонім Трапьето (Младенов, Принос. към. изучване на бълг. говори в Източна и Западна Тракия. София, 1936, 173), макед. дыял. трапје ’карытападобныя формы на зямлі’ (МЈ, 8, 1, 83), што да балг., макед. трап ’яма, роў’, серб.-харв. тра̏п ’яма для захоўвання гародніны зімой’, славен. trap ’яма’, якія Куркіна (Диал. структура, 31) лічыць паўднёваславянскімі дыялектызмамі і ўзводзіць да прасл. *trapъ/*torpъ (з пытальнікам). У якасці іншаславянскіх адпаведнікаў прыводзяць літ. tar̃pas ’прамежак, шчыліна’ (гл. торп, тарпа), раманскае trabs ’калода’ (Бязлай, Eseji, 83). Гл. таксама трап1 і наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прышаво́ры ’забабоны’; ’зачараваныя рэчы’, прышаворыха ’асоба, здатная на забабоны’ (пух., Жыв. сл.). Рус. наўг. прыше‑ выривать ’прышэптваць’, валаг., уран. пришевертывать ’прышэптваць, гаварыць неразборліва’. З пры‑ша‑ворыу дзе ша⇉экспрэсіўная прыстаўка. Несумненна, роднаснае каверня ’аб чым-небудзь неразумным’, каверыць ’перакручваць словы’ (гл.), якія Лабко (там жа) узводзіць да кораня ‑вер‑ са значэннем ’плесці’ і параўноўвае з вярэня ’плеценая торбачка’, рус. шеве‑ ренька ’кашолка’. Семантычны пераход ’плесці’ → ’гаварыць абы-што, што-небудзь незразумелае, пляткарыць’ шырока вядомы, параўн. вярзці, плёткі (гл.), рус. сплетни і г. д. З другога боку, вядома, што значэнне ’варажыць’ часта ўзнікае на базе значэння ’невыразна гаварыць, мармытаць’, параўн. забабоны, шаптаць ’загаворваць’. Магчыма, да гэтай групы адносяцца яшчэ і рус. шаверь ’дробязь, дрэнь’, шаверень ’тс’; інакш аб апошніх словах Фасмер, 4, 393. Параўн., аднак, прышавіцца ’здацца, прывярзціся’ (Ласт.), што, хутчэй за ўсё, ад шаваць ’варушыцца’ (гл.), або да шаў (шав) (выклічнік, што перадае гаворку шапялявага) (Нас.) з экспрэсіўным нарашчэннем ‑pp‑, параўн. шапор‑ тацца ’варушыцца’, выклічнік шапор‑шапо́р ’тс’ (Нас.), гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Псава́ць ’рабіць непрыгодным, непрыдатным; глуміць’, псава́ць кроў ’злаваць, раздражняць’ (ТСБМ, Мал., Нік. Очерки, Бес., Булг., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Касп., Шат., Сл. ПЗБ), псова́ць, псува́ць ’псаваць’ (Мядзв., Нас., Байк. і Некр., Бяльк., ТС), псуць ’псаваць’ (Нас., ТСБМ). Укр. псува́ти ’тс’, рус. дыял. псова́ть, псувать, псить ’тс’, польск. psować (XVI–XVII стст.), psuć ’тс’, ст.-чэш. psouti ’лаяць, сварыцца’, славен. psováti ’тс’, серб.-харв. псо̀вати ’тс’, балг. псу́вам ’гаварыць непрыстойныя і крыўдныя словы’, макед. пцуе ’лаяць, ганьбіць, сварыцца’. Прасл. *pьsovati, адназоўнікавае ўтварэнне ад *pьsъ (гл. пёс), параўн. БЕР, 5, 842. Аднак праславянскасць сумнеўная, звычайна разглядаюцца як самастойна ўзнікшыя словы ў асобных славянскіх мовах па тыпалагічнай мадэлі ’сабака’ → ’лаяць, абражаць; глуміць, псаваць’, параўн. літ. šunióti ’лаяць, абражаць’ ад šũo ’сабака’, ням. hunzen ’ганьбіць, параўноўваючы з сабакам; глуміць, псаваць’ пры Hund ’сабака’ (Сной₂, 591; ЕСУМ, 4, 359, 623). Банькоўскі (2, 958) псаваць, укр. псувати і славац. дыял. psuť выводзіць з польскай мовы, што можна прыняць, відаць, толькі для значэння ’глуміць, псаваць’. Гл. таксама Запрудскі, дыс., 82.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пуля́ць1 ’шпурляць, кідаць, страляць’ (ТСБМ; карэл.; Жыв. НС; Сцяц.), пуля́цца ’тс’ (Касп.), рус. пуля́ть ’кідаць; сварыцца’, пуляться ’тс’. Няясна, магчыма, да пу́ля ’куля’, параўн. Фасмер, 3, 405; аднак гл. Шустар-Шэўц, 2, 1190, які ўслед за Супруном (адносна рус. пульну́ть ’кінуць’ гл. Веснік БДУ, 1974, 2, 20–25) уключае названыя словы разам з в.-луж., н.-луж. pulać ’праганяць, адпіхваць’, польск. pulać ’цяжка несці’, славен. púliti ’шчыпаць; біць’ і пад. у агульнае гняздо слоў, што ўзыходзяць да прасл. *puliti, у аснове якога і.-е. pou‑ ’выстаўляцца, выпучвацца’; гл. таксама Сной, 514, які збліжае славен. puliti з літ. piáuti ’рэзаць, жаць, калоць’, лац. pavīre ’таўчы, таптаць’ і інш., што ўзыходзяць да і.-е. peu̯‑ ’таўчы’. Параўн. пуліць (гл.).

Пуля́ць2 аргат. ’купляць’ (Рам.). Узводзяць да грэч. πουλω ’прадаваць’ (гл. Лукашанец, Сацыялекты, 73), параўн. польск. аргат. pulać ’тс’. Змена семантыкі пад уплывам прыстаўкі пра- (про-), параўн. укр. пропу́льовати = про‑давати (Горбач, Арго, 27).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)