РАКЕ́ТА-НО́СЬБІТ, касмічная ракета,

шматступеньчатая (2—4 ступені) ракета для вывядзення ў космас касмічных апаратаў. Надае карыснаму грузу скорасць, большую ці роўную 1-й або 2-й касмічнай скорасці. Працягласць палёту Р.-н. на актыўным участку траекторыі каля 17 мін; стартавая маса 10—3000 т (да 90% масы складае паліва). Асн. тып ракетнага рухавіка — вадкасны ракетны рухавік, выкарыстоўваецца таксама цвердапаліўны.

Паводле стартавай масы, энергет. характарыстык і масы карыснага грузу, які выводзіцца на нізкія каляземныя арбіты (200—300 км), адрозніваюць Р.-н.: лёгкія (карысны груз да 5 т; «Косма», «Зеніт», «Днепр», «Скаўт», «Пегас», «Аджэна», «Дэльта»), сярэднія (5—20 т; «Саюз», «Маланка», «Тытан»), цяжкія (20—100 т; «Пратон», «Тытан-4», «Арыян-5»), звышцяжкія (больш за 100 т, «Сатурн», касм. сістэмы «Спейс шатл», «Энергія»). Макс. маса выведзенага на арбіту грузу 147,5 т («Сатурн-5»; 1972). Колькасць ступеней Р.-н. абумоўлена гал. чынам яе прызначэннем. На старце працуе самы магутны рухавік 1-й ступені, які надае сістэме пэўную скорасць. Пасля таго, як запас паліва 1-й ступені зрасходаваны, яна аддзяляецца, і пачынае працаваць рухавік 2-й ступені; сістэма атрымлівае дадатковую скорасць. Асаблівасць апошніх ступеней некаторых Р.-н. — магчымасць шматразовага ўключэння іх рухавікоў, што дазваляе рабіць манеўры для змены вышыні, нахілення арбіты і інш. Старты Р.-н. здзяйсняюцца з касмадромаў. У выпадку далёкіх палётаў Р.-н. звычайна выводзіцца на арбіту ШСЗ з наступным стартам з гэтай арбіты.

Літ.:

Казневский В.П. Космические ракеты. М., 1961;

Морозов К.В. Ракеты-носители космических аппаратов. М., 1975.

У.​С.​Ларыёнаў.

Трохступеньчатая ракета-носьбіт: 1, 5, 8 — вадкасныя ракетныя рухавікі 1, 2 і 3-й ступеней; 2 — стабілізатар; 3, 6, 9 — бакі паліва 1, 2, 3-й ступеней; 4, 7, 10 — бакі акісляльніку 1, 2 і 3-й ступеней; 11 — прыборны адсек з апаратурай сістэмы кіравання; 12 — карысны груз; 13 — галаўны абцякальнік; 14 — механізм аддзялення касмічнага аб’екта, 15 стык паміж 2 і 3-й ступенямі; 16 — стык паміж 1 і 2-й ступенямі.

т. 13, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

замо́к, ‑мка, м.

1. Прыстасаванне для запірання на ключ чаго‑н. (дзвярэй, чамаданаў і пад.). Дзвярны замок. Вісячы замок. Унутраны замок. // Засцежка на бранзалеце, ланцужку і пад. // Разм. Від засцежкі ў адзенні. Замок-маланка.

2. Спец. Дэталь у некаторых відах агнястрэльнай зброі, пры дапамозе якой робіцца выстрал. Замок гарматы. □ [Дубінін] з кулямётам пачаў адпаўзаць .., а калі выбіўся з сілы, кулямёт укінуў у варонку ад бомбы, а замок узяў з сабою. Гурскі.

3. Спосаб злучэння частак драўляных канструкцый. Рубіць вугал у замок.

4. У архітэктуры — цэнтральны камень аркі, скляпення.

•••

За сямю (дзесяццю) замкамі — старанна схаваны, надзейна ахоўваецца.

Пад замком (на замку) — замкнуты. Сельмаг цэлы дзень на замку, бо прадаўшчыца таксама пайшла за жняяркай. Брыль.

Сядзець пад замком гл. сядзець.

Трымаць пад замком гл. трымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пастара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Праявіць стараннасцю рупнасць у якой‑н. справе, рабоце. — Калі добра сягоння пастараемся, можа, як-небудзь заўтра да вечара ўправімся [дажаць], — думала Алена. Мележ. — А мы сёння пастараліся ўранку і вунь які клін на расцяробах дабілі: ведаеш, там, дзе летась Аўдзея секанула маланка. М. Стральцоў.

2. з інф. Зрабіць спробу дасягнуць, дабіцца чаго‑н.; прыкласці намаганні да чаго‑н. [Русаковіч:] Ён пастараецца даказаць, што я не праў. Крапіва. Сабіна разумела: гэтыя хлопцы — частка Вацлава. Вацлаў — частка Алеся. І таму яна пастаралася пасябраваць з імі і дабіцца іхняй прыхільнасці. Караткевіч. [Кастусь:] — Калі толькі Язэп не расказаў каму пра нас, мы пастараемся яго вярнуць. Якімовіч.

3. Дастаць, набыць з цяжкасцю, раздабыць; расстарацца. [Паўлік:] — Я, кажа ён [Нахлябіч], мог бы пастарацца твайму бацьку дрэва на гумно і на ўсе будынкі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

zamek, ~ku

I zam|ek

м. замак;

mieszkać na ~ku — жыць у замку;

budować ~ki na lodzie — будаваць замкі на пяску

II

1. м. замок;

zamek wiszący — вісячы замок;

otworzyć zamek — адамкнуць замок;

2. затвор (стрэльбы);

zamek błyskawiczny — замок “маланка”

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАРУ́СКАЯ СЯЛЯ́НСКА-РАБО́ТНІЦКАЯ ГРАМАДА́ (БСРГ),

масавая легальная рэв.-дэмакр. нац.-вызв. арг-цыя працоўных Зах. Беларусі ў 1925—27. Арганізавана ва ўмовах сац. і нац. прыгнёту з мэтай вызвалення Зах. Беларусі з-пад улады Польшчы. Дзейнасць БСРГ узначальваў ЦК. Старшыня ЦК Б.А.Тарашкевіч, нам. старшыні С.​А.​Рак-Міхайлоўскі, чл. П.П.Валошын і П.В.Мятла; кіраўнік Цэнтр. сакратарыята БСРГ М.Т.Бурсевіч, нам. сакратара В.​Макоўскі, паліт. рэдактар газет Я.С.Бабровіч. Праграма БСРГ (прынята 12.5.1926) змяшчала асн. дэмакр. і асобныя сацыяліст. патрабаванні: самавызначэнне Зах. Беларусі і аб’яднанне ўсіх бел. зямель у рэспубліку сялян і рабочых (уз’яднанне з БССР); стварэнне сял.-рабочага ўрада; устанаўленне дэмакр. свабод; канфіскацыя памешчыцкіх і царк. зямель, пераход іх ва ўласнасць дзяржавы і падзел без выкупу паміж малазямельнымі сялянамі і парабкамі; скасаванне асадніцтва; устанаўленне 8-гадзіннага рабочага дня; увядзенне рабочага кантролю ў вытворчасці, развіццё спажывецкай, вытв. і крэдытнай кааперацыі; нац. роўнасць і навучанне на роднай мове; свабода сумлення і інш. Гал. сродкам сац. і нац. вызвалення працоўных БСРГ лічыла адкрытую барацьбу нар. мас з эксплуататарамі на аснове саюзу рабочага класа і прац. сялянства. БСРГ супрацоўнічала з рэв.-дэмакр. партыяй польскіх сялян (гл. Незалежная сялянская партыя), укр. рэв.-дэмакр. арг-цыяй «Сельроб». 24.6.1925 дэпутаты польск. сейма Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Валошын і Мятла выйшлі з бел. нац. фракцыі сейма (гл. Беларускі пасольскі клуб) і стварылі пасольскі клуб БСРГ. Карыстаючыся дэпутацкай недатыкальнасцю, яны разгарнулі актыўную дзейнасць па стварэнні масавай арг-цыі працоўных для барацьбы супраць сац. і нац. прыгнёту. У студз. 1927 больш за 2 тыс. гурткоў БСРГ аб’ядноўвалі каля 120 тыс. членаў. Дзейнічала 18 павятовых к-таў БСРГ. ЦК БСРГ выдаваў газ. «Жыццё беларуса», «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Народная справа», «Наша справа», «Наш голас», «Наша воля», «Народны звон», сатыр. час. «Маланка». Пад уплывам грамады актывізавалі работу прагрэсіўная культ.-асв. арганізацыя Таварыства беларускай школы, бел. выдавецкае, навук. і дабрачыннае т-вы, Беларускі студэнцкі саюз. У выніку дзейнасці КПЗБ і грамады ў 1926 у Зах. Беларусі пачаўся ўздым масавага рэв. і нац.-вызв. руху, у якім у канцы 1926 — пач. 1927 наспявалі элементы рэв. сітуацыі. 21.3.1927 БСРГ афіцыйна забаронена польскімі ўладамі. Больш за 400 яе кіраўнікоў і актывістаў аддадзены пад суд.

Літ.:

Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада. Мн., 1928;

Палуян У.А. Беларуская сялянска-рабочая грамада Мн., 1967.

У.​А.​Палуян.

Паштоўка з партрэтамі арыштаваных у студзені 1927 уладамі Польшчы лідэраў Беларускай сялянска-работніцкай грамады П.​Мятлы, П.​Валошына, Б.​Тарашкевіча, С.​Рак-Міхайлоўскага і дзеяча Незалежнай сялянскай партыі Ф.​Галавача. 1927.

т. 2, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

паласну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм.

1. каго-што і без дап. Моцна ўдарыць, пакінуўшы след, рану (звычайна чым‑н. рэжучым). Нешта вострае і балючае паласнула яго па спіне, і Андрэй, скалануўшыся ўсім целам, абсунуўся на снег. Сіняўскі. [Сухарэўскі:] — Асцярожней, Станіслаў Цітавіч, там у мяне да касці спіна рассечана. Свінцовай нагайкай [вораг] паласнуў. Асіпенка. // перан. Нанесці душэўную рану. Напамінак пра Шарупічаў паласнуў Веру Антонаўну па сэрцы. Карпаў. // перан. Раптоўна прагучаўшы, напоўніць паветра якімі‑н. гукамі. Начную цішыню паласнуў жудасны крык. Шамякін.

2. перан.; без дап. Бліснуць паласой агню, святла. Зноў, ужо бліжэй, загрымела, па небе паласнула яркая маланка. Даніленка. Раптам ззаду па вадзе паласнуў пражэктар. Скрыпка.

3. перан.; каго-што і чым. Даць аўтаматную, кулямётную чаргу; пранізаць паласой агню. Партызаны напалі знянацку. Аўтаматчыкі паласнулі доўгімі чэргамі ўздоўж вуліцы. Новікаў. Хутка над балотам пранесліся.. самалёты-штурмавікі. Яны паласнулі па лесе ліўнем агню і свінца. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАРЫКАТУ́РА (італьян. caricatura ад caricare нагружаць, перабольшваць),

спосаб маст. тыпізацыі, выкарыстанне сродкаў шаржу і гратэску для крытычна накіраванага, тэндэнцыйнага перабольшвання і падкрэслівання негатыўных бакоў жыццёвых з’яў або асоб з мэтай іх выкрыцця і высмейвання; спецыфічная галіна праяўлення камічнага ў выяўл. мастацтве праз сатыр. ці гумарыстычную выяву. У шырокім сэнсе К. — усякі вобраз, дзе свядома ствараецца камічны эфект, спалучаюцца рэальнае і фантастычнае, перабольшваюцца і завастраюцца характэрныя рысы фігуры, твару, адзення, паводзін людзей, змяняюцца іх суадносіны з навакольным асяроддзем, выкарыстоўваюцца незвычайныя супастаўленні і інш. У вузкім сэнсе К. — асобны жанр выяўл. мастацтва (пераважна графікі), форма сатыры. Росквіт К. звычайна звязаны з перыядамі буйных грамадскіх канфліктаў паліт. нестабільнасці, войнамі і інш.

Элементы К. вядомы ў мастацтве Стараж. Егіпта, ант. свету, сярэдневякоўя і эпохі Адраджэння. Зараджэнне К. як жанру звязана з Сялянскай вайной 1524—26 у Германіі, Рэфармацыяй, першымі бурж. рэвалюцыямі 16-18 ст. у Нідэрландах, Англіі, Францыі. Была пашырана і ў форме лубка (Расія, Кітай). Самастойная эстэт. значнасць К. тэарэтычна асэнсавана ў пач. 19 ст. рамантыкамі. Вял. роля ў развіцці сусв. К. належыць У.​Хогарту, Дж.​Гілрэю (Англія), Ж.​Гросу (Германія), Ф.​Гоі (Іспанія), А.​Дам’е, П.​Гаварні (Францыя), Х.​Бідструпу (Данія), І.​Церабянёву, А.​Венецыянаву, П.​Баклеўскаму, Кукрыніксам (Расія).

У бел. мастацтве сатыр. накіраванасць, шаржыраванне вядомы з эпох сярэдневякоўя і Адраджэння (асобныя мініяцюры рукапісаў, шарж на С.​Буднага і інш.). Як асобны жанр выяўл. мастацтва К. вызначылася ў 19 — пач. 20 ст. ў графічных работах А.​Баргэльса, К.​Бахматовіча, Я.​Дамеля, М.​Мікешына. У пач. 20 ст. развіццё К. звязана з рэв. рухам (К.​Каганец, П.​Лепяшынскі і інш.). У час грамадз. вайны К. пашырылася ў «Вокнах РОСТА», якія існавалі ў Мінску, Гомелі, Магілёве, Віцебску і інш. Да яе звярталіся А.​Быхоўскі, П.​Гуткоўскі, Я.​Целішэўскі. Вострай сатыр. накіраванасцю вылучаліся К. зах.бел. час. «Маланка» (мастакі Я.​Горыд, Я.​Драздовіч, В.​Сідаровіч). У Вял. Айч. вайну антыфаш. К. друкаваліся ў сатыр. выданнях «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «Партызанская дубінка» (мастакі В.​Букаты, В.​Козак, Г.​Вальк, М.​Гуціеў, Дз.​Красільнікаў і інш.). Пасля вайны найб. інтэнсіўна К. развіваецца ў час. «Вожык». Сярод мастакоў: М.​Лісоўскі, Я.​Бусел, Р.​Грамыка, М.​Гурло, В.​Ждан, С.​Раманаў, А.​Чуркін і інш.

Літ.:

Ефимов Б.Е. Основы понимания карикатуры. М., 1961;

Шматаў В. Беларуская сатырычная графіка (1945—1970 гг.). Мн., 1971;

Лісоўскі М., Барадулін Р. Няўрокам кажучы... Мн., 1971;

Полевой В.М. Двадцать лет французской графики. М., 1981.

В.​Ф.​Шматаў.

Да арт. Карыкатура. П.​Лепяшынскі. Паліцэйскі ўчастак. 1905.
Да арт. Карыкатура. Кукрыніксы. «Згубіла я пярсцёнак...» (а ў пярсцёнку 22 дывізіі). 1943.

т. 8, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

перакрэ́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

1. Правесці ад краю і да краю чаго‑н. рысу, лінію або дзве перакрыжаваныя рысы, лініі. Над лесам маланка перакрэсліла неба, і данесліся першыя раскаты грому. Гроднеў. [Страла] наўскасяк перакрэсліла неба і схавалася амаль у самым зеніце. Гамолка. // Перасячы што‑н. у розных напрамках (пра маршчыны, шрамы і пад.). Глыбокія зморшчкі перакрэслілі твар, вочы выцвілі. Чарнышэвіч.

2. Закрэсліць поўнасцю, цалкам (пра напісанае, намаляванае і пад.). Перакрэсліць стары план і скласці новы. □ Перакрэсліў Уладзімір.. свой нарыс пра каханне і пад посвіст бомб напісаў рэпартаж аб навуцы нянавісці. «Звязда». // Закрэсліць што‑н. у многіх месцах; скрэсліць. // перан. Перастаць браць што‑н. пад увагу, надаваць чаму‑н. значэнне; адкінуць, звесці на нішто. Не верылася Ізе, што паміж імі ўсё скончана. «Ці ж можна так, адным махам, перакрэсліць былое? Забыцца на ўсё светлае, перажытае разам?» Пальчэўскі. [Салагуб:] — Я веру, Максім, што з табой здарылася прыкрая рэч, што арышт перакрэсліў твае спадзяванні і мары. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

быва́ць несов.

1. в разн. знач. быва́ть; (постоянно находиться в каком-л. обществе — ещё) враща́ться;

мала́нка быва́е і зімо́ю — мо́лния быва́ет и зимо́й;

раз у ты́дзень я быва́ю ў кіно́ — раз в неде́лю я быва́ю в кино́;

2. безл. быва́ет;

ве́чарам быва́е хо́ладна — ве́чером быва́ет хо́лодно;

◊ быва́й!, быва́йце! — проща́й!, проща́йте!, бу́дьте здоро́вы!, до свида́ния!, всего́ хоро́шего!;

чаго́ не быва́е — чего́ не быва́ет;

не б. таму́! — не быва́ть тому́!

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Ска́ла 1 ‘прылада, пры дапамозе якой наматваюць цэўкі’ (докш., Янк. Мат.). Рус. скала́, ска́ло, ска́лка ‘тс’. З *съкало, першапачаткова назоўнік з суф. ‑dlo ад *sъkati (рус. скать); з інш. ступенямі чаргавання гл. сукно, сукаць, сучыць (Праабражэнскі, 2, 293; Фасмер, 3, 631). Параўн. сукала (гл.). Сюды ж, відаць, ска́ла ‘скрутак лубу, дубовай кары’: здымалі кару, скручвалі ў трубу — “скалу” і затаплялі “ў мачышчах” (Лакотка, Борыс, Сцежкамі дзядоў. Мн., 1986, 124). Параўн. аднак скала́ ‘бяроста’ (гл. наст, слова), дзе больш прымальным здаецца паходжанне ад *skal‑ ‘сячы, калоць’.

Ска́ла 2 ‘бяроста’ (Бломкв.). Параўн. рус. скала́, ска́ла ‘тс’, разам з скала́ ‘каменная глыба’ звязваецца з ска́лить ‘трэскацца’, што да *skel‑/*skal‑, роднаснага літ. skélti ‘расколваць’, skalà ‘лучына, трэска’, лат. skals ‘тс’ (Фасмер, 3, 630), насуперак Тапарову (Балтийские яз., 46), які лічыць падмаск. скала́ ‘бяроста’ субстратным балтызмам. Гл. спецыяльна Анікім, Опыт, 278.

Скала́ 1 ‘каменная глыба, гара з крутымі схіламі, вострымі выступамі’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб.; ашм., Стан.), ‘вельмі цвёрдая гліністая глеба’ (Касп.; астрав., Ск. нар. мовы), ‘вапняк’ (Касп., Сл. ПЗБ), ‘камяністая глеба’ (ЛА, 2), ‘буры балотны жалязняк, якім выкладаюць сцены скляпоў, ям у зямлі’, ‘празрысты лёгкі мінерал, т. зв. “чортаў палец”’ (Яшк.), “скалою зовутся и кремень, и кремневые орудия каменного века — «перуновы стрелы»” (Рам. 5, 176), ‘выемка ў прырэчным камені’ (лях., Архіў БЭЛА), ст.-бел. скала ‘каменная гара’ (XVIII ст., Карскі 2–3, 459), укр. скала́ камень’, рус. скала́ ‘каменны ўцёс, каменная глыба’, ст-рус. скала ‘скала’, польск. skała ‘скала; камень’, старое ‘расколіна’, в.-луж., н.-луж. skała ‘скала’, чэш. skála ‘скала; камень’, славац. skala ‘камень’, славен. skála ‘скала’, ‘трэска’, балг. скала́ ‘камень’, макед. скала ‘каменны выступ’. Прасл. *skala. Бліжэйшыя адпаведнікі ў літ. skeliu, skelti ‘расколваць’, skílti, skįlù ‘трэскацца’, skalà ‘шчапа, лучына’, лат. skala ‘тс’, ст.-ісл. skilja ‘расчляняць’ і г. д.; гл. Фасмер, 3, 630; Махэк₂, 545, Траўтман, 264. Усё да і.-е. кораня *(s)kel‑ ‘калоць, рэзаць’. Першаснае значэнне слова ‘востры камень, камень, які атрымаўся ў выніку расколвання ў адрозненне ад каменя ў глебе, рачной гальцы і да т. п. Борысь (550) *skala разглядае як дэрыват ад прасл. *skolili з рэгулярным падаўжэннем галоснага ў корані o → a, параўн. рус. дыял. осколить ‘абцясаць вакол, ачысціць’, якое далей да *(s)kel‑. Гл. яшчэ БЕР, 6, 718; Сной₂, 570 (*skala лічыць дэрыватам ад *skaliti, гл. скаліць).

Скала́ 2 ‘маланка’ (капатк., ДАБМ, камент., 901; малар., іван., лях., пін., стол., лун., мазыр., Архіў БЭЛА). Фармальна, як і скала 1, да кораня *(s)kel‑, г. зн. ‘якая расколвае (неба)’. Але магчыма і непасрэдна звязаць гэтыя два значэнні праз фальклорна-міфалагічныя ўяўленні славян, паводле якіх скала ‘страла Перуна (каменная)’; такія скалы́, таксама як гром і маланка, адносіліся да арсенала Перуна (аб чым падрабязна Іванаў–Тапароў (Иссл., 85 і наст.), якія параўноўваюць з палескімі назвамі кавалкаў крэменю, якія знаходзяць на полі: перуно́выя стрэ́лы, перуно́ў па́лец. Скал(к)а ‘перуновая страла’ адпавядае хец. perun‑ ‘скала’ (= камень = пярун), гл. Іванаў–Тапароў, Бел. лекс., 59, што аспрэчваецца Страхавым (Palaeoslavica, 12, 2, 251) як занадта аддаленае.

Скала́ 3 ‘каляровае рэчыва чырвонага колеру ў гліне ў ганчароў’ (бабр., Нар. словатв.), скалі́стая гліна ‘гліна з такім рэчывам’ (там жа). Скала́ інакш называецца кра́сная іржа́ (там жа). Міхайлаў (вусн. паведамленне) адносіць слова да скала 1, таму што гэта праслойка звычайна больш цвёрдая, чым гліна. Сюды ж, відаць, скала́ ‘вялікія плямы ржаўчыны на вадзе’ (ТС), гл. скалка 2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)