пача́ць, ‑чну, ‑чнеш, ‑чне; ‑чнём, ‑чняце; пр. пачаў, ‑ла, ‑ло; заг. пачні; зак.
1. што або з інф. Прыступіць да якога‑н. дзеяння, узяцца за якую‑н. справу. Пачаць будаўніцтва дома. □ Бабка падперла рукамі шчокі і пачала смяяцца. Колас. Пчолкі выпаўзлі з калоды, Пачалі збіраць мядок. Чарот. Незнаёмы перапытаў, пэўна, толькі дзеля таго, каб пачаць размову. Ляўданскі. // Адкрыць (пра сход, пасяджэнне і пад.). Алесь пастараўся не заўважыць .. [Сабастыяна] і пачаў сход. Чорны. // без дап. Прыступіць да размовы, гутаркі, спеву. — У мяне быў таксама сынок, — пачала, памаўчаўшы, старая. — Таксама добрае сэрца. Брыль.
2. з інф. Праявіць першыя прыкметы якога‑н. дзеяння або стану. Лякарства пачало патроху дзейнічаць. Брыль. Далі пачалі мутнець і злівацца з сінню. Бядуля. [Казік] пачаў сагравацца і заснуў, як забіты. Чарнышэвіч. // Пачацца (пра з’явы прыроды). Пачаў падаць снег, густы, спорны. М. Ткачоў. Маланка пачне толькі бліскаць, Здалёку грымоты чутны, — На хвалях, нібыта калыскі, Пустыя калыша чаўны. Кляўко. / у безас. ужыв. Ноччу ішлі па бальшаку. А пачало днець, звярнулі на прасёлкі. Паўлаў. Мяне пачало хіліць на сон. Анісаў.
3. што з каго-чаго. Заняцца кім‑, чым‑н. у першую чаргу. Саўка ідзе ў Вепры — з Вепраў пачне ён сваю работу. Колас. [Зося] пачала працоўнае жыццё з таго, што прапанавалі ёй у трэсце, — стала ўчотчыцай. Кавалёў.
4. што. Прыступіць да выкарыстання, спажывання чаго‑н.; распачаць. Пачаць новую буханку хлеба.
•••
Пачаць з азоў — пачаць з простага, з элементарнага.
Пачаць здалёк (здалёку) — не адразу прыступіць да сутнасці размовы.