ЛАКЦІЁНАЎ (Аляксандр Іванавіч) (29.5.1910, г. Растоў-на-Доне, Расія — 14.3.1972),
расійскі жывапісец і графік, педагог. Нар.маст. Расіі (1969). Правадз.чл.АМСССР (1958). Вучыўся ў АМ у Ленінградзе (1932—38) у І.Бродскага. Выкладаў у Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе (1936—44) і Маскоўскім завочным пед. ін-це (1967—70, з 1968 праф.). Працаваў пераважна ў жанравай карціне і партрэце. Творам уласцівы высокае майстэрства і дакладнасць малюнка, ілюзорна-дакладная перадача прадметнага аблічча, часам натуралістычнасць. Сярод твораў: аўтапартрэт (1945), «Ліст з фронту» (1947), «Забяспечаная старасць» (1958—60), «Подзвіг навукоўца» («Пасля аперацыі», 1962—65); графічныя партрэты В.Качалава, В.Кніпер-Чэхавай (абодва 1940), І.В.Курчатава (1955) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1948 Дзярж. прэмія Расіі імя І.Рэпіна 1971.
Тв.:
Техника советской портретной живописи. М., 1961 (разам з А.У.Вінерам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСЕ́НКА (Антон Паўлавіч) (10.8.1737, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна — 4.12.1773),
расійскі жывапісец і рысавальшчык. Вучыўся ў Пецярбургу ў майстэрні І.Аргунова (1753—58) і АМ (1758—60). Пенсіянер АМ у Парыжы (1760—65), Рыме (1766—69). З 1770 праф. Пецярбургскай АМ, з 1772 — яе дырэктар. Пісаў карціны на біблейскія і міфалагічныя тэмы, працаваў у гіст. і партрэтным жанрах. У творчасці спалучаў патэтычнасць вобразаў і дынамічнасць кампазіцый позняга барока з традыцыямі класіцызму. Сярод твораў: «Дзівосны ўлоў рыбы» (1762), «Ахвярапрынашэнне Аўрама» (1765), «Каін» (1768), «Зеўс і Фетыда» (1769), «Уладзімір перад Рагнедай» (1770), «Развітанне Гектара з Андрамахай» (1773), партрэты П.Шувалава (1760), Ф.Волкава (1763) і інш. Яго малюнкам уласцівы дакладнасць форм і тонкая тэхніка. Склаў вучэбны дапаможнік «Тлумачэнне сціслай прапорцыі чалавека...» (1772).
Літ.:
Каганович А.Л. Антон Лосенко и русское искусство середины XVIII столетия. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́ЛЬНЫ ЭЛЕМЕ́НТ,
узорны гальванічны элемент, які служыць мерай эрс і напружання пастаяннага току. Выкарыстоўваецца ў вымяральнай апаратуры (напр., у патэнцыёметрах), прынцып дзеяння якой заснаваны на параўнанні з мерай.
У якасці Н.э.найб. пашыраны ртутна-кадміевыя элементы Вестана з вадкім электралітам (насычаныя і ненасычаныя) і насычаныя без вадкага электраліту (малагабарытныя). Патрабаванні да Н.э. стандартызаваныя. Насычаны Н.э. з вадкім электралітам узнаўляе эрс з дакладнасцю да 0,0005%, змены эрс да 5 мкВ за год, найб. дапушчальны ток да 1 мкА. У пераноснай апаратуры выкарыстоўваюцца пераважна ненасычныя Н.э., якія маюць дакладнасць да 0,002%, змены эрс да 20 мкВ за год, найб. дапушчальны ток да 10 мкА, менш адчувальныя да мех. уздзеянняў і змен т-ры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЮКЕ́ВІЧ (Уладзімір Маркавіч) (н. 1.3.1931, г. Капыль Мінскай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Маскоўскі маст.ін-т імя В.Сурыкава (1960). З 1963 выкладае ў Бел.АМ. Творам уласцівы выразная дакладнасць пластычнай мовы, гарманічная каларыстычная будова, глыбокая перспектыва. Сярод твораў тэматычныя карціны «На рубяжы Радзімы» (1965), «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1968), «Беларусь, 1944 год» (1969), «Родныя пагоркі» (1973), «Народны мсцівец», «Партызанская быль» (1979), «Вечар на Прыпяці» (1980), трыпціх «Вечна жывы» (1981), «Старыцкія партызаны» (1985), «Памяць» (1989); партрэты М.Савіцкага (1976), маці (1977), «Свіцязянская балада (А.Міцкевіч)» (1975—78), «У краіне светлай... М.Багдановіч» (1983), «Я.Купала і Ц.Гартны ў Капылі» (1982), Я.Скрыгана (1986), «Бабка Насця» (1988), малюнкі. З 1990 піша пейзажы: серыі «Поры года», «На прасторах Капыльшчыны» і інш.
Літ.:
Буйвал В.Я. Уладзімір Пасюкевіч: [Альбом]. Мн., 1987.
Г.А.Фатыхава.
У.Пасюкевіч. У краіне светлай... М.Багдановіч. 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́ЧА ((Carpaccio) Віторэ) (каля 1460—65, г. Венецыя, Італія — каля 1526),
італьянскі жывапісец ранняга Адраджэння; прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Зазнаў уплывы Дж.Беліні і Антанела да Месіны. Ствараў пераважна шматфігурныя кампазіцыі (цыкл «Гісторыя св. Урсулы», 1490—96). Рэліг. сюжэты трактаваў як рэальныя сцэны сучаснага яму жыцця, імкнуўся да стварэння цэльнай маляўнічай карціны свету («Св. Іеранім і леў у кляштары», «Пахаванне св. Іераніма», «Бітва св. Георгія з драконам», «Трызненне св. Аўгусціна», «Трыумф св. Георгія», усе каля 1501—07). Творам уласцівы яркая каляровая гама, канкрэтнасць прасторы і дакладнасць форм, фантазія і свабода эксперыменту («Дамы на балконе», «Рыцар у пейзажы» і «Прынясенне ў храм», абедзве 1510, і інш.), што падрыхтавала жывапісныя адкрыцці венецыянскіх мастакоў 16 ст.
Літ.:
Смирнова И. Витторе Карпаччо: [Альбом]. М., 1982;
Lauts J. Carpaccio, paintings and drawings. New York, 1962.
І.М.Каранеўская.
В.Карпача. Гісторыя св. Урсулы: развітанне Урсулы і Эрэя з бацькамі. Фрагмент. 1495.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСО́ЎСКІ (Яўген Яўстафіевіч) (29.11. 1908, Баку — 14.7.1980),
бел. жывапісец і графік. Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), вучыўся ў Кіеўскім маст. ін-це (1935—36). У 1942—44 у Маскве, супрацоўнічаў у перыяд. выданні «Раздавім фашысцкую гадзіну» і час. «Партызанская дубінка». З 1944 у Мінску. Працаваў у галіне сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. станковай графікі, экслібрыса. Творчай манеры ўласцівы свабода і абагульненасць пісьма, дакладнасць кампазіцыі і партрэтных характарыстык, тонкая перадача колеравага багацця свету, унутр. дынаміка. Сярод работ: партрэты «Беларус» (1935), маці (1945), дзеячаў мастацтва Беларусі М.Філіповіча (1946), Б.Платонава (1947), М.Станюты (1963), І.Сарокіна (1972), аўтапартрэт (1980); пейзажы «Белавежская пушча» і «Вязынка» (1947), «Паўночная Венецыя» (1962), «Мірскі замак» (1968), «Зіма ў Мінску» (1977); нацюрморты «Кнігі» (1945), «Веснавыя кветкі» (1977); творы працоўнай і гіст. тэматыкі «Дажынаюць» (1931), «Зямля» (1943), «Міцкевіч у Гурзуфе» (1956), «Кастусь Каліноўскі перад пакараннем» (1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́СКІ (Аляксандр Фаміч) (9.3.1816, г. Полацк Віцебскай вобл. — 7.9.1874),
рус. пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім вучылішчы вышэйшых навук. У 1831—43 на вайск. службе. У 1843—62 служыў у дэпартаменце карабельных лясоў. Выдаваў часопісы для народа «Солдатская беседа» (1858—67), «Досуг и дело» (1867—74). Друкаваўся з 1840-х г. Аўтар празаічных, вершаваных, драм. твораў («Салдацкія нататкі», 1855; «Дзед Назарыч», 1860; «Анчутка-Бяспяты», 1863; «Няздольны чалавек», 1867; «Абарона Севастопаля. Гутаркі пра вайну 1853—1856 года», 1873—74). Месца дзеяння яго апавядання «Суд прадбачання» — Беларусь. У вершы «Кепская дзяльба» (пашыраўся ў рукапісах) высмейваў рэформу 1861. Творам П. ўласцівы дакладнасць апісання сял. і салдацкага побыту, прастата і шчырасць, сентыментальнасць.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—4. СПб., 1899—1901.
Літ.:
Арсеньев А.В. А.Ф.Погосский. СПб., 1878;
Вольная русская поэзия 2-й половины XIX в. Л., 1959;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗДЗЯЛО́ЎСКАЯ (Ядвіга Іосіфаўна) (1.3.1902, г. Бяла-Падляска, Польшча — 26.8.1992),
бел. жывапісец. Засл. дз. культуры Польшчы (1982). Скончыла Варшаўскую маст. школу (1939). У 1959—77 выкладала ў студыі выяўл. мастацтва ў г. Маладзечна Мінскай вобл. Творчасці ўласцівы гарманічнасць каларыту, дакладнасцьмаст. вобраза, лірычнасць. Аўтар сюжэтна-тэматычных карцін «Немцы адступаюць» (1946), «У рабства» (1947), «Дом-музей П.І.Чайкоўскага ў Кліне» (1951), «Раніца» (1956), «Адам Міцкевіч і Марыля Верашчака ў Туганавічах» (1965); партрэтаў «Дзяўчынка ў ружовым» (1956), «Маладая балерына» (1960), «Цыганка з дзіцем» (1968), «Мастак Б.Шахназараў» (1981); пейзажаў «Масток» (1956), «Від на аул Кубачы» (1963), «Нясвіж. Вясна ў парку» (1975), «Вясна ў лесе» (1982); нацюрмортаў «Кветкі і фрукты», «Вясновы нацюрморт» (абодва 1963), «Чаромха» (1966), «Белая акацыя», «Нацюрморт з вінаградам», «Мальвы» (усе 1976), «Нацюрморт з рабінаю» (1980), «Вязынка», «Рэквіем», «Родныя кветкі» (усе 1982), «Сказ беларускага лесу» (1984) і інш. Працавала таксама ў графіцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБРЫ́ДНАЯ ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
камбінаваны комплекс з некалькіх вылічальных машын з рознай формай выяўлення велічынь (аналагавай і лічбавай), аб’яднаных агульнай сістэмай кіравання. Спалучае якасці і ўласцівасці аналагавых і лічбавых выліч. машын. Выкарыстоўваецца, калі магчымасці аналагавых і лічбавых выліч. машын, узятых паасобку, недастатковыя: пры мадэляванні задач кіравання (у рэальным маштабе часу) рухомымі аб’ектамі (у т. л. ў сістэмах саманавядзення), энергет. комплексамі; стварэнні комплексных трэнажораў і інш.
Адрозніваюць аналага-арыентаваныя, лічбава-арыентаваныя і збалансаваныя (найб. магутныя) гібрыдныя вылічальныя сістэмы. Структура гібрыднай вылічальнай сістэмы, патрабаванні да яе асобных частак залежаць ад галіны выкарыстання і вынікаў дэталёвага аналізу тыповых задач. Разгалінаванне выліч. працэсу паміж аналагавымі і лічбавымі машынамі, якія працуюць у комплексе, забяспечвае высокую дакладнасць і магчымасць выканання многафункцыянальных аперацый, павялічвае агульнае хуткадзеянне і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах гібрыднай вылічальнай сістэмы вядуцца ў Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Распрацаваныя сістэмы выкарыстоўваюцца на аб’ектах судна- і машынабудавання, энергетыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБААПРАЦО́ЎЧЫ СТАНО́К,
аўтаматычны ці паўаўтаматычны металарэзны станок для наразання або чыставой апрацоўкі зубчастых колаў. На Беларусі З.с. вырабляюць на Віцебскім станкабуд. з-дзе.
На З.с. апрацоўваюць вырабы метадамі абкаткі (профіль выразанай канаўкі фарміруецца як агінальная імгненных паслядоўных становішчаў рэзальнага канта зубарэзных інструментаў маюць найб.дакладнасць апрацоўкі або капіравання (рэзальныя канты інструментаў выразаюць канаўкі такога ж профілю, які маюць самі). Напр., метадам абкаткі наразаюць зубы цыліндрычных колаў на зубафрэзерных, зубастругальных, зубадаўбёжных і зубатакарных станках, канічных прамазубых колаў — на зубастругальных і зубафрэзерных станках; чыставую апрацоўку рабочай паверхні зубоў — на зубашавінгавальных, зубашліфавальных, зубаханінгавальных, зубаабкатачных і зубапрыцірачных станках. У буйнасерыйнай вытв-сці тыя ж вырабы апрацоўваюць метадам капіравання на зубафрэзерных, зубапрацяжных ці спец. станках са шматразцовымі зубадаўбёжнымі галоўкамі або працяжкамі. Тарцы зубоў апрацоўваюць на зубазакругляльных станках. На З.с. з лічбавым праграмным кіраваннем апрацоўваюць колы з рознымі мадыфікацыямі зубоў, робіцца хуткая пераналадка на апрацоўку дэталей з інш. параметрамі, аўтам. замена інструментаў і загатовак і інш.